Мы гэта рабілі, робім і будзем рабіць
І хоць нагода святочная, кіраўнік дзяржавы гаварыў адкрыта і канкрэтна. На пачатку свайго выступлення Прэзідэнт падзяліўся актуальнымі думкамі. Гэта стала своеасблівым працягам выступлення беларускага лідара на міжнародным форуме «Вялікая спадчына — агульная будучыня», які праходзіў у Валгаградзе на мінулым тыдні. «Прайшло 80 гадоў з таго вялікага дня, калі нашы савецкія войскі зламалі хрыбет самаму небяспечнаму і страшнаму ворагу мінулага стагоддзя. 80 гадоў... А мы ствараем мемарыялы, комплексы. Хатынь, Ала, Чырвоны Бераг, Брэсцкая крэпасць, Буйніцкае поле. Мадэрнізуем каторы раз, укладваючы каласальныя сродкі. Узводзім помнікі, будуем, перабудоўваем, прыводзім у парадак, даглядаем іх. Курган Славы, Плошча Перамогі, помнік „Мінск — горад-герой“. Па крупінках збіраем факты перамог і жахаў той вайны. Ідзём да гэтых помнікаў, мемарыялаў, вядзём за руку за сабой дзяцей, вучым у школах, ВНУ, глыбока ўнікаючы ў тую вайну, адшукваючы той нерв, дзякуючы якому мы перамаглі. Наогул, праводзім тысячы мерапрыемстваў, здымаем фільмы, пішам артыкулы, навука займаецца тымі мінулымі гадамі і нашай Перамогай. І ў кожнага сваё стаўленне да гэтых гадоў і да гэтай вайны», — адзначыў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, для адной часткі грамадства ўсё гэта з’яўляецца натуральным, таму што яны не толькі бачылі жахі гэтай вайны. «Іх няшмат ужо засталося, на жаль, таму што рух часу няўмольны. Але некаторыя з іх трымалі зброю ў руках і ваявалі. Таму для іх вайна і тая Перамога, пра якую мы сёння гаворым, (учора, і заўтра будзем гаварыць, упэўнены) — натуральны ход падзей з пункту гледжання таго, што яны самі з’яўляліся творцамі гэтай самай Перамогі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Другая частка, да якой, па словах Аляксандра Лукашэнкі, ён адносіць і сябе, — гэта дзеці тых, хто ваяваў. «Мы слухалі і чулі пра жахі той вайны. Для нас яна недапушчальная. Яна для нас проста непрымальная. Можна сказаць, для нас гэтыя аповеды (а потым... мы і фільмы па-асабліваму ўспрымаем) — факты, яны ў нас у крыві. — падкрэсліў Прэзідэнт. — Ёсць нашы дзеці, якія, натуральна не бачылі гэтай вайны. Яны не чулі аповедаў тых, хто прайшоў праз гэта гора, праз гэтую вайну. Яны бачаць гэта па нашых помніках, музеях, яны ўспрымаюць гэта настолькі, наколькі мы ім гэта данясём». Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ўсе катэгорыі па-рознаму ўспрымаюць гэтую вайну і нашу Перамогу, як і ўсе падзеі ў жыцці кожны ўспрымае па-свойму.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ёсць яшчэ адна катэгорыя людзей — збеглыя і тыя, хто атрымаў у спадчыну гены фашызму, тыя, хто збег за акіян. «Паўстае заўсёды пытанне (давайце не будзем у гэты святы дзень падманваць сябе): можа быць, не трэба? 80 гадоў ... можа не трэба? Навошта ўсё гэта? Гэта прыгожа адтуль нам раяць, вельмі прыгожа кажуць: „Хай яны спакойна спяць“. Тыя амаль 30 мільёнаў савецкіх людзей і іншых з Еўропы. 30 мільёнаў загінулых кітайцаў, якія змагаліся супраць японскага мілітарызму. 30 мільёнаў... А наогул ужо называюць лічбу ад 70 да 100 мільёнаў загінулых у Другой сусветнай вайне. 80 гадоў. Яшчэ раз паўтараю: „можа быць, хопіць? Можа быць, не трэба? Навошта ўсё гэта: мерапрыемствы, урачыстыя сходы і неўрачыстыя, парады часам з рызыкай (асабліва гэта актуальна сёння для Масквы). Можа быць сапраўды хай спяць спакойна?“ — задаўся пытаннем кіраўнік дзяржавы. — Не дарагія мае, не хопіць. Не хопіць таму, што мы гэта робім, каб гэта не паўтарылася больш. Забудзем дарогу да помнікаў, забудзем дарогу ў Хатынь — гэта да нас прыйдзе. Мы гэтага не хочам. Таму мы ўсё гэта рабілі, робім і будзем рабіць. Гэта адказ тым, хто нас „прыгожа“ імкнецца адкруціць ад гэтай Вялікай Перамогі». На гэтыя словы Прэзідэнта зала адрэагавала апладысментамі.
Каб развязаць супраць нас вайну, трэба перш за ўсё адабраць у нас памяць
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, усё гэта робіцца і для таго, каб у выпадку паўтарэння тых жудасных падзей беларусы разумелі, што да нас былі людзі, якія не шкадуючы свайго жыцця, усяго святога, што ў іх ёсць, абаранялі гэтую зямлю, абаранялі сваю краіну, блізкіх, дзяцей, любімых. «І яны паказалі нам прыклады гэтай абароны. Яны свядома часам ішлі на шыбеніцы, яны сваёй грудзьмі зачынялі доты. Яны ваявалі і гінулі. Часам, свядома разумеючы, што ён загіне, яны ішлі не баючыся», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, за мяжой гэтага страшна баяцца. Прэзідэнт адзначыў, што і сёння ў спецыяльнай ваеннай аперацыі ўдзельнічаюць расійскія воіны, заточаныя ваяваць супраць нацызму, якія не шкадуюць сябе. «Вось гэтага тыя, хто сёння бразгае зброяй на нашых межах, гэтага баяцца. — падкрэсліў ён. — Для таго, каб ім развязаць супраць нас вайну, трэба перш за ўсё адабраць у нас памяць і галовы. Як толькі зробяць — чакайце новай вайны. Таму мы сёння змагаемся».
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Валгаградзе ён ужо казаў, што гэта вайна ўжо пачалася. Але гэта сучасная вайна, якая пачалася ў сродках масавай інфармацыі за розумы і сэрца, за галовы нашых людзей. «Яна, гэта вайна пачалася. І мы яе вядзём. Дзякуй богу, пакуль спраўляемся», — заявіў ён. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу і на чыста чалавечы фактар. Вернікі і няверуючыя ў Бога людзі — усе разумеюць, што тады мільёны людзей, якія пайшлі ад нас, яны там, на нябёсах. І рана ці позна ўсе там будуць, такое жыццё. «І як будзе, калі мы з імі сустрэнемся? Калі мы не будзем шанаваць іх подзвіг? Калі мы будзем шанаваць іх памяць? Калі мы не будзем дзякаваць ім кожны дзень за той подзвіг, які яны здзейснілі ў імя нас, перш за ўсё, каб мы жылі, — якімі вачыма мы будзем тады глядзець на іх? Гэта проста па-чалавечы, — звярнуўся да прысутных Аляксандр Лукашэнка. — Наша жыццё, нашы дзеці будуць ацэньваць так, як мы ацэньваем і беражом памяць пра сваіх бацькоў. Таму калі мы хочам, каб новае пакаленне, нашы дзеці і ўнукі да нас ставіліся з павагай, мы павінны шанаваць гэтую памяць, памяць людзей, якія аддалі жыццё ў імя нас». Прэзідэнт зрабіў акцэнт, што тэму Перамогі невыпадкова актуалізавалі апошнім часам. І ён патлумачыў, чаму пра вайну гаворыцца як ніколі шмат: «Таму што яны рыхтуюцца да вайны. І гэта ўжо на нашых граніцах. Я не хачу вас запалохваць, не хвалюйцеся, гэтага не будзе. Але навошта траціць мільярды долараў нашай славянскай суседцы на зброю? Ну навошта зброя? Навошта такія грошы траціць, каб у галечы жылі свае людзі, калі ты не збіраешся ваяваць? Пытанне рытарычнае. Яны хочуць сёння адабраць нашу памяць. Яны хочуць забраць галовы нашай моладзі перш за ўсё».
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, наша грамадства сёння ад малога да вялікага як ніколі маналітнае і адзінае. Перажыўшы 2020 год, мы зразумелі, што можа быць. А падзеі ва Украіне паказваюць, чаго нельга дапусціць. «Таму мы павінны дакладна разумець, што, калі мы выстаім сёння ў барацьбе за розумы і сэрцы нашых людзей, нашых дзяцей, нашай моладзі, мы абыдземся без вайны», — папярэдзіў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што заваяваць розумы і сэрцы нашых маладых людзей без той сістэмнай работы, якая праводзіцца ў краіне, сёння немагчыма. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што сёння моладзь іншая, чым папярэднія пакаленні, выхаваныя ў працы. «Мяняецца аблічча нашага грамадства, мяняюцца людзі. І падыходы нашы мяняюцца, у сувязі з гэтым. Але нязменнай застаецца вера і ўдзячнасць тым людзям, якія здзейснілі подзвіг у імя нас», — рэзюмаваў беларускі лідар.
«Нашы героі сышлі, каб мы ніколі не спазналі боль страт і гора»
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсе сабраліся, каб у чарговы раз адсвяткаваць падзею, у гонар якой 9 мая 1945 года лікаваў увесь свет. «80 гадоў таму ўвага ўсяго чалавецтва была прыкавана да нашай краіны, Савецкага Саюза — дзяржавы, якая сакрушыла фашысцкую Германію, „тройчы праклятую“, як пісала ў гэты дзень наша „Советская Белоруссия“. Мы не забыліся. Праз многія-многія дзесяцігоддзі. Я хачу, каб яны там пачулі. Мы не забудзем. Мы ўдзячныя людзі. Хоць наўрад ці знойдзецца той аб’ём удзячнасці, якую мы можам пакласці ў знак падзякі за іх подзвіг. — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Святкуючы Дзень Перамогі, кожны год мы ў думках вяртаемся ў мінулае — невыносна балючае і бяспрыкладна гераічнае. У ім урокі, якія дапамагаюць нам глядзець на сваю гісторыю, сваю сучаснасць і будучыню. Глядзець без ілюзій!». Па словах беларускага лідара, нам, славянам, як і астатнім «не арыйцам», няма месца ў будучыні, аб якім мараць заходнія эліты, што змяняюць адна адну. Гэта і ёсць мэта, на аснове якой і сёння квітнее ідэалогія нацызму, шавінізму і расізму, падкрэсліў ён. «Прыгавор быў вынесены задоўга да пачатку германскага ваеннага ўварвання. Задоўга да чэрвеня 41-га. Прывядзенне яго ў выкананне на беларускай зямлі расцягнулася на страшныя 1132 дні. І праз 80 гадоў маштаб страт рэжучым болем аддаецца ў нашым сэрцы. Больш за 28 мільёнаў савецкіх грамадзян. Гэты прыкладная лічба на сёння. Рэальная значна большая», — канстатаваў кіраўнік дзяржаў. Ён падкрэсліў, што не ўсе магілы знайшлі. І ў Беларусі, і ў Расіі. Не кажучы пра тыя краіны, улады якіх вядуць іншую статыстыку: выкрываюць, знішчаюць і хаваюць сляды злачынстваў нацыстаў.
«Мы ўжо ніколі не палічым забітых, чые астанкі акупанты на бягу адкопвалі, спальвалі, перамолвалі гусеніцамі танкаў, раўняючы прах з зямлёй. Палілі і ўліковыя кнігі, якія вялі з нямецкай педантычнасцю, фіксуючы кожнага забітага. З улікам адкрытых новых пахаванняў масава забітых людзей на тэрыторыі рэспублікі ў гады Вялікай Айчыннай вайны мы гаворым аб кожным трэцім, але, баюся, калі-небудзь скажам аб кожным другім. Нам утойваць няма чаго», — канстатаваў горкія факты Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўрок засвоены. Вялікая Айчынная вайна — далёка не першае ўварванне ў славянскі свет з Захаду, які невылечна пакутуе на хваробу ўласнай перавагі. «Пад шырмай рэлігійных і ідэалагічных разыходжанняў да нас, беларусаў, і праз нас тады і стагоддзямі раней ішлі „вызваляць“ шырокія і багатыя рэсурсамі землі. Вызваляць ад нас. Пад свае народы. Пад будучыню, але ўжо без славянскага свету. Нас нават як калонію не разглядалі. Гэта быў генацыд. Халаднакроўны і цынічны. Апошні паход аб’яднанай свастыкай Заходняй Еўропы на ўсход па сваёй жорсткасці перасягнуў усе вядомыя ў гісторыі вайны. Але маштаб усенароднага супраціўлення паверг праціўніка ў шок. Шакіравалі ўзятыя ў палон байцы і падпольшчыкі, якія не вымавілі ні слова пад дзікімі катаваннямі. Салдаты, якія закрывалі грудзьмі кулямёты. Лётчыкі, якія накіроўвалі знішчальнікі і бамбардзіроўшчыкі на варожыя калоны. Яны гэтага не разумелі. Як гэта можа быць? — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Мы ведаем, што ў кожнага подзвігу мужчынскі і жаночы твар, часта юны, а то і зусім дзіцячы. У тых подзвігаў ёсць і дзіцячыя твары. Нашы піянеры — маленькія героі вялікай вайны — мужна змагаліся побач з дарослымі — старэйшымі братамі, бацькамі і дзядамі. Са 100 беларускіх хлопцаў прызыўнога ўзросту на момант пачатку вайны выжыла 3».
Прэзідэнт узгадаў, што шакіравалі акупантаў і мірныя жыхары, якія хавалі у сваіх дамах яўрэйскіх дзяцей і параненых чырвонаармейцаў, ведаючы, што за падобнае вешалі на шыбеніцы цэлымі сем’ямі. «Не разлічваў вораг, што сутыкнецца з беспрэцэдэнтна самаадданай працай для патрэб фронту савецкіх жанчын, старых і дзяцей, якія замянілі мужчын, што пайшлі на фронт», — працягнуў беларускі лідар. Ён звярнуў увагу, што ў тыле было часам цяжэй. Але галодныя, даведзеныя да знясілення, яны змагаліся, у іх быў свой фронт. На фронце хоць кармілі, а ў тыле галодныя людзі рабілі для фронту ўсё, што маглі.
«Беларусь панесла незаменныя страты. Але мы памятаем: нашы героі сышлі, каб мы, наступныя пакаленні, ніколі не спазналі боль страт і гора. Яны пайшлі, каб мы маглі нарадзіцца. Каб мы жылі. Таму Беларусь памятае, — канстатаваў Прэзідэнт. — Мы бясконца ганарымся самаадданымі людзьмі, якія прынялі ўдар ля сцен Брэсцкай цытадэлі, якія да смерці стаялі на подступах да Мінска і Магілёва, у балотах і багне Палесся. Тут, на роднай зямлі, насуперак страшным стратам зараджалася воля да Перамогі». Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што фотаздымкі дзясяткаў спаленых нямецкіх танкаў на Буйніцкім полі, апублікаваныя ў першыя месяцы вайны, далі савецкаму народу веру ў тое, што вораг будзе разбіты, лёгкай перамогі, як на захадзе Еўропы, у яго не будзе. І Беларусь ваявала. Змагалася на фронце, у партызанскіх атрадах і падполлі.
«Мы ведаем, што жывём на няскоранай зямлі. Не было ні дня, каб вораг адчуваў сябе тут гаспадаром: у яго стралялі руіны, лясы, балоты, яры і падвалы, — адзначыў беларускі лідар. — Мы не стамляемся дзякаваць народам савецкіх рэспублік, чые сыны і дочкі змагаліся за кожны метр беларускай зямлі, як за свой родны дом. Мы, беларусы, ніколі не здрадзім гэтаму загартаванаму ў баі братэрству. Імёны загінуўшых герояў назаўжды засталіся ў нашым жыцці».
Нам ёсць чым нанесці незаменны ўрон любому патэнцыйнаму агрэсару
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэты юбілей Вялікай Перамогі святкуецца ў няпросты час. Мы сталі сведкамі і ўдзельнікамі новага перадзелу свету. Гэта пікавы момант чарговага вітка гісторыі, якая пачалася, на жаль, таксама 80 гадоў назад. «Атрымаўшы прытулак за акіянам, нацысцкія злачынцы ператварыліся там у „мірных абывацеляў“ і „актыўных грамадзян“. Увесь гэты час яны натхнялі сваіх пераймальнікаў на новую хвалю эскалацыі па лініі Захад — Усход. Вынік: яшчэ жывых гітлераўскіх катаў сёння ўшаноўваюць на дзяржаўным узроўні, мёртвых — узводзяць у святыя, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Еўрапейскія краіны — удзельнікі антыгітлераўскай кааліцыі, нашы былыя саюзнікі, тыя, што з надзеяй і кветкамі чакалі прыходу Чырвонай Арміі і вызвалення ад фашызму, вядуць з намі вайну на палітычным, эканамічным і інфармацыйным франтах. Больш за ўсіх уражвае Польшча, вызваляючы якую Чырвоная Армія страціла звыш паўмільёна байцоў. Яны не дажылі да Перамогі лічаныя месяцы, дні. Паўмільёна. У адказ на ваяўнічую рыторыку сучасных палітыкаў Захаду скажу коратка, і вы павінны гэта памятаць і разумець, мы гэта пакажам праз некалькі дзён: нам ёсць чым нанесці незаменны ўрон любому патэнцыйнаму агрэсару». Гэтыя словы беларускага лідара зала сустрэла апладысментамі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ён, больш чым хто іншы ў гэтай зале, не хоча вайны. «Але крый божа хоць адзін бот ступіць цераз нашу граніцу, адказ будзе без ваганняў, імгненны. Вы гэта павінны ведаць. Ваганняў ніякіх не будзе», — запэўніў ён.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў святочны дзень 9 Мая мы зноў паклонімся загінуўшым воінам ля абеліскаў і мемарыялаў, ускладзем кветкі да Вечнага агню, далучымся да акцыі «Беларусь памятае». «Гэтыя традыцыі прадоўжаць нашы дзеці, унукі, праўнукі. І нікому не дазволім перапісаць гераічную гісторыю савецкага народа. Мы ж не адзіныя ў гэтым. Зробім усё, каб быць вартымі нашых дарагіх ветэранаў — сапраўдных патрыётаў і лепшых сыноў Айчыны, — сказаў беларускі лідар.
Асобна Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да ветэранаў: «Вы — героі! Моцныя і няскораныя! Веліч вашага подзвігу надае нам, вашым дзецям, унукам і праўнукам, сілы для новых дасягненняў у імя міру на роднай зямлі. Нізкі вам паклон».
Прэзідэнт павіншаваў усіх з Днём нашай Перамогі: «Я хачу сказаць, што ў роднай Беларусі, на святой зямлі будзе заўсёды вечная памяць загінуўшым! Будзе заўсёды гонар і слава народу-пераможцу!».
Фота БелТА