Днямі мытная служба ЗША перастала спаганяць пошліны, якія летась шчодра ўводзіў амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп. А потым адмяняў: або заключаючы гандлёвыя і эканамічныя здзелкі, або пад ціскам уласнай эканомікі, або зыходзячы з палітычнай мэтазгоднасці. Амерыканскі Вярхоўны суд выбіў з рук кіраўніка Белага дома тарыфную палітычную зброю. І цяпер пачынаецца самае цікавае. Па-першае, выканаўчая ўлада не думае здавацца і працягвае шукаць юрыдычныя шчыліны, каб абысці волю галіны ўлады заканадаўчай, што пагражае палітычным крызісам. Па-другое, разбураецца ўся сістэма здзелак (якія так любіць Дональд Трамп), паколькі цяпер яны калі і не страчваюць сілы, то становяцца вельмі сумнеўнымі па змесце. Па-трэцяе, развальваецца значная частка будовы амерыканскай дыпламатыі новай хвалі, заснаванай на гандлёва-эканамічным ціску і пошлінным гандлі. Шоу працягваецца.
Зрэшты, бізнесу ў чарговы раз не вельмі смешна. Аплот эканамічнай стабільнасці і ўстойлівасці ў апошні год ператварыўся ў самае сапраўднае казіно, калі на картачным стале разлік спаборнічае з непрадказальнасцю. Рашэнне Вярхоўнага суда канчатковае і абскарджанню не падлягае. Але адмена адных пошлін з’яўляецца не канцом гісторыі, а пачаткам новых.
Дональд Трамп горда трымае галаву. Дзяржавам, якія паспрабуюць скарыстацца рашэннем амерыканскага суда, ён абяцае ледзь не геену вогненную, пагражаючы ўвесці страшныя меры супраць іх тавараў. У інфармацыйную прастору шчодрай ракой паляцелі ўцечкі, што адміністрацыя шукае новыя юрыдычныя шчыліны, каб вярнуць у бар’ерную палітыку сваю стратэгію. Вярхоўны суд прызнаў перавышэннем паўнамоцтваў прэзідэнта, які ўвёў тарыфы ў рамках закона аб надзвычайных эканамічных сітуацыях. Свае дзеянні амерыканскі прэзідэнт прыкрываў барацьбой з кантрабандай фентанілу, а таксама гаротным становішчам знешнегандлёвага сальда Штатаў. Феміда палічыла, што да эканамічнай сітуацыі гэта не мае ніякага дачынення. Але амерыканскае заканадаўства багатае на розныя навелы. Таму, магчыма, у юрыстаў Белага дома атрымаецца знайсці зачэпку, каб вярнуць тарыфныя пазіцыі, але ўжо выкарыстоўваючы іншы нарматыўна-прававы акт. І далей зноў можна пасудзіцца, калі сродкі дазваляюць.

А вось з імі, з гэтымі самымі магчымасцямі і сродкамі, справа ідзе не так проста, як хацелася б дзеючай адміністрацыі. З радасці ад навін паражэння Дональда Трампа фондавыя індэксы пайшлі ўверх, адлюстроўваючы стаўленне інвестараў да дзеючай эканамічнай палітыкі. Праўда, кіраўнік Белага дома тут жа падпісаў указ аб увядзенні дадатковай 10-працэнтнай пошліны для ўсіх краін. Потым падумаў каля сутак і абнавіў сваё рашэнне: павысіў тарыфы да 15 % для ўсіх краін. На гэта ён мае ўсе паўнамоцтвы, у якіх не будзе сумнявацца нават Вярхоўны суд. Але тэрмін дзеяння такіх тарыфаў складае 150 дзён, пасля чаго яны альбо атрымліваюць адабрэнне ў Кангрэсе, альбо анулююцца. Пакуль застаецца не вызначаны цікавы грашовы момант: а як быць з ужо выплачанымі пошлінамі, якія Феміда прызнала незаконнымі? Гаворка ідзе пра суму ў 130-150 мільярдаў долараў. І яе прыйдзецца адбіраць з федэральнага бюджэту, які і без гэтага не адрозніваецца перапоўненасцю. Больш за тое, Трамп у рамках падтрымкі пацярпелых унутры ЗША ад сваіх жа пошлін раздаваў шчодрай рукой кампенсацыі. А што рабіць з імі? Словам, пакуль тарыфная гульня кіраўніка Белага дома атрымліваецца так сабе па выніковасці. Дрэнная здзелка, кажучы яго ж словамі.

Зрэшты, самыя ключавыя наступствы не фінансавыя. Як-небудзь, ды страту пары сотняў мільярдаў долараў амерыканскі ўрад пераварыць. Але развальваецца ўся дыпламатыя ЗША, як і іх імідж на міжнароднай арэне. З тарыфнай дубінкай Вашынгтон маглі хоць бы баяцца, заключаць з ім здзелкі. Не ўсе дзяржавы. Кітай, Індыя і шэраг іншых краін працягвалі праводзіць сваю лінію, зыходзячы з уласных пазіцый, а не пажаданняў Трампа. І цяпер яны апынуліся ў маральным і эканамічным выйгрышы. Здзелка Бруселя з Вашынгтонам выглядала больш-менш прымальна пры значна больш высокіх тарыфах для іншых пастаўшчыкоў на амерыканскі рынак. А сёння тарыф у 15 % дзейнічае для ўсіх. Нават для тых, хто з Белым домам толкам не ўступіў у перагаворы, як Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка. Або працягвае купляць расійскую нафту, як Індыя. Або працягвае праводзіць уласную лінію на міжнароднай арэне, як Кітай. Гісторыя з чаўночным бегам моцна падарвала імідж сілавога гульца, якім так ганарыліся ЗША. Несумненна, які-небудзь працэсуальны фінт Белы дом можа прыдумаць, але гэта ўзмоцніць канфрантацыю ўнутры амерыканскай эліты, у якой тлее раскол. І перад выбарамі ў Кангрэс, якія павінны прайсці ў лістападзе 2026 года, рабіць рэзкія рухі немэтазгодна. Таму калідор для манеўру ў дзеючай адміністрацыі застаецца досыць вузкі.
Зрэшты, гэта далёка не значыць, што знешняя палітыка Вашынгтона зменіцца. Пошліны — пошлінамі, але рашэнне Вярхоўнага суда не распаўсюджваецца на санкцыі супраць іншых краін, якія працягваюць дзейнічаць. Нейкія тарыфныя навацыі Дональд Трамп цалкам можа працягнуць праз Кангрэс, у якім у рэспубліканцаў няхай і невялікая, але большасць. Праўда, працэдура досыць складаная, але не немагчымая. Значнасць лютаўскіх пошлінных падзей заключаецца ў тым, што Штаты не могуць праводзіць татальную стратэгію эканамічнага ціску, якую прапаведуе Дональд Трамп. І значнасць іх санкцый, у тым ліку, і супраць Расіі, рэзка зніжаецца. За іх ігнараванне ўжо не атрымліваецца пакараць Пекін, Нью-Дэлі або іншую непакорлівую сталіцу імгненным увядзеннем якіх-небудзь звышвысокіх тарыфаў.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ