У Палацы Незалежнасці — госці з Расіі. Гэтым разам з Пензенскай вобласці, дэлегацыя якой на чале з губернатарам Алегам Мельнічэнкам знаходзіцца ў нашай краіне. Па традыцыі, з кіраўніком расійскага рэгіёна і членамі дэлегацыі сустрэўся і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Праграма візіту вельмі насычаная. І, як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, гэта вельмі правільна, бо госці з Пензенскай вобласці прыехалі ў Беларусь напярэдадні значных свят — Вялікадня і 80-годдзя Вялікай Перамогі. Паколькі візіт дэлегацыі прыпаў і на Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, госці з Пензенскай вобласці актыўна паўдзельнічаюць у святочных мерапрыемствах.
«Асабліва хачу падкрэсліць дату 80-годдзя Перамогі, для нас яна вельмі важная не толькі ў плане цяперашніх падзей. Мы з вамі як гісторыкі разумеем, што праз пэўны прамежак часу, на жаль, падзеі паўтараюцца. Але для нас вельмі важна, каб нашы дзеці і ўнукі памяталі гэту дату, і на гэтых вялікіх датах, падзеях мы выхоўваем новае
пакаленне», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца практычнага боку візіту дэлегацыі расійскага рэгіёна, то кіраўнік дзяржавы заўважыў: тавараабарот Беларусі і Пензенскай вобласці прыстойны — за 2024 год ён склаў 152,1 мільёна долараў. «Нягледзячы на тое, што мы гігантамі не з’яўляемся ў гэтым працэсе, усё ж такі рост вельмі значны ў мінулым годзе — амаль 10 %. Гэта толькі тое, што мы змаглі ўлічыць. Мы арыентаваныя на прамысловую кааперацыю з Расіяй і з вашай вобласцю. І я вельмі рады, што наша прадпрыемства МАЗ і ваша ГРАЗ супрацоўнічаюць. Хачу вас запэўніць: усё, што мы абяцалі жыхарам Пензенскай вобласці, абавязкова выканаем», — адзначыў Прэзідэнт.
Па словах кіраўніка дзяржавы, добрыя перспектывы мае супрацоўніцтва ў сферы ліфтабудавання. Гэта звязана з тым, што ў Беларусі, у Расіі ды і на ўсёй постсавецкай прасторы цяпер ёсць патрэба ў замене старых ліфтаў на новыя, таму попыт на гэту прадукцыю вельмі вялікі. І, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, трэба развіваць дадзены кірунак.
«Мы вельмі зацікаўлены ў пастаўках да вас пасажырскай тэхнікі. І будзем нарошчваць аб’ёмы, калі ў вас будзе неабходнасць. Гэта і тралейбусы, і трамваі, прытым на розных відах паліва — і газаматорнае паліва, і звычайныя рухавікі ўнутранага згарання», — прапанаваў кіраўнік дзяржавы. Вельмі перспектыўным кірункам ён бачыць супрацоўніцтва ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. «Мы можам прадставіць увесь набор тэхнікі для таго, каб вы маглі эфектыўна працаваць у гэтай галіне. Я ўжо не кажу аб сельскай гаспадарцы, аб прадуктах харчавання. Нашы крамы, ведаю, працуюць у вас у Пензе, і не адна. Калі трэба пашыраць дадзены кірунак супрацоўніцтва — мы будзем гэта рабіць, — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. — Вы прыехалі да сваіх сяброў, вы прыехалі як да сябе дадому. І будзьце ўпэўнены, што ўсё, аб чым мы дамовімся, будзе выканана, і нават яшчэ больш эфектыўна і аператыўна, чым у самой Расіі. Вы ў гэтым можаце быць перакананы. Калі гэта не так, вы скажыце, мы выправім сітуацыю, магчымасці і рэзервы ў нас немалыя».
Па словах беларускага лідара, гэтыя рэзервы трэба рэалізоўваць у сілу той сітуацыі, якая назіраецца сёння. «Усё не так проста і не так дабрадушна, як камусьці задавалася б, — адзначыў беларускі лідар.
— У чарговы раз варта сказаць, што ўсё будзе залежаць ад нас. Трэба арыентавацца толькі на свае магчымасці. Але калі нешта прыбудзе звонку, мы будзем толькі рады».
Аднак, папярэдзіў Прэзідэнт, трэба з галавой падыходзіць да таго, што прапануюць: «Таму што мы ўжо наеліся гэтай беганіны: „Ах, там якасць, інвестыцыі і гэтак далей“. Цяпер грошы скралі, арыштавалі і ў Расіі, і ў нас. Дзе тыя інвестары і дзе тая якасць, на якія мы маліліся? Урок атрымалі добры. Трэба арыентавацца на сваё. Мы здольныя шмат зрабіць». Па словах Аляксандра Лукашэнкі, патрэбны час і цярпенне, каб выйсці з той сітуацыі, якая склалася. Ён выказаў спадзяванне, што такую пазіцыю падзяляюць і ў Расіі. «Давайце разам супрацоўнічаць і рабіць адну справу, якая патрэбна для нашых народаў Беларусі і Расіі. Гэта вельмі важна напярэдадні свята 2 красавіка — Дня яднання», — падсумаваў Аляксандр Лукашэнка.
Сумеснымі намаганнямі дамоўленасці выкананыя
Алег Мельнічэнка адзначыў, што дэлегацыя Пензенскай вобласці прыехала з вельмі вялікай праграмай. Па яго словах, гэта першы раз, калі дэлегацыя прыязджае амаль на цэлы тыдзень. Губернатар расказаў, што сумеснымі намаганнямі былі выкананы дамоўленасці, дасягнутыя падчас папярэдняй сустрэчы. «Мы вельмі ўдзячныя за праект, які быў рэалізаваны ў рамках абнаўлення грамадскага транспарту Пензенскай вобласці. Тыя 94 тралейбусы, якія былі закуплены, зробленыя ў кааперацыі з Мінскім аўтамабільным заводам. Да мадэрнізацыі грамадскага транспарту ў нас было 54 тралейбусы, цяпер у нас 94 новыя, добра абсталяваныя тралейбусы. Мы гэту работу, безумоўна, будзем працягваць», — сказаў Алег Мельнічэнка.
У графіку візіту пензенскай дэлегацыі — сустрэча з кіраўніцтвам Мінскага аўтамабільнага завода, падчас якой плануецца падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве. Губернатар расказаў, што сёлета ў Пензенскай вобласці плануюць закупіць яшчэ 60 аўтобусаў. «І ў гэтым кірунку, я думаю, мы будзем паглыбляць сваё супрацоўніцтва», — перакананы ён.
Валерыя СЦЯЦКО
У тэму
Журналістам Алег Мельнічэнка расказаў, што Беларусь і Пензенская вобласць актыўна супрацоўнічаюць у сферы імпарта-замяшчэння сельскагаспадарчай тэхнікі. Гэты расійскі рэгіён закупляе значныя аб’ёмы сельскагаспадарчай тэхнікі беларускай вытворчасці. Паколькі Пензенская вобласць з’яўляецца буйным вытворцам цукру, ёсць зацікаўленасць у тэхніцы, патрэбнай для збору сыравіны. «Плюс нашы машыны, якія завязаны на камунальнай гаспадарцы. Тэхніка, што выкарыстоўваецца ў дарожным будаўніцтве. У нас даволі добры аб’ём супрацоўніцтва з Беларуссю», — расказаў Алег Мельнічэнка. Ён звярнуў увагу, што Пензенская вобласць — найбуйнейшы ў Еўропе вытворца мяса індычкі. «Птушку трэба карміць, патрэбны камбікармы. У любых камбікармах ёсць лізін. А мы лізін не вырабляем. У нас ёсць цікавы праект, у рамках якога мы можам праз закупкі беларускага лізіну забяспечыць вытворчасць сваіх якасных камбікармоў. Гэта таксама цікавы кірунак», — расказаў губернатар.
«З улікам таго, што за апошнія паўтара года мы на 30 % выраслі па сумесных нашых эканамічных сувязях — гэта добры рост. Я думаю, гэта толькі пачатак слаўнага шляху. І мы будзем ісці далей гэтым курсам», — падкрэсліў Алег Мельнічэнка. Тым больш, паводле яго слоў, у Пензенскай вобласці ёсць цікавыя прапановы да беларускіх калег. Напрыклад, у медыцыне. Пензенская вобласць займае 70 % рынку Расійскай Федэрацыі па вытворчасці клапанаў сэрца, інструментаў для малаінвазійных аперацый, матэрыялаў для хуткага загойвання хірургічных ран. «Усё гэта мы гатовы тут прадставіць. І гатовы ў дадзеным кірунку прадукцыйна супрацоўнічаць», — запэўніў ён.
Алег Мельнічэнка адзначыў, што Беларусь і Расія рэалізоўваюць шэраг цікавых праектаў у галіне культуры, патрыятычнага выхавання моладзі. Як прыклад — фільм «Загадана жыць», зняты сумеснымі намаганнямі беларускіх і пензенскіх кінематаграфістаў на тэрыторыі Беларусі і Пензенскай вобласці. Фільм прысвечаны ўраджэнцу Пензы Аляксею Пятровічу Чарткову — камандзіру 122-га партызанскага атрада, які дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі. Адметнасць фільма ў тым, што тут здымаліся не акцёры-прафесіяналы, а курсанты і студэнты. «Атрымалася вельмі прафесійна. Пракатнае пасведчанне атрымана ў Расіі і ў Беларусі. Да 80-годдзя Перамогі важна яго тут паказаць. Фільм цікавы, захапляльны, ад душы народа», — расказаў Алег Мельнічэнка.
Дэлегацыя Пензенскай вобласці ў рамках свайго візіту будзе працаваць таксама ў Магілёўскай і Брэсцкай абласцях. «Стаяць задачы паглыбіць нашы эканамічныя сувязі, кааперацыю паміж нашымі прадпрыемствамі, пазнаёміць моладзь, абмяняцца культурным вопытам», — паведаміў Алег Мельнічэнка.