Як мы ўжо паведамлялі, Прэзідэнт падпісаў Указ «Аб удасканаленні ўступнай кампаніі». Роўныя магчымасці абітурыентам пры паступленні ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі пры справядлівым конкурсным адборы — асноўныя мэты прыняцця гэтага дакумента. Кардынальных навацый або змяненняў дакумент не прадугледжвае. Аднак ёсць некалькі момантаў, растлумачыць якія мы папрасілі першага намесніка міністра адукацыі Аляксандра БАХАНОВІЧА.
Працэс павінен быць празрыстым, вынікі — справядлівымі
— Дакумент, які падпісаў кіраўнік дзяржавы, складаецца з дзвюх асноўных частак, — тлумачыць Аляксандр Бахановіч. — Па-першае, створана Дзяржаўная камісія па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступнай кампаніі. Такі ўказ падпісваецца традыцыйна кожны год, дзе апісваецца склад камісіі, арганізацыйныя моманты і гэтак далей. Навіной сёлета з’яўляецца тое, што такая камісія надзяляецца дадатковымі паўнамоцтвамі па кантролі за падрыхтоўкай і правядзеннем рэгіянальных алімпіяд, якія пачынаюцца ўжо цяпер, а ў лютым адбудзецца іх завяршальны этап.
На думку Аляксандра Генадзьевіча, такое рашэнне справядлівае, калі гаворка ідзе пра пераможцаў і дыпламантаў алімпіяд, якія ў далейшым змогуць паступаць у ВНУ, дзе сталі пераможцамі або прызёрамі алімпіяды, без уступных экзаменаў.
— Дзяржаўная камісія цяпер атрымала магчымасць кантраляваць празрыстасць самога працэсу і справядлівасць яго вынікаў.
Каледж МУС і яго правілы
Яшчэ адзін з асноўных момантаў, прапісаных ва ўказе, датычыцца створанага з 1 студзеня 2026 года каледжа Міністэрства ўнутраных спраў, і правіл прыёму ў дадзеную ўстанову адукацыі.
— У правілах прыёму, у прыватнасці, прапісаны магчымасці льготнага паступлення пэўнай катэгорыі абітурыентаў, — расказвае Аляксандр Бахановіч. — Гэта выпускнікі класаў ваенна-патрыятычнай накіраванасці, спецыялізаваных ліцэяў, кадэцкіх вучылішчаў.
Без прывязкі да профілю
Першы намеснік міністра агучыў яшчэ адну важную навіну для будучых абітурыентаў.
— Такога раней не было, — канстатаваў ён, — але з гэтага года запрацуе новаўвядзенне для тых, хто збіраецца паступаць на завочную або дыстанцыйную форму навучання: абавязковы працоўны стаж адвязалі ад профілю або спецыяльнасці, па якой плануюць вучыцца абітурыенты-завочнікі. Такім чынам мы пайшлі насустрач пажаданням грамадзян. І сёння малады чалавек, які мае працоўны стаж не менш за 10 месяцаў, можа паступаць на любую выбраную спецыяльнасць.
Аляксандр Генадзевіч адзначыў, што гэта датычыцца як ВНУ, так і ССНУ. Нагадаў ён таксама і пра тое, што ў цяперашнюю выпускную і ўступную кампаніі і далей школьнікі будуць здаваць цэнтралізаваны экзамен па прадмеце «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі» замест прадмета «Гісторыя Беларусі».
Алена ВІНАГРАДАВА