Следчы камітэт папярэджвае аб новых цынічных схемах тэлефонных махляроў, накіраваных на жыллё пажылых людзей. У гэтым годзе ў вытворчасці следчых Магілёўскага міжраённага аддзела знаходзіцца некалькі крымінальных спраў, дзе пацярпелыя пазбавіліся кватэр або ледзь не пазбавіліся з-за шматступеньчатых схем падману. Пра гэта паведаміла афіцыйная прадстаўніца УСК Магілёўскай вобласці Таццяна Старасотнікава.
Схема заўсёды пачынаецца са званка. Спачатку з ахвярай звязваецца лжэсупрацоўнік «Энергазбыту» або службы дамафона і на падставе зверкі паказанняў выведвае асабістыя даныя і коды з SMS. Затым у дыялог уступаюць псеўдаправаахоўнікі — яны прадстаўляюцца супрацоўнікамі МУС, КДБ ці Следчага камітэта. Яны запалохваюць пенсіянераў, заяўляючы, што кватэру спрабуюць прадаць або аформіць на яе крэдыт. Адзіны «выхад», які прапануюць аферысты, — апераджальны продаж жылля і перавод грошай на «бяспечны рахунак», які на самай справе кантралююць злачынцы.
У Магілёве 74-гадовую пенсіянерку з лютага па сакавік бягучага года рыхтавалі да продажу кватэры коштам 45 тысяч долараў. Захаваць жыллё ўдалося дзякуючы былому мужу жанчыны, які даведаўся пра званкі, папярэдзіў рыэлтара, і той звярнуўся ў міліцыю. У іншым выпадку 59-гадовая жыхарка абласнога цэнтра прадала сваю кватэру за 56,2 тысячы долараў і перадала грошы кур’еру ў Мінску. Затым ашуканцы пераканалі яе аформіць крэдыты на 27,6 тысячы рублёў, якія таксама былі пералічаны на іх рахункі.
У Бабруйску 73-гадовая пенсіянерка пад уплывам невядомага прадала кватэру за 36 тысяч долараў. Здзелку ўдалося спыніць пасля таго, як сяброўка пацярпелай западозрыла нядобрае і звязалася з дачкой пенсіянеркі, якая звярнулася ў праваахоўныя органы.
Ва ўсіх выпадках супрацоўнікі банкаў і агенцтваў нерухомасці спрабавалі папярэдзіць жанчын, але пенсіянеркі, кіруючыся інструкцыямі зламыснікаў, якія забаранялі абмяркоўваць сітуацыю, не слухалі перасцярог.
Следчы камітэт заклікае грамадзян спыняць размову, калі суразмоўца запытвае коды з SMS або пераконвае здзейсніць фінансавыя аперацыі. Не паддавацца паніцы і правяраць інфармацыю па афіцыйных нумарах. Здзелкі з нерухомасцю нельга здзяйсняць спехам, абавязкова раіцца з блізкімі. Праваахоўнікі і дзяржслужачыя ніколі не просяць перавесці грошы на іншыя рахункі. Пры найменшых падазрэннях варта звяртацца ў міліцыю.
Ягор ЧУРЫК