Другое мерапрыемства ў графіку Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на аўторак таксама прысвечана супрацоўніцтву на знешнім вектары. Толькі больш блізкім. Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з губернатарам Прыморскага краю Алегам Кажамякам.
«Павінен адзначыць, Алег Мікалаевіч, што вы — чалавек слова. Прыехалі ў Беларусь, прыехалі да Прэзідэнта — абмеркавалі пытанні. Можа, нешта новае прыдумаем з вамі ў нашым супрацоўніцтве. Пракантралюем, як выконваюцца старыя дамоўленасці», — прывітаў госця беларускі лідар. Прыморскі край, які шмат што звязвае з нашай краінай Аляксандр Лукашэнка назваў зямлёй далёкай, але нашай. «Уладзівасток і Прымор’е ніколі не былі для нас чужымі», — дадаў ён.
У сваю чаргу Алег Кажамяка павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з нядаўнім перавыбраннем на пасаду Прэзідэнта. «Гэта найвышэйшы давер, які аказаў беларускі народ, зыходзячы з вашай паслядоўнай работы, станоўчай дынамікі, якую дэманструе рэспубліка на працягу многіх гадоў і ў эканамічнай, культурнай, сацыяльнай сферах. Канешне, для нас вельмі важная і ваша шматгранная дзейнасць у міжнародным плане, тыя крокі, якія накіраваны на ўмацаванне дружбы паміж нашымі народамі, паміж Расіяй і Рэспублікай Беларусь», — сказаў ён.
Алег Кажамяка неаднаразова наведваў Беларусь. Прыморскі край зацікаўлены ў прадукцыі беларускай прамысловасці і сельскай гаспадаркі, наладжаны трывалыя гуманітарныя зносіны. Мэтамі гэтага візіту дэлегацыі рэгіёна сталі перагаворы наконт закупкі беларускай тэхнікі, супрацоўніцтва ў сферы АПК.
У тэму
Жыхары Прыморскага краю давяраюць беларускім таварам
Размаўляючы з журналістамі, Алег Кажамяка падкрэсліў, што яго кожны візіт адкрывае новую старонку ў супрацоўніцтве Беларусі і Прыморскага краю і іншымі рэгіёнамі Далёкага Усходу. «Мы бачым наколькі важная такая інтэграцыя для жыхароў Прыморскага краю, дзе каля 30% людзей маюць беларускія карані, родзічаў у вашай краіне. І для нас вялікае значэнне мае прыстойнасць беларускіх калег пры выкананні сваіх абавязацельстваў прадпрыемствамі, высокая якасць беларускай прадукцыі ў розных галінах. Для жыхароў Прыморскага краю беларускія тавары знаходзяцца ў прыярытэце, яны ім давяраюць. І таму расце тавараабарот, сёлета ён ужо дасягае каля 26 мільярдаў рублёў з ростам 16 %, на 25% вырас экспарт з Прыморскага краю», — сказаў Алег Кажамяка. Па яго словах, гэтыя паказчыкі будуць расці і далей.
Алег Кажамяка падкрэсліў, што Прыморскі край мае патрэбу ў камунальнай, дарожнай, пасажырскай тэхніцы. «Гэта вельмі цікавы напрамак, які паказвае перспектыву Мінскаму аўтамабільнаму заводу стварыць дэманстрацыйную пляцоўку з прэзентацыяй сваёй тэхнікі ў нас», — адзначыў губернатар Прыморскага краю. Зацікаўлены рэгіён і ў прадукцыі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, харчовых камбінатаў.
Паміж Прыморскім краем і Беларуссю наладжаны добрыя спартыўныя сувязі. Нашы юныя (ад 12 да 16 гадоў) спартсмены актыўна ўдзельнічаюць у спаборніцтвах «Дзеці Прымор’я», «Юнацтва Прымор’я». У 2026 годзе беларусы зноў выступяць на маштабных спаборніцтвах «Дзеці Прымор’я», дзе таксама будуць выступаць спартсмены з Кітая і краін СНД.
Што да новых напрамкаў супрацоўніцтва, то Алег Кажамяка вылучыў культурныя сувязі. Сёлета ў Мінску пройдзе фестываль «Балетнае лета» — артысты Прыморскага краю разам з артыстамі Марыінскага тэатра прадэманструюць сваё майстэрства на беларускай сцэне.
Журналісты звярнулі ўвагу на тое, што сёлета Алег Кажамяка адзначае 20-годдзе сваёй губернатарскай дзейнасці. І сімвалічна, што ён сустракае гэту дату ў Беларусі. Алег Кажамяка пагадзіўся з гэтым. Ён адзначыў, што ўсе гэтыя 20 гадоў, працуючы губернатарам раней Амурскай вобласці, Сахалінскай вобласці ці зараз Прыморскага краю, ён імкнуўся наладжваць супрацоўніцтва з беларускімі партнёрамі.
Фота: БелТА