Top.Mail.Ru
169

Акцыі па скрынінгу дыябету праходзяць па ўсёй краіне

Сёння ў Рэспубліканскім цэнтры медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння, на базе якога знаходзіцца Рэспубліканскі цэнтр эндакрыналогіі, прайшла акцыя «Здароўе на рабоце — пераможам дыябет разам», прысвечаная Сусветнаму дню барацьбы з гэтым захворваннем. Подобныя мерапрыемствы праходзяць па ўсёй краіне з 3 па 21 лістапада.


Як сведчыць з назвы, яны накіраваны на скрынінг дыябету перш за ўсё ў людзей працаздольнага ўзросту. У Рэспубліканскім цэнтры эндакрыналогіі ў гэты дзень прайшлі кансультацыі, абследаванні, а таксама скрынінг пацыентаў на ўскладненні. Усе ахвотныя маглі здаць кроў на ўзровень цукру (вынік вызначаўся на месцы), змерыць артэрыяльны ціск і такія параметры, як рост, вагу і акружнасць таліі, запоўніць анкету і атрымаць кансультацыю і індывідуальныя парады эндакрынолага. 

Цукровы дыябет — дастаткова распаўсюджанае захворванне ў нашай краіне, на сёння ад яго пакутуе 5,5 % дарослага насельніцтва. Яшчэ 20 гадоў гэта лічба была амаль у тры разы меншай. Аднак казаць, што захваральнасць імкліва расце, не зусім правільна. Трэба ўлічваць той факт, што за апошнія гады істотна палепшылася дыягностыка гэтага захворвання: пацыенты часцей абследуюцца, захворванне выяўляецца, а значыць больш хворых маюць магчымасць трымаць яго пад кантролем. Як тлумачыць намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння Вольга САЛКО, у свеце кожны другі чалавек, які мае цукровы дыябет, не ведае пра яго. І гэта асноўная праблема названай хваробы.


— Калі чалавек не ведае, што ў яго маецца захворванне, нават пры не надта высокім узроўні цукру ў крыві — 6,5-6,8 ммоль/л — развіваюцца ўскладненні цукровага дыябету. І захворванне небяспечнае менавіта імі, бо павышаны ўзровень цукру не непакоіць пацыента сам па сабе. Часта калі мы выстаўляем дыягназ цукровы дыябет 2 тыпу, амаль ва ўсіх пацыентаў ужо ёсць усе пачатковыя стадыі ўскладненняў дыябету. Таму самая галоўная задача — ранняе выяўленне дыябету другога тыпу, — звяртае ўвагу Вольга Салко.

Самыя распаўсюджаныя ўскладненні дыябету — дыябетычная рецінапатыя (пашкоджанне вачэй) і дыябетычная нефрапатыя (пашкоджанне нырак) і пашкоджанні мікрасасудаў ног, што ў будучыні можа прывесці да гангрэны, ампутацый і інш. 


На ранняе выяўленне дыябету 2-га тыпу ў нашай краіне накіравана шмат мерапрыемстваў, у тым ліку і сістэма дыспансерызацыі, а таксама інфармацыйныя акцыі.

— Яны нацэлены ў першую чаргу на павышэнне інфармаванасці пацыентаў аб праблеме дыябету. У дзве першыя гадзіны нашай акцыі мы прынялі каля сотні чалавек, і сярод іх каля 10 не ведалі, што ў іх ёсць цукровы дыябет. Мы ўбачылі, што ёсць праблема, і накіравалі гэтых людзей на даабследаванне. Таму такія акцыі важныя для ранняга выяўлення, — падкрэсліла Вольга Салко. 


Пры гэтым своечасова пастаўлены дыягназ пры карэкцыі ладу жыцця нярэдка дазваляе абысціся без таблетак ці трымаць хваробу пад кантролем з дапамогай простага медыкаментознага лячэння, якое лёгка пераносіцца. 

Алена КРАВЕЦ.
Фота Лізаветы ГОЛАД.

Чытайце таксама: Да канца 2025 года ўсіх дыябетыкаў у Беларусі перавядуць на інсулін у картрыджах

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю