Перагаворы прэзідэнтаў у вузкім складзе працягваліся больш за гадзіну. Затым лідары прадоўжылі работу ў шырокім складзе. Вітаючы членаў дэлегацыі, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што візіт іранскай дэлегацыі азначае новы этап у развіцці двухбаковых адносін, умацаванні партнёрства з апорай на ўзаемныя павагу і давер.
«Ва ўмовах геапалітычнай турбулентнасці Мінск і Тэгеран робяць паслядоўныя і ўзважаныя крокі па далейшым развіцці супрацоўніцтва, вядуць карпатлівую работу, каб ператварыць кожны новы выклік у новую магчымасць, — падкрэсліў беларускі лідар. — Як пісаў вялікі філосаф і паэт Амар Хаям, "хто шукае жэмчуг, павінен нырнуць у глыбіню". Пераадольваючы перашкоды, мы гартуем сваю волю, развіваемся і будуем моцныя і незалежныя дзяржавы».
- Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што аб прыездзе ў Мінск Прэзідэнта Ірана дамовіліся на сустрэчы восенню 2024-га ў Казані на палях саміту кіраўнікоў дзяржаў БРІКС. «Яшчэ раз хачу выказаць словы ўдзячнасці іранскім сябрам за садзейнічанне ў атрыманні Беларуссю статусу краіны — партнёра гэтага міжнароднага аб’яднання. На яго пляцоўцы, як у Руху недалучэння і ААН, мы маем намер працягваць традыцыі канструктыўнага партнёрства і ўзаемнай падтрымкі. Упэўнены, актывізацыя сумесных намаганняў у рамках міжнародных арганізацый здольная аказаць станоўчы ўплыў на пашырэнне эканамічных сувязяў. Важны кірунак - паляпшэнне транспартнай узаемазвязанасці і развіццё калідора «Поўнач — Поўдзень» пры дапамозе рэсурсу ШАС», — сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь вітае ўступленне ў сілу Пагаднення аб свабодным гандлі паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і Іранам. «Перакананы, што яно надасць магутны імпульс гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву паміж нашымі краінамі, створыць дадатковыя магчымасці для пашырэння наменклатуры і павелічэння аб’ёмаў узаемнага гандлю», — канстатаваў ён.

Прэзідэнт адзначыў пазітыўны эфект рэгулярных пасяджэнняў змешанай беларуска-іранскай камісіі па пытаннях эканамічнага супрацоўніцтва. Апошні раз гэты сумесны эканамічны штаб збіраўся ў Мінску ў студзені. «Аднак, прызнаемся шчыра, мы толькі ўпэўнена ідзём наперад, а ў цяперашняй сітуацыі трэба не ісці, а бегчы. Падмурак для маштабнага рыўка ёсць. І вы, спадар Прэзідэнт, вельмі правільна сказалі, што ў нас дастаткова рэсурсаў, каб дынамічна развівацца», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Ён прывёў канкрэтныя прыклады: за апошнія пяць гадоў у нас у пяць разоў павялічыўся тавараабарот. Паводле слоў беларускага лідара, тэмпы добрыя, але аб’ёмы жадаюць быць большымі. Разам з тым з пачатку гэтага года, нягледзячы на ўсе цяжкасці, мы прыраслі яшчэ на трэць
Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, у Іране карыстаюцца попытам прадукцыя нашай дрэваапрацоўкі, хімічнай прамысловасці, калійныя ўгнаенні. Беларускія пакупнікі па заслугах ацанілі не толькі цудоўныя іранскія фрукты і арэхі, але і высокатэхналагічную прадукцыю, асабліва ў сферы аховы здароўя.
«Беларусь гатова да рэалізацыі сумесных праектаў у галіне прамысловай кааперацыі па стварэнні вытворчасцяў кар’ернай, трактарнай і сельскагаспадарчай тэхнікі. Тут мы гатовы ствараць з вамі сумесныя вытворчасці, сумесныя прадпрыемствы пры нармальных умовах і лакалізоўваць нашу тэхніку ў Іране. Разлічваем на развіццё супрацоўніцтва ў інвестыцыйнай, банкаўска-фінансавай і транспартнай сферах, навукова-тэхнічнай і іншых важных галінах, такіх як адукацыя, ахова здароўя і спорт», — заявіў Прэзідэнт.
Асобнай увагі заслугоўвае ўзаемадзеянне ў гуманітарнай сферы. Праз культурныя абмены народы знаёмяцца з традыцыямі і гісторыяй адзін аднаго, што спрыяе большаму разуменню, а ў перспектыве — паглыбленню сяброўскіх сувязяў, перакананы Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго, тут краіны дасягнулі даволі добрых вынікаў. Створаны неабходныя ўмовы для камунікацыі прадстаўнікоў культурнай галіны. На парадку дня — правядзенне Дзён культуры Беларусі ў Іране.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў актыўную работу рэгіёнаў. Беларусь зацікаўлена ў развіцці дзеючых сувязяў і пашырэнні геаграфіі міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння.
«Паважаныя іранскія сябры, наша супрацоўніцтва — гэта падмурак для стратэгічнага партнёрства, уклад у стабільнасць у гэтым неспакойным свеце. Сумеснымі намаганнямі Беларусь і Іран змогуць паспяхова адказаць на сучасныя выклікі, адкрыць новыя гарызонты і пабудаваць квітнеючую будучыню для нашых краін», — заявіў Прэзідэнт Беларусі.
Іран гатовы супрацоўнічаць з Беларуссю для нейтралізацыі незаконных заходніх санкцый
У сваю чаргу Масуд Пезешкіян падзякаваў беларускім калегам за сур’ёзныя і моцныя пазіцыі, за падтрымку Ірана падчас атак Ізраіля і ЗША. «Ваша выступленне на саміце кіраўнікоў ЕАЭС было вельмі змястоўным. Вы адзначылі горкі вопыт Чарнобыльскай АЭС і казалі пра тое, што мы павінны прадухіліць любое развіццё падзей у такім напрамку, а таксама асудзілі атакі на мірныя ядзерныя аб’екты Ірана, — звярнуўся іранскі лідар да свайго беларускага калегі. — ЗША, парушаючы ўсе міжнародныя нормы і стандарты, атакавалі мірныя ядзерныя аб’екты Ірана. Па сутнасці, яны растапталі міжнароднае права і ўсе агульнапрызнаныя нормы. Ісламская Рэспубліка Іран ніколі не развязвала вайну супраць каго-небудзь. Але, калі мы становімся мішэнню для атак, мы павінны адпаведным чынам адказваць».
Масуд Пезешкіян упэўнены, што гэтыя атакі былі накіраваны не толькі супраць Ірана, але і супраць усіх незалежных краін свету. «Мы разумеем, што калектыўны Захад хоча дамінаваць над усім рэгіёнам. І тыя атакі былі накіраваны на ўсе незалежныя краіны свету», — заявіў ён.
Што датычыцца непасрэдна беларуска-іранскіх адносін, то Масуд Пезешкіян адзначыў узаемную падтрымку дзвюх краін на міжнароднай арэне, што вельмі каштоўна і важна. «Мы супрацоўнічаем на аснове ўзаемнага даверу і ўзаемнай павагі. Ісламская Рэспубліка Іран гатовая супрацоўнічаць з Рэспублікай Беларусь для нейтралізацыі незаконных заходніх санкцый», — запэўніў Масуд Пезешкіян. Разам з тым ён заўважыў, што ўзровень эканамічных узаемаадносін пакуль не адпавядае ўзроўню даверу паміж Мінскам і Тэгеранам. «Мы павінны дасягнуць таго ўзроўню, пры якім зможам рэалізаваць усе дамоўленасці», — адзначыў Масуд Пезешкіян. У цэлым, паводле яго слоў, адносіны Беларусі і Ірана развіваюцца ў правільным рэчышчы.