Адсюль — і ўвага да гэтай найважнейшай грамадска-палітычнай падзеі, якую асвятляе звыш 400 прадстаўнікоў айчынных і замежных СМІ, а ў прамым эфіры глядзіць мільённая аўдыторыя.
«Мы захавалі і прымножылі моцны рэальны сектар эканомікі»
У пачатку свайго выступлення Аляксандр Лукашэнка падвёў вынікі пяцігодкі, якая завяршаецца. Кіраўнік дзяржавы ўзгадаў шэраг падзей, праз якія беларускаму народу прыйшлося прайсці за кароткі час. Сярод іх — ковідны лакдаўн, закрыццё Еўрасаюзам неба для «Белавія», увядзенне Захадам новых нелегітымных санкцый супраць Беларусі (адключэнне ад СВІФТ, блакіроўка доступу да марскіх партоў, гандлёвае эмбарга і закрыццё граніц).
«Усё разам — не лепшы фон для амбіцыйных задач, — канстатаваў Прэзідэнт. — Мы дамовіліся: ніякіх спасылак на санкцыі! Не было часу мусоліць гэтыя тэмы, трэба было змагацца за кожны экспартны рубель».
Па словах кіраўніка дзяржавы, у 2020 годзе Беларусь паставіла планку па нарошчванні экспарту — да 50 мільярдаў долараў. У выніку наша краіна не проста атрымала гэту лічбу, але і працягнула весці гандлёвыя адносіны амаль са 190 краінамі свету.

«Захад не ўлічыў аднаго — свет велізарны! — падкрэсліў беларускі лідар. — Ніхто пад неакаланіяльную дудку больш скакаць не будзе. Глабальны Поўдзень і Азія сталі новай рэальнасцю. Сёння ў краіны Блізкага Усходу і Афрыку, Кітай і Лацінскую Амерыку едуць нашы сельгастэхніка і грузавікі, малочная і мясная прадукцыя, шыны, камплектуючыя. Спіс тавараў унушальны. Мы зламалі міф, які ствараецца Захадам, аб закрытасці і ізаляванасці нашай краіны, што пацвярджаюць любыя сусветныя рэйтынгі».
Беларусь увайшла ў топ-50 краін, якія найбольш наведваюць турысты. Толькі сёлета больш за 250 тысяч еўрапейцаў, якія прыехалі ў нашу краіну па бязвізе, асабіста пераканаліся ў бяспецы, утульнасці і прыгажосці Беларусі. І гэта, як звярнуў увагу Прэзідэнт, пры закрытых — больш за палову — пагранічных пунктах.
«Мы захавалі і прымножылі моцны рэальны сектар эканомікі, нічога не загубіўшы і не расплюхаўшы з савецкай спадчыны, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — У сусветным рэйтынгу канкурэнтаздольнасці прамысловасці займаем 56-ю пазіцыю сярод паўтара соцен краін. Хаця над прадукцыйнасцю працы яшчэ трэба сур’ёзна папрацаваць. У такі няпросты час айчынныя прадпрыемствы працягвалі актыўна ўкладваць у тэхналагічнае развіццё і мадэрнізацыю — гэта задзел на будучыню».
У бягучай пяцігодцы ў краіне завяршылі рэалізацыю амаль 1000 вытворчых праектаў. У неабходных аб’ёмах будаваліся жыллё і дарогі, аб’екты сацыяльнай і спартыўнай інфраструктуры. Паспяхова сябе зарэкамендавала ініцыятыва «Адзін раён — адзін праект», даўшы больш за 6 тысяч новых працоўных месцаў у невялікіх гарадах і населеных пунктах. Па словах кіраўніка дзяржавы, гэта праграма будзе прадоўжана, стане адной з ключавых па ўсёй краіне.
За гэтыя гады рэальная заработная плата вырасла на 40 %, дасягнуўшы сярэдняга значэння 2700 рублёў. На працягу ўсяго пяцігоддзя двойчы за год павышаліся пенсіі.
«Апярэджваючы выпады скептыкаў аб макраэканамічных дысбалансах, скажу: у нас стабільная, нармальная эканоміка, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — Пазыковая нагрузка зніжаецца, золатавалютныя рэзервы знаходзяцца на гістарычным максімуме, заслужана вырас давер да нацыянальнай валюты. Улічваючы зыходныя ўмовы, аб якіх сказана спачатку, вынікі для звыклага жыцця людзей у цэлым прымальныя. Забяспечаны стабільная занятасць, дастойны ўзровень даходаў і, самае галоўнае, бяспека».
«Беларусь — наш дом. Толькі мы вызначаем свой эканамічны ўклад»
У другі дзень сёмага пасяджэння УНС дэлегаты вызначаць асноўныя кірункі развіцця краіны на наступныя пяць гадоў. Аляксандр Лукашэнка агучыў базавыя ўстаноўкі, якім павінна адпавядаць Праграма сацэканамразвіцця краіны на 2026-2030 гады. Беларускі лідар падкрэсліў, што яны ідуць ад жыцця і заўсёды актуальныя.
«Аснова асноў — эканоміка, — канстатаваў ён. — Гэта галоўная зброя ў сучасным свеце. Нам патрэбны базіс для выканання праграмы наступнай пяцігодкі, у якую закладзены амбіцыйныя планы і паказчыкі. Калі жадаем стабільна выйсці на 100 мільярдаў долараў гадавога валавога ўнутранага прадукту і сярэднямесячную зарплату ў 1000 долараў, павінны ўстойліва працаваць прадпрыемствы і фінансавая сістэма».
Гаворачы аб канструктыўным дыялогу з кіраўніцтвам ЗША, Прэзідэнт адзначыў, што гэты дыялог часам жорсткі і ўпарты. «Але гэта перагаворы моцнага з моцным, — удакладніў беларускі лідар. — Павага і аўтарытэт нашай краіны не ставіцца пад сумненне. І мы цвёрда стаім на сваіх пазіцыях. Беларусь — наш дом. Толькі мы вызначаем свой эканамічны ўклад. Ён даўно сацыяльна арыентаваны. І тыя ж амерыканцы — вялікія рынкавыя капіталісты — ні разу за ўсе перагаворы не патрабавалі ад мяне зламаць гэту мадэль або адысці ад яе. Яны ж не сляпыя. Бачаць, якая ў нас краіна: дарогі, чыстыя гарады, нармальныя аўтамабілі. Мы сапраўды рэалізуем свой, беларускі шлях. Разам. Усе задачы ставім, зыходзячы з уласных інтарэсаў і досведу, але разумеючы, што гарантаваць іх выкананне можа толькі суверэнная дзяржава».
Зусім іншае бачанне развіцця Беларусі прапануюць збеглыя. У іх чарговым гучным плане «адраджэння беларускай эканомікі» — 4 асноўныя пункты: падключэнне да еўрапейскай энергетычнай сістэмы, шырокая прыватызацыя і распродаж дзяржуласнасці, фінансавая незалежнасць за кошт крэдытаў міжнародных арганізацый і лічбавізацыя.
«Па сутнасці, гэта здача суверэнітэту Беларусі і развал яе эканомікі пад знешнім кіраваннем, — перакананы Аляксандр Лукашэнка. — Нічога за шмат гадоў не змянілася. Уся тая ж бойка за нейкія крэслы, пасады, фінансавыя падачкі. Таму мы, сціснуўшы зубы, заўсёды змагаліся за захаванне сваіх вытворчасцяў і прамысловай асновы развіцця рэспублікі. 15 гадоў мы займаемся імпартазамяшчэннем, якое ператвараецца ў імпартанезалежнасць. Ніколі не стаяла задача вырабляць у Беларусі абсалютна ўсё. Але там, дзе ў нас ёсць мясцовая сыравіна, навуковыя задзелы, школы, мы будзем літаральна выгрызаць свае інтарэсы ў найскладанейшай і не заўсёды сумленнай канкурэнцыі. Абсалютна несумленнай канкурэнцыі».
Тым больш, па словах кіраўніка дзяржавы, у Беларусі з’явілася свая атамная станцыя, мы вырабляем уласныя камп’ютары і маніторы, паспяхова асвоілі выпуск новых відаў прадукцыі ў машынабудаванні, фактычна з нуля стварылі ў краіне вытворчасць легкавых аўтамабіляў, запусціўшы серыйную лінейку на любы густ. У Мінску пабудавалі новы аўтобусны завод «МАЗ». На аснове сучасных тэхналогій нарасцілі ўласную здабычу нафты. Вырабляем лекі для анкахворых, амінакіслоты, інавацыйныя біяпрадукты. У сферы харчовай прамысловасці разгарнулі вытворчасць ад унікальных сухіх сумесяў для немаўлят, вельмі запатрабаваных безлактозных малочных прадуктаў да элітных сыроў і мясных далікатэсаў.
«Усё гэта — вынік вялікай шматгадовай працы ўсіх беларусаў: ад сельскага працаўніка да навукоўца, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Нашай з вамі працы».
«Часу на разварушванне няма»
У той жа час, па словах Прэзідэнта, хапае і нявырашаных эканамічных задач.
Першае — тэхналагічны суверэнітэт. «Я свядома аддаю яму прыярытэт, паколькі нас выдатна загартаваў досвед так званага супрацоўніцтва з Захадам, — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Пад рознымі соусамі нас мэтанакіравана і планамерна ставілі ў сітуацыю залежнасці ад заходняга абсталявання і нават дробных камплектуючых. Мы ўбачылі, як важна мець уласныя распрацоўкі ў крытычна важных галінах эканомікі».
Па словах кіраўніка дзяржавы, часу на разварушванне няма. «Асабліва важна ў рэальным сектары падвышаць хуткасць укаранення перспектыўных распрацовак, — дадаў ён. — Краіне патрэбны праекты, якія базіруюцца на распрацоўках і адкрыццях айчынных навукова-вытворчых школ. Яшчэ адна канкрэтная задача — штогод выпускаць новыя мадэлі станкоў з праграмным кіраваннем пад поўную патрэбнасць нашых прадпрыемстваў і выходзіць на сусветныя рынкі. Мы ж машынабудаўнічая краіна! Без сучасных станкоў якое машынабудаванне!»
Другое — лакалізацыя і кааперацыя. «Як ужо казаў, зрабіць абсалютна ўсё немагчыма і непатрэбна. Але рацыянальна выкарыстоўваць патэнцыял супрацоўніцтва з усімі партнёрамі Беларусі — аб’ядноўваць вытворчыя кампетэнцыі, вырашаць задачы па ключавых тэхналогіях — крытычна важна, — перакананы Прэзідэнт. — У нас ёсць паспяховы вопыт рэалізацыі імпартазамяшчальных праектаў з Расійскай Федэрацыяй (ад мікраэлектронікі і авіябудавання да лакалізацыі аўтамабільных кампанентаў і вузлоў). Нямала агульных задум у партнёрстве з Кітайскай Народнай Рэспублікай».
Па словах кіраўніка дзяржавы, сёння важна не ўпусціць сусветны трэнд развіцця электратранспарту, патрэбна маштабіраваць практыку запуску зборачных вытворчасцей за мяжой. Агучыў Прэзідэнт і іншыя задачы ў гэтым ключы.
Трэцяе — развіццё нацыянальных высокіх тэхналогій (IT-індустрыі). «Вопыт санкцый, калі маментальна спынілася абслугоўванне праграмных прадуктаў, а тэхналагічныя ланцужкі прадпрыемстваў былі пастаўлены пад пагрозу, стаў для нас яшчэ адным урокам, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэтую ўразлівасць мы абавязкова ліквідуем. Крытычныя галіны павінны быць забяспечаны імпартанезалежным праграмным прадуктам мінімум на 90 %. Усё для гэтага ёсць: прававое поле, інфраструктура, школа падрыхтоўкі IT-спецыялістаў, Парк высокіх тэхналогій».
Гаворачы аб лічбавізацыі паўсядзённага жыцця, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі развіваюццаем тэхналогіі электроннага ўрада, створым лічбавыя платформы і сэрвісы. «Але ці бачны эфект насельніцтву? — задаў слушнае пытанне кіраўнік дзяржавы. — Ці разумеюць людзі, якія магчымасці адчыняюцца для іх выгоды? Думаю, не заўсёды і не ўсе. Для чаго стваралі Адзіны партал электронных паслуг, калі, акрамя Мінска і абласных цэнтраў, людзі не маюць магчымасці аддалена запісацца, напрыклад, да ўрача? Вымушаны да 6 раніцы прыязджаць у паліклініку і чакаць у парадку жывой чаргі».
Прэзідэнт даручыў прапрацаваць магчымасць стварэння адзінай службы, здольнай аператыўна і кампетэнтна рэагаваць на пытанні. Яна, па яго словах, павінна стаць універсальным цэнтрам зваротнай сувязі з насельніцтвам, куды можна звярнуцца і па тэлефоне, і праз інтэрнэт, і асабіста.
«Мэта — не лічбавізацыя дзеля моды лічбавізацыі, — падкрэсліў ён. — Калі паслугу адміністраваць даражэй, чым яе рэальная запатрабаванасць, то марнаваць грошы бессэнсоўна. Будзем спрашчаць там, дзе гэта рацыянальна».
Узняў кіраўнік яшчэ адно злабадзённае пытанне — надзейная і хуткая сотавая сувязь. Па словах беларускага лідара, пры сваіх немалых даходах мабільныя аператары павінны забяспечыць аднолькава стабільную сувязь у любым населеным пункце. «Адгаворкі больш не прымаюцца», — папярэдзіў ён і даручыў ураду вырашыць гэту праблему цягам года.
Чацвёртае — энергетычная самастойнасць. «Энергетыка — гарант эканамічнага развіцця, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Гэта пытанне самадастатковасці дзяржавы. Перавагі Беларусі ў гэтым аспекце відавочныя. Пабудаваная АЭС сур’ёзна ўмацавала нашу энергетычную незалежнасць. Але да 2030 года трэба падняць гэты ўзровень яшчэ вышэй».
Пятае — устойлівая і прыбытковая вытворчасць прадуктаў харчавання. «Галіна штогод прыносіць краіне мільярды долараў экспартнай выручкі, — канстатаваў Прэзідэнт. — У гэтым годзе дзякуючы зладжанай працы аграрыяў мы атрымалі адзін з самых высокіх ураджаяў збожжавых — 11 мільёнаў тон, цукровых буракоў — 6 мільёнаў тон. Такога ніколі не было. А ўзгадайце, які быў год. У жывёлагадоўлі пераадолеем новую мяжу, вырабім больш за 9 мільёнаў тон малака. Толькі ўдумайцеся ў гэтыя ўнікальныя лічбы — на кожнага беларуса атрымалі больш за 1 тону збожжа і 1 тону малака. Колькі такіх дзяржаў? Амаль няма».
Разам з тым, па яго словах, прабелаў у сельскай гаспадарцы нямала. Сярод іх — адсутнасць тэхналагічнай і вытворчай дысцыпліны, прыпіскі і крадзяжы, няякасныя кармы і догляд за жывёламі, хваробы і падзёж, безгаспадарчыя адносіны да дарагой сельгастэхнікі.
«Усё гэта неабходна выкараніць у нашай практыцы, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Не на працягу пяцігодкі, а літаральна за найбліжэйшы год»
Шостае — ашчаднасць і якасць. «Гэта аксіёма канкурэнтаздольнасці беларускага тавара, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Інструменты, якія шырока выкарыстоўваюцца ў свеце, так званы ашчадны менеджмент. У нас пакуль што вельмі фрагментарнае ўкараненне. Разгарніце працу ў рамках адроджанага на дзяржаўным узроўні Знака якасці, які стаў нашай самай прэстыжнай узнагародай для вытворцаў».
Толькі якасць і бездакорны сэрвіс, па словах кіраўніка дзяржавы, забяспечаць нам выжыванне і дадатковы заробак.
Сёмае — эфектыўныя продажы для паспяховага знешняга гандлю. «Вярнуўшыся з традыцыйных зімовых камандзіровак (Алжыр, Аман, М’янма), у які раз пераконваюся: мы наогул не ўмеем гандляваць, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Здаецца, выпускаем годную лінейку тавараў, але пра іх ці не ведаюць на далёкіх рынках, ці нажываюцца натоўпы пасярэднікаў, здымаючы асноўныя вяршкі і атрымліваючы прыбытак. Час засвоіць, што продажы — гэта мастацтва».
Што да вытворцаў, Прэзідэнт падкрэсліў, што дзяржава са свайго боку заўсёды гатова падставіць плячо экспарцёрам. «Бо аддача відавочная — бюджэтныя інвестыцыі ў экспарт цалкам акупіліся, у дзясяткі разоў (на кожны рубель бюджэтнай падтрымкі атрымалі амаль 30 долараў экспарту), — адзначыў беларускі лідар. — Калі трэба яшчэ нейкія стымулы, якія гарантавана дадуць вынік, аператыўна прапануйце».

Восьмае — дасканалы спажывецкі рынак. «Для нас, беларусаў, выбар, які тавар купіць (беларускі ці замежны) — гэта пытанне нацыянальнай бяспекі, павінен быць, — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. — Многія ніяк не могуць пераадолець стэрэатып аб элітнасці імпарту. Але гэта не вынік досведу. Гэта інструмент прамывання мазгоў, калі хочаце, які быў дастаткова паспяхова прыменены яшчэ ў савецкім грамадстве, асабліва на познім этапе развіцця. Мы ж разумеем, што і тады, і сёння якасць тавараў, што вырабляюцца беларусамі, была і застаецца адной з лепшых у свеце. Але ці так мы пазіцыянуем сябе на сваім жа рынку?»
У большай ступені звяртаючыся да ўладальнікаў гандлёвага бізнэсу, Прэзідэнт дадаў, што яны першыя фарміруюць попыт і вырашаюць, што і як пакласці на прылавак.
«Я не ведаю, ці павінен Прэзідэнт тлумачыць, што калі на тавары напісана „Зроблена ў Беларусі“, то перавага на паліцы павінна быць за ім, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — І мяне просяць аб гэтым неабыякавыя грамадзяне, даўно просяць. Раблю апошнюю заўвагу, і гандаль, вы потым на мяне не крыўдзіцеся. Унутры краіны гаспадарыць імпарт, а вы ходзіце па дзяржпадтрымку. Трэба перавярнуць гэту піраміду».
Усе маркетплэйсы, гандлёвыя сеткі і іншыя структуры даручана прымусіць працаваць на краіну.
Дзявятае — турызм — кропка прыросту эканомікі. Прэзідэнт паставіў задачу на наступнае пяцігоддзе — павялічыць уклад турызму ў эканоміку мінімум у два разы.
«Усё для гэтага ёсць, — адзначыў ён. — Мінск — унікальная сталіца сусветнага ўзроўню. Брэстчына — гэта не толькі легендарная крэпасць-герой і старажытная Белавежская пушча, але і душа беларускага Палесся. Віцебск — культурны і фестывальны цэнтр краіны, прыгажун. Гомельская вобласць прываблівае турыстаў палацава-паркавымі ансамблямі і самабытнай народнай культурай. Магілёўская зямля — гэта гаючыя крыніцы і ўнікальныя краязнаўчыя музеі. Гродзеншчына — край замкавай архітэктуры. Кожны куток нашай краіны мае свой твар і сваю самабытнасць».
Нараканні турыстаў, па словах кіраўніка дзяржавы, зводзяцца ў асноўным да адсутнасці сэрвісу па ўсім ланцужку паслуг і суправаджэння ў лічбавым выглядзе: браніраванне жылля, купля білетаў, пошук маршрутаў, заказ экскурсій. «Адсутнасць падобнага камфорту — гэта страта патэнцыйнага госця, — заўважыў Прэзідэнт. — Усе рашэнні ў галіне па прапановах урада прыняты. Прыступайце да распрацоўкі паўнавартаснай айчыннай турыстычнай платформы».
Ва ўмовах ажыятажнага попыту, як канстатаваў кіраўнік дзяржавы, ужо ўчора трэба было пашыраць нумарны фонд санаторыяў, будаваць новыя гатэлі, асабліва ў раённых цэнтрах. Губернатарам даручана больш актыўна прасоўваць турыстычныя паслугі праз нашы пасольствы, дылерскія цэнтры і нават больш агрэсіўную рэкламу.
«Беларусь — чыстая краіна, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта першае ўражанне, якое агучваюць нашыя госці. І гэта вялізная праца. Дзясяткі тысяч людзей штодня выходзяць на працу, наводзяць прыгажосць, нават тады, калі большасць нашых грамадзян яшчэ спяць. Гаворка не толькі пра адсутнасць смецця, але і пра дагледжаныя паркі, упрыгожаныя кветкамі вуліцы і кожны добраўпарадкаваны для адпачынку куток».
Аднак беларусы настолькі прызвычаіліся да такога парадку, што пачынаюць марнатравіць гэтым, утворачы звалкі адыходаў нават у лясных масівах. «Можа і не да месца, але, родныя беларусы, я звяртаюся да кожнага з вас: давайце паважаць працу людзей і не прымушаць дзяржаву звяртацца да сінгапурскіх метадаў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка..
Дзясятае — моцныя рэгіёны. «Гэта галоўны прыярытэт! — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. — Усе напрамкі эканомікі, аб якіх гаварыў вышэй, павінны быць пакладзены ў аснову новай рэгіянальнай палітыкі. У кожнай вобласці і раёне — туды ссоўваем цэнтр цяжару, усе сілы і рэсурсы. Найважнейшая задача — спыніць адток людзей з рэгіёнаў, разгрузіць сталіцу і абласныя цэнтры. Трэба вырашыць гэтае пытанне рэвалюцыйнымі метадамі, канчаткова і без абмеркаванняў. Інакш абязлюдзім краіну».
У якасці альтэрнатывы кіраўнік дзяржавы ўказаў на развіццё гарадоў-спадарожнікаў і вёсак-спадарожнікаў. «Адна з маіх задач як Прэзідэнта — выратаваць вёску», — падкрэсліў ён.
«Год добраўпарадкавання завяршаецца, але сам працэс — не»
Усё гэта, па словах кіраўніка дзяржавы, патрабуе ў большасці выпадкаў значных фінансавых і часавых выдаткаў. «На першым месцы — працаўладкаванне і жыллё, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Мы не краіна Захаду, дзе людзі прызвычаіліся падоўгу жыць у здымным жыллі, часам усё жыццё. Беларусы аддаюць перавагу жыць ва ўласных дамах і кватэрах. І гэта добра!»
Таму маладыя спецыялісты, па яго словах, у перспектыве павінны мець права выкупу арэнднага жылля, а яго будаўніцтва павінна быць увязана са стварэннем працоўных месцаў. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што патрэбны новы нацыянальны падыход, які матывуе да пераезду ў сельскую мясцовасць, з канкрэтнымі ўмовамі.
Прэзідэнт нагадаў, што летась мы актыўна займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторый. Навялі парадак на многіх значных аб’ектах, правялі два рэспубліканскія суботнікі. Цяпер, па яго словах, трэба звярнуць увагу на закінутыя будынкі.
«Год добраўпарадкавання завяршаецца, але сам працэс — не, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Ён застаецца на кантролі ў Прэзідэнта. Няважна, якімі мэтамі і задачамі выкліканы мае паездкі ў той ці іншы рэгіён. Першае, што я ацэньваю, — гаспадарскі падыход на любых аб’ектах».
Аляксандр Лукашэнка парэкамендаваў не забываць, што Беларусь — наш агульны дом. «Парадак у ім — гэта першае, што трэба ўлічваць, гаворачы аб базавых устаноўках у развіцці сацыяльнай сферы, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Камфорт — гэта якасць жыцця, а эканоміка — гэта людзі. Людзі, якія занава пабудавалі нашу краіну. Зусім нядаўна, пасля вайны».
«Не можа быць Беларусі без беларусаў!»
Адказы на пастаўленыя Прэзідэнтам пытанні — і ёсць стратэгія краіны, накіраванай у будучыню. «Гэту дарогу зможа адужаць толькі здаровы чалавек, — канстатаваў беларускі лідар. — Павелічэнне працягласці жыцця мы вызначаем як адну са стратэгічных мэт. Укладваем вялізныя рэсурсы ў развіццё аховы здароўя. Пастаянна адкрываем новыя аб’екты, не шкадуем грошай на рамонт медыцынскіх устаноў, закупку сучаснага медабсталявання».
У міжраённых цэнтрах праводзяцца аперацыі, якія раней выконваліся толькі ў РНПЦ ці ў абласных бальніцах. У глыбінку прыязджаюць сучасныя перасоўныя фельчарска-акушэрскія пункты. Прычым многія з іх айчыннай вытворчасці. Умовы для працы створаны, заробак урачам паднялі. Але трапіць да патрэбнага спецыяліста, па словах кіраўніка дзяржавы, часта праблема, асабліва ў малых раёнах і ў вёсцы.
«Хлеб у вяскоўцаў патрабуем, а яны тыднямі чакаюць то кансультацыі спецыяліста, то дыягнастычных даследаванняў, — заўважыў Прэзідэнт. — У нас 4 медвузы — дастатковая колькасць выпускнікоў для такой кампактнай краіны, як наша. А кадраў усё роўна не хапае. Або хапае?» Даручана разабрацца з гэтым пытаннем ураду і кіраўнікам мясцовых органаў улады.
«Пытанне якасці меддапамогі — тэма вельмі адчувальная і складаная, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Складаная, як і праца ўрача. Разумею, што з людзьмі, якія самі ставяць сабе дыягназ, лечацца па інтэрнэце, запускаюць хваробу і чакаюць потым ад доктара цуду, цяжка мець справу. Але і скаргі пацыентаў, з якімі часам даводзіцца разбірацца і Адміністрацыі Прэзідэнта, іншым кантралюючым органам, часта маюць падставы. Такія звароты заўсёды будзем трымаць на кантролі. Гэта пытанне даверу грамадства да ўсёй сістэмы аховы здароўя, якая працуе ўсё ж годна. Што ацанілі і многія якія вярнуліся з Польшчы і Літвы, сербануўшы «райскага саду».
Беларускі лідар падкрэсліў, што нам ёсць чым ганарыцца, і не трэба ўсё ўтоптваць у бруд.
«Сітуацыю вы ведаеце: сёння ўсе развітыя краіны сутыкнуліся з беспрэцэдэнтным зніжэннем нараджальнасці і старэннем насельніцтва, — канстатаваў ён. — На жаль, Беларусь не выключэнне. Тое, што па аказанні медыцынскай дапамогі маці і дзецям наша краіна захоўвае лідзіруючыя пазіцыі ў свеце і мы працяглы час утрымліваем нізкія паказчыкі дзіцячай, дзіцячай, мацярынскай смяротнасці, з’яўляецца вялізным дасягненнем. Мы першыя ў свеце ў гэтым плане. Але гэтага мала. Каб толькі захоўваць колькасць насельніцтва, у сем’ях павінны нараджацца па трое малых».
З пункту гледжання матэрыяльнага стымулявання дзяржавай зроблена дастаткова. Ад нараджэння — да заканчэння ВНУ. Але не заўсёды, па словах Прэзідэнта, прычына ў тым, што не хочуць нараджаць, не толькі ў эканамічных мерах. Самае цяжкае, па яго словах, — праца са стэрэатыпамі, якія навязваюцца.
«Мы не зламаем гэтыя сусветныя тэндэнцыі, не закрыемся ад іх, — канстатаваў беларускі лідар. — Мода на нетрадыцыйную сям’ю — тая ж тэма. І ўсё гэта выглядае як глабальны праект супраць чалавецтва. Але што мяшае ствараць свой, нацыянальны стэрэатып? Беларускі. Трэба вяртаць выяву жанчыны-маці на пастамент. Сёння яна можа быць і дзелавой, і паспяховай нават з трыма і больш дзецьмі. Прыклады ёсць. І ў палітыцы, і ў спорце, у іншых сферах. Гэта пытанне будучыні. Нашага і нашых нашчадкаў. Не можа быць Беларусі без беларусаў! Нам патрэбны людзі».
«Менавіта кадры новай фармацыі — гэта галоўны арыенцір для сістэмы адукацыі»
Не менш важны, чым нараджэнне дзяцей, арыенцір — актыўнае даўгалецце. У большай ступені гэта вынік таго ладу жыцця, які мы выбіраем. Да канца 2030 года кожны пяты беларус будзе старэйшы за 65 гадоў.
«Рэцэпт доўгага і якаснага жыцця ведаюць усе — гэта фізкультура і спорт», — заўважыў Прэзідэнт.
Другі, але не менш важны прыярытэт, які спалучае інтарэсы дзяржавы і грамадства, — якасць адукацыі. Усё пачынаецца са школьнай лаўкі.
«Толькі ў 2025 годзе нашыя школьнікі сталі абсалютнымі пераможцамі Міжнароднай геаграфічнай алімпіяды, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — На алімпіядзе па матэматыцы каманда Рэспублікі Беларусь заняла 5-е месца сярод 109 краін, апярэдзіўшы ўсе еўрапейскія дзяржавы».
Экспарт адукацыйных паслуг дасягнуў 115 мільёнаў долараў. Толькі ў 2025 годзе ў нашай краіне навучаецца 35 тысяч замежных студэнтаў. Геаграфія — 120 краін.
«Але самае важнае — даступнасць айчыннай адукацыі для беларусаў. І мы тут сусветныя лідары», — праінфармаваў Прэзідэнт.
У бліжэйшай перспектыве даручана засяродзіцца на павышэнні гнуткасці сістэмы прафесійнай адукацыі, скарачэнні тэрмінаў падрыхтоўкі спецыялістаў, але з улікам інтэнсіфікацыі навучання.
«Мы павінны ўлічваць, што сёння кіроўныя сусветныя дзяржавы актыўна фармуюць нацыянальныя стратэгіі ў вобласці штучнага інтэлекту, — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. — Беларусь мае сваю навуковую школу з глыбокімі традыцыямі ў матэматыцы і інфармацыйных тэхналогіях. У нас ёсць даследчыкі, інжынеры і распрацоўшчыкі сусветнага ўзроўню. Менавіта кадры новай фармацыі — гэта галоўны арыенцір для сістэмы адукацыі. Трэба больш рыхтаваць нана-і біятэхнолагаў, архітэктараў і высакакласных канструктараў».
«Абарона інтарэсаў Беларусі — на першым месцы»

Гаворачы аб развіцці сферы прававога рэгулявання дзяржавы, Прэзідэнт зрабіў акцэнт на паняцці справядлівасці. «Гэта таксама базавая ўстаноўка, — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — І так, запыт у сучасным грамадстве на справядлівасць толькі расце. Але гэта дарога з двухбаковым рухам. Мы ўсе жадаем жыць і працаваць пад абаронай закона. Справядлівы запыт? Так. Дзяржава як сістэма патрабуе яго выконваць. Справядліва? Зразумела».
І ў гэтым пытанні ўзаемнай адказнасці, па словах беларускага лідара, найважнейшую ролю адыгрывае ўзровень уцягнутасці грамадства ў працэс заканатворчасці. Ëн перакананы, што неабходна больш актыўна ўключаць насельніцтва ў абмеркаванне змен у заканадаўстве.
Увагу дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі Прэзідэнт звярнуў на два моманты.
«Першы. Вы працуеце на месцах, у тым ліку са зваротамі выбаршчыкаў, сустракаецеся з людзьмі, ведаеце пра настроі ў грамадстве, — канкрэтызаваў Прэзідэнт. — З аднаго боку гэта магчымасць адсочваць, як працуюць законы на практыцы, з другога — уцягваць людзей у абмеркаванне новых праектаў. Чым больш пачуем меркаванняў, тым бліжэй мы будзем да аптымальнага выніку».
Другі момант. Спікерам парламента даручана праводзіць рэвізію заканадаўства на пастаяннай аснове.
Гаворачы аб ролі Усебеларускага народнага сходу ў працэсе прававога рэгулявання, Прэзідэнт падкрэсліў, што УНС павінен забяспечваць непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду. УНС, як заўважыў Прэзідэнт, створаны для вырашэння глабальных задач. Аналагічныя мэты, па яго словах, павінны ставіць перад сабой усе грамадскія арганізацыі і партыі.
«Час такі. Абарона інтарэсаў Беларусі — на першым месцы, — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. — Нацыянальнае адзінства, мір, бяспека — базавыя каштоўнасці, якія мы ўсведамляем з кожным днём усё вастрэй. І гэта вынік у тым ліку штодзённай работы сілавых ведамстваў і структур, кожнага супрацоўніка ў пагонах».
«Арэшнік» у нас з учарашняга дня і заступае на баявое дзяжурства»
Аляксандр Лукашэнка ўказаў на страшную тэндэнцыю — сусветную супольнасць уцягваюць у глабальную вайну. «Якія б мірныя ініцыятывы ні гучалі, сітуацыя сур’ёзна абвастраецца, — канстатаваў ён. — Мы не заўсёды расказваем пра тое, якой цаной забяспечваюцца суверэнітэт і тэрытарыяльная цэласнасць краіны ў дадзеных рэаліях».
Прэзідэнт нагадаў, як была створана сістэма рэагавання праваахоўных органаў, у цяжкі перыяд, у 1990-я. Сёння, па словах беларускага лідара, кожны грамадзянін ведае, што яго жыццё і маёмасць знаходзяцца пад надзейнай абаронай.
Максімальна камфортныя ўмовы створаны ў Беларусі і для інвестараў. Патрабаванне, як нагадаў Прэзідэнт, — адно, прынцыповае: плаціць годную заработную плату, выконваць закон і не змешваць эканоміку з палітыкай.
Прэзідэнт праінфармаваў, што нашы Узброеныя Сілы зрабілі ўпор на айчынныя сістэмы, якія самі вырабляем. «Дроны — новая рэальнасць, але ніякія дроны не заменяць падрыхтаванага салдата», — канстатаваў ён, указаўшы на важнасць армейскай службы.
Стратэгічную абарону, па словах Галоўнакамандуючага, забяспечвае ваеннае супрацоўніцтва. «Тут нават не сумнявайцеся: любы агрэсіўны рух у бок беларускіх граніц будзе ўспрыняты як пагроза Саюзнай дзяржаве, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. — Таму Беларусь і Расія рэалізуюць комплекс мер стратэгічнага стрымлівання. Гэта разгортванне на нашай тэрыторыі расійскага складніка Рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) і тактычнай ядзернай зброі, якую мы вярнулі ў Беларусь. Акрамя таго, абсталяваны першыя пазіцыі для ракетнага комплексу „Арэшнік“. Ён у нас з учарашняга дня і заступае на баявое дзяжурства».
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусі вайна не патрэбна. «Наша шчасце — у мірным жыцці», — акцэнтаваў увагу беларускі лідар.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ўсе агучаныя ім рашэнні прыняты выключна ў мэтах стрымлівання паскоранай мілітарызацыі Усходняй Еўропы і ваеннай актыўнасці НАТА. «Міру няма, але за прэмію міру ідзе барацьба», — ахарактарызаваў Прэзідэнт сітуацыю, якая назіраецца ў свеце.
«Расійская Федэрацыя — асноўны саюзнік і партнёр Беларусі»
Па словах кіраўніка дзяржавы, краіны, якія нельга зламаць зброяй, б’юць санкцыямі. «У нас свой шлях, — падкрэсліў ён. — Без ілюзій. Мы жывём пад палітычным, эканамічным ціскам усю суверэнную гісторыю. Гэта цана незалежнасці. Як не стала СССР — так і трымаем гэты ўдар. Але працуем і выходзім на новыя рынкі».
Прэзідэнт канстатаваў, што эканамічны баланс поўнасцю зрушваецца на карысць краін Глабальных Усходу і Поўдня. І мы ў гэту сістэму ўключаны. Будучыня, па яго словах, за такімі арганізацыямі, як БРІКС і ШАС, дзе ўлічваюць нацыянальныя інтарэсы і дзе няма месца ўльтыматумам, пагрозам і шантажу.
«Расійская Федэрацыя — асноўны саюзнік і партнёр Беларусі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мы будзем рабіць усё для таго, каб наш саюз быў моцным».
Кітай, па словах беларускага лідара, — другі пасля Расіі гандлёвы партнёр нашай краіны, абсалютны лідар у свеце. У Беларусі, па словах кіраўніка дзяржавы, — цэлы шэраг найважнейшых дамоўленасцяў на вышэйшым узроўні.
«Якой будзе Беларусь — залежыць толькі ад нас»
Рэзюмуючы, Прэзідэнт адзначыў, што ніхто не ведае, якім будзе заўтра свет. «Якой будзе Беларусь — залежыць толькі ад нас, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Таму давайце кожны на сваім працоўным месцы будзем займацца сваёй справай. Кожны павінен сёння думаць аб тым, каб наша краіна развівалася».
Па словах кіраўніка дзяржавы, у нас ёсць усё для таго, каб нармальна жыць і працаваць. «Толькі часцей трэба глядзець у люстэрка», — параіў ён.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што за ім, за Прэзідэнтам, застаецца вырашэнне стратэгічных пытанняў. Астатнія ж павінны рабіць усё для таго, каб у нашых дзяцей было месца, дзе жыць.
«Час выбраў нас, — падкрэсліў беларускі лідар. — І гэта час канкрэтных спраў. Мы, наша пакаленне, не можам перакласці нявырашаныя праблемы і пытанні на плечы нашых дзяцей. Не маем на гэта права! Нам не ўсё роўна, што будзе пасля нас, што будзе з імі, нашымі дзецьмі. Час, выклікі вельмі жорсткія. Таму давайце зробім усё, што мы павінны зрабіць. А яны прыйдуць пасля нас, калі захочуць скарыстацца нашым вопытам, яны ім скарыстаюцца. Не — яны будуць будаваць краіну для сябе».
Вераніка КАНЮТА
Фота Лізаветы ГОЛАД і БелТА