Па восені не толькі куранят лічаць. Збіраюць шчодры ўраджай — плён стараннай працы людзей і смачныя дары прыроды. Ударна папрацавалі сёлета і хлебаробы — у рэгіёнах падводзяць збожжавыя вынікі. Абласныя «Дажынкі-2026» ужо адбыліся на Брэстчыне, Гродзеншчыне і Міншчыне. У гэту суботу святочную эстафету аграрыяў падхопяць Магілёўшчына і Гомельшчына. А праз тыдзень каравайны карагод закальцуе Віцебшчына. Мы даведаліся, дзе і як будуць сустракаць гасцей у найбліжэйшыя выхадныя. Далучайцеся — будзе гарантавана цікава, весела і смачна!
У Шклове — усё напагатове
Гонар прымаць свята хлебаробаў Магілёўскай вобласці сёлета выпаў Шклову. Райцэнтр і раней трымаў марку, аднак да сустрэчы ўдзельнікаў і гасцей «Дажынак-2026» яшчэ больш старанна пачысціў пёркі і грунтоўна падрыхтаваўся.
На цэнтральных вуліцах Шклова абноўлены фасады жылых дамоў, адрамантаваныя дарогі і пешаходныя зоны, пасаджаны новыя дрэвы. Папрыгажэў старадаўні гарадскі парк — усё навокал заззяла новымі фарбамі. А калі ўспомніць яшчэ і вялікае гістарычнае мінулае гэтага горада, можна сур’ёзна ўлюбіцца ў яго. Яму заўсёды шчасціла на вялікіх заступнікаў. У XVІІІ стагоддзі, дзякуючы Сямёну Зорычу, фаварыту расійскай імператрыцы Кацярыны Вялікай, Шклоў перажыў выключны росквіт і быў добра вядомы не толькі ў Расіі, але і ў Еўропе.

«Млын ураджаю»
Несумненна, уразяць сваім размахам і «Дажынкі». З дзевяці раніцы пачнуць працаваць тэматычныя пляцоўкі і гандлёвыя рады. На вуліцах Ленінская і Фабрычная адкрыецца вялікая выстаўка-кірмаш «Млын ураджаю», дзе будуць дэманстравацца сельскагаспадарчая прадукцыя прадпрыемстваў вобласці, прамысловы, турыстычны, гісторыка-культурны патэнцыял раёнаў. Адна з экспазіцый будзе прасвечана Году беларускай жанчыны.
Смачна паесці і выгадна атаварыцца прапануюць шматлікія гандлёвыя аб’екты і кавярні пад адкрытым небам на вуліцах Савецкая, Пралетарская, Янкі Купалы, Якуба Коласа. Па інфармацыі галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Магілёўскага аблвыканкама, у свяце возьмуць удзел амаль 150 суб’ектаў гаспадарання ўсіх форм уласнасці.
У шырокім асартыменце будзе прадавацца харчовая, прамысловая і сувенірная прадукцыя. Даўжыня гандлёвых радоў складзе 1,6 кіламетра, а колькасць пасадачных месцаў на фудкортах — 1,3 тысячы.
«Слава людзям, што працуюць на зямлі!»
Цэнтральнай канцэртнай пляцоўкай свята стане плошча каля раённага Дома культуры. Падчас падрыхтоўкі да ярмаркі-кірмашу яго будынак займеў новае аблічча, добраўпарадкавана і сумежная плошча.

У час свята тут размесціцца выстаўка фатаграфій «Наш гонар», прысвечаная працаўнікам вёскі і героям сёлетняй уборачнай кампаніі. Непадалёк будуць паказаны і найлепшыя ўзоры сельскагаспадарчай тэхнікі флагманаў нашага АПК.
У 12.30 на плошчы пачнецца ўшаноўванне аграрыяў «Слава людзям, што працуюць на зямлі!». А перад гэтым — з 10.00 да 11.00 — на Лядовай арэне Шклова прагучаць словы падзякі працаўнікам вёскі і будуць уручаны ўзнагароды пераможцам абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых раслін. Акрамя таго, у гэты дзень у аграгарадку Гарадзец Шклоўскага раёна адкрыецца помнік-бюст савецкаму перадавіку сельскай гаспадаркі, жывёлаводу, Герою Сацыялістычнай Працы, маці-гераіні Ніне Баранавай.
Шклоўскі гарадскі парк падчас «Дажынак» стане месцам прыцягненне дзяцей і моладзі. Сваімі дасягненнямі і кірункамі дзейнасці падзеляцца ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці, а таксама школы і ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Шклоўскага раёна. Яны рыхтуюць квэст-гульні, выстаўкі, фотазоны, майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Будуць чакаць наведвальнікаў і на пляцоўцы абкама БРСМ.
З 15.00 да 17.00 гадзін у гарадскім парку будзе працаваць інтэрактыўная дзіцячая пляцоўка. Весела бавіць тут час дапамогуць роставыя лялькі і атракцыёны.
Знойдзецца чым заняцца і аматарам спорту — у гарадскім парку з 10.00 да 17.00 будуць працаваць пляцоўкі для гульні ў лазертаг і заняткаў варкаўтам, конкурсныя пляцоўкі «Футбол» і «Хакей», адбудзецца першынства па міні-футболе.

У парку і недалёка ад Дома культуры размесцяцца лакацыі МНС і Дэпартамента аховы МУС. Тут пройдуць паказальныя выступленні і разгорнецца выстаўка спецыялізаванай тэхнікі.
З маладзёжным запалам
Дарэчы, сёлета «Дажынкі» ў Шклове прыкметна памаладзеюць — да іх далучацца ўдзельнікі фестывалю «Моладзь — за Саюзную дзяржаву». Ён праходзіць у Магілёве з 7 кастрычніка, але яго ўрачыстае закрыццё адбудзецца менавіта ў Шклове, а пачнецца яно ў 17.00 на плошчы каля раённага Дома культуры. У праграму ўключаны гала-канцэрт лаўрэатаў конкурсу выканаўцаў маладзёжнай песні і мастацкіх калектываў, артыстаў эстрады. Завершыцца свята музычна-забаўляльнай праграмай і феерверкам.
А каб на «Дажынкі» трапіла як мага больш гасцей, адрэгуляваны расклад руху аўтобусаў з Магілёва ў Шклоў — яны будуць курсіраваць з інтэрвалам у гадзіну. З улікам свята будуць рухацца і цягнікі. Таму шанс пабываць у горадзе, які прэтэндуе на званне ўзорнага, мае кожны жадаючы.
Святочны каравай узважым разам
А на Гомельшчыне шляхі найлепшых хлебаробаў паўднёва-ўсходняга рэгіёна сыдуцца ў Калінкавічах, дзе таксама амаль усё гатова да сустрэчы шматлікіх гасцей. Ужо пачаліся і мантаж галоўнай сцэны, якая стане адной з цэнтральных пляцовак святочных мерапрыемстваў, і ўстаноўка гандлёвых павільёнаў для ўдзельнікаў кірмашу, дзе гасцей будуць чакаць розныя тавары і сувеніры.
Горад проста цешыць вока!
Калінкавічы рыхтаваліся да гэтага свята грунтоўна. Комплексны план быў распрацаваны яшчэ летась і ўключаў больш за 30 аб’ектаў і мерапрыемстваў. Агульны аб’ём фінансавання перавысіў 50 мільёнаў рублёў.

Асабліва плённым па аб’ёме вырашаных задач стаў падрыхтоўчы перыяд для камунальнай службы раёна. Добраўпарадкавана і заасфальтавана больш за 20 дваровых тэрыторый, добраўпарадкавана амаль паўсотні шматкватэрных жылых дамоў. Прывялі ў належны выгляд вулічна-дарожную сетку, на прыпыначных пунктах усталявалі новыя павільёны.
Падрыхтоўка да фестывалю працаўнікоў вёскі аб’яднала прадпрыемствы і арганізацыі раёна, усіх суб’ектаў гаспадарання і мясцовых жыхароў, якія прыводзілі ў парадак двары. Як вынік — горад проста цешыць вока!
Абноўлены і аб’екты жылой забудовы, Дом культуры, ДЮСШ, загс і іншыя сацыяльна значныя ўстановы. Адначасова ўпарадкавалі інжынерныя сеткі, абнавілі дарожную інфраструктуру, завяршылі добраўпарадкаванне плошчы Леніна.
Адным з праектаў комплекснага абнаўлення стала вуліца Савецкая — галоўная транспартная артэрыя горада, якая злучае дарожныя напрамкі ў бок Мінска і Мазыра. Тут цалкам замянілі дарожнае пакрыццё, пабудавалі ліўневую каналізацыю, усталявалі новае вонкавае асвятленне і змянілі арганізацыю дарожнага руху. Пасля рэканструкцыі вуліца атрымала сучаснае аблічча, а перамяшчэнне па ёй стала больш зручным і бяспечным.
Прыкметнае абнаўленне прайшло і ў Калінкавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Рамонтна-будаўнічыя работы ва ўстанове аховы здароўя не перапынялі аказанне медыцынскай дапамогі ў поўным аб’ёме. На першым паверсе тэрапеўтычнага корпуса размясціўся навучальна-трэніровачны кабінет з сучасным сімуляцыйным абсталяваннем. Новая пляцоўка стала адной з баз практыка-арыентаванай сістэмы падрыхтоўкі спецыялістаў сярэдняга звяна Гомельскай вобласці. Тут медыцынскія работнікі атрымалі магчымасць адпрацоўваць навыкі аказання экстраннай дапамогі ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальных.
Тэматычныя падворкі і конкурс «візітовак»
Маштабнае абнаўленне райцэнтра ўжо ў суботу змогуць ацаніць шматлікія госці і ўдзельнікі «Дажынак».
З раніцы святочная праграма пачнецца на плошчы Леніна і цэнтральных вуліцах горада.
Тут размесцяцца выстаўка тэхнікі, тэматычныя падворкі раёнаў Гомельскай вобласці, экспазіцыі і святочныя лакацыі. З дзесяці раніцы пачнуць працаваць гандлёвыя рады і фудкорты.

Як адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Інга ЗАЎГАРОДНЯЯ, увесь каларыт, усе кірункі дзейнасці раёнаў Гомельшчыны, культурныя традыцыі тэрыторый будуць творча прадстаўлены на тэматычных падворках.
У 11.40 па вуліцы Фрунзе пачнецца ўрачыстае шэсце перадавікоў уборачнай кампаніі і працаўнікоў сяла. Кожны раён рыхтуе сваё адметнае прадстаўленне.
— У гэтым годзе кожны раён атрымаў так званае тэхнічнае заданне, і ўсе актыўна рыхтаваліся да таго, каб выступіць ярка і эфектна. Шэсце на гэты раз праводзіцца на конкурснай аснове. У кожнага раёна — свая канцэпцыя са сваімі іскрынкамі. Усе прадумвалі драбнюткія дэталі аж да музычнага суправаджэння. Пераможцу шэсця ўзнагародзяць на галоўнай сцэне фестывалю, — сказала Інга Заўгародняя.
Адкрыццё свята і ўшанаванне аграрыяў пачнецца а 13-й гадзіне на галоўнай сцэне на плошчы Леніна.
Пасля ўрачыстай часткі праграма свята працягнецца канцэртам — з 15.30 будуць выступаць лепшыя творчыя калектывы Гомельшчыны і госці фестывалю. Культурная праграма таксама запланавана ў гарадскім парку культуры і адпачынку.
— У канцэртнай праграме — музычныя віншаванні ад найлепшых творчых калектываў вобласці, гасцей. У фінале — праграма «КаверХорШоу». Яркім акордам фестывалю стане маляўнічы феерверк. Карацей кажучы, праграма вельмі насычаная. Прадстаўнікі ўсіх пакаленняў — ад самых юных да людзей «залатога» ўзросту — змогуць знайсці тут шмат цікавага для сябе і, вядома, ад усёй душы падзякаваць людзям, чые рукі пахнуць хлебам, людзям, дзякуючы якім у вобласці ўдалося атрымаць важкі, багаты каравай, — запэўніла Інга Заўгародняя.
А яшчэ да свята працаўнікоў вёскі на Гомельшчыне прымеркаваны агляд-конкурс саламяных скульптур. Цяпер ён завяршаецца — пераможцаў выбіраюць падпісчыкі тэлеграм-канала «Гомельшчына афіцыйна».
Віктар ЛЮБІМАЎ, Нэлі ЗІГУЛЯ, Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота ТК «Калінкавічы. Навіны» і сайта shklovinfo.by"