Мастак Валерый Талкачоў выступае з персанальнай выстаўкай «Дакрананне» ў галерэі «Арт-Фабрыка». У экспазіцыі — лёгкія і празрыстыя акварэлі — пейзажы, якія перадаюць не толькі настрой прыроды, але і душэўны стан таго, хто назірае за яе жыццём.
Валерый Талкачоў нарадзіўся ў 1966 годзе ў Салігорску (Мінская вобласць). У 1978–1982 гадах праходзіла яго вучоба ў Салігорскай дзіцячай мастацкай школе. Наступныя чатары гады атрымліваў адукацыю ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя А. К. Глебава (сёння каледж) на аддзяленні мастацкага афармлення. З 1989-га да 1995-га вучыўся ва Украінскай акадэміі друку (кафедра графікі). Жыве ў родным горадзе.
Творца працуе не толькі як акварэліст — займаецца манументальна-дэкаратыўным і станковым жывапісам. У выстаўках — у Беларусі і за мяжой — удзельнічае з 1988 года. Членам Беларускага саюза мастакоў стаў у 2022-м.
У калектыўных выставачных пректах Валерый Талкачоў часта паказвае архітэктурныя пейзажы, а вось для экспазіцыі ў «Арт-Фабрыцы» былі выбраны прыродныя і вясковыя. Настроем сюжэты на тэму наваколля амаль не адрозніваюцца — аўтар да любога краявіду падыходзіць з хваляваннем. Аднак нягледзячы на тое, што акварэль патрабуе хуткай працы, бо апроч іншага яна адлюстроўвае свежасць і бегласць уражанняў, мастаку быццам не ўласцівы паспешнасць, нецярпенне ці імкненне да маментальнага прадказальнага рэзультату. Часам здаецца, што аўтар працаваў над тым ці іншым творам доўгі час, прадумваючы кожную дэталь, перадаючы фарбы на паперу марудна, разважна. Зразумела, гэтае падманлівае пачуццё нараджаецца з-за ўдумлівага падыходу майстра да кампазіцыі, з-за ўмелага выкарыстання магчымасцей колеру для перадачы пазнавальных, але перапрацаваных аўтарам вобразаў.

Першае, што ўражвае падчас знаёмства з творчасцю любога таленавітага акварэліста, — святло і колер, якія пануюць на паперы. Прырода ў Валерыя Талкачова пераважна спакойная, крыху сонная, аднак гэта не перашкаджае аўтару паказаць яе веліч і свавольства. Ён любіць адлюстроўваць пераходныя станы — золак, прыцемкі, калі змрок атуляе прастору, а крыніца святла схавана за гарызонтам. Якраз гэта дае магчымасць звярнуцца да глыбокіх цёмных фарбаў, зямлістых, навальнічных, зорных... На творах «Сакавік, вечар», «Патаемнасць», «Дождж у студзені», «Ліпеньскі сон», «Далёкае святло», «Час вятроў», «Зменлівасць» грунтуецца ўся экспазіцыя, складзеная, дарэчы, выключна з пейзажаў з раўніннай мясцовасцю. Валерый Талкачоў малюе лес, поле, раку, паказвае вёску здалёк, аднак паўсюль рассцілаецца аднастайная роўнядзь — прыкмета кампазіцый, праз якія выяўляюцца прастора і глыбіня. Акурат такі тып мастацкіх работ прызначаны дапамагчы гледачу адчуць яднанне з прыродай.
Пазнаёміцца з выстаўкай «Дакрананне» Валерыя Талкачова можна да 22 верасня.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота аўтара