Top.Mail.Ru
171

Акцыю па выратаванні жывёл ад холаду запусцілі ў Смалявічах

Лапкі не змерзнуць

Акцыю па выратаванні ад холаду жывёл, якая атрымала назву «Каробкі цяпла», запусцілі ў Смалявічах. Пра гэта БелТА расказалі ў Смалявіцкім раённым камітэце ГА «БРСМ». 

Каля некаторых шматкватэрных жылых дамоў у горадзе Смалявічы нядаўна з’явіліся незвычайныя кардонныя домікі для бяздомных кошак — змайстравалі іх валанцёры БРСМ у імкненні дапамагчы жывёлам у зімовую сцюжу, забяспечыўшы іх цяплом і кормам. 

«У мяне дома жывуць два каты, і я заўсёды звяртала ўвагу на тое, як цяжка даводзіцца тым жывёлам, якія засталіся ў гэтыя халады на вуліцы. Таму першы домік я зрабіла сама з падручных сродкаў — кардону, пенапласту і звычайнага поліэтылену як абароны ад вільгаці. І ўстанавіла каля свайго пад’езда. Часовае жыллё тут жа было абжыта», — расказала першы сакратар Дар’я Назарчук. 

Добрая ініцыятыва была падтрымана актывістамі, і падобныя домікі сталі прывозіць прама ў камітэт. 

«Так быў пакладзены пачатак акцыі „Каробкі цяпла“, правядзенне якой мы ўзгаднілі з мясцовым ЖКГ, вызначыўшы адрасы для дамкоў. Сёння па горадзе ўстаноўлена восем такіх каробак. За імі замацаваны валанцёры, якія прыносяць корм і дапамагаюць у падтрыманні парадку. Мы рады, што добры пасыл знайшоў водгук у сэрцах неабыякавых жыхароў, якія перажываюць за братоў нашых меншых. Акцыя працягваецца і, магчыма, наш досвед будзе карысны іншым, бо зіма яшчэ не скончылася», — адзначыла Дар’я Назарчук.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю