Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Аксана Ільковіч расказвае пра галоўныя аспекты работы ў сваёй 69-й Салігорскай сельскай акрузе.
Дэпутат прызнаецца, што са сваёй выбарчай акругай, у склад якой уваходзяць горад Любань, Любанскі раён, увесь Салігорскі раён і частка новабудоўляў горада шахцёраў, знаёмілася практычна на працягу ўсяго свайго жыцця. Сама яна родам з вёскі Заельнае Любанскага раёна. Па спецыяльнасці педагог-дэфектолаг, 20 гадоў працавала ў Любані ў Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, пасля — дырэктарам ТЦСАН. «Амаль усё сваё жыццё працавала з сацыяльна ўразлівымі катэгорыямі грамадзян. Гэта і сем’і з дзецьмі-інвалідамі, і пажылыя грамадзяне, таму пра патрэбы і праблемы людзей добра ведаю» , — гаворыць Аксана Ільковіч. Дарэчы, з Салігорскім раёнам яе звязвае і тое, што сын пасля заканчэння Акадэміі МУС працаваў там участковым.
Насельніцтва акругі налічвае крыху больш за 66 тысяч чалавек, і гэта вельмі шырокая тэрыторыя. І дэпутату падчас працы на месцы часта даводзіцца пераадольваць па 200 кіламетраў, імкнучыся наведаць самыя крайнія пункты гэтага вялікага рэгіёна.
— З чым прыходзяць на асабістыя прыёмы вашы выбаршчыкі?
— Не толькі з праблемамі. Грамадзяне прыходзяць і са сваімі просьбамі, і з прапановамі. Мяне заўсёды кранае, калі выбаршчыкі на прыёмах кажуць, што любяць свой населены пункт, калі кажуць дзякуй дзяржаве за тое, што робіцца для народа.
Што датычыцца спраў надзённых, напэўна, самая важная і запатрабаваная тэма, якая ўздымаецца сёння на вёсцы, — электрыфікацыя населеных пунктаў. Тут важна данесці да людзей, што з часам усе будуць забяспечаны электраэнергіяй, але зрабіць гэта за адзін раз немагчыма.
І на Салігоршчыне, і на Любаншчыне грамадзяне, у якіх ужо праведзены газ, параўноўваюць пэўныя паслугі па газіфікацыі і энергазабеспячэнні і разумеюць, што электраацяпленне — гэта выгадна, танней, прасцей. Такія пытанні паднімаюцца практычна на кожным прыёме грамадзян. Акрамя таго, атрымліваю звароты, якія датычацца жыццядзейнасці і жыццезабеспячэння людзей, пытанні выплаты сацыяльных ільгот і гарантый для самых розных катэгорый грамадзян. Сацыяльныя пытанні заўсёды былі і застаюцца самымі надзённымі. Вядома, усе ўмеюць чытаць, сёння пра многае інфармуюць, але часта людзі прыходзяць і просяць проста патлумачыць пэўную заканадаўчую норму; расказаць, як яна дзейнічае і гэтак далей. Я ўвесь час кажу, што вельмі важна не падманваць, не падлашчвацца да людзей, а заўсёды расказваць рэальную сітуацыю, тлумачыць выбаршчыкам, што рэальна можна зрабіць у іх бядзе, а што ідзе ўразрэз з заканадаўствам.
— Нярэдка вы праводзіце сустрэчы з моладдзю. Якія пытанні ўзнімаеце падчас такіх мерапрыемстваў? Што імкняцеся данесці ў першую чаргу?
— Ужо сёння мы актыўна далучаем моладзь да работы са зваротамі грамадзян, запрашаем на прыёмы, на сустрэчы з працоўнымі калектывамі. Добры таму прыклад — член Маладзёжнага парламента з Любанскага раёна Уладзіслаў Емельянчык. Здавалася б, звычайны настаўнік гісторыі і грамадазнаўства, які працуе ў сярэдняй школе № 3 Любані. Але ён практычна ў кожны мой прыезд удзельнічае ў сустрэчах з моладдзю, працоўнымі калектывамі і гэтак далей. У дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў мы разам з вучнямі старэйшых класаў і воінамі-«афганцамі» правялі жывы дыялог, дзе расказвалі аб той вайне; імкнуліся данесці, што мір на нашай зямлі абавязкова трэба зберагчы і захаваць. Гэта было даволі кранальна, хвалююча... І вельмі радуе, што сёння наша моладзь сапраўды нас чуе і разумее.
У цэлым у сваёй рабоце стараюся часцей праводзіць розныя форумы, сустрэчы, дыялогавыя пляцоўкі з нашай моладдзю. Не так даўно мы правялі форум з моладдзю сельгасарганізацый Любаншчыны і Салігоршчыны.
Там працуюць цікавыя, таленавітыя маладыя людзі, і, што важна, яны не хочуць з’язджаць, яны хочуць жыць і развівацца ў невялікіх сельскіх населеных пунктах. Гэта наша будучыня. Як ні круці, Беларусь — сельскагаспадарчая краіна. Для нас важнае актыўнае развіццё сучаснай сельскай гаспадаркі.
А хто зробіць яе сучаснай, калі не наша таленавітая моладзь?
— Вялікая ўвага з боку дзяржавы надаецца маніторынгу цэн і асартыменту ў крамах. Падобныя інспекцыі дазваляюць аператыўна выяўляць праблемныя моманты, прымаць неабходныя меры і забяспечваць годны ўзровень жыцця насельніцтва. Якая сітуацыя сёння назіраецца ў крамах вашай акругі?
— Прыязджаючы ў рэгіён, штомесяц вырабляем маніторынг цэн і асартыментаў у крамах. Мы глядзім цэны на сацыяльна значныя прадукты, на асноўны кошык беларуса. Гэта прадукты харчавання, гародніна, садавіна, мясная прадукцыя, крупы. Найперш, мы глядзім на тое, каб гэта была прадукцыя беларускіх вытворцаў. Сёння ў сельскіх крамах маецца вялікі выбар прадуктаў і тавараў належнай якасці. Радуе, што прадстаўлены шырокі асартымент прадукцыі беларускіх вытворцаў. Перабояў з дастаўкай прадуктаў не назіраецца. Стабільная наяўнасць прадуктаў харчавання і тавараў паўсядзённага попыту з’яўляецца важным фактарам для забеспячэння харчовай бяспекі і падтрымання сацыяльнай стабільнасці ў рэгіёне.
У маланаселеных пунктах, дзе няма магчымасці ўтрымліваць краму, актыўна працуюць аўталаўкі. Вядома, бывае, што ў іх можа і не быць таго тавару, які жадаюць людзі, але сёння пад заказ могуць прывезці практычна ўсё неабходнае, любы буйнагабарытны тавар. Існуюць каталогі, якія знаходзяцца ў аўталаўках, і людзі могуць паглядзець розную мэблю, тэхніку, халадзільнікі, тэлевізары, і іх прывозяць нават не ў бліжэйшы магазін, а непасрэдна да дома. Тое ж самае датычыцца будаўнічых матэрыялаў, асабліва ў летні сезон. Зразумела, што кожны чалавек хоча, каб ён мог у любую хвіліну купіць абсалютна любы тавар. Але людзі разумеюць, што не заўсёды ёсць такая магчымасць.
Не меншая ўвага надаецца маніторынгу цэн і асартыментаў у аптэках. У іх прадстаўлены вялікі выбар лекаў як беларускіх вытворцаў, так і замежных аналагаў. Жыхары акругі могуць набываць неабходныя лекі незалежна ад сваіх фінансавых магчымасцяў, дзякуючы наяўнасці як арыгінальных, так і больш даступных па цане аналагаў. Важная частка маніторынгу — зносіны з пакупнікамі. Я заўсёды цікаўлюся іх меркаваннем аб якасці тавараў, цэнах і асартыменце. Радуе, што скаргаў і нараканняў ад пакупнікоў у адрас гандлю пакуль не паступала. Гэта сведчыць аб тым, што гандлёвыя сеткі і аптэкі акругі ў цэлым паспяхова спраўляюцца са сваімі задачамі і задавальняюць патрэбы насельніцтва.