Top.Mail.Ru

Акцэнты «Балетнага лета ў Вялікім»: вечная класіка і асобы на сцэне

XII Міжнародны фестываль «Балетнае лета ў Вялікім» пройдзе ў Мінску з 6 па 14 чэрвеня 2026 Тэма маштабнага праекта Вялікага тэатра Беларусі селета — «Вечная класіка». Яна дае натхненне на стварэнне прэм’ер і становіцца падставай для сустрэч падчас бенефісаў вядучых салістаў Вялікага тэатра Беларусі і на паказах нашых спектакляў з удзелам запрошаных замежных зорак, а таксама асобных міжнародных праектаў. 


Адкрые фестываль адна з заяўленых прэмхер тэатральнага сезона — балет Людвіга Мінкуса «Баядерка» ў рэдакцыі галоўнага балетмайстра тэатра Ігара Колба. Драматычная гісторыя кахання храмавай танцоўшчыцы і ваяра, што адбываецца ў старажытнай Індыі, падабаецца гледачам. Паколькі тэматыка твора — усходняя, то варта чакаць на сцэне вонкавай раскошы з маштабнымі дэкарацыямі. Балет класічны і добра вядомы мінскай публіцы (папярэдняю версію можна было паглядзець яшчэ восенню мінулага года). Але цяпер пастаноўшчык збіраецца здзівіць некаторымі сцэнамі, якія раней апускаліся ў спектаклі, а таксама сваім падыходам да некаторых сцэн, прыдуманых легендарным харэографам Марыусам Пеціпа. 

Яшчэ адзін класічны балет — «Лебядзінае возера», заўсёды запатрабаваны, колькі б яго ні ставілі. Сёлета гэтаму твору Пятра Чайкоўскага спаўняецца 150-гадоў. Вядома, варта адзначыь, тым больш, што гэты балет ёсць у афішы нашага Вялікага тэатра і традыцыйна карыстаецца ўвагай публікі. Падчас «Балетнага лета» галоўныя партыі Адэты-Адыліі і Зігфрыда выканаюць запрошаныя зоркі — салісты Стамбульскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета Берфу Эльмас і Батур Бюклю. 

Лінію харэаграфічнай класікі падхопяць далей два балеты Адольфа Адана «Карсар» і «Жызэль» (сваю рэдакцыю класічнай версіі для гэтага спектаклю зрабіў Ігар Колб). Але ў летні балетны фестываль у Вялікім тэатры Беларусі гэтыя пастаноўкі ўключаны дзеля таго, каб адзначыць выдатных артыстаў. У прыватнасці, 10 чэрвеня адбудзецца бенефіс заслужанага артыста Беларусі Юрыя Кавалёва — ён адзначае 20-годдзе творчай дзейнасці, для артыстаў балета гэта сур’ёзная дата). У спектаклі «Карсар» заслужаны артыст Беларусі выканае партыю Конрада, а яго партнёркай у гэты вечар будзе прыма-балерына славутага расійскага Марыінскага тэатра Аксана Скорык — яна станцуе Медору. 

Вядучая салістка Вялікага тэатра Беларусі Аляксандра Чыжык у свой бенефіс (15-годдзе кар’еры) упершыню станцуе партыю Жэзэлі ў аднайменным спектаклі 13 чэрвеня. У партыі Альберта ўбачым Цімура Куаталіева, артыста балета Маскоўскага дзяржаўнага акадэмічнага Дзіцячага музычнага тэатра імя Наталлі Сац. 

Звычайна ў рамках «Балетнага лета» мы бачылі пастаноўкі, якія прыязджалі да нас з-за межаў Беларусі. Сёлета міжнародная частка будзе вельмі арыгінальнай: праект «Шаўковая нітка» 12 і 13 чэрвеня прадставіць творчы дыялог беларускіх артыстаў і В’етнамскага аркестра традыцыйных інструментаў з опернага тэатра «Хо Гыом». І атрымаем в’етнамскі варыянт таго, якім чынам можна спалучыць акадэмічную харэаграфію і традыцыйную азіяцкую музыку. Заключны Гала-канцэрт зорак балета адбудзецца 14 чэрвеня. Ён прысвечаны народнай артыстцы Беларусі Людміле Бржазоўскай, якая магла б сёлета адзначаць 80-годдзе. Любіміцу беларускай публікі згадаюць у тэатры, якому яна аддала 57 гадоў свайго жыцця — спачатку як салістка, пасля як педагог — на сцэне Вялікага цяпер танцуюць яе выхаванкі. Яны і запрошаныя госці з розных краін свету праз танец паразважаюць над пытаннем: што значыць асоба ў балеце?

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю