Чацвер стаў яшчэ і кадравым днём у Палацы Незалежнасці. Новыя кіраўнікі з’явіліся ў рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіравання, дзяржаўнай арганізацыі, мясцовых выканаўчых і распарадчых органах. Абноўлены склад кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы. Перастала быць вакантнай пасада памочніка Прэзідэнта — інспектара па Гродзенскай вобласці.
«Настойваю на тым, каб работа памочніка была напрамую»
Намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віталь Нявера прызначаны старшынёй Дзяржаўнага камітэта па маёмасці. Віталь Нявера праінфармаваў, што на розных пасадах займаўся пытаннямі распараджэння маёмасці, акцыянаваннем, уладальніцкім наглядам.
«Ты ведаеш, што там рабіць, — сказаў Прэзідэнт. — Але неяк у нас дзяржмаёмасць як бухгалтэрыя нейкая не гучала. Але гэта і ўрада віна, і наша ў тым ліку. Дзяржмаёмасць ёсць дзяржмаёмасць: у яе ўсё на ўліку».
«Ва ўсіх краінах ключавы орган», — пацвердзіў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой.
«Таму я і кажу, што нам трэба працаваць тут бліжэй, — паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка. — І дапамагаць. Мы гэта будзем рабіць. Толькі кажы, што трэба рабіць. Матусевіча (Дзмітрыя Матусевіча, які да назначэння намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта ўзначальваў Дзяржкамітэт па маёмасці. — „Зв.“) арыентавалі на тое, каб таксама дапамагаў і не сыходзіў. Ды і ўвогуле, што тут казаць, гэта і яго работа цяпер».
Памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектарам па Гродзенскай вобласці прызначаны Канстанцін Бурак, які дагэтуль займаў пасаду кіраўніка Апарата Савета Міністраў.
«Калісьці і табе трэба пакаштаваць гэтага хлеба, як Караеў (Юрый Караеў, губернатар Гродзенскай вобласці. — „Зв.“) калісьці, — адзначыў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да яго. — Але не забывайце, што ў нас там вялікі складнік — бяспека. Людзі добрыя там, моцныя людзі. Эканоміка вобласці таксама добрая і моцная. Караеў — чалавек старанны і таксама не слабы як кіраўнік. Я не хачу, каб вы там канфліктавалі, але вельмі спадзяюся, што сваё меркаванне ў памочніка будзе».
Гаворачы аб паўнамоцтвах памочнікаў кіраўніка дзяржавы ў абласцях, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта людзі Прэзідэнта. «Гэта вочы і вушы Прэзідэнта, — канкрэтызаваў ён. — Я настойваю на тым, каб работа памочніка была напрамую: калі нейкія пытанні сур’ёзныя — звяртайся, будзем вырашаць».
Беларускі лідар даручыў збіраць памочнікаў Прэзідэнта як мінімум раз у месяц, каб абмяркоўваць вострыя пытанні. «Каб мы бачылі шляхі далейшых дзеянняў, — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка неабходнасць такой работы. — Няхай адзін раз у квартал або паўгода, як захочаце, але гэта павінна быць рэгулярна».
«Трэба, каб і прадпрыемствы падставілі плячо»
Абнавілася кіраўніцтва і на адным з дзяржаўных прадпрыемстваў. Руслан Страхар узгоднены на пасаду генеральнага дырэктара ААТ «Магілёўскі завод ліфтавага машынабудавання» (дагэтуль займаў пасаду намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама).
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся цяперашняй сітуацыяй на прадпрыемстве, удакладніў, ці ўсе прадпрыемствы холдынгу працуюць на поўную магутнасць, наколькі яны эканамічна эфектыўныя.
Руслан Страхар праінфармаваў, што ўсе прадпрыемствы працуюць стабільна. «У цэлым холдынг „Магілёўліфтмаш“ па мінулым годзе атрымаў каля 50 мільёнаў чыстага прыбытку», — канкрэтызаваў ён.
Прэзідэнт патрабуе зрабіць усё для таго, каб Магілёў быў прыгожым і ўтульным горадам. «Хоць Нарышкін (Сяргей Нарышкін, дырэктар Службы знешняй разведкі Расіі. — „Зв.“) нядаўна быў у вас у Магілёве, вельмі задаволены, здзіўлены, што ён такі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Але Магілёў у нас адстае ад іншых абласных гарадоў. Я там доўга жыў студэнтам і не толькі студэнтам. Таму нядобра будзе, калі горад не прывядзём у парадак. Трэба зрабіць, як Падміколле».
Па словах Прэзідэнта, людзі, асабліва моладзь, добра адзываюцца аб гарадскім парку культуры і адпачынку ў Магілёве. «Таму тут трэба, каб і прадпрыемствы падставілі плячо», — кажучы аб добраўпарадкаванні горада, рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
«Вы свядома ідзяце туды працаваць»
Шэраг прызначэнняў датычыцца мясцовай вертыкалі ўлады. Старшынёй Драгічынскага раённага выканаўчага камітэта ўзгоднены Сяргей Пачко (дагэтуль дырэктар ААТ «Аляксеевічы-Агра» Драгічынскага раёна), старшынёй Столінскага раённага выканаўчага камітэта — Аляксандр Пачко (дагэтуль старшыня Кобрынскага райвыканкама), старшынёй Кобрынскага раённага выканаўчага камітэта — Аляксандр Майсяюк (дагэтуль старшыня Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў).
«Аляксандр Мікалаевіч (Пачко. — „Зв.“) з аднаго раёна пераходзіць у другі. А што так?» — пацікавіўся Прэзідэнт у новага старшыні Столінскага райвыканкама.
«Мне прапанавалі, я пагадзіўся, тым больш, Століншчына — мая радзіма, — адзначыў прызначэнец. — Тры гады таму прапанавана было ўзначаліць Кобрынскі райвыканкам. За тры гады ёсць станоўчыя вынікі. Калі браць па сельскай гаспадарцы, то дабавілі ўдой на адну карову больш за тону малака за тры гады. Валавая вытворчасць — больш за 100 тон у дзень дабаўлена. Цяпер раён вырабляе звыш 500 тон малака ў дзень. Па прамысловасці таксама ёсць вынікі, у тым ліку і па астатніх кірунках».
Прэзідэнт пацікавіўся, кім новаму кіраўніку Століншчыны даводзіцца Сяргей Пачко, якога прызначылі старшынёй Драгічынскага райвыканкама. Як высветлілася, яны родныя браты. Прэзідэнт спытаўся ў Сяргея Пачко аб справах у гаспадарцы, якую дагэтуль ён узначальваў.
У полі зроку кіраўніка дзяржавы — і праграма адраджэння Палесся. Ён удакладніў, што робіцца ў гэтым напрамку. «Століншчына далей уключана ў праграму па Прыпяцкім Палессі. Вельмі шмат было зроблена за папярэднюю пяцігодку, цяпер другі віток», — праінфармаваў Аляксандр Пачко.
«Гэта значыць, што вы свядома ідзяце туды працаваць. Асабліва цябе мы кідаем па ўсіх гарадах і сёлах», — канстатаваў беларускі лідар.
«Антыкрызісным мы яго называем менеджарам», — сказаў Дзмітрый Крутой, удакладніўшы, што Століншчына з’яўляецца самым спецыфічным раёнам краіны. Кажучы аб новым старшыні Кобрынскага райвыканкама, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта далажыў, што Аляксандр Майсяюк — таксама годны кандыдат, які дасканала валодае ўсёй сітуацыяй у раёне.
Новы кіраўнік і ў адміністрацыі Савецкага раёна Мінска. Гэту пасаду займае Аляксандр Шчаковіч, які дагэтуль з’яўляўся намеснікам старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
«Цікавае ў нас перамяшчэнне з прафсаюзаў у Савецкі раён», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка і спытаў, якія асноўныя прамысловыя прадпрыемствы знаходзяцца на тэрыторыі гэтага сталічнага раёна.
«Амкадор-Белвар», прадпрыемства «Прамсувязь», — канкрэтызаваў Аляксандр Шчаковіч.
«Май на ўвазе, я вельмі буду чакаць твайго падключэння, — папярэдзіў прызначэнца кіраўнік дзяржавы. — З „Амкадорам“ у нас вялікія праблемы. Трэба прывесці да прытомнасці гэта прадпрыемства і ні ў якім разе нельга загубіць. „Амкадор“ — гэта вельмі перспектыўнае для нас і для Расіі прадпрыемства, на нашым агульным рынку вельмі важнае. Таму ўнікай сам».
Прэзідэнт удакладніў, кім па адукацыі з’яўляецца новы кіраўнік адміністрацыі Савецкага раёна. Як высветлілася, інжынер-метролаг.
«Ну і цудоўна! Тое што нам трэба, — лічыць Прэзідэнт. — Паспрабуй унікнуць. Інжынер — ён усюды інжынер. І ў Афрыцы, і ў нас. Таму ўнікай, бо ў найбліжэйшы час прыйдзецца вельмі моцна працаваць на «Амкадоры».
* * *
Акрамя таго, Прэзідэнт даў згоду на ўзгадненне Андрэя Канюшкі першым намеснікам міністра прамысловасці (дагэтуль намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама, які курыраваў пытанні эканомікі), Алены Печань — першым намеснікам міністра фінансаў (дагэтуль намеснік міністра фінансаў), Наталлі Шаўцовай — намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання (дагэтуль намеснік старшыні праўлення ААТ «Агенцтва па кіраванні актывамі»), Юліі Берднікавай — намеснікам міністра працы і сацыяльнай абароны (дагэтуль кіраўнік Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны), Кірыла Машарскага — намеснікам міністра эканомікі (дагэтуль памочнік члена Калегіі (міністра) па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні ЕЭК).
Кадравыя змены — і ў дыпламатычных прадстаўніцтвах Рэспублікі Беларусь. Канстанцін Галоўка ўзгоднены на пасаду генеральнага консула Рэспублікі Беларусь у г. Гуанчжоў (КНР) (дагэтуль з’яўляўся консулам Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у г. Шанхаі (КНР), Пётр Якімаў — на пасаду генеральнага консула Рэспублікі Беларусь у г. Шанхаі (КНР) (дагэтуль першы намеснік кіраўніка дзяржаўнай установы «Адміністрацыя Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень»).
Вераніка КАНЮТА
Фота: БелТА
Эфектыўнасць працы ў тандэме, другое жыццё старых дамоў і развіццё прадпрыемства ва ўмовах канкурэнцыі
Як адзначыў у размове з журналістамі памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Канстанцін Бурак, кіраўнік дзяржавы настройвае на прадуктыўную, камандную работу. «Самае каштоўнае, што я вынес з гутаркі з кіраўніком дзяржавы, — гэта сапраўды па-бацькоўску цёплае, усеабдымнае пажаданне, што надае такі каласальны зарад энергіі, які адразу хочацца рэалізаваць у добрых справах, учынках на карысць нашага народа, нашай любімай краіны».
Адказваючы на пытанні, наколькі метады работы Канстанціна Бурака падобныя да метадаў работы старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрыя Караева, памочнік Прэзідэнта па Гродзенскай вобласці адзначыў, што яшчэ рана казаць аб гэтым. «У службовай дзейнасці мы з губернатарам не перасякаліся, — патлумачыў ён. — Але паколькі мы афіцэры, мы аднолькава глядзім на многія рэчы, аднолькава падыходзім да пытання адказнасці, думаю, у нас не будзе пытанняў з узаемаразуменнем. Лічу, што ў гэтым тандэме мы будзем эфектыўна выконваць задачы, якія ставіць кіраўнік дзяржавы».
Канстанцін Бурак 26 гадоў прысвяціў ваеннай службе (у Камітэце дзяржбяспекі і Дзяржаўным сакратарыяце Савета бяспекі), пасля чаго перайшоў на грамадзянскую.
Па словах старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Віталя Няверы, у сваёй дзейнасці на новай пасадзе ён будзе падтрымліваць існуючы курс Дзяржкаммаёмасці. Акрамя таго, час не стаіць на месцы, таму ў работу ведамства будуць укараняцца новыя прагрэсіўныя тэхналогіі.
«У апошні час гэта ведамства адрозніваецца тым, што вельмі шмат увагі ўдзяляе лічбавізацыі многіх працэсаў, стварэнню баз даных, уніфікацыі заканадаўства, яго спрашчэнню, — канкрэтызаваў ён. — Усё гэта прыводзіць да таго, што дзяржава, з’яўляючыся захавальнікам самага вялікага рэсурсу — зямлі — фактычна атрымлівае максімальную аддачу, і гэтыя сродкі накіроўваюцца на далейшае развіццё краіны».
Віталь Нявера звярнуў увагу на тое, што сістэма Дзяржкаммаёмасці дастаткова шмат робіць у справе добраўпарадкавання. «Найперш гэта пастаўленая кіраўніком дзяржавы задача па навядзенні так званага інвентарнага парадку на зямлі, — канкрэтызаваў ён. — Участкі зямлі, якія не апрацоўваюцца або зараслі драўнянай і хмызняковай расліннасцю, па даручэнні кіраўніка дзяржавы інвентарызуюцца і пераводзяцца ў землі ляснога фонду».
Кажучы аб рабоце са старымі дамамі, Віталь Нявера адзначыў, што такія аб’екты выстаўляюцца на продаж праз Дзяржкаммаёмасць. Па яго словах, шмат фактаў, калі ў сельскіх населеных пунктах старыя хаты купляюцца за ўмоўную сімвалічную плату і набываюць другое жыццё.
Віталь Нявера падкрэсліў, што Дзяржкаммаёмасць не з’яўляецца тым органам, які пацвярджае права на аб’екты нерухомай маёмасці або зямельныя ўчасткі. «Самае галоўнае, вырашаючы праблему дзяржавы, не ўшчаміць грамадзяніна ў правах, — заўважыў ён. — Чалавек па нейкай прычыне не абслугоўвае гэты дом, але ж гэта з’яўляецца яго ўласнасцю. І тут ідзе карпатлівая работа з боку сельвыканкамаў па ўстанаўленні ўсіх сваякоў, якіх-небудзь сувязяў, каб не ўшчаміць грамадзяніна ў яго правах».
Генеральны дырэктар ААТ «Магілёўскі завод ліфтавага машынабудавання» Руслан Страхар адзначыў, што «Магілёўліфтмаш» з’яўляецца найважнейшым прадпрыемствам і для Магілёўскай вобласці, і для прамысловага комплексу Беларусі ў цэлым. «Кіраўнік дзяржавы нацэльваў на мадэрнізацыю, на развіццё ўсіх прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у холдынг „Магілёўліфтмаш“, — канкрэтызаваў ён. — Асобная ўвага была прысвечана ў цэлым добраўпарадкаванню, навядзенню парадку ў горадзе Магілёве».
Руслан Страхар звярнуў увагу на тое, што прадпрыемства рэалізуе сваю прадукцыю на вельмі канкурэнтным рынку. «Гэта прадпрыемствы ў тым ліку Кітайскай Народнай Рэспублікі і іншых краін, — удакладніў ён. — Суадносіны „цана — якасць“ — найважнейшы момант. У гэтай канкурэнтнай барацьбе мы павінны прадставіць прадукт высокай якасці па прымальнай цане. А для гэтага патрэбна пастаянная мадэрнізацыя, укараненне тэхналогій і работа над выдаткамі. У комплексе ўсё гэта забяспечыць далейшае развіццё. Прадпрыемства цяпер рэалізуе адразу тры праекты ў шматлікіх кірунках, накіраваныя на стварэнне ўдасканаленых ліфтаў, новых электрарухавікоў, на развіццё прадпрыемства ў цэлым».