У Беларусі пражываюць прадстаўнікі 25 канфесій і веравызнанняў, а міжканфесійны і міжнацыянальны дыялог удаецца падтрымліваць дзякуючы талерантнасці нашага народа, якая складвалася на працягу стагоддзяў. Такой думкай у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» падзяліўся ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак, паведаміла БелТА.
Аляксандр Румак адзначыў, што Беларусь з’яўляецца краінай міжканфесійнага і міжнацыянальнага міру і згоды, аб чым неаднаразова гаварыў і кіраўнік дзяржавы. «Прэзідэнт гаварыў: „Мы розныя, мы ўсе вельмі розныя, але мы адзіны беларускі народ“. І, вядома, на дабратворнай беларускай зямлі пражываюць людзі, якія адносяць сябе да 25 канфесій і веравызнанняў, а таксама людзі больш як 150 нацыянальнасцей», — сказаў упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей.
Беларусы вядомы далёка за межамі роднай краіны сваёй талерантнасцю. «У свеце шмат прыкладаў, калі рэлігійная непрыязнасць прыводзіць да войнаў і сутыкненняў, да вельмі страшных наступстваў. Прыкладамі гэтага з’яўляюцца і падзеі на Балканах у 90-я гады XX стагоддзя, і падзеі ў Афрыцы, у Судане. Сённяшні канфлікт на Блізкім Усходзе таксама мае пад сабой рэлігійную непрыязнасць. А ў Беларусі ўжо на працягу многіх стагоддзяў захоўваецца мірнае суіснаванне людзей розных канфесій. І талерантнасць, якая сёння ў нашым грамадстве, не ўзнікла ўчора ці пазаўчора — гэта фарміравалася на працягу многіх стагоддзяў», — акцэнтаваў увагу Аляксандр Румак.
Ён прывёў прыклад Мінска, дзе па суседстве размешчаны праваслаўная і каталіцкая цэрквы, і падкрэсліў, што такое можна сустрэць ва ўсіх рэгіёнах краіны. Аляксандр Румак расказаў, на якіх прынцыпах у Беларусі грунтуецца міжканфесійны дыялог. «Перш за ўсё прынцып роўнасці. І ў Канстытуцыі, і ў законе аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях прапісана, што ўсе канфесіі і рэлігійныя арганізацыі роўныя перад законам. Таксама як і ўсе грамадзяне, незалежна ад іх веравызнання, роўныя перад законам. І ніякіх пераваг і прывілей у залежнасці ад таго, чалавек з’яўляецца вернікам або чалавек атэіст, не ўстанаўліваецца. Больш таго, калі нехта спрабуе нейкія ўстанаўліваць перавагі, гэта праследуецца па законе. Я лічу, што гэта раўнапраўныя адносіны, таму што дзяржава гарантуе свабодную дзейнасць рэлігійных арганізацый. Але і ў сваю чаргу дзяржава павінна быць упэўнена, што гэта дзейнасць не будзе наносіць шкоду суверэнітэту краіны, асноўным напрамкам знешняй і ўнутранай палітыкі. Вельмі важна, каб рэлігійная дзейнасць не была накіравана ва ўрон інтарэсам і правам грамадзян», — адзначыў ён.
Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей таксама звярнуў увагу, што ў нашай дзяржаве існуюць духоўныя цэнтры і іх стварэнне было ідэяй беларускага лідара. «Гэта два духоўныя цэнтры Беларускай праваслаўнай царквы як самай вялікай, самай уплывовай канфесіі на беларускай зямлі. Таксама Будслаўскі касцёл — гэта Рымска-каталіцкая царква. Таксама духоўныя цэнтры ісламу і іўдаізму, гэта значыць цэнтры ўсіх традыцыйных канфесій на беларускай зямлі. Гэта ініцыятыва Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі была ім зроблена 10 лютага 2025 года ў час сустрэчы з кіраўнікамі буйнейшых канфесій, рэлігійных аб’яднанняў. Прэзідэнт прапанаваў вызначыць такія духоўныя цэнтры канфесій. І ідэя кіраўніка дзяржавы ў тым, каб кожны чалавек у нашай краіне і госць, які прыязджае на беларускую зямлю, маглі звярнуцца да вытокаў. Цэнтры прызначаны паказаць, як канфесіі распаўсюджваліся на беларускай зямлі, калі гэта адбылося, як жылі людзі рознай канфесійнай прыналежнасці. Час жа тады быў складаны, вельмі супярэчлівы, таму што, на жаль, беларуская зямля не аднойчы станавілася месцам палітычных разладаў, войнаў. Не беларусы іх пачыналі. Гэтыя войны прыходзілі звонку на беларускую зямлю, але ўсе, хто тут пражываў, людзі розных нацыянальнасцей, розных веравызнанняў, разам абаранялі гэту зямлю, яны разам аднаўлялі гэту зямлю, тое, што мы бачым сёння, — краіну, якая нацэлена на далейшае развіццё, умацаванне нашай незалежнасці», — падкрэсліў Аляксандр Румак.