Top.Mail.Ru

Прэзідэнт напярэдадні 8 Сакавіка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды жанчынам

Урачыстая перадсвяточная традыцыя сабрала ў Палацы Незалежнасці прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва. Жанчыны, якімі ганарыцца краіна, атрымалі з рук кіраўніка дзяржавы высокія ўзнагароды. Сярод іх — шматдзетныя маці, спартсменкі, працаўніцы іншых сфер, якія сваім штодзённым клопатам робяць усё для таго, каб наша краіна станавілася яшчэ больш моцнай і прыгожай.


«Дзяржава такіх людзей падтрымае»

«Па добрай традыцыі сёння ў Палацы Незалежнасці ўся ўвага — нашым жанчынам: прыгожым, разумным, таленавітым працаўніцам, — звярнуўся да суайчынніц Прэзідэнт. — Цырымонія ўзнагароджання напярэдадні 8 Сакавіка адрозніваецца ад іншых. Яна заўсёды вельмі цёплая, шчырая і душэўная».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што 2026 год у Беларусі прысвечаны менавіта жанчынам. «Такім розным, але адзіным у імкненні зрабіць нашу краіну лепшай і шчаслівейшай, — адзначыў ён. — У гэтым, напэўна, сутнасць нашай жанчыны. Мы аддаём даніну павагі нашым сціплым працаўніцам, сапраўдным прафесіяналам, захавальніцам нацыянальных традыцый і хатняга ачага, а галоўнае — нашым маці». 

Беларускі лідар звярнуў увагу на тое, што большасць жанчын у гэтай зале ўзнагароджаны самай светлай дзяржаўнай узнагародай — ордэнам Маці — за нараджэнне і выхаванне пецярых і больш дзетак. Па словах Прэзідэнта, шматдзетных сем’яў у нашай краіне за пяць гадоў стала больш на 15 %. У цяперашні час 120 тысяч сямейных пар выхоўваюць траіх і больш малых.

«Ёсць такія мэтанакіраваныя, я б нават сказаў, гераічныя бацькі, у якіх дзесяць нашчадкаў, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Асабліва гэтым славяцца нашы жыхары поўдня, Брэсцкая вобласць. І абсалютныя рэкардсмены — сям’я, у якой 14 дзяцей! Гэта Міншчына. Калі здароўе дазваляе, трэба браць з іх прыклад. Я ўпэўнены, што, гледзячы на ​​вас — такіх квітнеючых і такіх шчаслівых, людзі задумаюцца аб другім дзіцяці, а там і аб трэцім. Дзяржава такіх людзей падтрымае, як бы ні было цяжка і складана».

«У краіне створаны ўсе магчымасці, каб жанчыны пры жаданні адбыліся ў любой прафесіі»

Сапраўдная, моцная, са звонкімі дзіцячымі галасамі сям’я, па словах кіраўніка дзяржавы, — гэта працяг не толькі прозвішча, але гэта працяг усяго беларускага народа. «Тым больш у краіне створаны ўсе магчымасці, каб жанчыны пры жаданні адбыліся ў любой прафесіі, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Вы — яркае таму пацвярджэнне: дабіваецеся ўражальных поспехаў у самых розных сферах».

У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў дырэктара Сноўскай сярэдняй школы, што ў Нясвіжскім раёне, Галіну Радаман, якой прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь». «Сапраўдны сельскі настаўнік, чалавек з вялізным жыццёвым і прафесійным вопытам, — канкрэтызаваў беларускі лідар. — Не жартачкі — амаль паўстагоддзя ў адукацыі! І ўвесь калектыў ёй адпавядае. А вучні перамагаюць на рэспубліканскіх і нават міжнародных конкурсах».

Звярнуў увагу беларускі лідар і на адну з самых маладых, прысутных у зале ўрачыстых цырымоній, — славутую спартсменку Юлію Апанасовіч, якой прысвоена ганаровае званне «Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь». «11 гадоў запар чэмпіёнка Беларусі па боксе, бронзавы прызёр чэмпіянатаў Еўропы і свету, — гаворачы аб спартсменцы, заўважыў Прэзідэнт. — Яна ж таксама родам з вёскі, са шматдзетнай сям’і. Навучана і працаваць, і цяжкасці пераадольваць. Таму шмат чаго і дасягнула».

«Няхай вашы поспехі натхняюць іншых»

Аляксандр Лукашэнка ад усёй душы павіншаваў узнагароджаных, а таксама ў іх асобе ўсіх беларусак з надыходзячым светлым святам, падзякаваўшы ім за той бясцэнны ўклад, які яны ўжо зрабілі для роднай краіны. 

«Так, гэта ваша свята, гэта жаночае свята, — удакладніў ён. — Але ў гэты дзень мы, мужыкі, гатовы для вас зрабіць усё. Перш за ўсё для нашых беларускіх жанчын. Бо вашы шчасце, настрой, вашы поспехі залежаць ад беларускіх, найперш, мужыкоў. Хтосьці махне і за межы краіны, усялякае бывае, але вы памятайце, што тут, у Беларусі, мы вас цэнім, мы вас любім, і тут — ваша зямля».


Прэзідэнт запэўніў, што беларускія мужчыны заўсёды гатовы берагчы і абараняць сваіх жанчын, а таксама дапамагаць ім, падтрымліваць і радаваць. 

«Гаварыце, што яшчэ нам зрабіць, каб вы сталі больш шчаслівымі, — прапанаваў беларускі лідар. — Няхай вашы поспехі натхняюць іншых, у тым ліку і нас, мужыкоў. А цырымонія ўручэння, да якой мы цяпер пяройдзем, запомніцца на ўсё жыццё. І ведайце, для вас, перш за ўсё для вас, дзверы Палаца Незалежнасці заўсёды адчынены. Калі вы захочаце калісьці сюды прыйсці, вы ведаеце, як сюды трапіць. Прыходзьце — гэта ваш дом. Вы гэтага заслужылі. Буду рады бачыць вас у гэтай зале, у тым ліку і на падобных цырымоніях. Шчасця, поспехаў, здароўя. Галоўнае, здароўя — вам і вашым дзецям». 

Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА

Даслоўна

«Выхоўваць дзяцей у нашай краіне — адно задавальненне»

Ордэнам Маці ўзнагароджана навуковы супрацоўнік аддзела культурна-адукацыйнай работы Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е. Р. Раманава Анастасія ПАТРУСАВА. Высокую ўзнагароду жанчына атрымала ў вельмі сімвалічны для яе сям’і дзень — 17 гадоў таму яна ўпершыню стала матуляй. Першым на свет з’явіўся сын, усе астатнія дзеці — дзяўчынкі. Малодшай — паўтара года. 

«Нараджаючы дзяцей, ніколі не думалі аб узнагародах, — прызнаецца Анастасія. — Малодшая дачка — нечаканы сюрпрыз, падарунак лёсу. Нашы дзеці, тое, што ў нас дружная сям’я, — ужо вялікая радасць і шчасце».

Жанчына адзначае, што ў Беларусі вялікая ўвага ўдзяляецца мацярынству і дзяцінству. «Мы атрымліваем годную дапамогу, таму знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску зусім не напружана фінансава, — лічыць яна. — Пры гэтым у нашай краіне магчыма сумяшчаць мацярынства з прафесійнай дзейнасцю. Для гэтага створаны ўсе ўмовы». 

Хатняя гаспадыня Таццяна ЛІСНЕЎСКАЯ, якая атрымала з рук Прэзідэнта ордэн Маці, выхоўвае пецярых дачок. Старэйшай — 28 гадоў, малодшай — 2 гады. Жанчына — яшчэ і бабуля: малодшая дачка старэйшая за ўнука ўсяго на паўгода.

Нягледзячы на позняе мацярынства, Таццяна Ліснеўская лічыць, што дзяцей трэба нараджаць своечасова. «У маладым узросце лягчэй усё даецца: і бяссонныя ночы, і выхаваўчы працэс, — удакладняе яна. — Я нават не заўважыла, як хутка выраслі трое першых дзяцей. З малодшымі ўжо крыху складаней. Але гэта ўсё часова. Калі ты бачыш шчаслівыя вочы сваіх дзяцей, калі яны разам чымсьці займаюцца — гэта радасць. Іншага жыцця не ўяўляю». 

Шматдзетная маці перакананая, што выхоўваць дзяцей у нашай краіне — адно задавальненне. «На прыкладзе сваёй сяброўкі бачу, якія складанасці з выхаваннем назіраюцца за мяжой, — дадае яна. — Нашы дзіцячыя садкі і школы як у выхаваўчым плане, так і ў плане арганізацыі харчавання, нашмат лепшыя, чым замежныя. Што датычыцца бяспекі, мне ніколі не было страшна за тое, што маё дзіця вечарам гуляе з сяброўкамі. У той жа час, калі я была ў гасцях за мяжой, то знаходзілася ў пастаяннай трывозе. Немалаважнымі з’яўляюцца і маральныя арыенціры, якія ў нас захаваны з савецкіх часоў. Нельга забывацца і пра фінансавы складнік: дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы мы пабудавалі вельмі добрую кватэру. Наша дзяржава, асабіста Аляксандр Рыгоравіч, робяць для дабрабыту і бяспекі нашых дзяцей усё магчымае і немагчымае. Вялікі дзякуй за гэта!»

«Працаваць на вынік»

Начальнік вытворчасці ТАА «Кіруючая кампанія холдынга «Беларуская гарбарна-абутковая кампанія «Марка» Анжэла АЛФЯРОНАК атрымала з рук кіраўніка дзяржавы медаль «За працоўныя заслугі». Да гэтай узнагароды жанчына ішла 30 гадоў — менавіта столькі яна працуе на прадпрыемстве. Прайшла шлях ад звычайнай рабочай да начальніка вытворчасці. Цікавы факт: дзядуля Анжэлы Алфяронак да Вялікай Айчыннай вайны працаваў шаўцом на фабрыцы «Чырвоны Кастрычнік», якая цяпер уваходзіць у холдынг. 

«Аб узнагародзе даведалася ўсяго два дні таму, было вельмі хвалююча і, вядома, прыемна, — прызнаецца жанчына. — Лічу, што гэты медаль — заслуга ўсяго калектыву. Даводзіцца працаваць у няпростых умовах, але мы ні на адзін дзень не спыніліся. Імкнёмся забяспечыць якасным абуткам усе слаі грамадства, у тым ліку дзяцей, спартсменаў. За якасцю нашай прадукцыі стаяць людзі: добрасумленныя адносіны супрацоўнікаў да сваіх прафесійных абавязкаў — і ёсць наша якасць». 

Спартсмену-інструктару нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па боксе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі» Юліі АПАНАСОВІЧ прысвоена ганаровае званне «Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь». Дзяўчына прызнаецца, што ў спорт прыйшла за кампанію з сяброўкамі. У выніку бокс стаў не толькі прафесіяй, а і сэнсам жыцця. 

«Бацькі былі супраць, калі я вырашыла звязаць сваё жыццё са спортам: маўляў, не жаночая справа, — расказвае Юлія. — Мама думала, што мне хутка надакучыць, але мне вельмі спадабалася, зразумела, што знаходжуся на сваім месцы. Не заўсёды ўсё атрымлівалася, але ўвесь час была ўпэўнена, што вынікі абавязкова будуць».

Спартсменка адзначыла, што падтрымка, якая аказваецца спартыўнай галіне, каласальная. «Застаецца толькі працаваць на вынік», — перакананая яна.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю