Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: Мы выразна прытрымліваемся трэнду на мір

Адной з традыцый візіту беларускага лідара ў Расію стала цікавасць, якую праяўляюць да яго расійскія журналісты, і якім Аляксандр Лукашэнка ніколі не адмаўляе ў інтэрв’ю. Пасля выступлення з трыбуны Савета Федэрацыі, Прэзідэнт адказаў на пытанні Вольгі Скабеевай, журналісткі тэлеканала «Расія-1».


Будзем глядзець на канкрэтныя факты і прымаць рашэнне

Самым вострым пытаннем стала спыненне канфлікту ва Украіне. У гэтыя дні Уладзімір Пуцін у Крамлі сустракаўся са спецпасланікам Прэзідэнта ЗША Стывам Уіткафам. Як паведамлялася, Украіна па выніках перагавораў з ЗША ў Джыдзе 11 сакавіка прыняла прапанову Вашынгтона спыніць агонь на 30 дзён з магчымасцю падаўжэння, калі на такі ж крок пагодзіцца Расія. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 13 сакавіка заявіў, што Масква «за» перамір’е, але «ёсць нюансы». Вольга Скабеева спытала, ці паспеў Аляксандр Лукашэнка абмеркаваць гэту сустрэчу і ў цэлым пытанні міру са сваім расійскім калегам.

«Я ўвогуле ведаю яго пазіцыю, і ўчора ён малайчына, нават больш сказаў, чым хацеў. І ў тым ліку пра гэтыя 30 дзён. Я ведаю яго галоўнае жаданне — трэба гэта ўсё спыніць. За мір! Перамір’е месячнае, гэта не навінка з боку амерыканцаў. У прынцыпе, так было заўжды», — адказаў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, Уладзімір Пуцін мае рацыю ў тым, што ставіць пытанне — што будуць рабіць ва Украіне гэтыя 30 дзён?. Ён звярнуў увагу, што пакуль ідуць размовы аб перамір’і, у гэты ж час у Жэшуве, у Польшчы, назапасілася пэўная колькасць зброі, боепрыпасаў. Амерыканцы знялі зараз усякія забароны нам гэта, аб чым абвясціў Дональд Трамп. «Вы што, будзеце шпігаваць зброяй, яшчэ наёмнікаў туды перакідаць на працягу 30 дзён? А потым пачнём ваяваць па новай? Яшчэ больш людзей загіне, невядома, што будзе. Таму шмат пытанняў, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы сваё меркаванне, што амерыканцы не маюць дакладна акрэсленага плана. Ён заўважыў, што пакуль у размовах аб перамір’і няма канкрэтыкі. «І вось паездкі высокапастаўленых амерыканскіх спецпасланнікаў, прадстаўнікоў, гавораць аб тым, што яны намацваюць глебу, узгадняючы некаторыя пытанні з Украінай, Расіяй і іншае, каб вымаляваць нейкі план дзеянняў. Гэта будзе няпроста», — дадаў ён. 

«Вы падвох адчуваеце ці мірам пахне?» — удакладніла Вольга Скабеева. «Не. У іх не можа быць падвоху. Нічога, пакуль я кажу, няма, але пахне мірам. Я думаю, што сёлета нам удасца нешта зрабіць з гэтай вайной, спыніць яе», — адказаў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, гэта тычыцца не толькі Украіны, але і Палесціны, Блізкага Усходу. «Таму што і асабіста Дональд (Трамп — Зв..) Нобелеўскім лаўрэатам хоча стаць. Калі ласка! Мы яго прадставім. Абы толькі мір быў... Не, тут падвоху няма, але верыць нельга. Факты на стол! Будзем глядзець гэтыя канкрэтныя факты і прымаць рашэнне», — растлумачыў беларускі лідар. 

«На гэтай забарыкадзіраванай граніцы ёсць „вокны“, праз якія мы супрацоўнічаем»

У той жа час, звярнула увагу Вольга Скабеева, самы абаронены ўчастак украінскай граніцы — беларускі. «Кажуць, Лукашэнка гатовы нападаць», — расказала яна заявы ўкраінскіх СМІ. «Дзякуй, што вы мне сказалі», — адказаў Прэзідэнт Беларусі. Ён заўважыў, што ўкраінцы ўмацавалі граніцу з Беларуссю так, што ўжо няма больш куды. «Замініравалі ўсё. Замініравалі, забарыкадзіравалі. Ну і потым, гэта не прапаганда, гэта фэйканосы, ідыёты. Каб ты ведала, на гэтай забарыкадзіраванай граніцы ёсць вокны, праз якія мы супрацоўнічаем з украінцамі. Мы, расіяне і яны з намі. Абмен загінуўшымі, абмен ваеннапалоннымі, параненых сюды прывозяць, да нас, пад Гомелем,» — расказаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт звярнуў увагу, што падчас нядаўняга абмену палоннымі аказалася, што медыцынскую дапамогу расійскім палонным аказалі ўкраінцы. Граніца жыве, падкрэсліў ён. Усё больш украінцаў працуюць з расіянамі праз Беларусь. 

Па словах кіраўніка дзяржавы, граніца забарыкадзіравана вельмі моцна. Украінцы баяцца даўно, што беларусы ўвяжуцца ў гэтую авантуру — у вайну. «Але мы выразна прытрымліваемся трэнду на мір. І ў нас няма такіх планаў нападаць на Украіну зараз. Гэта было б непрыстойна з нашага боку. — адказаў на гэта беларускі лідар. — Яны мяне папракаюць: „чаму — суагрэсар, такі-сякі — з Беларусі зайшлі расіяне?“. Па-першае, я шчыра прызнаўся, што мяне генштаб Расіі не інфармаваў пра гэта. Пасля вучэнняў выводзілі расіяне свае войскі, ім здаўся ва Уладзівасток шлях ці на Урал, за Урал праз Кіеў бліжэйшым. Ну дык задайце пытанне генералам, якія выводзілі, чаму ім гэты шлях аказаўся бліжэйшым?». Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што калі б ён ведаў аб такіх планах, то Украіне б не дапамагаў. Таму што Украіна ўжо да гэтага часу з намі была ў стане вайны — эканамічнай: яны увялі супраць нас санкцыі па ўсіх кірунках. «Ні амерыканцы, ні еўрапейцы не ўводзілі, а яны нас пачалі бамбіць. Збольшага і расіян таксама. Таму з чаго б я абараняў украінцаў? Не», — сказаў беларускі лідар. 

«Мы ніколі не планавалі ніякага нападу на Еўропу. І яны гэта цудоўна ведаюць»

Вольга Скабеева пацікавалася меркаваннем Аляксандра Лукашэнкі наконт таго, што Еўропа, у прыватнасці Германія, Францыя, заявілі што праз пяць гадоў будзе вялікая вайна. І пра які мірны трэнд тут можа ісці гаворка? «Слухайце, можа ім гэта трэба?! А я вам скажу, што ніякай вайны Пуцін кіраўніцтва Расіі не плануе. І ніякай вайны праз пяць год не будзе. Мы наеліся. На гэтым прыкладзе», — адказаў на гэта беларускі лідар. Ён заўважыў, што цяпер вайна і ў СМІ ідзе вельмі жорстка. І нікому вайна ўжо не патрэбная. У Беларусі і Расіі яе не падтрымаюць. «Нашто гэта нам трэба? Гэта ім трэба, каб напружваць сітуацыю. Можа быць яны хочуць стварыць армію (трэба ж апраўдацца перад людзьмі) еўрапейскую? Калі Трамп сыдзе — НАТА не! Трэба нешта рабіць. Ці мала што будзе? Але трэба людзям растлумачыць: 800 мільярдаў долараў і іншае... Таму трэба дымавая заслона ў сродках масавай інфармацыі, што мы збіраемся нападаць. Слухайце, калі б збіраліся, то я б сапраўды ведаў, таму што ўся аперацыя — паўтары тысячы граніца з прыбалтамі і палякамі — ішла б праз нас. У нас такіх планаў няма», — заявіў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што калі пачалі зачыняць Балтыку для таго, каб Расія не магла там гандляваць, ён абмяркоўваў праблему з еўрапейцамі з Уладзімірам Пуціным. «Я так жартам кажу: „Уладзімір Уладзіміравіч, давядзецца вайсковымі судамі суправаджаць сухагрузы нашы“. Мы пажартавалі, пасмяяліся і ўсё, — расказаў ён падрабязнасці той размовы. — А ўвогуле гэта рэальна. Калі яны нас паспрабуюць замкнуць, парушаючы міжнародныя правілы (мы ж не лезем на іх тэрыторыю), нам давядзецца тады сур’ёзна над гэтым думаць. І мы ніколі не планавалі ніякага нападу на Еўропу. І яны гэта цудоўна ведаюць». 

Журналістка спаслалася на выданне «Гардыян», якое цытавала Аляксандра Лукашэнку, заяўляючы, што нібыта той пагражае Еўрасаюзу. «Вы сказалі: у перагаворным працэсе Расія-ЗША знаходзіцца лёс Еўропы. Трэба паслухаць Лукашэнку — ён пасылае сігнал. Які сігнал?», — спытала Вольга Скабеева.

«Вы ведаеце, яны не зусім дакладна мяне працытавалі. Я сказаў, што калі Расія і ЗША дамовяцца без Еўропы, то Еўропе будзе труба, зыходзячы з той пазіцыі, якую сёння заняла адміністрацыя ЗША. А ў яе і падставы ёсць. Не толькі тое, што яны (еўрапейцы. — Зв.) падчас выбараў умяшаліся ў амерыканскія выбары і бамбілі гэтага Трампа. Яны ж усё (і палякі, і немцы, і французы, англічане ў тым ліку) падтрымлівалі Байдэна. Ну добра, падтрымлівайце, гэта не забаронена. Але вы ж непрыстойна паводзілі сябе, вы асабіста абражалі Трампа і гэтак далей. Таму ў асабістым стаўленні ў Трампа чарвівасць такая ёсць. Эканамічна? Дык ён называе: „Хлопцы, вы прадаеце ў нас гэта, гэта, гэта. Усё прадаяце, а нашы тавары не пускаеце“. Там рахунак ёсць пэўны. І каб ураўнаважыць гандаль, ён уводзіць паступова пошліны, падаткі на мяжы. Гэта эканамічная аснова. Ваенныя? Ён кажа: „Хлопцы, я не буду так траціцца, як раней, і сваіх хлопцаў у НАТА адпраўляць. А калі праз 5 год пачнецца вайна з Расіяй і Беларуссю? Нашы будуць гінуць? Я гэтага не хачу. Я забяру сваіх“. Значыць, у ваенных адносінах праблема. І гэтыя падставы ў Дональда Трампа ёсць. Ён іх выказвае», — адказаў Аляксандр Лукашэнка. Зыходзячы з аналізу сітуацыі, ён параіў еўрапейскім уладам не прапагандай займацца, а падумаць над тым, што сказаў Прэзідэнт Беларусі. «Калі дамовяцца Амерыка з Расіяй, ім сапраўды будзе труба. Хана ім будзе, як у нас у Расіі і Беларусі гавораць. Таму яны б паслухалі і ўзялі галаву ў рукі (калі ў кагосьці ёсць такая магчымасць), — дадаў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў і свае словы, сказаныя ў інтэрв’ю Марыа Наўфалу аб тым, што будучыня Еўропы — з Расіяй. «Калі аб’яднаюцца Еўропа і Расія, ну тады смерць, тады ўжо труба будзе для амерыканцаў. Яны разумеюць гэта. І ў чым я не маю рацыі ў гэтых развагах? — адзначыў Прэзідэнт. — Таму гэта ўжо быў другі мой мэсендж, які я ім пасылаю. Калі дамовіцца Расія з Амерыкай — ім труба. Каб амерыканцы з аднаго боку, расіяне — з другога не загналі іх у трубу (тую, якую Пуцін казаў), яны ўзарвалі. Ім трэба зараз сюды ісці і сказаць: „Хлопцы (не трэба на каленях, мы не хочам, каб яны тут поўзалі, і Пуцін гэтага не хоча), давайце размаўляць, давайце будзем дамаўляцца“». 

«Давай паціху наш славянскі свет будзем адраджаць»

Адказваючы на пытанне, хто дагавораздольны ў Еўропе, Аляксандр Лукашэкна заўважыў, што нікога дагавораздольнага і ва Украіне няма, але размовы вядуцца. «Трэба размаўляць з тымі, хто гэтага хоча. Ну, мы не бачым такога гарачага жадання размаўляць з намі, з Расіяй і гэтак далей. Хаця, я не буду гаварыць, няхай Уладзімір Уладзіміравіч скажа. Ён размаўляў з імі. Яны яму тэлефанавалі, расказвалі. Ён размаўляў з некаторымі. Гэта не публічная была дамоўленасць, што яны будуць гаварыць», — расказаў Прэзідэнт. Гэта пакуль закрытая інфармацыя, магчыма з часам Уладзімір Пуцін раскажа падрабязней. Але няхай і ў закрытым рэжыме, але перагаворы ідуць. 

Вольга Скабеева нагадала пра словы Аляксандра Лукашэнкі наконт лёсу Уладзіміра Зяленскага, якога беларускі лідар папярэджваў, што са зменай адміністрацыі ў Белым доме той стане нікому не патрэбны. «Яно аказалася так, што нават і змяніць яго хочуць, — заўважыў зараз Аляксандр Лукашэнка. — Ну, гэта ўжо мяжа. Слухайце, я ўяўляю ў Беларусі, што нехта публічна загадаў бы мне: „Так, здай паўнамоцтвы і сыходзь“. Неверагодна! Краіну давёў да такой ступені, што ён сказаць нічога не можа. У Авальным кабінеце, што ён дрэннага казаў? Ён правільна казаў. Але гэта не заходзіць людзям. Гэта расцанілі як, па-першае, яго недальнабачнасць. Па-другое, слабасць. Па-трэцяе, нявопытнасць. Ну, відаць было, журналісты не сышлі і іншае. Рабі высновы і строй размову адпаведным чынам. Асабліва, калі табе задаюць пытанне па тваёй спартыўнай майцы, у якой ты прыйшоў, ад сур’ёзных хлопцаў з гальштукамі і іншае. Гэта ж зразумела. Ты рабі выснову, што тут пастаноўка. Але, тым не менш, не зайшло. І прыйшлося яму прасіць прабачэння ні за што і згаджацца на тое, што прапанавалі гаспадары. Але гэта ж ён давёў да гэтага». Прэзідэнт паўтарыў свой месендж аб тым, што Беларусь, Расія і Украіна павінны сесці ўтрох і дамовіцца. «Слухайце, усякае бывае, цяжкі выпадак (не проста пысу набілі), але давай спынімся. Давай паціху наш славянскі свет будзем адраджаць», — дадаў ён.

«Вы яго па-рознаму — Зяленскага — называеце: то Валодзем, то, я памятаю, гнідай», — заўважыла Вольга Скабеева. «Валодзя як сын мне быў, а паступіў, як гніда. Як яго назваць? Я тады так і зваў. Гэта, мусіць, брыдка з майго боку. Але дакладна было. Так нельга рабіць. А так... Што мне пра яго дрэнна сказаць? Я з ім быў у добрых адносінах. Я заўсёды, як разумеў гэты свет яму расказваў, раіў. Ну, вось ён, бачыш, як паслухаў мяне?! А калі б паслухаў, была б іншая сітуацыя», — адказаў на гэта Аляксандр Лукашэнка. 

Журналістка спытала, ці прымуць Уладзіміра Зяленскага ў Беларусі, калі ён папросіць палітычнага прытулку. «Не, ён у мяне не папросіць. У яго няма асабнякоў і дач у Беларусі. Яны на Лазурным беразе, у Англіі, там, кажуць, замкі і іншае. Ён туды паедзе. Там яны ўжо атабарыліся. Ён сюды не паедзе», — сказаў беларускі лідар. У сувязі з гэтым ён узгадаў выпадак з Міхаілам Саакашвілі ў свой час, якога прасілі забраць у Беларусь. Расійскі бок супраць не выступаў, а амерыканцы пальцам не паварушылі. 

Вольга Скабеева на гэта заўважыла, што для Расіі Міхаіл Саакашвілі — ваенны злачынца. «Колькі іх гэтых вайсковых злачынцаў? Жыццё ідзе. Адпусцілі б яго чорт ведае куды. Мы ж абменьваем — расіяне і мы — сур’ёзных злачынцаў... Я памятаю, да смяротнага пакарання быў прысуджаны, мы яго адпусцілі. Сядзеў бы ён там, застрэлілі б яго. Ужо і забыліся, што б атрымалі? А так, можа, чалавек яшчэ там у Германія ці ў Амерыцы будзе жыць. Сям’я, дзеці», — адзначыў беларускі лідар. 

Прэзідэнт перакананы, трэба не тое што ўмець дараваць. Трэба проста глядзець рэальна: навошта гэта? Калі гэта не трэба — не трэба гэта і рабіць. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што прэзідэнцкія выбары ва Украіне, пра якія зараз шмат размоў, гэта — унутраная справа ўкраінцаў. І педаляваць гэту тэму не варта. «Людзі самі разбяруцца. Там жа зразумела, што Уладзімір Аляксандравіч, Валодзя, ён не выйграе. Ён не выйграе выбары. Навошта на гэтае балючае месца яшчэ ціснуць і за кошт гэтага свой аўтарытэт апускаць», — сказаў беларускі лідар. 

«Няма рэсурсу для гэтай вайны»

Яшчэ адно вельмі гарачае пытанне — калі ў Беларусі будзе «Арэшнік». Аляксандр Лукашэнка расказаў, што часта абмяркоўвае яго з Уладзімірам Пуціным. Пускавыя ўстаноўкі, асноўная база вырабляецца ў Беларусі, таму гэта беларуская тэма, якую кантралюе Аляксандр Лукашэнка. «Мы да канца года, па-мойму, дзве ўстаноўкі ўжо на ўзбраенне гатовы паставіць. Такія ракеты ёсць, але ці варта гэтыя першыя (гэта не першыя, а тыя ракеты, якія зроблены, больш сучасныя) ставіць паблізу нашых ворагаў. Ці мы іх паставім недзе пад Масквой ці яшчэ недзе на пазіцыі. Мы павінны вызначыць дакладна гэтае месца і дамовіцца». — сказаў ён. Па словах Прэзідэнта, спешка тут непатрэбная. «Няма такой неабходнасці хутчэй заўтра недзе пад Оршай паставіць „Арэшнік“ Трэба — паставім, калі гэта трэба будзе. Але гэтая сур’ёзная зброя, яе на калене за паўгода ці за адзін месяц не зробіш», — удакладніў ён. 

«Будзем спадзявацца тады на дээскалацыю, як вы сказалі, на мір ужо сёлета», — падвяла фінішную рысу інтэрв’ю Вольга Скабеева. «Я не проста спадзяюся. Нешта мне падказвае, што, разумееш, няма рэсурсу для гэтай вайны. Людзі стаміліся (мы бачым, што на фронце робіцца), стаміліся з аднаго і з другога боку. — адказаў на гэта кіраўнік дзяржавы. — Адчуваю, што, як я часта кажу, не дайшло б да таго, што пачнецца братанне на лініі фронту. Гэта ж нашы людзі. Яны абмяркоўваюць там бой нейкі і іншае. ВСУшнікі і расіяне. Дэсантнікі, баевікі сапраўдныя абмяркоўваюць нейкі бой. І я ўжо недзе казаў пра гэта. Падкрэсліваем — лінія. Кажуць: „А што ж яны так, гэтыя хахлы, так ваююць?“. А другі расіянін кажа: „А што, ваююць? Гэта такія, як мы, кажа, адны акадэміі заканчвалі“. Гэта значыць яны з такім жа сэрцам і з такім нутром, як мы, упартыя. Таму гіне шмат людзей». Разам з тым, у некаторых момантах, напрыклад у аперацыі «Труба» расійскія людзі аказваюцца мацнейшымі. «Трэба прыдумаць такое: 15 кіламетраў метр сорак (дыяметр трубы. — Зв.) яны прапаўзлі фактычна. І вялізная колькасць высадзіліся ў тыл. І так рэзультатыўна! Там больш за 600 чалавек. Самых падрыхтаваных. І яны атакавалі імгненна. І пабеглі, перш за ўсё, тыя, што кіравалі БПЛА — дронамі — гэта галоўная зброя сёння ва Украіне. А калі яны пабеглі, яны не бачылі, што робіцца: разведдроны не працуюць, ударныя дроны не працуюць, яны першымі пабеглі. Вось табе інсайдаўская інфармацыя. Яны першыя ўцяклі, калі ты не ведаеш. А следам ужо разведкі няма, таго няма. Вельмі моцны быў такі ход... І хлопцы робяць цуды, што з аднаго, што з другога боку. Яны ўручную вырабляюць і робяць такія робаты, якія ні на адным заводзе не вырабіш. Кулібіны! І ў нас, і ў іх», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

А скончыў інтэрв’ю Прэзідэнт Беларусі ёміста: «Таму трэба гэту справу заканчваць».

Фота: president.gov.by

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю