«Трэба цвёрда ісці да пастаўленай мэты...»
ААТ «СветлагорскХімвалакно», адзін з найбуйнейшых вытворцаў хімічных валокнаў і нітак у СНД, вядомы выпускам высакаякасных поліэфірных тэкстыльных нітак, тэрмаўстойлівых матэрыялаў, а таксама поліпрапіленавай нятканай прадукцыі. Прадпрыемства выпускае шырокі асартымент прадукцыі: ад трывалых тэхнічных тканін да поліпрапіленавай мяккай тары.
За высокімі вытворчымі паказчыкамі, за складаным тэхналагічным працэсам кіпіць штодзённая праца адказных спецыялістаў, людзей, якія добра ведаюць сваю справу і зараджаюць працоўнай энергіяй. Сярод іх — Юлія Уладзіміраўна і Вячаслаў Леанідавіч Селядцы, якія з’яўляюцца прадаўжальнікамі працоўнай сямейнай дынастыі прадпрыемства.
Юлія Уладзіміраўна — вядучы інжынер па прамысловай бяспецы аддзела прамысловай бяспекі і тэхнічнага нагляду, а яе муж — намеснік галоўнага метролага.
— Так склалася, што ААТ «Светлагорск-Хімвалакно» стала для мяне першым і адзіным месцам працы. Я прыйшла сюды на работу па прыкладзе сваіх бацькоў і на працягу многіх гадоў упэўніваюся ў тым, што зрабіла правільны выбар, — адзначае Юлія Уладзіміраўна. — 44 гады адпрацаваў на прадпрыемстве слесарам мой тата Уладзімір Клімавіч Дзікун, а 37 гадоў аддала рабоце апаратчыкам мая маці Вольга Васільеўна. Цяпер тут працуе і жонка майго брата Юлія Валер’еўна Дзікун. Яна з’яўляецца намеснікам начальніка хіміка-прадзільнага цэха.
«Усведамленне таго, што ты справілася з задачай, дае пачуццё гонару за сябе»
Першы працоўны дзень Юлія Уладзіміраўна добра памятае. Скончыўшы Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П. Сухога, атрымала размеркаванне ў ААТ «СветлагорскХімвалакно».
— Маім першым рабочым месцам стаў аддзел метролага ў лабараторыі метралогіі. Памятаю, як разам з маці прыехалі на завод, мінулі прахадную, а потым мама ўсміхнулася і кажа: «Табе туды. Усё атрымаецца». І пайшла на сваё працоўнае месца, а я — на сваё. Падышла да кабінета галоўнага метролага і стаю, баюся ўвайсці, перамінаюся з нагі на нагу, думаю, што сказаць... І вось выходзіць Віктар Мікалаевіч Навумянкоў, які ў той час працаваў галоўным метролагам. Усміхнуўся, узяў мае дакументы і павёў знаёміць з калектывам. Пакуль ішлі, завязалася цёплая размова. Пасля прадстаўлення мяне калектыву паказаў першае рабочае месца. Аднак прайшла гадзіна — і мая трывога знікла. Калектыў лабараторыі аказаўся цудоўны, вельмі дружны. Сустрэлі вельмі цёпла, шмат чаму навучылі, дапамаглі разабрацца ў незразумелых пытаннях, пазнаёмілі з вытворчасцю, і за гэта я ім вельмі ўдзячная.
Крыху больш за год Юлія Уладзіміраўна адпрацавала ў лабараторыі метралогіі, а затым яе запрасілі ў нядаўна створаны аддзел прамысловай бяспекі і тэхнічнага нагляду, куды быў патрэбны спецыяліст па кантрольна-вымяральных прыборах. І хоць працоўнага вопыту ў дзяўчыны ў той час практычна не было, начальнік аддзела не пабаялася ўзяць на працу маладога спецыяліста. Юлія Уладзіміраўна імкнулася апраўдаць давер і дакладна вывучыла пытанні эксплуатацыі небяспечных вытворчых аб’ектаў і захавання прамысловай бяспекі.
Вядучым інжынерам па прамысловай бяспецы Юлія Уладзіміраўна працуе ўжо больш за дваццаць гадоў.
— Задача нашага аддзела — забяспечыць безаварыйную работу небяспечных вытворчых і патэнцыяльна небяспечных аб’ектаў, — расказвае спецыяліст. — Абсталяванне, рэчывы, якія маюць адпаведныя прыкметы небяспекі, павінны быць бяспечнымі.
— Люблю сваю работу за тое, што яна шматгранная, — прызнаецца Юлія Селядзец. — Не бывае аднолькавых праверак, аднолькавых экзаменаў. Нярэдка ўзнікаюць пытанні, на якія няма відавочнага адказу.
І тады пачынаецца пошук: трэба перачытаць шмат дакументаў, вывучыць інтэрнэт-рэсурсы, параіцца з калегамі... Усведамленне таго, што ты справілася з задачай, зрабіла ўсё правільна, дае пачуццё гонару за сябе: «Я магу!».
«Справа, якую любіш, абавязкова прынясе поспех»
Юлія Уладзіміраўна нарадзілася ў Светлагорску, а яе муж родам з Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці. Вячаслаў Леанідавіч прыехаў працаваць на прадпрыемства па размеркаванні, скончыўшы Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі па спецыяльнасці «Радыётэхнічныя сістэмы» ў 2002 годзе. Спачатку працаваў наладчыкам у цэху кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі № 2, потым перайшоў інжынерам-праграмістам у цэх № 1. Некаторы час быў работнікам іншай арганізацыі, а потым зноў вярнуўся ў «СветлагорскХімвалакно». Працаваў інжынерам па кантрольна-вымяральных прыборах, абслугоўваў тэхналагічныя ўстаноўкі, потым стаў майстрам, кіраваў участкам у нітка-прадзільным цэху. Пазней жа Вячаславу Леанідавічу прапанавалі работу начальніка ўчастка мантажна-наладачнай групы. Ён займаўся ўкараненнем інвестыцыйных праектаў па аўтаматызацыі. Назапасіўшы значны прафесійны вопыт, атрымаў прапанову быць намеснікам галоўнага метролага па аўтаматызацыі, а пасля правядзення рэарганізацыі прадпрыемства — працаваць менавіта ў галіне метралогіі. Цяпер спецыяліст займаецца забеспячэннем адзінства вымярэння на прадпрыемстве. Кантрольна-вымяральныя прыборы павінны працаваць дакладна, без збояў, каб прадукцыя заўсёды мела высокую якасць і ўсе тэхналагічныя працэсы ажыццяўляліся правільна.
У цяперашні час Вячаслаў Леанідавіч ужо сам дапамагае маладым спецыялістам асвоіць азы няпростай прафесіі, дзеліцца з імі прафесійным майстэрствам.
— Канечне, работа заўсёды займае шмат часу. Як жа праводзіце вольны час?
— Усе выхадныя прысвячаем сям’і, — расказвае Юлія Уладзіміраўна. — Нашаму старэйшаму сыну Івану ўжо 17 гадоў, ён вучыцца ў 11 класе. Спадзяёмся, сёлета стане студэнтам ВНУ. Малодшаму ж Аляксею — пяць. Сёлета ён пойдзе ў першы клас. Мы маем уласную маторную лодку і з задавальненнем праводзім час на ўлонні прыроды, часта наведваем радзіму мужа, любім адпачываць на Лепельскім возеры.
— Што пажадаеце маладым спецыялістам, якія пачынаюць працоўны шлях?
— Моладзі, якая пажадала звязаць жыццё з работай на прадпрыемстве, хочацца ад усёй душы пажадаць веры ў свае сілы, ніколі не страчваць упэўненасць, што ўсё абавязкова атрымаецца. Самае галоўнае — цвёрда ісці да пастаўленай мэты, не баяцца пераадольваць цяжкасці, спадзявацца на лепшае — і поспех абавязкова будзе побач! — упэўнены мае суразмоўцы, і ў гэтых словах глыбокі сэнс. Калі справу, якой займаешся, любіць усім сэрцам, яна абавязкова прынясе поспех і будзе карыснай для іншых.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ