Top.Mail.Ru
216

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў хлебаробаў Віцебшчыны

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў удзельнікаў і гасцей абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2025» у Чашніках. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

«Гэтае традыцыйнае для беларусаў свята — сведчанне глыбокай удзячнасці і павагі да тых, хто сваёй нястомнай працай забяспечвае харчовую бяспеку Беларусі», — гаворыцца ў віншаванні.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў бягучым годзе надвор’е правярала Віцебшчыну на трываласць. «У час гарачай пары вашы палі залівалі дажджы. Гэта ўскладняла выхад тэхнікі для ўборкі. Для нарошчвання тэмпаў жніва ў вобласць былі накіраваны зводныя атрады з трох суседніх рэгіёнаў краіны, таксама сваё плячо падставілі ваеннаслужачыя і супрацоўнікі МНС, — падкрэсліў ён. — Усе разам вы змаглі сабраць дастойны ўраджай — каравай вобласці дасягнуў 1 мільёна тон, што пацвярджае прафесіяналізм, адказнасць і выкананне тэхналогій».

Асаблівыя словы ўдзячнасці Прэзідэнт адрасаваў аграрыям Аршанскага і Віцебскага раёнаў, якія перавысілі 100-тысячную мяжу па намалотах.

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што і ў далейшым працавітасць і згуртаванасць сяльчан Віцебшчыны дапамогуць выканаць маштабныя задачы, якія стаяць перад аграпрамысловым комплексам паўночнага рэгіёна Беларусі.

«Жадаю вам і вашым сем’ям моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і новых поспехаў у нялёгкай, але такой важнай працы», — пажадаў кіраўнік дзяржавы.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю