Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: «Любое прадпрыемства павінна працаваць на Беларусь, на дзяржаву»

«Усе дзяржаўныя. Недзяржаўных людзей тут няма», — заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі прыватных прадпрыемстваў. У Палац Незалежнасці былі запрошаны больш за два дзясяткі кіраўнікоў кампаній і прадпрыемстваў, якія працуюць у Беларусі. У адкрытай і прынцыповай размове таксама прынялі ўдзел кіраўніцтва ўрада, Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў, Адміністрацыі Прэзідэнта і іншыя адказныя службовыя асобы.


Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што запрасіў усіх, каб пагаварыць аб надзённых праблемах і пытаннях, якія трэба вырашаць. Асобна ён звярнуў увагу чыноўнікаў: «У нас тут няма недзяржаўных прадпрыемстваў. У нас у краіне ёсць прыватныя і дзяржаўныя формы ўласнасці прадпрыемстваў. Недзяржаўных людзей тут няма». 

На сустрэчы ў Палац Незалежнасці запрасілі ў асноўным прадстаўнікі паспяховых прадпрыемстваў. Гэта асабістае пажаданне Прэзідэнта. «Хто як не вы, якія прайшлі ўсё хараство і пекла прадпрымальніцкай дзейнасці, ведаеце, што трэба развіцця прыватнага бізнэсу і прадпрымальніцтва ў Беларусі», — растлумачыў такі падыход кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што на сустрэчы неабходна разам абмеркаваць далейшыя шляхі развіцця прадпрымальніцтва «Вы ўсё маеце вялікі досвед работы і на ўнутраным, і на знешнім рынках. Прайшлі праз пераадоленне посткавідных наступстваў, навучыліся спраўляцца з санкцыйным ціскам з боку нядружалюбных нам краін і іншымі бар’ерамі. Пры гэтым адказна вядзеце ўласную справу і займаецеся дабрачыннасцю», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што прыватны бізнес займае немалую долю беларускай эканомікі. Недзяржаўны сектар фарміруе палову ВУП, забяспечвае 37 працэнтаў прамысловай вытворчасці, менавіта на яго прыпадае трэць усіх інвестыцый. «Таму развіццё камфортнага бізнес-асяроддзя — адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай эканамічнай палітыкі», — канстатаваў ён.

Якія пытанні трэба вырашыць для якаснай мадэрнізацыі

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што некалі былі прынятыя прарыўныя Дырэктывы № 4 і Дэкрэт № 7, якія ўвялі цэлы комплекс спрашчэнняў і навінак. «Як я ведаю, яны былі высока ацэнены вамі, дазволілі кардынальна ажывіць ініцыятыву да прадпрымальніцтва. Толькі не магу зразумець, што стрымлівае гэту ініцыятыву. Хацелася б ад вас гэта пачуць» — сказаў беларускі лідар. Ён заўважыў, што ў апошнія гады ў Беларусі істотна рушылі наперад у развіцці экасістэмы для бізнесу. Аляксандр Лукашэнка прывёў некаторыя прыклады. Так, у краіне перавялі ў электронны фармат усе паслугі па рэгістрацыі і ліквідацыі бізнесу; пашырылі магчымасці прымянення лічбавага подпісу; асучаснілі Закон аб прадпрымальніцкай дзейнасці, які дазваляе маштабаваць бізнэс без лішняй бюракратыі. «Гатовы яшчэ раз, калі трэба, зрабіць крок у гэтым напрамку», — дадаў Прэзідэнт. Дзяржава па меры магчымасці падстаўляе малому і сярэдняму бізнесу фінансавае плячо. «Разам з тым, любая сфера патрабуе якаснай мадэрнізацыі. І, як мне дакладваюць, ёсць пытанні, на якія варта звярнуць самую пільную ўвагу», — акцэнтаваў кіраўнік дзяржавы і пералічыў некаторыя з гэтых пытанняў. 

Па-першае, залішняя зарэгуляванасць. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, у чым яна заключаецца: «Пасля двухгадовай працы ўрада па аптымізацыі адміністрацыйных працэдур іх колькасць скарацілася прыкладна да тысячы. Але, амаль 10 працэнтаў з іх адносяцца да будаўнічай сферы. Мы асобна з гэтым разбіраемся, і думаю, разбяромся. Найбольш запатрабаваныя працэдуры па-ранейшаму не пераведзены ў паўнацэнны лічбавы фармат. Напрыклад, у нас так і не створана сістэма „аднаго акна“ па такіх напрамках, як знешнеэканамічная дзейнасць, здзелка з нерухомасцю, рэгістрацыя права на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці. Усё гэта патрабуе папяровай цяганіны».

Па-другое, праблемы і прабелы ва ўсёабдымнай ацэнцы рэгулюючага ўздзеяння асобных прававых актаў. Па словах Прэзідэнта, гэты інстытут, уведзены яшчэ ў 2019 годзе, сёння працуе недастаткова эфектыўна. «Хоць дамаўляліся, што па кожным прававым акце будзе належным чынам пралічана рэальная карысць (або шкода) уводзімых навінак для ўсёй эканомікі, — нагадаў беларускі лідар. — Такая ацэнка павінна мець сілу не ніжэйшую, чым юрыдычная ацэнка прававых актаў». 

Па-трэцяе, дэкрыміналізацыя эканамічных рызык. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што сярод прадпрымальнікаў (як і ў любой іншай сферы) сустракаюцца нядобрасумленныя дзялкі. І адзінкавыя выпадкі часам кідаюць цень недаверу на ўсю бізнэс-супольнасць. «Але я хачу падкрэсліць: ніякіх штучных бар’ераў з-за некалькіх жулікаў дзяржава ўзводзіць не будзе. Да ўсяго трэба падыходзіць, абапіраючыся на прагматычнасць і разумны сэнс. Мяркую, што і мы павінны зыходзіць выключна з інтарэсаў сваёй эканомікі. Улада ў роўнай ступені зацікаўлена, каб прыватны і дзяржаўны сектары, а таксама замежныя прадпрыемствы працавалі на агульную карысць людзей і краіны. — заявіў Прэзідэнт. — Гэта гаворыць аб тым, што мы павінны паставіць у роўныя ўмовы прыватнай і дзяржаўнай формаў ўласнасці прадпрыемствы.».

Навошта збірацца разам

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся меркаваннем удзельнікаў сустрэчы наконт таго, якія фактары стрымліваюць развіццё прыватнага сектара эканомікі. Ён спытаў, што перашкаджае прадпрымальнікам маштабна, шматразова нарошчваць інвестыцыі, пашыраць вытворчасць, ствараць высокапрыбытковыя працоўныя месцы? Асабліва, зрабіў акцэнт кіраўнік дзяржавы, у рэгіёнах. Прэзідэнт заклікаў усіх да шчырай і адкрытай размовы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі і першага віцэ-прэм’ера Мікалая Снапкова на тое, што Савет па развіцці прадпрымальніцтва не працуе належным чынам. Па словах кіраўніка дзяржавы, Савет павінен збірацца, абмяркоўваць самыя складаныя праблемы і, калі трэба, даносіць іх да Прэзідэнта. А не збірацца дзеля таго, каб паглядзець адзін на аднаго, паўсміхацца і сказаць «дзякуй», каб грамадства бачыла, што прыватнік у нас не чужы чалавек«. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Палацы Незалежнасці ўсе сабраліся не для таго, каб паўсміхацца і паглядзець адзін на аднаго. Ён заклікаў акрэсліваць канкрэтныя пытанні, якія хвалююць бізнес-асяроддзе. Тым больш, што ўдзельнікі сустрэчы могуць казаць ад імя сваіх калег. «І няхай іншыя, хто не трапіў сюды з вамі, спытаюць, калі вы пасядзіце і разыдзецеся, баючыся пазначыць тую ці іншую праблему», — адзначыў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што стаўленне да прыватных прадпрыемстваў з боку дзяржавы павінна быць адпаведным. А калі раптам іх нехта абразіць, ці «накаціць», кіраўнік дзяржавы параіў бізнесменам напрамую звяртацца да яго. Калі прыватныя прадпрыемствы прыносяць карысць для эканомікі, не трэба іх абражаць. Калі, канешне, яны не парушаюць закон. «Пры вас мне лёгка аб гэтым казаць, бо, як мне дакладваюць, вы паспяховыя людзі, працуеце сумленна. Абы-каго сюды сёння не запрашалі. І іншыя павінны працаваць так, як вы. Я толькі гэтага хачу», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Асобна Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на распаўсюджаную праблему, якую ён узнімаў неаднаразова. Людзі на прадпрыемствах працуюць, зарабляюць грошы, а кіраўнікі выводзяць гэтыя грошы за мяжу. «Калі вы хочаце нешта за мяжой купіць — калі ласка, давайце выпрацуем сістэму, каб ніхто не чапляўся. Але калі вы хаваеце за мяжой грошы, заробленыя тут, якое маё стаўленне да вас павінна быць?» — сказаў ён.

З васьмі тысяч да 110 тысяч. Як мяняўся прыватны сектар на працягу 30 гадоў

Пазіцыю ўрада па тэме нарады прадставіў у сваім дакладзе першы намеснік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў. Найперш, ён адказаў, што Савет па развіцці прадпрымальніцтва працуе і ўсе прапановы, агучаныя на гэтай сустрэчы, — гэта абагульненне таго, што гучала на Савеце. 

У сваім дакладзе Мікалай Снапкоў падкрэсліў, што ў Беларусі былі розныя этапы ў развіцці прадпрымальніцтва. Калі ў пачатку 90-х сярэдні прадпрымальнік гэта быў «чалнок», які займаўся перапродажам, то з цягам часу гэты вобраз змяніўся. Гэта адлюстравала і змены ў беларускай эканамічнай мадэлі. «За 30 гадоў сектар малога і сярэдняга прадпрымальніцтва вырас з васьмі тысяч малых прадпрыемстваў да фактычна 110 тысяч арганізацый. З іх 40 % занятыя ў вытворчым сектары — гэта прамысловасць, сельская гаспадарка, будаўніцтва, транспарт. Колькасць занятых за 30 гадоў павялічылася з 230 тысяч да 1,4 мільёна чалавек. Іх доля ў ВУП амаль 30%», — далажыў Мікалай Снапкоў. Ён звярнуў увагу, што гэта не толькі прадпрыемствы да 250 чалавек з прыватнай доляй уласнасці, гэта ў тым ліку і прадпрыемствы з дзяржаўнай доляй уласнасці да 50%. Першы віцэ-прэм’ер, адзначыў, што за мінулы год экспарт прыватных прадпрыемстваў склаў амаль 16 мільярдаў долараў без уліку нафты і калію. Геаграфія экспартных паставак не адстае ад вытворчага сектара з дзяржаўнай доляй уласнасці — 146 краін. «Доля паступленняў у кансалідаваны бюджэт ад гэтых прадпрыемстваў склала 33 працэнты. Прычым раённыя тэрытарыяльныя даходы фарміруюцца прыкладна на ўзроўні 40 працэнтаў за кошт адлічэнняў ад малога, сярэдняга бізнесу», — адзначыў Мікалай Снапкоў. 

«Прыватныя прадпрыемствы актыўныя ў рэалізацыі прынятай мадэлі мабілізацыйнага развіцця, імпартазамяшчэння і стварэння новых прадуктаў, што вельмі важна», — расказаў Мікалай Снапкоў. 

Роўныя ўмовы для ўсіх, хто працуе на дзяржаву, на народ

Першы віцэ-прэм’ер адзначыў, што бізнес актыўна падтрымаў ініцыятыву Прэзідэнта «Адзін раён — адзін праект». З 208 праектаў, якія рэалізуюцца ў рэгіёнах, 116 рэалізуецца малым і сярэднім бізнесам. Аб’ём інвестыцый у гэтыя праекты — 40% ад агульнага. На гэтых праектах задзейнічаныя каля сямі тысяч чалавек. «То бок тут ствараецца больш за палову прыватных прадпрыемстваў. Дзяржаўнай форме ўласнасці вы дапамагаеце з рэспубліканскага бюджэту, а прыватнікам — не?» — удакладніў Прэзідэнт. Мікалай Снапкоў падкрэсліў, што дзяржава дапамагае ўсім. «Тады чаму крыўдзяцца, што няма роўных умоў?», — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы. «У дадзеным выпадку ўмовы роўныя. Адзін фінансавы прадукт — фінансаванне пад 8% гадавых на восем гадоў — аднолькавы для ўсіх», — растлумачыў Мікалай Снапкоў. 

«Я хачу, каб прадпрымальнікі разумелі, што калі дзяржавы вызначае нейкую праграму кшталту „Адзін раён — адзін праект“, так мы ў аднолькавыя ўмовы ставім і прыватнікаў, і дзяржаўнай формы ўласнасці прадпрыемствы. Калі вас задавальняюць такія ўмовы — раўняйцеся з прадпрыемствамі дзяржаўнай формы ўласнасці і працуйце», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, дзе магчыма стварыць роўныя ўмовы для прадпрыемстваў прыватнай і дзяржаўнай формы ўласнасці, гэта робіцца. У той жа час, па словах Прэзідэнта, не заўсёды варта раўняцца з прадпрыемствамі дзяржаўнай формы ўласнасці, да іх часам прад’яўляюцца такія патрабаванні, што прыватным і не сніліся. «Тым не менш, каб вы разумелі, гэта галоўнае — роўныя ўмовы для ўсіх, хто працуе на дзяржаву, на народ. Сумленна працуе, па законе, і плаціць падаткі. Не толькі роўныя ўмовы. Мы прыватны сектар будзем падтрымліваць (і я асабіста, гэта маё такое стаўленне). Тых, хто працуе, будзем вобразна кажучы жорстка падтрымліваць. Вы толькі скажыце, хто вам перашкаджае, — сказаў Прэзідэнт. — Але і самі вы павінны быць чыстыя і празрыстыя, як шкло. Вось адзінае, што я ад вас прашу. Ніхто ў вас бізнес не забярэ. Ніхто вас нахіляць не будзе. Дзяліць чагосьці не будзе, гэта я вам гарантую. Але дзяржаўны інтарэс найперш за ўсё». Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што краіна ў такой сітуацыі, што выжыць можна толькі мабілізаваўшыся. 

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што яму з урада прыйшло пісьмо, якое тычыцца дзейнасці папулярнага маркетплейса Wildberries. Пляцоўка мае намер пашырацца ў Беларусі і прадаваць. «Я задаў першае пытанне: „Што вы будзеце прадаваць?“. Мы імкнёмся да імпартазамяшчэння. Наш рынак невялікі, але мы хацелі б заняць гэты рынак сваёй вытворчасцю. І так далей і таму падобнае. Калі так — сардэчна запрашаем. Але яшчэ трэба ўлічыць адну рэч: я не хачу, каб зніклі крамы крокавай даступнасці, маленькія гэтыя крамы. Я не хачу, каб была манаполія буйных сетак. Я не хачу, каб у кагосьці былі такія ўмовы, а ў другіх іншыя. Але калі хтосьці мадэрнізаваўся і прасунуўся ў будучыню, а Wildberries працуе менавіта так, такія прадпрыемствы мы будзем падтрымліваць. Але любое прадпрыемства павінна працаваць на Беларусь, на дзяржаву. Тады ў мяне не будзе ніякіх да вас прэтэнзій,»- растлумачыў сваю пазіцыю Прэзідэнт. Ён падкрэсліў: гаворачы аб тым, што справядлівасць сёння запатрабавана, менавіта гэта мае на ўвазе. 

Аляксандр Лукашэнка заклікаў усіх працаваць сумленна. І не забываць дапамагаць тым, хто мае патрэбу ў дапамозе. «Мы бачым. Калі вы займайцеся дабрачыннасцю і дапамагаеце, дзякуй вам. І стаўленне да вас будзе адпаведнае, таму што вы дапамагаеце па вялікаму рахунку маім людзям. Вы адказваеце за людзей, якія ў вас працуюць. А я за ўсіх вас. Таму, калі вы дапамагаеце маім людзям, чаму я вам не павінен дапамагчы. Вось такія простыя ўзаемаадносіны павінны быць, — сказаў ён. — Але калі вы пачынаеце лабіраваць некага, грошы за гэта браць і ў выніку гэта з дзяржаўнай казны, выходзіць з бюджэту ці з прадпрыемства — мала не падасца». Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі ўсе ў роўных умовах і ўсе павінны працаваць сумленна. 

Дзяржаўны кантроль прыватных прадпрыемстваў

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што часам з боку бізнэс-супольнасці можна пачуць скаргі на дзейнасць кантралюючых органаў, на залішнія праверкі. Ён заклікаў канкрэтна казаць пра кожны такі вынік. «Ніводзін інспектар, як раней, кубак кавы да прадпрымальніка зайсці не можа выпіць. Ён павінен атрымаць накіраванне свайго кіраўніка пісьмова. І калі да вас нехта прыйшоў і вы нешта западозрылі, вы праінфармуйце нас. Мы праверым, хто яго туды накіраваў. Ні адной такой інфармацыі не было», — заўважыў Прэзідэнт. Ён запэўніў, што кожны выпадак «залішняй дзейнасці» кантралюючых органаў будзе аналізавацца і разглядацца. Але ж бізнесмены павінны пра такое паведамляць — праўдзіва і канкрэтна. 

Працягваючы тэму праверак, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў скласці спіс прыстойных, добрасумленных бізнесменаў. «Давайце зробім і апублікуем яго. З’явіліся яшчэ два чалавекі — дададзім. Але дадзім каманду Камітэту дзяржкантролю і іншым, каб яны прыходзілі да вас, цікавіліся, і падаткавікі нават, адзін раз на тры гады. Але там павінна быць усё жалезабетонна. Таму што сёння не парушылі, заўтра — парушылі, — сказаў ён. — Мы гатовы з вашай падачы: вось спіс, я яго падпішу і перадам кантралюючым і іншым органам. Ніхто да вас не прыйдзе». Разам з тым, Прэзідэнт звярнуў увагу, што, калі размова ідзе пра роўныя магчымасці для прыватных і дзяржаўных прадпрыемстваў, то і кантроль павінен быць аднолькавым. Па яго словах, дзяржаўныя прадпрыемствы кантралююцца вельмі ўважліва. «Ну так і вас будзем кантраляваць, калі вы гэтага заслугоўваеце. Так у любой дзяржаве. Але ў той жа час, падкрэсліваю, мы гатовы не кантраляваць. Як дамовімся. Калі вы будзеце падаткі выплачваць. Гэта — галоўнае. І не будзеце крыўдзіць людзей — звычайных рабочых, сялян, якія ў вас працуюць», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы прапанаваў бізнес-супольнасці падумаць над гэтым пытаннем, і ўнесці свае прапановы. Але не дзейнічаць агулам.

Простая формула ўзаемаадносін дзяржавы і прадпрымальніка

«Няма з боку Прэзідэнта (а менавіта ён вызначае гэту лінію) нейкага прадузятага стаўлення да прыватніка. Наадварот», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Да прыкладу ён прывёў тэхнапаркі, якія зараз актыўна ствараюцца па ўсёй краіне і ў якія ўваходзяць пераважна прыватныя прадпрыемствы, што ствараюць запатрабаваную сёння прадукцыю. І дзяржава актыўна падтрымлівае гэты накірунак. «Гэта для таго, каб і вы, і пачынаючы бізнесмен прыходзіў і з малога пачынаў. Там і арэнда, там і ўмовы. І яны пад маім кантролем», — заўважыў Прэзідэнт. Разам з тым, па словах беларускага лідара, усіх, хто зараз актыўна рвануў у бізнес, «на руках насіць» не будуць. «Найперш, чым туды лезці, ты падумай, ці зможаш ты там працаваць. Гэта няпростая дарога. Гэта вытворчасць», — сказаў Прэзідэнт. 

Прэзідэнт запэўніў, што ў нашай дзяржаве бізнесмены змогуць знайсці падтрымку. Але пры вельмі простай умове. «Працуйце сумленна. Вы для нас не чужыя. Вось для мяне асабіста. Таму калі нехта парушае гэту лінію, давядзіце да мяне пазіцыю гэтых людзей. І не бярыце чужое. Тады мы з вамі будзем у добрых адносінах. Асабліва не залазьце ў дзяржаўную кішэню, — параіў Прэзідэнт. — Таму давайце па-чалавечы выбудоўваць адносіны. Я заўсёды гатовы абараніць прыстойнага, сумленнага чалавека. І асабліва прадпрымальніка. Яны ж на нас працуюць, на краіну. А мы павінны вас бараніць і на вас працаваць. Простая формула адносін». Але, на жаль, як звярнуў увагу беларускі лідар, гэтая простая і зразумелая формула не заўсёды працуе. 

«Няма больш адказнага, прабачце за нясціпласць, Прэзідэнта ў плане вытворчасці і бізнесу, чым у Беларусі. Няма і не будзе. Таму што вы мне не плаціце. У нас няма на паверхах тых, хто сядзіць, якія з вас збіраюць даніну, як гэта было ва Украіне. Я гэта добра ведаю. Гэтага ніколі не будзе. Дык цаніце вы гэта», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён не выключыў, што людзі сустракаюцца ўсялякія. Таму пры нейкіх перагібах трэба інфармаваць, каб дзяржава вырашыла гэтыя праблемы. 

Прэзідэнт падкрэсліў, што дзяржава гатова дапамагаць бізнесменам, у тым ліку і ў наладжванні замежных сувязей. Канешне, пры ўмове, што ўсё будзе сумленна. 

Валерыя СЦЯЦКО

У тэму

Асноўны пасыл размовы Прэзідэнта і бізнесменаў у размове з журналістамі паўтарыў і першы намеснік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў: 

«Будзьце сумленныя перад Радзімай, і Радзіма будзе сумленная перад вамі». Першы віцэ-прэм’ер адзначыў, што кіраўнік дзяржавы больш чым хто іншы зацікаўлены ў развіцці бізнесу ў Беларусі. Гэта тычыцца як флагманаў эканомікі, буйных прадпрыемстваў, так і малых, сярэдніх прадпрыемстваў. Мікалай Снапкоў адзначыў: практыка паказала, што прадпрыемствы з колькасцю супрацоўнікаў да 250 чалавек, найбольш мабільныя, яны актыўней інавацыйна развіваюцца.

Першы віцэ-прэм’ер адзанчыў, што варта адыходзіць ад дзялення бізнесу на прыватны і дзяржаўны. Кіраўнік дзяржавы дакладна адзначыў, што няма ў краіне прыватнага і дзяржаўнага. «Гэта — бізнес краіны. Але ёсць прыватная форма ўласнасці і дзяржаўная форма ўласнасці. Мне ўяўляецца, , што гэты пастулат вызначае інстытуцыянальныя, базавыя нормы таго, што такое бізнес і якое да яго стаўленне», — адзначыў Мікалай Снапкоў. Таму і для буйных прадпрыемстваў, і для сярэдніх, і для малых ўмовы развіцця будуць аднолькавыя. «Пачынаючы ад фінансавых прадуктаў, якія стымулююць развіццё інвестыцыйнага цыклу, і заканчваючы інстытуцыйнымі ўмовамі — заканадаўчымі і нарматыўнымі», — удакладніў першы віцэ-прэм’ер. 

Журналісты пацікавіліся, ці ёсць неабходнасць змякчаць некаторыя заканадаўчыя нормы, якія рэгулююць дзейнасць бізнесу. Мікалай Снапкоў адказаў, што зараз патрэбы ў лібералізацыі заканадаўства няма. Ёсць на чым засяродзіць намаганні. «Трэба правесці вялікую работу па дэбюракратызацыі, радыкальную работу па рэгулятарным асяроддзі. Бюракратыя часам зашкальвае, асабліва з пункту гледжання працэдурных пытанняў, тэрмінаў, наяўнасці многіх суб’ектыўных фактараў. Вось гэта мы, не пабаюся гэтага слова, на корані павінны выразаць. Гэтым урад будзе займацца з усёй адказнасцю, ад поспеху гэтай работы рэальна залежыць развіццё бізнесу. Бюракратыя — гэта такая гідра, якая не можа разбурыць сябе сама. Яе можна разбурыць толькі звонку. Таму на самай справе гэта задача — асноўная», — распавёў першы віцэ-прэм’ер. Ён удакладніў, што пасля жорсткай, рацыянальнай і прагматычнай рэвізіі ўсе працэдуры трэба будзе перавесці ў лічбавае поле. Мяркуецца, што гэта створыць патрэбную бізнесу атмасферу прастаты, камфорту. 

Падчас нарады таксама абмяркоўвалася пытанне развіцця бізнесу ў рэгіёнах. Асабліва актуальным гэта пытанне становіцца ў плоскасці рэалізацыі ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект», дзе актыўна ўдзельнічае прыватны сектар. «Гэта значыць, унутраная энергія, унутраныя рэсурсы і ўнутраны інвестар — гэта тры асноўныя слупы, на аснове якіх будзе развівацца наша эканоміка ў гэтым годзе і ў наступнай пяцігодцы», — адзначыў Мікалай Снапкоў. У працяг рэгіянальнай тэмы журналісты пацікавіліся, як адрэагаваў бізнес на мяркуемае ўзмацненне паўнамоцтваў старшыняў райвыканкамаў, у прыватнасці, на права ўзгаднення імі кіраўнікоў прадпрыемстваў. Па словах першага віцэ-прэм’ера, тут няма вялікай праблемы. Дзяржава і прыватны бізнес не дзеляцца на розныя полюсы, яны працуюць разам як партнёры. Таму няма нічога дрэннага, калі старшыня райвыканкама будзе ведаць чалавека, які ўзначальвае прыватнае прадпрыемства, што працуе на яго тэрыторыі. Дзяржава і бізнес павінны быць партнёрамі, а не антаганістамі«, — заўважыў Мікалай Снапкоў. 

Галоўнае — не маўчаць, і вас пачуюць

«Улады чуюць бізнес і імкнуцца аператыўна вырашаць праблемы. Галоўнае, напэўна, не замоўчваць, а задаваць пытанні. І яны будуць заўсёды вельмі хутка вырашацца, калі, як сказаў Прэзідэнт, мы не будзем маўчаць», — сказаў журналістам кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Спартан-Агра» Ігар Абрамчык. Ён як ніхто іншы ведае, што кажа. У верасні мінулага года прадпрыемства, якое ў Маладзечанскім раёне займацца вырошчваннем яблыкаў, наведваў асабіста Прэзідэнт. 

Тады кіраўнік дзяржавы паставіў задачу больш працаваць над айчыннымі сартамі яблыкаў, каб перастаць кланяцца імпартнай садавіне. Тады ён заявіў аб гатоўнасці актыўна падтрымліваць развіццё пладаводства ў краіне, а Ігару Абрамчыку прапанаваў пасадзейнічаць у развіцці садоўніцтва на іншых тэрыторыях. Адказным службовым асобам былі дадзеныя даручэнні ўсяляк дапамагаць. «Да новага года ўсё, што мы прасілі, ужо было рэалізавана. Мы, напрыклад, прасілі уключыць у рэестр сарты, якіх няма, якія перспектыўныя і якія варта апрацоўваць у рэспубліцы. У студзені гэтыя сарты ўжо былі ў рэестры. Таксама мы прасілі распрацаваць праграму па льготным фінансаванні фруктасховішчаў, таму што іх не хапала. Што ў прынцыпе Банкам развіцця ўжо дапрацоўваецца, і сёлета будзе канкрэтная праграма», — расказаў праз паўгода Ігар Абрамчык. Па яго словах, у плюсе засталіся і яго калегі, для якіх таксама былі актуальныя гэтыя пытанні. 

Міхаіл Саскевіч — кіраўнік ЗАТ «Сатурн-1» у горадзе Жыткавічы. Прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці металавырабаў і металаканструкцый для розных галін народнай гаспадаркі. Пры гэтым выконваецца поўны цыкл апрацоўкі і вырабу складаных металавырабаў і металаканструкцый, у тым ліку нестандартных. «Прыемна, калі на дзяржаўным узроўні ўдзяляецца ўвага менавіта сярэдняму бізнесу для падтрымкі ў вырашэнні нейкіх пытанняў, напрыклад, пашырэння вытворчасці. Дарэчы, мы таксама пашыраемся. На нашым прадпрыемстве працуюць 195 чалавек, яны маюць годную зарплату. Людзі прыходзяць і замацоўваюцца ў нас», — падкрэсліў Міхаіл Саскевіч. Але ўсё ж такі праблемы з кадрамі ёсць. Па словах дырэктара прадпрыемства, сёння цяжка знайсці аператараў на сучаснае дарагое абсталяванне. «Трэба разумець, што на перыферыі, у невялікіх населеных пунктах вельмі праблематычна знайсці добрага кваліфікаванага рабочага, таго ж зваршчыка, аператара, слесара. Для параўнання: калі ў Гомелі 500 тысяч насельніцтва, то ў Жыткавічах — толькі 16 тысяч і ў нас практычна немагчыма знайсці аператараў сучасных станкоў. Гатовых спецыялістаў няма, аднак вырашаем на месцах гэта пытанне. Даводзіцца навучаць, і мы гэтым займаемся. Накіроўваем людзей ва ўстановы адукацыі, дзе яны атрымліваюць тэарэтычныя веды, а практычныя — ужо на прадпрыемстве», — удакладніў Міхаіл Саскевіч. Ён расказаў, што на апошнім часам на прадпрыемства прыйшло працаваць восем выпускнікоў розных ВНУ. І кожны застаўся ў Жыткавічах, тут стварылі сем’і і ўсім задаволеныя. Таму, як заўважыў Міхаіл Саскевіч, усе праблемы вырашальныя. «Мы працуем на карысць нашай краіны», — падкрэсліў кіраўнік прадпрыемства.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю