Top.Mail.Ru
372

Адкрыццё Мінскага рэферэнс-цэнтра

Калі бяспеку сваёй прадукцыі вытворцы гарантуюць, то кантроль за выкананнем імі якасных паказчыкаў яшчэ актуальны. Таму адкрыццё абноўленага падраздзялення БелДІСС стала яшчэ адным крокам да ўмацавання даверу да беларускіх тавараў і стварэння дадатковых канкурэнтных пераваг для нацыянальных прадпрыемстваў.


Штуршок для навукі і стандартызацыі

Якасць прадукцыі сёння мае першараднае значэнне, паколькі непасрэдна звязана з яе канкурэнтаздольнасцю. «На сённяшні дзень для ўсіх відаў прадукцыі лёгкай прамысловасці распрацавана больш за 1700 стандартаў, — адзначыла старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Алена МАРГУНОВА. — Мы штогод пераглядаем іх, паколькі патрабаванні да якасці ўвесь час растуць, і важна закладваць новыя якасныя характарыстыкі ў аснову стандартаў, каб абапірацца на іх». Да таго ж гэта дазваляе з дапамогай пэўных працэдур выяўляць і знімаць з рынку тавары, якія не адпавядаюць патрабаванням і нормам. У тым ліку, каб толькі якасная беларуская прадукцыя дастойна прадстаўляла краіну як на ўнутраным, так і на знешнім рынках.


Мінскі рэферэнс-цэнтр БелДІСС займае ў працэсе кантролю за бяспечнасцю і якасцю тавараў асаблівае месца. Новае падраздзяленне інстытута было ўключана ў яго склад у студзені 2025 года шляхам далучэння да БелДІСС «Цэнтра выпрабаванняў і сертыфікацыі ТААТ». Яго гісторыя пачалася яшчэ ў 1991-м — Міністэрства лёгкай прамысловасці БССР стварыла гэты профільны цэнтр на базе дзеючага выпрабавальнага цэнтра тавараў народнага спажывання Беларускага цэнтра моды. Першапачаткова ён займаўся выключна выпрабаваннямі прадукцыі лёгкай прамысловасці, але з цягам часу задачы значна пашырыліся. Дадаліся, напрыклад, работы па ацэнцы адпаведнасці сродкаў індывідуальнай аховы, упакоўкі, мыйных сродкаў, мінеральных угнаенняў, касметыкі і парфумерыі, прадукцыі для дзяцей і падлеткаў, а таксама тавары харчовай прамысловасці.

Пасля перадачы яго ў 1993-м Дзяржстандарту цэнтр працягнуў развівацца і са студзеня мінулага года ўвайшоў у склад БелДІСС: «Мы ўжо цэлы год служым нашаму інстытуту. За гэты час выраслі ў кадравым плане: у штаце ёсць медыцынскія работнікі, інжынеры, хімікі, біёлагі. Усе яны працуюць над развіццём нашай навуковай і доследна-эксперыментальнай базы, — падзяліўся начальнік Мінскага рэферэнс-цэнтра БелДІСС Уладзімір ШАРАМКОЎ. — Наш цэнтр паспяхова размясціўся на новых пляцоўках, і сёння мы гатовы паказаць усе новаўвядзенні, якімі валодаем. Усё тое абсталяванне, той патэнцыял, які, я спадзяюся, дасць новы штуршок развіццю навукі і стандартызацыі, дапаможа ў нагляднай дзейнасці за прадукцыяй на рынку».

Праверкі на трываласць

Асноўная мэта новага падраздзялення — правядзенне выпрабаванняў і пацвярджэнне адпаведнасці прадукцыі строгім патрабаванням бяспекі і якасці. Пад пільнай увагай спецыялістаў цэнтра — папулярныя сярод грамадзян усіх узростаў тавары: адзенне і абутак, цацкі, парфумерна-касметычная прадукцыя, сродкі індывідуальнай абароны, упакоўка, мыйныя сродкі і тавары бытавой хіміі, а таксама іншыя вырабы.


Мінулыя дванаццаць месяцаў былі прысвечаны інтэнсіўнай «перазагрузцы» дзейнасці цэнтра, у першую чаргу маштабнаму пашырэнню і абнаўленню выпрабавальнай базы. Як адзначае Уладзімір Шарамкоў, за год у складзе БелДІСС было атрымана больш за дваццаць адзінак сучаснага абсталявання. З’явіліся новыя храматографы, спектрометры, а таксама мадэрнізавана ўстаноўка для выпрабавання трываласці паднаска абутку. Тэхнічны парк дазваляе праводзіць аналізы па больш за 200 ключавых паказчыках — ад гіграскапічнасці тканін да складу сыравіны.

Напрыклад, на адных стэндах вызначаецца ўстойлівасць цацак да ўдараў, на іншых — кінэтычная энергія снарадаў цацачных і водных пісталетаў. Ёсць выпрабаванні, прызначаныя для праверкі тканін на вогнетрываласць — гэта карысная, часам проста неабходная ўласцівасць улічваецца пры вырабе спецвопраткі. Такую тканіну ўвогуле выпрабоўваюць шмат разоў і рознымі спосабамі — каб пераканацца, што нават пасля, напрыклад, шматразовага мыцця яна не страціць вонкавы выгляд і якасныя ўласцівасці. Адмысловая ўвага надаецца таксама выпрабаванням сродкаў індывідуальнай абароны, уключаючы праверку на шчолакапранікальнасць, выпрабаванням тавараў на ўтрыманне розных шкодных рэчываў — цяжкіх металаў, лятучых злучэнняў, фталатаў.

У планах — пашырэнне і супрацоўніцтва

Сёлета Мінскі рэферэнс-цэнтр БелДІСС мае намер пашыраць пералік выпрабаванняў, каб забяспечыць поўны цыкл кантролю паказчыкаў у адпаведнасці з патрабаваннямі тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза для цэлага шэрага тавараў. Такім чынам плануецца спрасціць жыццё вытворцам, якім больш не давядзецца звяртацца адразу ў некалькі інстанцый: «Цяпер многія выпрабаванні мы аддаём на аўтсорс партнёрам па ЕАЭС, але магчымасць праводзіць іх тут — гэта зручнасць для заказчыка і спажыўца, скарачэнне тэрмінаў і, безумоўна, эканамічная эфектыўнасць», — падкрэсліў Уладзімір Шарамкоў.


«Для нас вельмі важны дыялог і праца ў адной камандзе, — адзначыла старшыня Беларускага дзяржаўнага канцэрна па вытворчасці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці Надзея ЛАЗАРЭВІЧ. — У сістэме „Беллегпрама“ таксама ёсць свой інстытут з лабараторыяй, але мы не збіраемся канкурыраваць. Мы будзем узмацняць свае магчымасці, пашыраць іх, распрацоўваць новыя віды выпрабаванняў з улікам сучасных тэхналогій, новых трэндаў і хімічных саставаў матэрыялаў. Трэба вучыцца іх аналізаваць, вывучаць і даваць кампетэнтныя рэкамендацыі, каб умацоўваць патэнцыял лёгкай прамысловасці, абараняць нашых вытворцаў».

Нягледзячы на тое, што сёння на рынку ў асноўным прадстаўлена імпартная прадукцыя, паводле слоў Надзеі Лазарэвіч, у Беларусі ёсць усе магчымасці змяніць гэту сітуацыю: «Дзякуючы такім цэнтрам мы зможам пацвярджаць, што нашы вытворцы нічым не ўступаюць замежным і могуць дастойна канкурыраваць з імі». Дарэчы, сярод планаў Дзяржстандарта і канцэрна «Беллегпрам» — падпісанне дарожнай карты ўзаемадзеяння па стандартызацыі работ, паслуг і матэрыялаў. Да таго ж, да 2030 года ў Мінскім рэферэнс-цэнтры БелДІСС плануюць асвоіць новыя кірункі выпрабавання для такіх груп тавараў, як мыйныя сродкі, медыцынскія вырабы, харчовая прадукцыя і не толькі.

Аміна НАЗАРАВА.
Фота Ксеніі ЛІННІК.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю