Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 верасня падпісаў Указ № 310 «Аб стварэнні Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій». Аб гэтым паведамляе БелТА.
З 1 верасня 2027 года Акадэмія пачне падрыхтоўку спецыялістаў у галіне прыродазнаўчых навук, прамысловых і лічбавых тэхналогій, іншых перспектыўных напрамкаў.
Для прыёму на навучанне прадугледжаны ўнікальны парадак адбору ў фармаце рэспубліканскага конкурсу, у якім змогуць прыняць удзел выпускнікі школ, навучэнцы каледжаў і студэнты ВНУ, спецыялісты прадпрыемстваў, вучоныя. Папярэднія адборы будуць праходзіць у Мінску, абласных цэнтрах і буйных гарадах. Ахвотныя навучацца ў Акадэміі павінны будуць падаць крэатыўную ідэю, распрацоўку, вынаходства, рацыянальную прапанову.
Заключны этап адбору ўяўляе сабой практычны інтэнсіўны курс у Акадэміі з выкананнем індывідуальных і групавых заданняў, публічнай абаронай праекта і здачай унутранага ўступнага іспыту.
Да адукацыйнага працэсу ў Акадэміі прыцягнуць вядучых вучоных і выкладчыкаў, кіраўнікоў і спецыялістаў-практыкаў прадпрыемстваў, якія дабіліся значных дасягненняў у навуковай, інавацыйнай і вытворчай сферах.
Асаблівы падыход прадугледжаны і адносна праграм навучання. Яны могуць быць скарэкціраваны на падставе галіновых запытаў. Навучэнцы змогуць самастойна выбіраць спецкурсы, сумежную прафілізацыю або спецыяльнасць. Для іх будзе арганізавана навучанне на прадпрыемствах з вырашэннем рэальных вытворчых задач, а таксама групавая і індывідуальная праектная і навукова-даследчая дзейнасць. Усё гэта дасць магчымасць выйсці на канкрэтны прадукт, арыентаваны на ўкараненне ў рэальны сектар эканомікі і камерцыялізацыю.
Эксперыментальныя навучальныя праграмы і перадавыя методыкі, якія прайшлі апрабацыю ў Акадэміі, будуць укараняцца ў іншыя ўстановы адукацыі, што забяспечыць далейшае павышэнне якасці падрыхтоўкі спецыялістаў.
Пасля завяршэння навучання прадугледжваецца здача дзяржаўнага экзамену, а таксама абарона стартап-праекта або прыкладной навукова-даследчай работы.
Каардынацыю работы Акадэміі і кантроль за яе дзейнасцю будзе ажыццяўляць назіральны савет, які ўзначальвае міністр адукацыі. У склад савета ўвойдуць кіраўнікі галіновых міністэрстваў і ведамстваў, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Парка высокіх тэхналогій.
Стварэнне Акадэміі дасць магчымасць сфарміраваць гнуткае, міждысцыплінарнае навукова-адукацыйнае асяроддзе новага тыпу, якое будзе арыентавана на практычны вынік і інтэгравана ў рэальныя эканамічныя працэсы з улікам патрэбнасцяў краіны.