Top.Mail.Ru

Чаму варта наведаць выстаўку «Мая Беларусь» — і лепш з дзецьмі

Зімовыя канікулы — доўгачаканыя дні і для вучняў усіх узростаў: можна адпачыць ад заняткаў і падручнікаў. Але запыт сучасных бацькоў — каб дзеці і вольны час праводзілі з карысцю, развіваючыся і набываючы веды. Маштабная і відовішчная выстаўка «Мая Беларусь» дае магчымасць сумясціць карыснае з прыемным: агульнавядома, што яркія ўражанні дапамагаюць лепш засвойваць веды. Да таго ж гэта яшчэ і нагода ў навагоднія дні выбрацца з дому ўсёй сям’ёй: дарослых экспазіцыя таксама не пакіне абыякавымі.



Сёлета выстаўка дасягненняў суверэннай Беларусі «Мая Беларусь» праводзіцца ў другі раз. Яе адкрыццё было прымеркавана да Усебеларускага народнага сходу. Экспазіцыя заклікана прадэманстраваць наведвальнікам дасягненні краіны, з чым яна выдатна спраўляецца.

 

Дарэчы, па выніках работы першага сезона выстаўкі «Мая Беларусь » (а яе летась наведала больш за 400 тысяч чалавек), у гэтым годзе работа экспазіцыі прадоўжана да 23 лютага ўключна.

— Небывалы ажыятаж падчас першага сезона выстаўкі дасягненняў суверэннай Беларусі «Мая Беларусь» сведчыць: нам ёсць чым ганарыцца і што паказаць, — адзначыла намеснік дырэктара па выставачнай дзейнасці дзяржаўнага прадпрыемства «БелЭкспа» Вікторыя Агафонава. — Наведвальнікі актыўна дзяліліся ўражаннямі, пакінулі шмат водгукаў і пажаданняў, якія мы пастараліся ўлічыць пры падрыхтоўцы выстаўкі ў гэтым годзе.

Другая выстаўка «Мая Беларусь» мае шэраг адрозненняў ад першага праекта.

Змяніліся дызайн і канфігурацыя экспазіцыйнай прасторы, якая ўключае тры часткі: зону культурных праектаў, галіновыя экспазіцыі, з’явіліся новыя падыходы да фотазон і інсталяцый, расказала Вікторыя Агафонава. Адметнасць праекта — унікальная экалагічная інсталяцыя, дзе можна не толькі ўбачыць, але і адчуць водар беларускай зямлі ў розныя поры года.

 

Экспазіцыя ўключае восем тэматычных блокаў, што адлюстроўваюць акцэнты ў развіцці нашай краіны на пяцігодку з упорам на перадавыя рашэнні ў ключавых галінах эканомікі. Усё гэта падтрымана імерсійнымі тэхналогіямі і эфектамі дапоўненай рэальнасці, віртуальнымі актыўнасцямі і інтэрактыўнымі стэндамі. Сукупнасць тэхналагічных рашэнняў забяспечвае паглыбленне наведвальнікаў у тэму выстаўкі. Чырвонай ніццю праз усю экспазіцыю праходзіць ідэя скіраванасці ў будучыню, таму асабліва цікава тут будзе ў першую чаргу падрастаючаму пакаленню — школьнікам (і нават дашкольнікам, ім сёння таксама даспадобы новыя тэхналогіі), падлеткам і моладзі.

«Час праляцеў незаўважна»

— Выстаўку «Мая Беларусь» наведвала летась, уражанні засталіся самыя станоўчыя: гэта была яркая, цікавая экспазіцыя. А на гэтыя святочныя выхадныя мы з сынам (ён першакласнік) збіраліся ў кіно, але вырашылі па дарозе заехаць у выставачны цэнтр на гадзіну-паўтары — паглядзець, як прадстаўлена выстаўка ў гэтым годзе. А потым, думала я, пойдзем, куды планавалі, — падзялілася ўражаннямі Валерыя Туронак, адна з наведвальніц экпазіцыі. — Але да кіно мы... не дайшлі! Максім правёў на выстаўцы тры гадзіны, не згаджаўся сыходзіць. «Застываў» падоўгу каля многіх экспанатаў. Касмічная тэматыка яго проста ўразіла — пры тым што раней да тэмы космасу ён не паказваў асаблівай цікавасці. І, вядома, асабліва яму спадабаліся робаты. Робат-сабака сапраўды чароўнае стварэнне, а робат, які ходзіць, падае руку наведвальнікам і рэагуе на іх паводзіны, неверагодна здзівіў майго маленькага сына. Зразумела, надоўга затрымалі нас акуляры віртуальнай рэальнасці і рознага роду тэхналогіі дапоўненай рэчаіснасці — такі інтэрактыў сёлета практычна на кожным стэндзе. Мне і самой было цікава: час праляцеў незаўважна. Так што рэкамендую ўсім бацькам: калі да ММВЦ вы яшчэ не даехалі, можаце смела прыводзіць сваіх першакласнікаў і нават дашкалят. Ім дакладна будзе цікава. Ды і старэйшым дзецям і падлеткам. Сярод наведвальнікаў выстаўкі наогул шмат моладзі. І гэта вельмі добра — маладое пакаленне атрымлівае магчымасць даведацца новае пра сваю краіну, яе гісторыю, сучаснасць і будучыню.

 

Асобны блок у экспазіцыі прысвечаны турыстычнаму патэнцыялу і гісторыка-культурнай спадчыне рэгіёнаў. Кожны з іх уражвае наведвальнікаў асаблівай праграмай.

— Я — гарадская дзяўчына, нарадзілася ў сталіцы, з культурай рэгіёнаў практычна не знаёмая, — адзначае наведвальніца выстаўкі, студэнтка Акадэміі мастацтваў Аліна. — А кожны куток Беларусі ўнікальны і непаўторны, са сваімі культурнымі традыцыямі. Пасля наведвання блока «Турыстычны і культурны патэнцыял» мне (і, упэўнена, яшчэ многім навадвальнікам) захацелася адправіцца ў падарожжа па Беларусі, на свае вочы ўбачыць нашу культурную спадчыну.

Адзначаюць наведвальнікі і асаблівую атмасферу свята, якая ствараецца ў зоне культурных мерапрыемстваў. Кожную пятніцу, суботу і нядзелю тут праходзяць канцэрты і перформансы, цалкам бясплатныя. Прычым на сцэну паднімаюцца знакамітыя, вядомыя ў нашай краіне і за яе межамі калектывы. За праграмай, дарэчы, можна сачыць на сайце і ў тэлеграм-канале выстаўкі.



Як дабрацца?

Выстаўку можна наведаць да 23 лютага ўключна.

Яна адкрытая:

Аўторак — пятніца з 12.00 да 20.00,субота, нядзеля і па святах — з 11.00 да 21.00,панядзелак — тэхнічны дзень,

Дарэчы, уваход на выстаўку «Мая Беларусь» свабодны, а каб дабірацца да яе было прасцей, арганізаваны часовыя аўтобусныя маршруты: № 912э «Станцыя метро „Акадэмія Навук“ — Міжнародны выставачны цэнтр» і № 962э «Станцыя метро „Пушкінская“ — Міжнародны выставачны цэнтр». У рабочыя дні аўтобусы курсіруюць з 10.30 да 21.00, у выхадныя і святочныя — з 9.30 да 22.00.



 

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Фота Мікалая Пятрова

Чытайце таксама: Чым сёлета здзівіць выстаўка нашых дасягненняў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю