Правесці веснавую палявую кампанію ў аптымальныя тэхналагічныя тэрміны — цяпер галоўная задача для аграрыяў. У самым паўднёвым і цёплым рэгіёне краіны — на Гомельшчыне, гаварыць аб пасяўной пачалі ўжо ў лютым.
Асаблівая ўвага аддаецца гатоўнасці сельскагаспадарчай тэхнікі. Стан машынна-трактарнага парка і пасяўных агрэгатаў, як і ўсе пытанні ў аграсферы, — на асаблівым кантролі старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко і памочніка Прэзідэнта — інспектара па Гомельскай вобласці Юрыя Горлава.
- На пачатак лютага ў Гомельскай вобласці сельгастэхніка да выхаду ў палі гатова на 85%, што ў сярэднім на 7% вышэй у параўнанні з мінулым годам, а па некаторых пазіцыях — на 15%.
З пачатку года ў строй уведзена больш як 1400 адзінак прычапной глебаапрацоўчай і пасяўной тэхнікі. Для своечасовага выканання рамонтных работ і падрыхтоўкі тэхнікі па пасяўной кампаніі складзены штотыднёвы план.
— Першачарговая задача — паставіць на лінейку гатоўнасці не менш як 95 % сельскагаспадарчай тэхнікі, задзейнічанай на вясенне-палявых работах: плугі, культыватары, машыны для ўнясення мінеральных угнаенняў, сеялкі, пагрузчыкі — словам, усю тэхніку, якая першым эшалонам адпраўляецца ў поле, — падкрэсліў першы намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Петражыцкі на нарадзе ў аблвыканкаме і абласным семінары па пытаннях сельскай гаспадаркі. — Пастановай Савета Міністраў агульная падрыхтоўка тэхнікі прадугледжана да 25 сакавіка, але з улікам цёплых умоў надвор’я ўрадам і Прэзідэнтам дадзена даручэнне паскорыць тэмпы і завяршыць да 1 сакавіка.
Рамонтныя прадпрыемствы Гомельшчыны наладзілі аднаўленне ў тым ліку складанай тэхнікі, вузлоў і агрэгатаў, арганізаваны і выязныя рамонты.
Удзельнікі абласнога семінара па пытаннях сельскай гаспадаркі, які прайшоў на тэрыторыі Буда-Кашалёўскага раёна, вывучылі вопыт навядзення парадку на зямлі сельгаспрадпрыемстваў «Крыўск», «Губічы», «Буда-Кашалёва-аграсэрвіс». Былі прадэманстраваны таксама спосабы раскарчоўкі старых садоў, у тым ліку з мінімальнымі затратамі. Да пачатку пасяўной перад аграрыямі ўсіх раёнаў вобласці пастаўлена задача закладкі новых плантацый садавіны. На тэрыторыі Гомельшчыны рэалізуецца пяцігадовы план садаводства.
— Пастаўлена сур’ёзная задача: закласці сады, якія праз тры-чатыры гады пачнуць прыносіць ураджай, і мы зможам у дастатковым аб’ёме запоўніць паліцы крам айчыннымі яблыкамі, — адзначыла начальнік упраўлення інтэнсіфікацыі раслінаводства камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкама Алена Філіповіч. — Перавага будзе аддавацца саджанцам беларускіх сартоў. Акрамя яблынь, прадугледжаны таксама высакарослыя кусты: буякі, парэчкі, чарнаплодная рабіна, маліна і іншыя.
Прадстаўнік аблвыканкама зазначыла, што ў развіцці садаводства ў рэгіёне заахвочваюцца не толькі сельгасарганізацыі, але і фермерскія гаспадаркі.
— Важна, каб і яны былі зацікаўлены. Ім выдзяляюцца высакабальныя зямельныя ўчасткі. Гэта добрыя землі, дзе можна закладваць сур’ёзную эканоміку, ствараючы новыя пакаленні садоў з кропельным палівам, — лічыць Алена Філіповіч.
Фота аўтара