У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася незвычайная выстаўка, якая знаёміць з гісторыяй станаўлення гадзіннікавай прамысловасці СССР. Гэта сумесны праект з Музеем гадзіннікавай справы. У экспазіцыі прадстаўлена больш за 70 мадэляў, а таксама звесткі і фатаграфіі іх уладальнікаў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.
Да канца 1920-х гадоў у Савецкім Саюзе не было ўласнай гадзіннікавай вытворчасці. Але кіраўніцтва краіны разумела, наколькі важнай з’яўляецца гэтая галіна для развіцця прыборабудавання, прамысловасці, транспарту і арміі. Першы дзяржаўны гадзіннікавы завод пачаў працаваць у Маскве ў 1930 годзе, да пачатку вайны дзейнічала ўжо чатыры. На той час яшчэ дэфіцытны тавар выкарыстоўвалі часта як узнагароду для байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі. На выстаўцы прадстаўлены некаторыя з даваенных мадэляў, якія належалі героям.
Вялікая Айчынная вайна стала не проста выпрабаваннем для маладой гадзіннікавай вытворчасці, у гэты час яны перастроіліся пад новыя патрэбы. Тут выпускаліся боепрыпасы, узрывальнікі для артылерыйскіх снарадаў, міны, авіябомбы, дэталі для рэактыўных снарадаў для ўстаноўкі «Кацюша». Не спыняўся і выпуск авіяцыйных і наручных камандзірскіх гадзіннікаў, марскіх хранометраў, прыбораў кантролю для ваенных сістэм. За гады вайны было выпушчана больш за 300 тысяч гадзіннікавых механізмаў і звыш 20 мільёнаў дэталяў для боепрыпасаў.
Падчас адкрыцця часовай экспазіцыі дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны заўважыў, што ўпершыню гісторыя Перамогі раскрываецца праз такія прадметы. За кожным экспанатам стаіць лёс чалавека, які набліжаў яе.
Так, тут можна пабачыць наручны гадзіннік, зроблены з кішэннага, якім у гады вайны карыстаўся Пётр Багамолаў, кіраўнік партызанскай брыгады імя газеты «Праўда» Мінскай вобласці. У музеі захоўваецца гадзіннік, які належаў старшаму палітруку Андрэю Данілаву. 22 чэрвеня 1941 года ў раёне Гродна камандзір эскадрыллі 124-га знішчальнага авіяпалка змог збіць два самалёты і трэці тараніў. Падчас гэтага бою Данілаў быў паранены ў галаву, таксама куля прабіла гадзіннік і рыкашэтам параніла яму нагу. Лётчык змог пасадзіць самалёт, разбіты гадзіннік захаваў — рарытэт размешчаны ў пастаяннай экспазіцыі. На часовай выстаўцы можна ўбачыць яшчэ адзін гадзіннік Данілава — падораны Саветам жанчын паўднёва-ўсходняй чыгункі Варонежа, дзе ён праходзіў лячэнне пасля ранення, пасля вярнуўся на фронт, за гады вайны збіў 98 самалётаў ворага. За часам сачылі і партызаны — на выстаўцы можна пабачыць гадзіннік Героя Савецкага Саюза Івана Захарава, які ў красавіку 1942 года стварыў і ўзначаліў партызанскі атрад. У ліпені на яго базе ўжо дзейнічала партызанская брыгада імя Фрунзэ Віцебскай вобласці.
У мірны час гадзіннікавая вытворчасць развівалася хуткімі тэмпамі, новыя заводы будаваліся ў розных рэспубліках. У Мінску ў пасляваенныя гады, калі горад аднаўляўся з руін, не хапала працоўных рук, на будоўлі завода працавалі яго будучыя работнікі. Вытворчасць гадзіннікаў у СССР стала масавай. Былі створаны многія знакамітыя маркі. Так, у 1946—1961 гадах выпускаліся самыя знакамітыя савецкія наручныя гадзіннікі «Победа». У 1949-м з’явіліся «Штурманскія» — гадзіннікі, што вылучаліся надзейнасцю, выпускаліся для ваенна-паветраных сіл, у свабодны продаж не паступалі. «Штурманскія» — першая марка, якая пабывала ў космасе, — 12 красавіка 1961-га падчас палёту Юрыя Гагарына.
На выстаўцы прадстаўлены гадзіннікі, якія былі падораны двойчы Герою Савецкага Саюза генералу арміі Івану Якубоўскаму і ўдзельніцы мінскага антыфашысцкага падполля, задзейнічанай у ліквідацыі нямецкага генеральнага камісара Вільгельма Кубэ Алене Мазанік.
Ёсць тут і гадзіннік яшчэ адной падпольшчыцы — Надзеі Траян. Яна атрымала яго ў падарунак ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі да 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па эканоміцы, бюджэце і фінансах Віктар Ананіч адзначыў, што дзякуючы такім выстаўкам можна перадаць час, гісторыю, каб наступныя пакаленні ведалі пра тую трагедыю, якую перажылі папярэднія, а галоўнае, каб такое ніколі не паўтарылася.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ