Top.Mail.Ru

Акцыя «Дом без гвалту»: прафілактыка дапамагае захаваць сем’і і прадухіліць трагедыі

У рамках рэспубліканскай прафілактычнай акцыі «Дом без гвалту» супрацоўнікі Ленінскага РУУС Мінска ўзмацнілі прафілактычную работу з сем’ямі, дзе раней фіксаваліся факты бытавых канфліктаў, злоўжывання алкаголем і дамашняга гвалту. Праваахоўнікі падкрэсліваюць: своечасовае ўмяшанне і адрасная дапамога даюць магчымасць не толькі прадухіліць злачынствы, але і захаваць сем’і.


Не баяцца прасіць дапамогі

Пад асаблівым кантролем міліцыі знаходзяцца сем’і, у якіх раней адбываліся скандалы і супрацьпраўныя дзеянні. Адзін з прыкладаў — шматдзетная сям’я, дзе бацька злоўжываў алкаголем, страціў працу і рэгулярна з’яўляўся ініцыятарам канфліктаў дома. Усе клопаты аб траіх дзецях фактычна леглі на жонку, якая звярнулася па дапамогу ў міліцыю.

З сям’ёй працавалі ўчастковы інспектар міліцыі Ленінскага РУУС Мінска Аляксандра Макарэвіч і ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Юлія Хайнацкая. Дзякуючы пастаяннай прафілактычнай рабоце сітуацыю ўдалося змяніць.

«Сумеснымі намаганнямі мы знайшлі падыход да шматдзетнага бацькі, — расказала Аляксандра Макарэвіч. — Цяпер мужчына працаўладкаваны, перастаў злоўжываць алкаголем, не ўчыняе правапарушэнняў. Разглядаецца пытанне аб зняцці яго з прафілактычнага ўліку».

Па словах жонкі падуліковага, у гэты няпросты перыяд іх сям’і дапамагалі супрацоўнікі Ленінскага РУУС г. Мінска.

Як зазначаюць ва ўпраўленні, прафілактыка дамашняга гвалту застаецца адным з найважнейшых напрамкаў дзейнасці органаў унутраных спраў. Участковыя інспектары рэгулярна наведваюць сем’і, дзе раней фіксаваліся выпадкі агрэсіі, праводзяць прафілактычныя гутаркі і кантралююць грамадзян, схільных да канфліктных паводзін і злоўжывання спіртным.

«Нярэдка менавіта своечасовае ўмяшанне дапамагае прадухіліць трагедыю, — падкрэсліваюць праваахоўнікі. — Вельмі важна, каб людзі не баяліся звяртацца па дапамогу і не замоўчвалі праблему».

Аб тым, наколькі сур’ёзнымі могуць быць наступствы сямейных канфліктаў, сведчыць выпадак, які адбыўся ў кватэры на вуліцы Пляханава. Супрацоўнікі ППСМ Ленінскага РУУС, якія прыбылі па выкліку, заўважылі, што мужчына, які знаходзіўся дома пасля застолля, мае патрэбу ў тэрміновай медыцынскай дапамозе. Пазней высветлілася, што падчас канфлікту жанчына нанесла мужчыне нажавое раненне. Па прыгаворы суда прызначана пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. Жанчына страціла працу, з працаўладкаваннем дапамаглі супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Сёння сям’я працягвае жыць разам, а канфліктаў і скаргаў у адрас праваахоўнікаў больш не паступае.


«Адзін званок у міліцыю здольны захаваць жыццё»

Яшчэ адзін адрас у рамках акцыі — кватэра на вуліцы Надзеждзінскай, жыхарка якой — 49-гадовая мінчанка — стаіць на прафілактычным уліку за пастаянныя скандалы з маці. Тут прафілактычную работу праводзіць участковы інспектар міліцыі Ленінскага РУУС Мінска Уладзіслаў Дрозд.

«Як справы?» — цікавіцца афіцэр у гаспадыні кватэры.

Жанчына станоўча ківае. Мінчанка Ірына расказвае, як апынулася на прафілактычным уліку. «Я страціла практычна ўсё, калі пачала злоўжываць алкаголем: працу, сям’ю, павагу блізкіх, — падзялілася жанчына. — Побач заставалася толькі маці. Цяпер разумею, наколькі важна было своечасова спыніцца». 

Пасля прафілактычнай работы і вынясення ахоўнага прадпісання мінчанка перагледзела свае адносіны да жыцця і пры садзейнічанні міліцыі ўладкавалася на працу.

У Ленінскім РУУС нагадваюць: у дачыненні да хатніх агрэсараў прымяняюцца меры адміністрацыйнага і крымінальнага ўздзеяння. Адной з дзейсных мер прафілактыкі застаецца ахоўнае прадпісанне, якое можа забараняць агрэсару кантактаваць з пацярпелым і нават часова абавязваць пакінуць агульнае жыллё.

«Хатні гвалт нельга апраўдаць або схаваць. Часам адзін званок у міліцыю здольны захаваць чалавеку здароўе і нават жыццё, — адзначылі ў Ленінскім РУУС. — У Мінску ёсць крызісны пакой, куды ахвяра гвалту можа на час сысці ад агрэсара. Гэты адрас даецца толькі тым, хто мае патрэбу. У адкрытым доступе яго няма. Галоўнае — не маўчаць і не хаваць факты сямейнага гвалту, каб прадухіліць больш цяжкія наступствы. У такіх сітуацыях таксама важна, каб суседзі, сваякі, знаёмыя не заставаліся ў баку».

Калі вам стала вядома пра выпадкі хатняга гвалту, неабходна адразу тэлефанаваць па нумары 102, у аператыўна-дзяжурныя службы раённых упраўленняў, пісаць у чат-бот @MinskPolice_bot або звярнуцца да ўчастковага інспектара (вядзе прыём грамадзян у грамадскіх пунктах аховы правапарадку кожную сераду з 17.00 па 20.00). 

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы Ленінскага РУУС г. Мінска

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю