Top.Mail.Ru

Адносіны да асаблівых дзяцей як люстэрка грамадства

Якія мы?

Пра маральны стан чалавечай супольнасці можна судзіць па розных крытэрыях, але ёсць у іх агульнае — адносіны да тых, каму патрэбна дапамога: старыя, дзеці, інваліды... Увага, накіраваная не толькі на сябе, але і на іншых, сведчыць пра духоўнае здароўе як асобна ўзятага чалавека, так і грамадства ў цэлым. Факт: у Беларусі за апошнія гады больш як у шэсць разоў павялічылася колькасць дзяцей-інвалідаў, уладкаваных у замяшчальныя сем’і. Нягледзячы на тое што хлопчыкаў і дзяўчат, якія ўпершыню прызнаныя інвалідамі, становіцца больш (адзін з фактараў — дасягненні медыцыны, якія дазваляюць захаваць жыцці ў складаных выпадках), колькасць маленькіх насельнікаў інтэрнатных устаноў змяншаецца. І гэта сведчыць пра тое, што мы становімся лепш.

Спачатку — не дапусціць страты сям’і

Такая тэндэнцыя — вынік каласальнай работы і дзяржавы, і недзяржаўных інстытутаў. Часта нельга падзяліць намаганні вялізнай колькасці самых розных людзей і арганізацый, якія дзесяцігоддзямі намагаюцца змяніць стаўленне соцыуму да інвалідаў. Сюды ўваходзіць усё: стварэнне безбар’ернага асяроддзя, інклюзія, сацыяльная абарона, дзяржаўная палітыка, інфармаванасць насельніцтва.

Галоўны ўрач Віцебскага абласнога спецыялізаванага дома дзіцяці Алена МІЗЕРКІНА — той чалавек, які ўвачавідкі назірае, як змяняецца свядомасць беларусаў.

26-6 копия.jpg

— Цяпер ёсць катэгорыя ўсынавіцеляў і прыёмных бацькоў, якія не баяцца браць дзяцей з устаноўленай інваліднасцю, — кажа яна. — Яны добра разумеюць, што гэта няпросты шлях, бо такія члены сям’і патрабуюць значна больш часу і выдаткаў, асаблівых умоў. Дарослыя асэнсоўваюць, што іх далейшае жыццё будзе падстройвацца пад патрэбы асаблівага дзіцяці.

Але перш чым паўстане пытанне аб уладкаванні дзіця-інваліда ў сям’ю, праводзіцца тытанічная работа, каб такую сітуацыю не дапусціць. Віцебскі абласны спецыялізаваны дом дзіцяці ўдзельнічае ў маштабным гуманітарным праекце «Папярэджанне інстытуцыяналізацыі і дэінстытуцыяналізацыя дзяцей ранняга ўзросту і дзяцей з інваліднасцю ў Віцебскай вобласці», які рэалізуецца пры падтрымцы Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь. Праект вырас з праграмы «Сям’я кожнаму дзіцяці», якая цягам чатырох гадоў рэалізоўвалася ў Гомельскай вобласці — так пашыраецца яго геаграфія. На Віцебшчыне ініцыятыва ўзнікла ў 2022 годзе. Першапачаткова яна была разлічаная на два гады. Летась атрымала працяг яшчэ на два

— Прафілактыка інстытуцыяналізацыі — гэта папярэджанне сітуацыі, калі дзіця аказваецца ў інтэрнатнай установе. Дэінстытуцыяналізацыя — знаходжанне выхаванцу такой установы новай сям’і, — тлумачыць Алена Мізеркіна і дадае: — Гэта тое, чым мы займаемся. Я толькі што пазнаёміла з дзяўчынкай кандыдатаў ва ўсынавіцелі. Учора дваіх хлопчыкаў вярнулі ў біялагічную сям’ю. Адзін з нядаўніх выпадкаў усынаўлення — дзіця мела парок сэрца, было абследавана і рыхтавалася да аперацыі. Кандыдаты былі праінфармаваныя пра ўсе, звязаныя з гэтым, нюансы і тым не менш прынялі рашэнне малое забіраць.

Сінергетычны эфект

Галоўны ўрач Дома дзіцяці звяртае ўвагу: у Беларусі на заканадаўчым узроўні прадугледжана прыярытэтнасць сямейнага выхавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Гуманітарны праект дазваляе сканцэнтраваць намаганні спецыялістаў на дапамозе як біялагічным бацькам, так і апекунам.

— Праект міжведамасны, — звяртае ўвагу на другую яго асаблівасць дырэктар Віцебскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Марынэ ФЁДАРАВА. — Ён рэалізуецца ўстановамі адукацыі, сацыяльнай абароны і аховы здароўя дзевяці раёнаў Віцебскай вобласці і горада Віцебска (Віцебскі, Докшыцкі, Лепельскі, Аршанскі, Полацкі, Сенненскі раёны і Чыгуначны, Кастрычніцкі і Першамайскі — абласнога цэнтра), горада Наваполацка, а таксама Багушэўскім дзіцячым сацыяльным пансіянатам «Прамяністы».

  • Згодна з данымі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, летась у Беларусі 5 183 дзіцяці былі ўпершыню прызнаныя інвалідамі. Гэта на тысячу больш, чым у 2020-м. Аднак колькасць дзяцей-інвалідаў у дзіцячых інтэрнатных установах за той жа перыяд зменшылася на некалькі соцень (летась іх было каля 1,5 тысячы ва ўстановах усіх тыпаў). Значыць малыя выхоўваюцца ў родных сем’ях. Гэта вынік у тым ліку дзяржаўных гарантый і падтрымкі спецыялістаў.

— Калі нараджаецца дзіця з цяжкай паталогіяй або калі яму пастаўлены дыягназ, сям’я перажывае стрэс. Бацькам трэба зразумець, як далей жыць, і на гэтым этапе падключаюцца ўсе: медыкі, педагогі, сацыяльныя работнікі, — кажа галоўны ўрач Віцебскага абласнога спецыялізаванага дома дзіцяці. — Такая міжведамасная работа ажыццяўляецца не толькі ў рамках праекта, але заўсёды. Спецыялісты сістэм аховы здароўя, адукацыі і сацыяльнай абароны камунікуюць паміж сабой. Сям’і даецца ўся неабходная інфармацыя.

26-8 копия.jpg

IMG_2809.jpg

— Дзякуючы падтрымцы ЮНІСЕФ і Прыёрбанка мы навучаем спецыялістаў для вызначэння новых форм падтрымкі і кансультуем сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, — звярнула ўвагу Марынэ Фёдарава. — Вызначаем такія сем’і, аналізуем іх патрэбы. Выбудоўваем індывідуальную работу з кожнай. У выніку пашыраецца спектр паслуг, якія аказваюць такім сем’ям установы адукацыі, аховы здароўя і сацыяльнага абслугоўвання.

Дзеці, якія маюць патрэбу ў паліятыўнай дапамозе, атрымліваюць яе на базе Віцебскага абласнога спецыялізаванага дома дзіцяці.

— Мы гутарым з бацькамі яшчэ ў лякарні, працягваем працаваць з імі, калі дзіця паступае да нас. Часта стан немаўляткі паляпшаецца: дзякуючы праведзеным аперацыям, адаптацыі яго арганізма. Прыстасоўваюцца і бацькі. Мы іх навучаем догляду за цяжкахворым малым, суправаджаем і надалей, — дадае Алена Мізеркіна.

Паступова ў праект увайшлі дзеці не толькі з паталогіяй, але і тыя, хто аказаўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Напрыклад, калі інваліднасць або псіхафізічную асаблівасць мае нехта з членаў сям’і, калі сям’я па розных прычынах аказваецца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Права на дамашняе цяпло

Алена Мізеркіна правяла для журналіста «Звязды» невялікую экскурсію па Доме дзіцяці і яго тэрыторыі. Галоўнае ўражанне — усмешкі. Усміхаюцца персанал і выхаванцы, малыя цягнуць да дарослых ручкі, і ў кожным пакоі ў супрацоўнікаў на руках дзіця. Гэта невыпадкова.

anxdlocxelgcno6y89g3v38p8dklqq9j.jpg

— Калі нягледзячы на ўсю праведзеную работу дзіця трапляе да нас, наша задача як у рамках заканадаўства, так і ў рамках праекта знайсці яму новую сям’ю, — каментуе Алена Мізеркіна. — У залежнасці ад статуса дзіцяці гэта можа быць апека, усынаўленне або прыёмныя бацькі. Дапамагаем дзіцяці справіцца з псіхатраўмай, пераадолець сацыяльную дэпрывацыю, сацыялізавацца. У нас працуюць вельмі добрыя дэфектолагі, выдатныя медыкі, маецца добрая лячэбная база. Праводзім усе рэабілітацыйныя мерапрыемствы, каб дзіця, калі да яго прыходзяць дарослыя, пайшло на кантакт.

Яшчэ адно ўражанне ад Віцебскага абласнога спецыялізаванага дома дзіцяці — утульнасць. Гэта датычыцца і вялікай зялёнай тэрыторыі, і прадуманага інтэр’ера, уключаючы роспіс калідораў віцебскімі студэнтамі-мастакамі і галерэю партрэтаў выхаванцаў.

Сярод набыткаў у рамках праекта — лялька-мадэль нованароджанага дзіцяці, на якой адпрацоўваюцца навыкі догляду і некаторыя медыцынскія маніпуляцыі. У планах — набыць педыятрычныя лялькі, на якіх можна навучыць бацькоў даглядаць дзяцей з трахеастомамі і гастрастомамі. Яшчэ адна неабходная навінка спецыялізаванага дома дзіцяці — платформенныя вагі, на іх можна ўзважваць малое на калясцы.

Віцебскаму абласному цэнтру карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі ў рамках праекта было перададзена абсталяванне для мабільнага рэсурснага пакоя: камунікатары, лупы, трэнажоры, вертыкалізатары і гульнявыя наборы. Спецыялісты навучаюць бацькоў з аддаленых населеных пунктаў карыстацца гэтым аснашчэннем.

За перыяд рэалізацыі праекта (2024-ы і першая палова 2025-га) 117 дзяцей выведзены з інтэрнатных устаноў. Сёлета, за першыя шэсць месяцаў, былі вызначаны 30 сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю або з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў Віцебскай вобласці і знаходзяцца ў цяжкой жыццёвай сітуацыі або ў сацыяльна небяспечным становішчы. З кожнай працуюць так званыя кейс-менеджары. У выніку дзве сем’і выведзеныя з сацыяльнанебяспечнага стану. Работа з астатнімі працягваецца

За першае паўгоддзе 2025 года з Віцебскага абласнога спецыялізаванага дома дзіцяці вярнуліся ў сем’і 25 % дзяцей, усыноўлены — 39 %, аддадзены пад апеку — 16 %, у прыёмныя сем’і — 4,5 %, у дзіцячыя дамы сямейнага тыпу — 2,3 %.

У Багушэўскім сацыяльным пансіянаце з пачатку года вызначаны 11 сем’яў (біялагічныя, апякунскія і прыёмныя), у якія могуць быць вернутыя дзеці. Адно з іх ужо дома.

sglmru8cowvmmv6jpxhaljqstfhhzaiz.jpg

ac4e5ykkup7geukl018n6k02lmodrern.jpg

На Віцебшчыне праведзена анкетаванне 1000 сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю. Яны ацанілі якасць паслуг у сферы адукацыі, медыцыны і сацыяльнай абароны. Вывучана патрэба такіх сем’яў у прафесійным бэбісіцінгу — паслузе па доўгачасовым доглядзе за дзецьмі кваліфікаваным спецыялістам. У рамках гуманітарнага праекта гэты сэрвіс будзе апрабаваны ў Аршанскім раёне, для чаго закуплены сацыяльныя і медыцынскія рэабілітацыйныя наборы. Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Аршанскага раёна — каардынатар праекта ад сацыяльнай абароны — плануе не толькі выпрацаваць, але і выпрабаваць дзейныя механізмы сацыяльнага абслугоўвання сем’яў у Віцебскай вобласці для наступнай перадачы станоўчага вопыту на іншыя рэгіёны краіны.

P.S. «Як вам нашы дзеці? — спытала мяне на развітанне Алена Мізеркіна і вочы яе напоўніліся пяшчотай. — Праўда, прыгожыя? Да нас едуць з усёй краіны і кажуць: у вас самыя прыгожыя!» Гэта сапраўды так.

Да ведама:

  1. У Беларусі каля 16 тысяч дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. З іх на выхаванні ў замяшчальных сем’ях (апякунскія і прыёмныя), а таксама ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу знаходзіцца больш як 12,8 тысячы дзяцей, гэта значыць больш за 80 працэнтаў.

  2. У Віцебскай вобласці пражывае 2282 дзіцяці, якія маюць статус сіраты, у тым ліку і дзеці з інваліднасцю. 948 дзяцей выхоўваюцца ў апякунскіх сем’ях, 539 — у прыёмных, 228 — у дзіцячых дамах сямейнага тыпу.

Са жніўня вырастуць дапамогі на дзяцей

У Беларусі з 1 жніўня павялічаць памер некаторых сацыяльных выплат, паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

У прыватнасці, дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў павялічацца на 8,2 %, зыходзячы з сярэднямесячнага заробку работнікаў у нашай краіне за ІІ квартал. Нагадаем, гэты паказчык за чэрвень склаў 2717,8 рубля.

Такім чынам, выплаты на першае дзіця складуць 931,91 рубля (рост на 70,49 рубля). Гэта 35 % ад сярэднямесячнай заработнай платы за ІІ квартал. На другое і наступных дзяцей выплачваюць 40 %. Выплата павялічыцца да 1065,04 рубля (плюс 80,56 рубля). На дзіця-інваліда дапамога складае 45 % і ўзнімецца да 1198,17 рубля (павелічэнне на 90,63 рубля).

Такі памер дапамог будзе дзейнічаць з 1 жніўня 2025-га да 31 студзеня 2026 года.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю