Top.Mail.Ru

Адной з ключавых тэм на пленарнай сесіі выстаўкі «ІНАПРАМ. Беларусь» была інтэграцыя ў лічбавай сферы

Адзіны лічбавы свет

Галоўная пленарная сесія ў рамках выстаўкі «ІНАПРАМ. Беларусь» — «Вытворча-тэхналагічная кааперацыя: узаемадапаўняльнае партнёрства» — стала значнай падзеяй і з прычыны крайняй актуальнасці заяўленай тэмы, і з улікам статусу спікераў — кіраўнікі ўрадаў краін — удзельніц Еўразійскага эканамічнага саюза. У сваіх выступленнях кожны з іх закрануў розныя аспекты эканамічнай інтэграцыі ў высокатэхналагічных сферах. І кожны ўдзяліў асобную ўвагу развіццю лічбавага складніка і сумежных з ім кірункаў, паколькі развіццё менавіта лічбавых экасістэм сёння ў выніку вызначае і ўзровень канкурэнтаздольнасці ў цэлым, і асобных галін і прадпрыемстваў, у прыватнасці.

Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын прапанаваў калегам «адмовіцца ад агароджаў» і перайсці да будаўніцтва мастоў. Гаворка ідзе пра тэхнічную і юрыдычную сумяшчальнасць, адзіныя стандарты і ўзаемнае прызнанне кампетэнцый«. Ён таксама адзначыў, што «важным прыярытэтам становіцца лічбавая кампанента ў сферы прамысловай аўтаматызацыі і ІT-інфраструктуры». Аляксандр Турчын дакладна растлумачыў, чаму гэта так важна:

— У апошнія гады свет імкліва пераходзіць з аднаго новага на яшчэ больш новы тэхналагічны ўклад. Індустрыя тэхналогій здзейсніла якасны скачок, дзе галоўным драйверам становіцца штучны інтэлект. Адбыўся пераход ад простых чат-ботаў да паўнавартасных аўтаномных агентаў, здольных выконваць комплексныя рабочыя задачы за чалавека. Тое, на што раней ішло стагоддзе, сёння адбываецца за гады ці нават за месяцы. Рабатызацыя руцінных працэсаў выцясняе старыя прафесіі і стварае новыя. Аб’яднаўшы намаганні, мы зможам дасягнуць многага на карысць нашых дзяржаў і народаў. Як гаворыць кіраўнік нашай дзяржавы: «Кааперацыя — гэта адзіны шлях да росквіту».

Пасыл беларускага боку вельмі важны, з вялікім глыбінным сэнсам. Глабальны свет перажывае два супярэчлівыя працэсы: наймагутнейшую тэхналагічную трансфармацыю, з тэхналагічнай гонкай, жорсткай канкурэнцыяй, якая спараджае фрагментацыю і, як вынік, усеагульнае імкненне да суверэнізацыі. Што цалкам вытлумачальна на фоне гандлёвых войнаў і нястрымных санкцый: толькі валоданне ўласнымі тэхналогіямі гарантуе незалежнасць, бяспеку і ўстойлівае эканамічнае развіццё. Парадокс заключаецца ў тым, што распрацоўкі апошняга пакалення вельмі дарагія, патрабуюць найшырэйшых кампетэнцый і значных рынкаў збыту. Гэта парадокс сучаснага свету: канкурэнцыя праз фрагментацыю, але неабходнасць кааперацыі — ні адна краіна ў адзіночку не можа вырашыць у поўнай меры складаныя задачы сучаснасці. Больш за тое, пераход на новы тэхналагічны ўзровень магчымы толькі пры сінергіі розных кампанентаў: новага вытворчага абсталявання, скразной лічбавізацыі, лічбавых рашэнняў, стварэнне інфраструктуры... Шматковая мадэрнізацыя не дае эфекту. А для комплексных рашэнняў патрэбна адзіная палітыка дзяржаў — знешнеэканамічных партнёраў. Таму Аляксандр Турчын абазначыў вострую неабходнасць распрацоўкі міждзяржаўных стандартаў у высокатэхналагічных галінах.

Аб неабходнасці ўзаемадапаўняльнага партнёрства гаварыў і Прэм’ер-міністр Расіі Міхаіл Мішусцін:

— Вялікіх поспехаў ва ўмацаванні прамысловай базы можна дабіцца, развіваючы менавіта нашу міждзяржаўную прамысловую высокатэхналагічную кааперацыю. Мы гатовы дзяліцца кампетэнцыямі, вопытам з нашымі найбліжэйшымі суседзямі і сябрамі. Расія адкрытая да такога дыялогу. Вельмі важна нам не спыняцца на дасягнутым, ажыццяўляць новыя ідэі, забяспечваць інавацыйнае развіццё нацыянальных эканомік, выкарыстоўваючы моцныя бакі адзін аднаго.

Сваю лічбавую інфраструктуру гатовы прадастаўляць партнёрам і Казахстан. Прэм’ер-міністр Казахстана Алжас Бекценаў расказаў, што ў краіне запускаецца Даліна цэнтраў апрацоўкі даных — сучасная вылічальная інфраструктура, якая павінна стаць асновай для развіцця штучнага інтэлекту, воблачных тэхналогій і новых лічбавых сэрвісаў.

— Даліна цэнтраў апрацоўкі даных — перш за ўсё новыя тэхналагічныя магчымасці для прамысловасці, — адзначыў казахскі Прэм’ер-міністр. — Гэта адкрывае перспектывы для сумеснай распрацоўкі з нашымі партнёрамі інжынерных рашэнняў, укаранення прамысловага штучнага інтэлекту, лічбавых двайнікоў прадпрыемстваў і інтэлектуальных сістэм кіравання вытворчасцю.

Узбекістан, у сваю чаргу, актыўна развівае радыё- і мікраэлектроніку. Выпуск электратэхнічнай прадукцыі за апошнія гады вырас больш як у 9 разоў. Прэм’ер-міністр Узбекістана Абдула Арыпаў адзначыў, што ў краіне наладжаны выпуск крэмніевых фотаэлектрычных элементаў, рэалізуюцца праекты па вырабе медных праваднікоў для мікраэлектронікі і кампанентаў сілавой электронікі новага пакалення. Да 2030 года аб’ём вытворчасці галіны плануецца павялічыць да 11 мільярдаў долараў, экспарт — да 5 мільярдаў долараў, а таксама прыцягнуць каля 3 мільярдаў долараў інвестыцый.

Старшыня Кабінета Міністраў Кыргызскай Рэспублікі — кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Кыргызскай Рэспублікі Адылбек Касымаліеў адзначыў, што геаграфічная блізкасць рэспублікі да Кітая і ў цэлым да азіяцкага рэгіёна робіць краіну цікавай для рэалізацыі праектаў з шырокай геаграфіяй рынкаў збыту.

Увогуле ў краін — удзельніц ЕАЭС, па вялікім рахунку, ёсць усе фактары для рэалізацыі самых складаных праектаў і пабудовы калі не адзінага, дык узаемазвязанага лічбавага асяроддзя для развіцця экасістэмы прамысловай лічбавізацыі, а таксама адзіных платформ для распрацоўкі і ўкаранення новага абсталявання, у тым ліку высокапрадукцыйных станкоў, аўтаматызаваных ліній, робататэхнічных комплексаў. Сёння важная не толькі наяўнасць такіх агрэгатаў у цэхах, а перш за ўсё іх камунікацыя паміж сабой і знешнім контурам. Найбольшы эканамічны эфект прыносіць скразная лічбавізацыя, а для гэтага неабходныя адзіныя падыходы, універсальныя пратаколы... Словам, неабходная сінхранізацыя. І гэта вельмі сур’ёзнае пытанне. Прычым вырашаецца яно найперш арганізацыйнымі метадамі і распрацоўкай адпаведнага праграмнага забеспячэння. 

Воля да інтэграцыі на самым высокім узроўні ёсць. Кампетэнцыі ў сферы ІT у ЕАЭС каласальныя. Значыць, задача вырашальная.

Уладзімір ВАЛЧКОЎ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю