Сёння, 2 красавіка, у Беларусі і Расіі адзначаецца значная дата — Дзень яднання двух нашых брацкіх народаў — 30 гадоў з моманту стварэння інтэграцыйнага аб’яднання дзвюх краін: супольнасці, саюза, Саюзнай дзяржавы, паслядоўных звёнаў у адным ланцугу на шляху да стратэгічнага адзінства, які дазваляе дасягаць агульных мэт. Нашы эксперты — аб значнасці сённяшняга дня.
Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Кацярына Серафіновіч:
— 2 красавіка 1996 года быў адкрыты новы этап у гісторыі адносін Беларусі і Расіі. Праведзена каласальная работа, асабліва калі прыняць да ўвагі, што прайшло толькі тры дзесяцігоддзі. Па гістарычных мерках — гэта не такі вялікі адрэзак часу, а мы на працягу гэтага перыяду стварылі ўнікальную мадэль інтэграцыі, захаваўшы пры гэтым дзяржаўны суверэнітэт.

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Аляксандр Лук’янаў:
— Праз 30 гадоў, дзякуючы выверанаму палітычнаму курсу Рэспублікі Беларусь, гэты дзень стаў для кожнага беларуса паўнавартасным святам, якое сімвалізуе моцныя гістарычныя, культурныя і эканамічныя сувязі паміж нашымі краінамі. У гэты дзень мы ўшаноўваем не толькі агульныя карані і традыцыі, але і імкненне да сумеснага развіцця і росквіту.
Адзінства народаў дазваляе нам паспяхова пераадольваць выклікі і сённяшняга няпростага часу, абменьвацца вопытам і падтрымліваць адзін аднаго ў розных сферах жыццядзейнасці.

Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па экалогіі і прыродакарыстанні Уладзімір Бабічаў:
— Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі з’яўляецца ўнікальным прыкладам інтэграцыі, дзе дзве незалежныя краіны добраахвотна ідуць на збліжэнне, захоўваючы свой суверэнітэт, але пры гэтым каардынуючы свае дзеянні па многіх кірунках. Галоўнае багацце нашай інтэграцыі — людзі. Нас аб’ядноўваюць не толькі агульныя межы і эканамічныя інтарэсы, але і агульныя каштоўнасці, павага да подзвігу нашых продкаў, роднасныя сувязі і шчырае імкненне жыць у міры і згодзе.
.jpg)
Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Эдуард Гаўрылковіч:
— Гэта дата сімвалізуе трываласць гістарычных, культурных і духоўных сувязяў, якія аб’ядноўваюць нашы дзяржавы. Яна нагадвае аб нашым непарушным братэрстве, аб той моцнай дружбе, якая вытрымала выпрабаванні часам.
Гісторыя нашых народаў — гэта гісторыя плячо ў плячо перажытых выпрабаванняў, агульных перамог і дасягненняў. Нас аб’ядноўваюць каштоўнасці, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, і агульная памяць, якую мы беражліва захоўваем. Менавіта на гэтым трывалым падмурку будуецца наша сённяшняе партнёрства і ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Вадзім Гігін:
— У аснове нашай інтэграцыі — гістарычная, культурная, цывілізацыйная супольнасць народаў Беларусі і Расіі.
Разам мы прайшлі праз шматлікія выпрабаванні. Чаго толькі не было! Але ўсе выклікі і пагрозы толькі гартавалі наша адзінства. І зараз мы стаім плячо ў плячо і пад кіраўніцтвам нашых прэзідэнтаў пракладваем дарогу ў агульную будучыню. Так пераможам! Саюзу быць! Адзінства Беларусі і Расіі непарушна!

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Валянцін Байко:
— Расія не проста наш саюзнік. Расія і мы — народы, якія растуць ад аднаго кораня, — у гэтых словах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі — сутнасць нашых адносін. Гэта не фармальны саюз, а глыбокая сувязь, правераная стагоддзямі. Сёння, на фоне беспрэцэдэнтнага знешняга ціску, асабліва важна памятаць: стратэгічнае партнёрства Беларусі і Расіі стала трывалай асновай для захавання незалежнасці, развіцця эканомікі і забеспячэння бяспекі грамадзян абедзвюх краін.
Што дае нам гэта адзінства на практыцы? Адказ — на знешнія пагрозы. Ва ўмовах санкцыйнага ціску згуртаванасць становіцца нашай галоўнай зброяй. Мы ўмацоўваем абараназдольнасць і ствараем адзіную абаронную прастору, забяспечваючы бяспеку будучых пакаленняў.

Сацыяльна-эканамічная інтэграцыя. Саюзныя праграмы даюць грамадзянам абедзвюх краін свабоду перамяшчэння, роўныя правы і магчымасці. Бізнес развіваецца без бар’ераў, а людзі могуць рэалізоўваць сябе там, дзе ім камфортней.
Культурнае адзінства. Канцэрты, тэлемасты, выставы і фестывалі нагадваюць: у беларусаў і расіян агульныя духоўныя каштоўнасці, агульная гісторыя і агульная будучыня. Мы гаворым на мовах, якія разумеюць без перакладу, адчуваем адно і тое ж, калі гучаць любімыя песні, і ганарымся аднымі і тымі ж подзвігамі нашых продкаў.
Дзень яднання народаў Расіі і Беларусі — гэта дзень, калі мы асабліва востра адчуваем, што мы — блізкія людзі, звязаныя адным лёсам. І гэта сувязь не слабее, а мацнее з кожным годам. Адзінства — наша сіла, апора і шлях у будучыню.
Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па экалогіі і прыродакарыстанні Жанна Чарняўская:
— Гэта свята сімвалізуе не толькі агульнасць мінулага, але і імкненне да сумеснай будучыні. Беларусь і Расія аб’ядноўваюць стагоддзі агульнай гісторыі, культурнай спадчыны, традыцый і каштоўнасцяў, заснаваных на ўзаемнай павазе, даверы і падтрымцы. Нашы народы разам праходзілі праз выпрабаванні, абаранялі сваю зямлю, стваралі і ўмацоўвалі дзяржаўнасць, развівалі навуку, адукацыю і культуру.

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы і сацыяльным развіцці Тамара Красоўская:
— Стасункі паміж Беларуссю і Расіяй не проста добрасуседскія або партнёрскія. Іх з поўным правам сёння можна назваць брацкімі, у аснове якіх — глыбокая эканамічная, палітычная інтэграцыя, агульныя гістарычныя, культурныя і духоўныя карані, адзіныя падыходы да развіцця розных сфер грамадства. Беларусы і расіяне стагоддзямі жылі ў адзіным культурным і моўным асяроддзі, разам пераадольвалі выпрабаванні, разам змагаліся са знешнімі выклікамі, разам дасягалі вялікіх перамог.

Беларусь і Расія звязаны не толькі агульнай эканамічнай прасторай, але і адзінымі падыходамі да забеспячэння бяспекі, абароны традыцыйных каштоўнасцяў, развіцця адукацыйнай, культурнай, сацыяльнай сферы. Два найбліжэйшыя саюзнікі дэманструюць унікальную мадэль узаемадзеяння, пры якой суверэнітэт кожнай краіны ўмацоўваецца за кошт узаемнай падтрымкі, цесных эканамічных сувязяў, салідарнасці, агульных мэт і каштоўнасцяў.
Супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы, АДКБ і ЕАЭС выйшла за рамкі звычайнага міждзяржаўнага сяброўства. Гэта стратэгічнае адзінства, якое дазваляе нашым народам разам супрацьстаяць знешнім выклікам, развіваць высокатэхналагічныя вытворчасці, забяспечваць сацыяльныя гарантыі і захоўваць моцныя культурныя і духоўныя сувязі.
Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Галіна Бяляева:
— Сёння беларусы ў Расіі, а расіяне ў Беларусі адчуваюць сябе як дома, знаходзячыся на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы. Да гэтага прыкладзена нямала намаганняў з боку абедзвюх краін. Мы разам будуем будучыню, у якой прыярытэтамі застаюцца мір, стабільнасць і росквіт. Мільёны нашых грамадзян працуюць, вучацца, ствараюць сем’і, упэўненыя ў заўтрашнім дні, таму што Саюзная дзяржава — гэта прастора магчымасцяў і перспектыў.

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Аляксандр Гарошкін:
— Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі — гэта не проста гістарычнае свята, але і магутны падмурак сучаснага практычнага ўзаемадзеяння. Як парламентарый я штодня пераконваюся, што рашэнні Саюзнай дзяржавы прыносяць рэальныя выгоды нашым грамадзянам. Гэта роўныя правы ў працы і адукацыі, ліквідацыя бар’ераў для руху капіталу і працоўнай сілы, і, што асабліва важна, наша агульная адказнасць за бяспеку на заходніх рубяжах.
Мы — адзіны народ, які сёння, як ніколі, павінен трымацца разам перад тварам знешніх выклікаў. Наш саюз — яскравы прыклад таго, як добраахвотнае і раўнапраўнае партнёрства можа быць больш трывалым за любыя фармальныя пагадненні.

Наша задача як заканадаўцаў — працягваць удасканальваць саюзную нарматыўную базу, скасоўваючы перашкоды на шляху да поўнай інтэграцыі. Разам мы мацнейшыя, разам мы — гарант стабільнасці ў краіне.