Кіраўнік дзяржавы правёў нараду па пытанні стварэння Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій
Прадметная размова аб стварэнні ўстановы адукацыі будучыні стала ключавой тэмай нарады, якая адбылася ў Палацы Незалежнасці пад кіраўніцтвам беларускага лідара. Да дыскусіі былі запрошаны ў тым ліку кіраўніцтва ўрада, Адміністрацыі Прэзідэнта, Нацыянальнай акадэміі навук, профільных міністэрстваў і ВНУ.
У студзені, прызначаючы новых рэктараў, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка расказаў пра ідэю стварэння адукацыйнага цэнтра, у якім будуць сабраны «найлепшыя зярняткі». Яго мэта — падрыхтоўка спецыялістаў па запатрабаваных і перспектыўных кірунках. У ходзе нарады, якая адбылася ў гэты аўторак, былі абмеркаваны самыя галоўныя пытанні: каго і чаму будуць вучыць ва ўстанове, што ствараецца, і пад якія задачы.
«Праект гэты вельмі важны, ён актуальны для краіны»
Звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў пачатку года была ўстаноўлена дамоўленасць аб тым, што ва ўрадзе, адпаведных органах улады прапрацуюць варыянт стварэння новага кірунку адукацыі, навукі, або цэнтра будучыні. «Як вы прапануеце назваць, Акадэмія інтэлектуальных тэхналогій. Адразу хачу сказаць: другі фундаментальны кірунак у Беларусі не патрэбны, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Я не выключаю, што ў гэтым навуковым цэнтры будзе нямала фундаментальных навук або фундаментальных элементаў. Але гэта павінен быць прыкладны кірунак. Гэта перш за ўсё павінна быць для жыцця. Няхай на пэўную перспектыву, але пажадана не на аддаленую».

Прэзідэнт лічыць, што дарога ў акадэмію павінна быць адкрыта для ўсіх таленавітых людзей, не толькі для моладзі. «Для мяне не важна, які ўзрост чалавека. Галоўнае, каб у галаве ў яго нешта было. Ну гэта маё меркаванне, я хачу пачуць ваша, — звярнуўся да прысутных Прэзідэнт. — Яшчэ раз арыентую вас, што гэта нам трэба заўтра, а не паслязаўтра, як там фундаменталісты нам абяцаюць. Яны ўсё вывучаюць, вывучаюць, гавораць, што без фундаментальнай навукі ніякіх прыкладных навук не можа быць і гэтак далей... Фундаментальнай навукі няма, а прыкладныя ў нас хоць нешта робяць, але робяць мала».
Новую адукацыйную ўстанову пакуль прапанавана стварыць у варыянце акадэміі, але, магчыма, гэта будзе нейкі навуковы цэнтр будучыні. «Праект гэты вельмі важны, ён актуальны для краіны, — падкрэсліў беларускі лідар. — Яго рэалізацыя дазволіць сістэматызаваць і вывесці на новы ўзровень работу з таленавітымі маладымі людзьмі».
Засяродзіць у гэтым цэнтры трэба найлепшыя розумы, незалежна ад узросту, каб яны маглі раскрыць свой патэнцыял і прынесці максімальную карысць краіне і грамадству, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. «Няважна, які ўзрост у чалавека, галоўнае, каб у галаве нешта было», — заўважыў ён.
«Гэты цэнтр павінен быць звернуты ў заўтрашні дзень»
Па словах Прэзідэнта, важна, каб людзі, якія будуць навучацца ў гэтай установе сёння, маглі б раскрыць свой патэнцыял і прынесці карысць краіне і грамадству заўтра.
У цэлым асобныя крокі ў гэтым напрамку зроблены, звярнуў увагу беларускі лідар. «Вынік быццам бы ёсць. Мэтанакіраваных, адукаваных, гатовых пастаянна вучыцца маладых людзей у нас штогод становіцца больш, — канстатаваў ён. — Толькі сёлета ў ВНУ паступілі каля 600 пераможцаў міжнародных алімпіяд і конкурсаў і прэзідэнцкіх стыпендыятаў». Задача для Адміністрацыі Прэзідэнта і ўрада — каб гэтыя талковыя, здольныя, таленавітыя маладыя людзі заставаліся ў краіне і прыносілі карысць.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў адчувальны ўнёсак Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка ў падрыхтоўку найлепшых з лепшых. Па словах Прэзідэнта, штогод каля 150 выпускнікоў тэхнапарка атрымліваюць рэкамендацыі і без экзаменаў паступаюць на інжынерныя спецыяльнасці. Але Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным паглядзець, як яны вучацца і ці становяцца, як на іх разлічваюць, спецыялістамі ў сваёй справе.
Пры гэтым Прэзідэнт назваў правільным рашэнне аб адкрыцці тэхнапарка, у якім засяроджаны найлепшыя розумы. «Зрабіўшы стаўку на ўкараненне найноўшых адукацыйных тэхналогій у рабоце з таленавітымі дзецьмі, мы пачалі фарміраваць будучыню нашай краіны, як мы яе называем, інтэлектуальную эліту, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Але час не стаіць на месцы, і нам неабходна зрабіць якасны рывок у рабоце з адоранай моладдзю».
«Фарміраванне эканомікі будучыні немагчыма без апераджальнага развіцця сістэмы вышэйшай адукацыі»
«Я ўжо неаднаразова гаварыў, што фарміраванне эканомікі будучыні немагчыма без апераджальнага развіцця сістэмы вышэйшай адукацыі. Гаворка ідзе аб стварэнні кардынальна новага адукацыйнага асяроддзя — гнуткага, міждысцыплінарнага, арыентаванага на вынік і інтэграванага ў рэальныя эканамічныя працэсы. І найперш — пад патрэбы нашай краіны. Менавіта таму наспела неабходнасць у стварэнні новага ўніверсітэта — універсітэта будучыні. І мы дамовіліся, што такой установе або, як вы яе называеце, акадэміі сёння быць», — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт.
Але гэта не значыць, дадаў кіраўнік дзяржавы, што рэктары астатніх ВНУ і Акадэмія навук могуць «умыць рукі» і не займацца падрыхтоўкай спецыялістаў для навукаёмістых вытворчасцяў, пераклаўшы ўсё на новую ўстанову. «Гэтай задачы ніхто з нашых ВНУ не здымае», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Урад і іншыя зацікаўленыя па даручэнні Прэзідэнта дэталёва прапрацавалі ўсе пытанні і прапанавалі паўнацэнную змястоўную канцэпцыю функцыянавання акадэміі. Але перад тым, як падпісаць выніковыя дакументы, Аляксандр Лукашэнка вырашыў на нарадзе пачуць адказы на шэраг актуальных пытанняў. Яны датычацца, у прыватнасці, канцэпцыі ВНУ, яе структуры і зместу адукацыйных праграм.

Памыліцца ні ў якім разе нельга, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. «Таму што гэта затратна, і таму што ў нас адукацыйных, навуковых і іншых цэнтраў дастаткова. Для Беларусі гэта дастаткова. Гэта была мая мэта — захаваць усё тое добрае, што засталося пасля Савецкага Саюза. Усё ж такі навука і адукацыя ў нас былі самыя лепшыя ў Савецкім Саюзе», — канстатаваў беларускі лідар.
Нельга дапусціць, каб гэты цэнтр, акадэмія або ўніверсітэт стаў чарговай ВНУ і проста пастаўшчыком дыпломаў, заўважыў беларускі лідар. «Тут павінны рыхтаваць спецыялістаў, здольных ствараць уласныя рашэнні ў найбольш перспектыўных галінах, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Цяпер модна гаварыць аб штучным інтэлекце, новых матэрыялах, лічбавай прамысловасці, квантавых тэхналогіях».
«Установа павінна стаць лакаматывам не толькі ўсёй сістэмы адукацыі, але і навукі»
Акрамя адукацыйнага трэка акадэмія павінна стаць адным з ключавых інструментаў забеспячэння тэхналагічнага суверэнітэту. Генерыруючы новыя тэхналогіі і інжынерныя рашэнні, трэба працаваць над павышэннем прадукцыйнасці прадпрыемстваў, ростам экспарту і канкурэнтаздольнасці краіны. «Паспяховыя напрацоўкі, новыя методыкі і навучальныя праграмы, якія апрабуюцца ў гэтым цэнтры, акадэміі, універсітэце, трэба ў далейшым укараняць і ў іншых ВНУ. Установа павінна стаць лакаматывам не толькі сістэмы адукацыі, але і, хацелася б, навукі», — арыентаваў кіраўнік дзяржавы.

Беларускі лідар яшчэ раз звярнуў увагу: «Не маючы багатых прыродных выкапняў, іншых рэсурсаў, нам трэба ўкладвацца ў рэсурсы інтэлектуальныя, як модна гаварыць, у чалавечы патэнцыял, у людзей, асабліва ў моладзь, таму што моладзь — гэта будучыня. Неабходна даць ім магчымасць раскрыць свой патэнцыял дома, у Беларусі».
Разам з тым не трэба ўводзіць узроставыя абмежаванні для навучання ў новай установе і набіраць туды толькі моладзь, лічыць Прэзідэнт. «Трэба таленавітым людзям адкрыць дарогу ў гэту акадэмію», — выказаў упэўненасць ён. Бо для перадавых, прарыўных ідэй і распрацовак часта важны вопыт, атрыманы ў жыцці і прафесійнай дзейнасці. Тым больш што дзяржава і грамадства ўскладаюць вялікія надзеі на новую акадэмію і яе будучы ўклад у развіццё краіны. Магчыма, там змогуць вынайсці прынцыпова новы магутны сродак барацьбы з беспілотнікамі, якія цяпер ва ўсіх на слыху, і гэтая распрацоўка абнуліць значэнне і ролю БПЛА, выказаў меркаванне Прэзідэнт.
«Гэта павінна быць звернута ў будучыню, — сказаў кіраўнік дзяржавы аб кірунках, над якімі трэба будзе працаваць акадэміі. — Кожны год усе мы павінны пераконваць, што нездарма гэты цэнтр стварылі, што самыя разумныя, прасунутыя нашы рабяты (а ў нас дастаткова шмат разумных і прасунутых людзей) могуць там і адукацыю ў шырокім сэнсе атрымаць, і сябе рэалізаваць у гэтым цэнтры».
Упор у новай акадэміі будзе зроблены на атрыманне рэальнага эфекту для эканомікі
Міністр адукацыі Андрэй Іванец у сваім дакладзе падрабязна расказаў, што закладзена ў канцэпцыі новага цэнтра. «Мы разумеем, што рэалізаваць гэтыя эксперыментальныя праграмы мы зможам толькі пры адборы матываванай і адоранай моладзі. У масавым парадку ва ўсіх універсітэтах названыя эксперыментальныя праграмы не дадуць належнага эфекту, — звярнуў увагу кіраўнік ведамства. — Трэба адчыніць дзверы для выпускнікоў каледжаў, для тых маладых людзей, якія ўжо сёння вучацца ў ВНУ, праявілі сябе і хочуць перавесціся ў гэты новы адукацыйны цэнтр». Міністр дадаў, што студэнтам, якія хочуць паступіць у цэнтр, неабходна будзе прайсці субяседаванне і здаць унутраны экзамен.
«Пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд мы павінны забраць са школьнай парты», — заўважыў Андрэй Іванец.
Міністр адукацыі адзначыў, што ўпор у новай акадэміі будзе зроблены на атрыманне рэальнага эфекту для эканомікі. Падрыхтоўка будзе ажыццяўляцца ў галіне прыродазнаўчых навук і інжынерных тэхналогій. Спецыялістаў будуць навучаць распрацоўцы перспектыўных і сучасных тэхналогій, якія прадаюцца ў Беларусі і за мяжой.
Андрэй Іванец паведаміў, што базавую адукацыю тыя, хто будзе навучацца ў акадэміі, атрымаюць за першыя два курсы, а ўпор будзе зроблены на праектнае навучанне: «Гэта будзе вельмі напружаная, карпатлівая вучоба ў рэжыме 24 на 7. З трэцяга курса фактычна пачынаецца індывідуальнае навучанне: канкрэтны праект, канкрэтная тэхналагічная задача, канкрэтнае прадпрыемства, для якога гэты малады чалавек альбо міждысцыплінарная каманда будуць вырашаць пастаўленую задачу. Кіраўнікі канструктарскіх бюро, галоўныя тэхнолагі, навукоўцы будуць аб’яднаныя для таго, каб атрымаць канкрэтны вынік».

Што датычыцца кадраў, павінна быць забяспечана пераемнасць пакаленняў, падкрэсліў міністр. «Мы павінны забяспечыць пераемнасць пакаленняў. Па шэрагу кірункаў у нас ёсць старэнне кадраў — мы гэта бачым і ў ВНУ, і ў Акадэміі навук. Гэту тэндэнцыю мы павінны пераламаць. Разам з тым па кожным з кірункаў мы падабралі ўжо пул самых лепшых і выкладчыкаў, і навукоўцаў, і практыкаў для таго, каб іх аб’яднаць. Але самае галоўнае — мы там павінны вырасціць новых навукоўцаў, выкладчыкаў, галоўных тэхнолагаў. Гэта архіважная задача», — звярнуў увагу Андрэй Іванец.
Міністр адукацыі расказаў, што пры распрацоўцы канцэпцыі новага цэнтра быў вывучаны вопыт вядучых ВНУ Расіі, якія ўваходзяць у топ-100 сусветнага рэйтынгу. Акрамя таго, назапашаны значны вопыт за час рэалізацыі сумесна з Пекінскім універсітэтам праграмы па біятэхналогіях, які можна распаўсюдзіць і на іншыя кірункі.
Даслоўна
«Нам важна падрыхтаваць не проста прафесіянала, а прафесіянала, які хоча служыць і прыносіць карысць сваёй краіне»
У размове з журналістамі міністр адукацыі Андрэй Іванец адзначыў, што Акадэмія інтэлектуальных тэхналогій заклікана сабраць не толькі адораную моладзь, але і самых лепшых выкладчыкаў і навукоўцаў-практыкаў. На нарадзе ў Прэзідэнта быў зроблены асаблівы акцэнт на тым, каго канкрэтна будуць набіраць у гэту навучальную ўстанову. «Маладыя людзі, якія з’яўляюцца выпускнікамі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, пераможцамі міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, павінны мець права прайсці адбор, каб трапіць у акадэмію», — падкрэсліў Андрэй Іванец.
Немалаважны аспект — не зачыніць дзверы для тых, хто выпускаецца з каледжаў, вучыцца ва ўніверсітэтах. Маецца на ўвазе і траекторыя паступлення і выпускнікоў каледжаў, і студэнтаў, якія ўжо навучаюцца па сумежных кірунках у іншых універсітэтах краіны.

У акадэміі плануецца работа трох вышэйшых школ: прыродазнаўчых навук (матэматыка, фізіка, хімія), інжынерных тэхналогій (новыя матэрыялы, аэракасмічныя даследаванні, фізіка-хімічная інжынерыя), лічбавых тэхналогій (штучны інтэлект, лічбавыя фінансавыя тэхналогіі). Па словах міністра, набор на кожны кірунак мяркуецца ў колькасці 10-15 чалавек, якія будуць працаваць над канкрэтнымі тэхналагічнымі праектамі і задачамі. Усяго ў акадэмію штогод будуць набіраць не больш за 150 чалавек.
Міністр звярнуў увагу на тое, што фактычна з першага або другога курса для навучэнцаў Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій арганізуюць індывідуальнае навучанне. «Яны будуць працаваць над канкрэтнымі вытворчымі задачамі, і ў канчатковым выніку мы будзем разумець, пад якога спажыўца рыхтуем не толькі спецыяліста, але і ствараем адпаведную распрацоўку», — канстатаваў Андрэй Іванец.
Замест звыклай абароны дыпломаў выпускнікам акадэміі трэба будзе абараніць тэхналагічны стартап-праект, дзе будуць пацверджаны і абгрунтаваныя кампетэнцыі па атрыманай спецыяльнасці. «У адукацыйным працэсе будзе задзейнічаны не толькі рэальны сектар эканомікі, але і акадэмічныя інстытуты. Гэта будзе прывабны цэнтр і для студэнтаў, і для выкладчыкаў», — дадаў міністр.
Для ахвотных навучацца ў акадэміі прадугледжаны строгія правілы прыёму, якія ўключаюць персанальны адбор і здачу ўнутранага экзамену. «Стандартным наборам здачы цэнтралізаванага экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання мы тут не можам абысціся, — перакананы кіраўнік ведамства. — Мы павінны ўбачыць кожнага, паглядзець яго кампетэнцыі, матывацыю і вынік, на які накіраваны кожны малады чалавек. Таму што нам важна падрыхтаваць не проста прафесіянала, а прафесіянала, які хоча служыць і прыносіць карысць сваёй краіне».
Андрэй Іванец звярнуў увагу на тое, што навучэнцы акадэміі ўжо з першых курсаў будуць замацаваны за канкрэтнымі арганізацыямі — не толькі дзяржаўнымі, але і прыватнымі. Больш за тое, пры стварэнні гэтага адукацыйнага цэнтра ўлічвалася жаданне выпускнікоў ствараць свае кампаніі. «Такім чынам, мы будзем не толькі забяспечваць кадравую падтрымку ўжо дзеючых прадпрыемстваў высокакваліфікаванымі спецыялістамі. Будзе магчымасць (у выпускнікоў. — „Зв.“) ствараць новыя малыя кампаніі, свайго роду сатэліты вакол буйных прадпрыемстваў, якія дзейнічаюць у нашай краіне», — дадаў ён.
Прынцыповыя пытанні, разгледжаныя на нарадзе, былі падтрыманы Прэзідэнтам. Кіраўнік дзяржавы даручыў на працягу тыдня ўнесці фінальную версію праекта адпаведнага ўказа на падпісанне.
«Краіна мае патрэбу ў такіх спецыялістах, і павінна быць структура, якая іх будзе рыхтаваць»
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік паведаміў журналістам, што падрыхтоўку ў Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій змогуць прайсці не толькі выпускнікі школ, але і студэнты, выпускнікі ВНУ, а таксама навукоўцы. Для іх прадугледжана магчымасць паступлення ў аспірантуру і дактарантуру гэтай установы.
«Калі ёсць прагрэсіўныя ідэі, кампетэнцыі і гатоўнасць працаваць на карысць краіны, павінна быць магчымасць навучацца ў акадэміі незалежна ад узросту», — перакананы кіраўнік НАН. Ён дадаў, што новая акадэмія будзе даваць не класічную адукацыю ВНУ, а рыхтаваць спецыялістаў для сферы R&D (даследаванняў і распрацовак). «Краіна мае патрэбу ў такіх спецыялістах, і павінна быць структура, якая іх будзе рыхтаваць», — адзначыў Уладзімір Каранік.
Ён лічыць, што акадэмія павінна стаць сістэмным інтэгратарам, мець магчымасць накіроўваць сваіх слухачоў у любую лабараторыю краіны, няхай гэта будзе лабараторыя інстытута НАН, флагманаў прамысловасці або ВНУ. «Сучаснае развіццё навукова-тэхнічнага прагрэсу патрабуе мультыдысцыплінарнага падыходу, ён павінен быць рэалізаваны. Акадэмія фактычна павінна ўзяць на сябе функцыі сістэмнага інтэгратара, які будзе вызначаць, спецыялісты якога профілю найбольш запатрабаваныя ў рэальным сектары эканомікі, а таксама прагназаваць патрэбу ў кадрах на бліжэйшыя гады», — адзначыў кіраўнік НАН.
Акадэмія навук, паводле яго слоў, гатова прадаставіць сваю лабараторную базу для падрыхтоўкі спецыялістаў Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій. Уладзімір Каранік выказаў надзею, што значная частка выпускнікоў новай акадэміі размяркуецца ў інстытуты НАН. У першую чаргу, адзначыў Уладзімір Каранік, будуць запатрабаваныя тыя, хто зможа прапанаваць нейкія новыя кірункі, каб «мы не толькі даганялі і забяспечвалі тэхналагічны суверэнітэт, але і фарміравалі павестку навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, якой будзе ганарыцца краіна».
«Павялічыць эфектыўнасць, прадукцыйнасць і не закапаць грошы дзеля моды»
Адна з мэт стварэння Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій — забяспечыць максімальна аператыўную абсорбцыю ўсіх новых тэхналогій, іх апрабацыю ў адукацыйным працэсе і далейшую перадачу ў традыцыйныя ўніверсальныя ВНУ. Такім меркаваннем падзяліўся з журналістам міністр сувязі і інфарматызацыі Кірыл Залескі.
Падрыхтоўка спецыялістаў у галіне лічбавых тэхналогій стане адным з кірункаў дзейнасці акадэміі. У адрозненне ад іншых ВНУ краіны, якія таксама рыхтуюць спецыялістаў у гэтай галіне ведаў, тут зробяць акцэнт на стварэнні і архітэктуры складаных лічбавых сістэм. «Каб зразумець і ўсвядоміць лічбавізацыю канкрэтнай сферы, трэба быць адначасова экспертам у галіне лічбы і ў прадметнай сферы таго ці іншага сектара эканомікі. Тады можна ўсвядоміць, які менавіта элемент лічбавай тэхналогіі, мадэль ШІ неабходна ўжыць у канкрэтнай вытворчасці, каб павялічыць эфектыўнасць, прадукцыйнасць і не закапаць грошы дзеля моды», — растлумачыў Кірыл Залескі.
Важным аспектам адукацыйнага працэсу стане магчымасць узаемнага навучання слухачоў і прафесарска-выкладчыцкага складу. «Бывае, што ў пэўных тэхналагічных навацыях выпускнікі школ разбіраюцца лепш, чым дзеючыя выкладчыкі. Гэта не добра і не дрэнна, гэта рэальнасць. Сёння моладзь значна хутчэй асвойвае ўсё новае, лічбавае. Шляхам сінергіі студэнтаў і выкладчыкаў у акадэміі мы не толькі збіраем найлепшыя выкладчыцкія кампетэнцыі для студэнтаў, але і ўзбагачаем выкладчыцкае асяроддзе з пункту гледжання прымянення лічбавых тэхналогій», — дадаў кіраўнік ведамства.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА