Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: Нам з вамі камфортна і вельмі выгадна супрацоўнічаць

Інтэграцыйныя пытанні на гэтым тыдні трывала замацаваліся ў парадку дня кіраўніка дзяржавы. У панядзелак на найвышэйшым узроўні з губернатарам Хабараўскага краю разглядалі, як Далёкі Усход зрабіць блізкім. А ў пятніцу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком Рэспублікі Башкартастан Радзіем Хабіравым.


Гэта не першы візіт дэлегацыі Башкартастана ў Беларусь. Таму, як заўважыў кіраўнік дзяржавы, госці ўжо знаёмыя з магчымасцямі нашай рэспублікі. «У нас нядрэнныя адносіны. Мы маем шэраг тэхналагічных праектаў. Але, шчыра кажучы, мы крыху збавілі абароты ў мінулым годзе», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. У студзені-лістападзе 2024 года тавараабарот паміж Беларуссю і Башкартастанам склаў 311,5 мільёна долараў. А ў 2023 годзе — 364 мільёны. Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў 2025 годзе неабходна перавысіць мінулагодні тавараабарот. 

«Тэхніка будзе патрэбна заўсёды»

«Нашы магчымасці вы добра ведаеце. Нам з вамі камфортна і вельмі выгадна супрацоўнічаць, таму што ваша рэспубліка — гэта еўрапейскі цэнтр Расійскай Федэрацыі, найбольш прасунуты, развіты. Таму нам выгадна супрацоўнічаць з вамі і разам працаваць», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што ўжо наладжана эфектыўнае супрацоўніцтва ў вытворчасці трактароў. «Гэты не дабрачыннасць ні ў якім разе з нашага боку. Для нас гэта крайне выгадны варыянт супрацоўніцтва», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт падкрэсліў, што беларускі бок гатовы супрацоўнічаць па ўсіх напрамках, асабліва ў машынабудаванні. МАЗ і Уфімскі трамвайна-тралейбусны завод ужо наладзілі сумесную вытворчасць тралейбусаў, якія паспяхова прадаюцца ў іншыя рэгіёны Расіі. Аляксандр Лукашэнка прывёў лічбы: у 2020-2021 годзе выраблялася да 60 тралейбусаў, то ў 2023-2024 -больш за 300 тралейбусаў у год. «Гэта добрыя тэмпы. І думаю, што нам трэба развіваць гэты напрамак супрацоўніцтва», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, варта наладзіць супрацоўніцтва і ў вытворчасці трамваяў. Беларускі бок да гэтага цалкам гатовы. 

Асобна Прэзідэнт вылучыў адкрыццё ва Уфе сервіснага цэнтру па вытворчасці тэхнікі «Амкадор». «Тэхніка будзе патрэбна заўсёды. Асабліва для вялізнай Расіі, — сказаў ён. — Мы гатовы цалкам задаволіць попыт на гэту тэхніку і разам працаваць спачатку па зборцы, а потым па сумеснай вытворчасці тэхніцы, падобнай на „Амкадор“ па тэхналогіях». 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Башкартастан выдатна працуе ў харчовай прамысловасці. Але тым не менш, пры неабходнасці беларускі бок гатовы супрацоўнічаць і ў гэтай сферы. Тое ж самае і па лёгкай прамысловасці. «Усё, што трэба чалавеку з адзення ды і абутку, мы ўмеем рабіць. Нават, калі будуць патрэбныя не толькі нашы тавары, але і тэхналогіі потым падыдуць, з вялікім задавальненнем будзем працаваць», — запэўніў кіраўнік дзяржавы. 

Перспектыўным напрамкам, па меркаванні беларускага лідара, сёння з’яўляецца вытворчасць беспілотных лятальных апаратаў для аграпрамысловага комплексу. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што беспілотнікі сёння вельмі запатрабаваныя, і не толькі ў АПК. «Досвед ёсць, напрацоўкі пэўныя ёсць. Рынак сёння добры. Думаю, што трэба рухацца ў гэтым накірунку», — сказаў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што супрацоўніцтва можна развіваць па розных накірунках, паколькі Башкартастан сёння вельмі важны для Беларусі рэгіён. «Калі мы дамовімся па нейкіх пытаннях, не сумнявайцеся, мы абавязкова выканаем свае абавязацельствы», — запэўніў ён.

«Для нас Беларусь — не проста знешнеэканамічны партнёр. Гэта наша брацкая рэспубліка»

У сваю чаргу Радзій Хабіраў падзякаваў беларускім партнёрам за цёплы прыём. Кіраўнік Рэспублікі Башкарстана павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах. «Мы лічым, што гэта вельмі важная падзея для нашых дзяржаў. Мы ад душы вас віншуе,м. — сказаў ён. — Для нас Беларусь — гэта не проста знешнеэканамічны партнёр. Гэта наша брацкая рэспубліка, інакш мы нашых братоў-беларусаў не разглядаем». 

Папярэдняя сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Радзія Хабірава адбылася ў 2021 годзе. Па словах кіраўніка Башкартастана, увесь гэты час праводзілася вялікая работа. Ён адзначыў, што яго рэспубліка вельмі зацікаўлена ў беларускай тэхніцы і актыўна яе закупае. Асаблівай папулярнасцю ў Башкартастане карыстаецца тэхніка МАЗ. «Мы будзем знаходзіць новыя кропкі збыту. Ёсць напрацоўкі ў галіне нафтахаміі. Беларускія прадукты харчавання заваявалі сімпатыі нашых жыхароў. І мы будзем працягваць гэту работу», — сказаў Радзій Хабіраў. 

У тэму 

На чале ўсяго — глыбокая прамысловая кааперацыя

У размове з журналістамі Радзій Хабіраў назваў сустрэчу з кіраўніком дзяржавы вельмі плённай. «Безумоўна, мы ўсе зацікаўлены ў росце тавараабароту. Аляксандр Рыгоравіч звярнуў увагу, што ў нас летась было невялікае падзенне, але падзенне менавіта экспарту башкірскага, імпарт башкірскі, наадварот, павялічваўся, і гэта вельмі добра. Мы абмеркавалі пытанні пастаўкі тэхнікі, камунальнай, машынабудаўнічай, сельскагаспадарчай и іншай. Аляксандр Рыгоравіч прапанаваў развіваць сетку сервісных цэнтраў, таму што тэхнікі ўжо шмат, яе трэба ўтрымліваць і абслугоўваць. На чале ўсяго — глыбокая прамысловая кааперацыя па шэрагу пэўных прадпрыемстваў, з якімі мы зараз ствараем сумесныя вытворчасці», — сказаў ён. 

Башкірскі бок выступіў з ідэяй стварыць башкірска-беларускі інвестыцыйны кластар. Гэта новая эканамічная з’ява. І Прэзідэнт Беларусі гэтую ідэю падтрымаў. «Мы вызначылі тэрыторыю з пэўным статусам, дзе будуць розныя прэферэнцыі для вытворцаў. Напрыклад, ільготы па ўтыльзборы, гэта значыць прэферэнцый больш, чым у традыцыйнай свабоднай эканамічнай зоне, якія ёсць у Расіі. Тэрыторыя такая, што там могуць размясціцца 5 тэхнапаркаў. Для таго, каб людзі там працавалі, мы нават думалі аб будаўніцтве арэнднага жылля. Але паколькі гэта прапанова з удзелам замежнага прадстаўніка, трэба перагледзець федэральнае заканадаўства, чым мы зараз і займаемся», — раскрыў некаторыя падрабязнасці Радзій Хабіраў. 

Па яго словах, у беларуска-башкірскім супрацоўніцтве вельмі шырокі спектр пытанняў не толькі эканамічных, але і сацыяльных, культурных, гуманітарных, навуковых. «Мы вельмі хочам адкрыць для жыхароў нашай рэспублікі турыстычныя магчымасці Беларусі. Дзейнічае праграма „Башкірска-беларускае даўгалецце“, па якой мы адпраўляем сюды нашых ветэранаў на адпачынак і аздараўленне. За тры гады больш за 3 тысячы нашых ветэранаў наведалі Беларусь. І мы былі б вельмі рады, каб беларусы да нас прыязджалі. Мы пачалі маштабны навуковы праект — узнаўленне статка зуброў. Мы набылі ў Беларусі 18 жывёл, зараз у нас іх 23, пяцёра цялят нарадзіліся ўжо ў Башкартастане. Гэта знакавы сімвалічны момант у нашым супрацоўніцтве», — расказаў Радзій Хабіраў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю