Аградроны па беларускіх тэхналогіях будуць вырабляць у Калужскай вобласці. Гэта прадугледжана пагадненнем аб супрацоўніцтве па рэалізацыі інвестпраектаў у сферы сельскагаспадарчых беспілотных лятальных апаратаў. Дакумент падпісаны ў Мінску па выніках пасяджэння сумеснай рабочай групы па супрацоўніцтве Беларусі і Калужскай вобласці РФ пад старшынствам міністра архітэктуры і будаўніцтва Вадзіма Альшэўскага і губернатара Калужскай вобласці Уладзіслава Шапшы, паведаміла БелТА.
Як расказаў журналістам генеральны дырэктар ЗАТ «Авіяцыйныя тэхналогіі і комплексы» Юрый Лявонавец, над вырашэннем пытання бакі працавалі каля паўгода. Для расійскай дэлегацыі арганізавалі дэманстрацыю тэхнікі і магчымасцей беларускіх прадпрыемстваў. Мэта падпісання пагаднення — выхад на серыйную масавую вытворчасць.
«Размова ідзе аб трансферы тэхналогій, выкарыстанні беларускіх распрацовак. Калужская вобласць з улікам вопыту, наяўнасці інвестыцыйных партфеляў як найлепш падыходзіць для такой работы не толькі ў інтарэсах рэгіёна, а ўсёй Расійскай Федэрацыі», — адзначыў Юрый Лявонавец.
Прадугледжваецца стварэнне інтэграванай сістэмы для ўнясення сродкаў аховы раслін па розных сельгаскультурах, выканання маніторынгавых місій, карціравання палёў, вызначэння праблемных участкаў і інш. Распрацавана лінейка дронаў, у тым ліку вялікіх. Пакуль размова ідзе аб трох тыпах мадэлей.
«Мы правялі ўжо апрабацыю некалькіх тыпаў на тэрыторыі вобласці. Паставілі ў гэтым годзе некалькі камплектаў агракомплексаў з беспілотнымі лятальнымі апаратамі, якія пачалі ўжо работу», — дадаў генеральны дырэктар.