Найлепшыя пажаданні і віншаванні напярэдадні навагодніх і калядных святаў члены прэзідыума Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў адрасавалі выхаванцам Добрушскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі. Як падкрэсліла член Савета Рэспублікі, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч, удзел у акцыі «Нашы дзеці» — стаў добрай традыцыяй яшчэ ў дэпутатаў аблсавета мінулага 28 склікання.
— За асабістыя сродкі мы набывалі падарункі для дзяцей, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю. Наведвалі шматдзетныя сем’і, дамы дзіцяці, сустракаліся з навучэнцамі ліцэяў з ліку сірот. З часам вырашылі звярнуць увагу і на тых дзяцей, якія дабіліся поспехаў у вучобе, творчасці, спорце. Летась набылі абутак для дзіцячага творчага калектыву з Уваравічаў, сёлета — падарункі для юных спартсменаў Добрушчыны, — распавяла Кацярына Зенкевіч.
Лепшыя футбалісты Добрушскага раёна, удзельнікі і пераможцы занальных і рэгіянальных матчаў сустрэлі дэпутатаў у спартыўнай зале. Юныя футбалісты атрымалі ў падарунак 15 камплектаў формы і футбольныя мячы, а таксама салодкія падарункі.
— Галоўнае, не губляйце імкнення да перамогі. Перамог вам у спорце, поспехаў у вучобе!, — пажадала юным спартсменам член Савета Рэспублікі Кацярына Зенкевіч.
У рамках акцыі «Нашы дзеці» Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў сумесна са старшынёй Лоеўскага раённага Савета дэпутатаў Ірынай Пастуховай і дэпутатам Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Тамарай Дземідзенка павіншавалі выхаванцаў Лоеўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Сенатар і дэпутаты перадалі цацкі, дыдактычныя гульні і салодкія пачастункі дзецям з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця.
— Радасць дзяцей, іх вочы, якія ззяюць ад шчасця — найлепшая ўзнагарода для нас, дарослых. Няхай Новы год будзе не проста святам, а сапраўдным часам чараўніцтва і здзяйснення самых запаветных жаданняў, — павіншавала дзяцей з навагоднімі і каляднымі святамі член Савета Рэспублікі.