Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: Гэта найсур’ёзнейшае рашэнне па абароне нашага суверэнітэту

Традыцыйнае і вельмі важнае мерапрыемства прайшло ў Палацы Незалежнасці. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў рашэнне на ахову Дзяржаўнай граніцы ў 2025 годзе. Да гэтага пытання мае дачыненне ўвесь сілавы блок краіны. Таму мерапрыемства зусім не пратакольнае.


«Сённяшняе рашэнне — гэта не проста лінія дзяржаўнай граніцы на зямлі, па вадзе і ў паветры, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Гэта найсур’ёзнейшае рашэнне па абароне нашага суверэнітэту і абароне нашай дзяржавы. Таму гэта перарасло ў добрую традыцыю». Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў гэтай справе прымаюць удзел усе сілавыя структуры краіны — ад міліцыі да міністэрства абароны. Ён растлумачыў гэта тым, што ахову дзяржаўнай граніцы працягласцю 3617 кіламетраў адны пагранічныя войскі забяспечыць не змогуць. Па словах кіраўніка дзяржавы, вельмі важна, каб пагранічнікі разам з абаронай дзяржаўнай граніцы яшчэ і своечасова папярэджвалі аб пагрозах. «Іншыя ведамствы таксама займаюцца гэтым пытаннем, але гэта задача нашых пагранічнікаў — папярэдзіць аб магчымых пагрозах нашай бяспецы. Тады, мабілізаваўшы ўсе сілы, якія ёсць у краіне, — ад міліцыі да арміі, мы зможам супрацьстаяць праціўніку», — сказаў ён. 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сітуацыя на нашых граніцах няпростая: «Мы пра гэта ўвесь час гаворым і гаварылі. І работы сёння хапае толькі пагранічнікам, але і мытнікам, асабліва на прапускных пунктах. Чэргі вялізныя і з аднаго, і з другога боку». Гэта, заўважыў ён, дадатковая нагрузка на нашых пагранічнікаў.

«Я не па чутках ведаю, што такое пункты пропуску і зялёная зона, як ахоўваюць граніцу. Гэта ўсё няпроста. Таму сёння абмяркуем асноўныя моманты аховы дзяржаўнай граніцы, асноўныя элементы», — падкрэсліў беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка падрабязна пацікавіўся сітуацыяй на граніцы і тым, якія пытанні трэба вырашыць для яе абароны. Старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Канстанцін Моластаў далажыў, што органы пагранічнай службы пастаянна праводзяць мерапрыемствы па павышэнні эфектыўнасці аховы граніцы, нарошчванні інжынернай інфраструктуры, аснашчэнні ўзбраеннем і тэхнікай, удасканаленні баявой падрыхтоўкі. Па дзяржаўнай праграме «Пагранічная бяспека на 2021-2025 гады» абсталяваны рубяжы аховы і аўтаматызаваныя пасты тэхнічнага назірання, разгорнуты сігналізацыйныя сістэмы, устаноўлены датчыкі, якія хутка разгортваюцца.

Пачата стварэнне высокатэхналагічнага падраздзялення на польскім участку граніцы на базе пагранічнай заставы імя Героя Савецкага Саюза лейтэнанта Андрэя Кіжаватава Брэсцкай пагранічнай групы. Фарміраванне такога падраздзялення дасць магчымасць значна павысіць надзейнасць аховы і перайсці ад патрулявання ўчастка да рэагавання на развіццё абстаноўкі ў рэжыме рэальнага часу, а таксама аптымізаваць штатную структуру. «Для павышэння эфектыўнасці прымянення ў ахове граніц пілатуемай і беспілотнай авіяцыі праведзена рэарганізацыя авіяцыйных падраздзяленняў, што забяспечвае цэнтралізаванае прымяненне аўтажыраў, іх тэхнічнае абслугоўванне і забеспячэнне. У падраздзяленнях граніцы ўведзены пасады аператараў беспілотных лятальных апаратаў», — праінфармавалі ў Дзяржпагранкамітэце.

У тэму 

«Задача застаецца адна — надзейная ахова дзяржаўнай граніцы»

У размове з журналістамі Канстанцін Моластаў адзначыў, што Прэзідэнт дэталёва ведае сітуацыю на дзяржаўнай граніцы па перыметры краіны. «Сёння былі вызначаны задачы, вызначаны мерапрыемствы не толькі для пагранічнікаў, але і для сілавога блока — усіх, хто працуе для абароны дзяржаўнай граніцы. Для пагранічнікаў, зыходзячы з абстаноўкі, якая складваецца, шмат новага з улікам напружанасці вакол нашых граніц. Але задача застаецца адна — надзейная ахова дзяржаўнай граніцы», — расказаў ён. 

Па словах старшыні Дзяржпагранкамітэта, рэзкіх рухаў з боку суседзяў не назіраецца. Але напружанасць застаецца. «Органы пагранічнай службы няспынна ўдасканальваюцца. І ў плане тэхнічнага абсталявання, падыходаў да абароны дзяржаўнай граніцы. На сёння абарона дзяржаўнай граніцы — гэта глыбока эшаланаваная сістэма, гэта значыць, мы нясём службу не толькі па лініі дзяржаўнай граніцы, але і ўмацоўваемся у прыгранічнай тэрыторыі», — сказаў Канстанцін Моластаў. 

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю