Top.Mail.Ru

Кіраўнік дзяржавы заслухаў даклад пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў ААН

«Дынаміка і перспектывы — нядрэнныя»


Яшчэ адным мерапрыемствам у графіку беларускага лідара стала сустрэча з пастаянным прадстаўніком Беларусі ў ААН Валянцінам Рыбаковым. У якасці асноўнай тэмы кіраўнік дзяржавы пазначыў стан беларуска-амерыканскіх адносін, якімі даручана займацца Валянціну Рыбакову.

«Арганізацыя Аб’яднаных Нацый — магутная арганізацыя, і, вядома, наш інтарэс там прысутнічае. Але не буду хаваць, мяне больш цікавяць цяпер беларуска-амерыканскія адносіны, — звярнуўся Прэзідэнт да Валянціна Рыбакова. — На тваю галаву выпаў і гонар, і вялікая-вялікая праца па наладжванні адносін паміж ЗША і Беларуссю». 

Ён звярнуў увагу, што Валянцін Рыбакоў працуе ў цесным кантакце са спецпасланнікам ЗША Джонам Коўлам. «Перадай яму самыя добрыя пажаданні і яго цудоўнай жонцы, — папрасіў беларускі лідар. — Я давяраю гэтаму чалавеку». 

Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў, што ўважліва, да коскі, чытае ўсе дакументы, якія паступаюць ад Валянціна Рыбакова, і ў яго склаліся пэўныя ўражанні і меркаванні ў дачыненні да ЗША, іх пажаданняў. «Я ўмею чытаць паміж радкоў. Справа не ў радках тут, а ў духу таго, як думае кіраўніцтва Злучаных Штатаў Амерыкі, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Таму, калі нават Джон спрабуе ледзь-ледзь нешта прыўкрасіць, гэта рабіць не трэба. Я дасведчаны чалавек і ведаю, як насамрэч. Але тым не менш абстаноўка, якая складваецца ў нашых адносінах, асабліва дынаміка і перспектывы — нядрэнныя».

Як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, на беларуска-амерыканскіх перагаворах была дакладна выказана пазіцыя Беларусі — выразна сказана пра тое, «што мы можам, што не можам і на што не пойдзем». «Я патлумачыў пра нашы стасункі перш за ўсё з нашай Расіяй, з Кітайскай Народнай Рэспублікай, з Іранам. Шмат мы закраналі тэм», — паведаміў беларускі лідар.

Пры гэтым, паводле слоў Прэзідэнта, беларускі бок заўсёды прытрымліваўся сумленнай і адкрытай пазіцыі. «Мы ніколі не віхлялі і ў дыпламатычныя тэрміны не хавалі сваю пазіцыю. Ад гэтага сёння і выйграём. Яны выдатна разумеюць, у тым ліку спадар Коўл, што мы можам, а што не. Таму мы такой прыстойнасці, адкрытасці будзем прытрымлівацца і далей», — акцэнтаваў кіраўнік дзяржавы. 

Кіраўнік дзяржавы спытаў Валянціна Рыбакова аб яго ўражаннях ад кантактаў з прадстаўнікамі ЗША і магчымых прапановах аб тым, як дзейнічаць далей. Закраналася і тэма ўзаемадзеяння Беларусі і ААН. «Можа быць, цяперашняму генсеку, з якім у мяне сяброўскія адносіны, наша дапамога, падтрымка патрэбна будзе, — заўважыў Прэзідэнт. — Мы абавязкова павінны яму гэтую падтрымку аказаць».

Даслоўна

«Кантакты з амерыканскім бокам працягваюцца, носяць вельмі ўстойлівы і рэгулярны характар»

У размове з журналістамі пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў адзначыў, што падчас яго даклада кіраўніку дзяржавы размова ў асноўным ішла аб беларуска-амерыканскім парадку дня. «Нашы кантакты з амерыканскім бокам працягваюцца, носяць вельмі ўстойлівы і рэгулярны характар, — заявіў Валянцін Рыбакоў. — Фактычна раз на тыдзень-дзесяць дзён у мяне праходзяць сустрэчы са спадаром Коўлам (спецпасланнік ЗША Джон Коўл. — „Зв.“) — асноўным перагаворшчыкам з амерыканскага боку, і іншымі прадстаўнікамі». 

Валянцін Рыбакоў падкрэсліў, што Беларусь і ЗША вядуць адкрыты, добразычлівы і вельмі прадметны дыялог. «Спадзяёмся на тое, што ў агляднай будучыні плён гэтага дыялогу мы ўбачым, — падзяліўся ён. — Некалькі дзён таму ў наш адрас, на адрас Прэзідэнта былі сфармуляваны чарговыя пэўныя прапановы з боку ЗША. Прэзідэнт азнаёміўся з гэтай інфармацыяй, даў адпаведныя даручэнні тым структурам, якія займаюцца рэалізацыяй гэтых прапаноў (калі яны будуць рэалізаваны)».

Пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН адзначыў, што ўжо праз некалькі дзён плануе вярнуцца ў Нью-Ёрк і сустрэцца са спецпасланнікам ЗША Джонам Коўлам: «Пасланне Прэзідэнта будзе яму перададзена. Будзем чакаць вынікаў».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю