Top.Mail.Ru
228

Аляксандр Лукашэнка: «У банках "лішніх" грошай быць не павінна»

Работу банкаўскай сістэмы разгледзелі на найвышэйшым узроўні. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рамана Галоўчанкі.


 Для яго гэта не першы даклад у кабінеце кіраўніка дзяржавы, але першы на дадзенай пасадзе.

Адно з пытанняў, якое Прэзідэнт паставіў перад кіраўніком Нацбанка, — павелічэнне сукупнага прыбытку банкаў у краіне. З аднаго боку, гэта можа быць пазітыўным паказчыкам. З іншага -- можа ўзнікнуць дысбаланс і адцягванне банкамі грошай з эканомікі. У якасці адной з мер на ўзроўні дзяржавы прынята рашэнне браць частку прыбытку ў банкаў і накіроўваць яе на фінансаванне эканомікі.

«У банках "лішніх" грошай быць не павінна. І прыбытак гэты ўсё роўна ад тых, хто грошы там захоўвае. У асноўным так. Я ў гэтым плане вельмі спадзяюся, што так і будзе. Эканоміка павінна развівацца, і трэба, каб банкаўская сістэма спрыяла росту эканомікі», — адзначыў Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся сітуацыяй з трансгранічнымі плацяжамі ва ўмовах санкцый, аб’ём якіх, па яго словах, зніжаецца. Удзялілі ўвагу і інфляцыі. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што інфляцыю трэба рэгуляваць вельмі ўважліва, каб не трапіць у складаную сітуацыю. 

«Золатавалютныя рэзервы выраслі, але трэба разумець, што і золата падаражэла. Якія тут пытанні?» — акрэсліў яшчэ адну тэму беларускі лідар. 

Акцэнт Прэзідэнт зрабіў на крыптавалюце. «Як мы ёю скарыстаемся, асабліва цяпер, для таго каб забяспечыць плацяжы? Шмат пра гэта гаворыцца, але ўсё ж не такі развіты ў нас гэты рынак па крыптавалюце. Як мы будзем у далейшым дзейнічаць?» — абазначыў кіраўнік дзяржавы кола пытанняў па тэме. Ён нагадаў, што дадзенае пытанне ўзнімалася яшчэ пры папярэднім кіраўніцтве Нацыянальнага банка. Беларускі лідар канстатаваў, што гэта важна для яго асабіста і для краіны ў цэлым. 

Валерыя СЦЯЦКО


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю