Top.Mail.Ru

Прэзідэнт правёў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў

У Палацы Незалежнасці разгледзелі праекты шэрагу нарматыўных прававых актаў. Сярод іх — «Аб забеспячэнні стабільнага выкупу квот мінеральных угнаенняў», «Аб мерах падтрымкі сем’яў з дзецьмі», «Аб удасканаленні дзяржаўнага кіравання ў галіне аховы навакольнага асяроддзя».

Па традыцыі, абмяркоўваючы новаўвядзенні па адчувальных тэмах, Аляксандр Лукашэнка збірае розныя пункты гледжання.

Першае пытанне, вынесенае на разгляд, прадугледжвае змяненне схемы фінансавання пастаўкі мінеральных угнаенняў у сельгасарганізацыі. Другое пытанне звязана з трансфармацыяй выплаты дапамог па доглядзе дзіцяці да трох гадоў. Трэцім пунктам было прапанавана абмеркаваць мэтазгоднасць аб’яднання дзвюх дзяржаўных структур — Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. 

«Усе пытанні адчувальныя для бюджэту, але самае галоўнае — для людзей», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. 


«Мы працягваем і будзем падтрымліваць вяскоўцаў»

Закранаючы пытанне змянення схемы фінансавання пастаўкі мінеральных угнаенняў у сельгасарганізацыі, Прэзідэнт нагадаў, што ўгнаенні ў калгасы, саўгасы, фермерскія гаспадаркі вытворцам пастаўляюцца штогод. «Восенню — пад сяўбу азімых, вясной — пад сяўбу яравых культур, — удакладніў ён. — Гэта фінансуецца адпаведным чынам. І прасцей было б: я вырабіў, ты хочаш угнаенні — купіў, заплаціў грошы і ўсё. Але дзяржава ў гэтым удзельнічае і дапамагае сельгасарганізацыям выкупляць гэтыя ўгнаенні. Здавалася б, што яшчэ трэба? Штосьці трэба. Што — зараз пачуем».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што палітыка дзяржавы ў аграрнай сферы вядомая. «Мы працягваем і будзем падтрымліваць вяскоўцаў, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — Пытанне толькі ў жорсткім кантролі за механізмам і аб’ёмамі такой падтрымкі. Празмернасці быць не павінна. Лішніх грошай няма, у бюджэце ў тым ліку». 

Па словах Прэзідэнта, урад фарміруе штомесячныя графікі закупак угнаенняў па абласцях і вызначае крыніцы фінансавання. Гэта рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты, уласныя сродкі сельгаспрадпрыемстваў і крэдытныя рэсурсы: перш за ўсё, на льготных умовах.

«У сярэднім па краіне карціна быццам бы нармальная, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — На 1 жніўня выбрана 92 % ад квот мінеральных угнаенняў — гэта добры ўзровень».

Разам з тым, па яго словах, асобныя рэгіёны на працягу года свае квоты поўнасцю не выкупляюць. «Пад азімую сяўбу па азотнай і фосфарнай групах поўная выбарка толькі ў паловы абласцей», — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён пацікавіўся, у чым прычына, калі ёсць сыравіна, вызначаны крыніцы фінансавання.

З другога боку, як звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, вытворцы ўгнаенняў знаходзяцца ў тупіковай сітуацыі: яны трымаюць на складах гэтыя квоты і не атрымліваюць запланаванай выручкі. «Гэта значыць, тавар змярцвелы, — канстатаваў ён. — Ні на ўнутраны рынак не забралі, як дамаўляліся, ні на знешні яны прадаць не могуць, бо трэба ўнутранаму рынку — трэба свой хлеб вырошчваць і апрацоўваць».


У цяперашняй сусветнай сітуацыі, як ужо неаднойчы паўтараў беларускі лідар, ААТ «Гомельскі хімічны завод», дзе вырабляюцца фосфарныя ўгнаенні, або ААТ «Гродна Азот» гэтыя аб’ёмы спакойна маглі б прадаць на знешнім рынку, прычым па больш высокай цане. «Дапусцім, азотныя ўгнаенні — амаль у 1,5 раза даражэй, чым мы на ўнутраны рынак пастаўляем», — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт адзначыў, што на будучы год прапануецца павялічыць закупку ўгнаенняў яшчэ на 18 % для забеспячэння намечанага росту сельгасвытворчасці. Адпаведна, па яго словах, спатрэбіцца яшчэ больш грашовых сродкаў (парадку 3 мільярдаў рублёў), а таксама наяўнасць рэальных крыніц фінансавання.

Каб зрабіць таннейшымі мінеральныя ўгнаенні для аграрыяў і забяспечыць выбарку квот, урад выпрацаваў новыя падыходы. Прапаноўваецца палову аплачваць за кошт рэспубліканскага бюджэту (1,5 мільярда рублёў) з накіраваннем напрамую заводам-вытворцам, на аплату другой паловы — выкарыстоўваць уласныя сродкі сельскагаспадарчых арганізацый, крэдыты і мясцовыя бюджэты. 

«Гэта значыць, тыя, хто будзе спажываць гэтыя ўгнаенні і даваць аддачу ад іх, будуць плаціць, — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Прыкладна 25—30 % кошту. Усё астатняе — хтосьці. Зразумела — хто». 

Адгрузку вытворца будзе рабіць толькі пасля поўнай аплаты. Кантроль прапануецца ўскласці на губернатараў.

Прэзідэнт папрасіў на канкрэтных разліках аргументавана паказаць, як новая схема адаб’ецца на фактычным кошце ўгнаенняў для вяскоўцаў. Ён удакладніў, ці можна гарантаваць, што, перакладаючы на бюджэт частку іх выдаткаў, новы падыход забяспечыць поўную выбарку квот.

«Нас хвалюе тое, што мы плацім грошы, і якая будзе эфектыўнасць ад гэтых грошай, а не квоты перш за ўсё, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — І яшчэ. Ці выключыць навацыя практыку пазапланавых зваротаў зноў да Прэзідэнта па дадатковыя рэсурсы, як гэта было тыдзень таму? Самае галоўнае, ці будзе гэта матываваць умоўнага дырэктара круціцца, каб працаваць больш эфектыўна, калі мы ўсім светам вырашаем яго праблемы?»


«Двое бацькоў — двое дзетак. А лепш — трое і больш» 

Другое пытанне, разгледжанае падчас нарады, датычыцца выплаты дапамог па доглядзе дзіцяці да трох гадоў. 

«У Беларусі бацькам аказваецца вельмі адчувальная матэрыяльная падтрымка, — заўважыў Прэзідэнт. — Куды ўжо больш? Ёсць аднаразовыя выплаты пры нараджэнні малога (5 тысяч на першага і больш за 7 тысяч — на другое і наступных дзяцей). Існуе сямейны капітал для шматдзетных. Цяпер гэта больш за 35 тысяч рублёў. А яшчэ штомесячныя дапамогі — мінімум тысяча рублёў. Здавалася б, ну, нараджайце! На поўным дзяржаўным забеспячэнні дзеці». 

Але сучасны свет, як звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, стаў занадта прагматычны. «Маладыя людзі спачатку імкнуцца вырашыць іншыя пытанні: адукацыя, кар’ера, яшчэ штосьці, а потым ужо — нараджаць», — канкрэтызаваў беларускі лідар. 

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што дзесяць гадоў таму ўзровень дабрабыту беларусаў быў у два разы ніжэйшы за сённяшні. «Калі разлічваць па ВУП, то ў 2015 годзе — каля 18 тысяч долараў на душу (насельніцтва. — „Зв.“), у 2025-м — 35 тысяч долараў на чалавека, — прывёў прыклад ён. — Але дзетак нараджалася ў два разы больш тады, калі мы былі бяднейшымі. У 2015 годзе — амаль 120 тысяч, у 2025-м — 55 тысяч».

Каб беларусы не зніклі як нацыя і было каму працаваць, Прэзідэнт прапануе простую формулу: двое бацькоў — двое дзетак. «Гэта база, як гаворыць моладзь, — удакладніў ён. — А лепш — трое і больш. Таму на дзяржаўным узроўні трэба знайсці дзейсную формулу, якая, па-першае, ажывіць дэмаграфічныя працэсы, па-другое, стане матывацыяй да ўсвядомленага мацярынства і бацькоўства, зробіць гэта модным трэндам. Тады мы захаваем і прымножым сваё насельніцтва».

Для вырашэння дэмаграфічных задач урад прапануе кардынальна перагледзець меры дзяржаўнай падтрымкі сем’яў з дзецьмі. Але перш чым прыйсці да кансэнсусу, кіраўнік дзяржавы папрасіў даць адказы на наступныя пытанні. 

«Ці ёсць гарантыя, што пашырэнне фінансавых стымулаў сапраўды надасць імпульс нараджальнасці? — канкрэтызаваў ён. — Што паказвае сусветны досвед? Ці дасць магутная дзяржпадтрымка эфект на доўгатэрміновую перспектыву (ад пяці і больш гадоў)? Як гэта адаб’ецца на бюджэце і эканоміцы краіны? Гэта значыць, мы цяпер можам колькі заўгодна з кагосьці браць грошай, укладаць іх у будучую нараджальнасць, вырашэнне дэмаграфічнай праблемы, а ў два разы дзетак будзе нараджацца менш. Каго фінансуем?» 


«Нам удаецца захоўваць чыстую краіну»

Наступная тэма, звязаная з аб’яднаннем Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, як нагадаў Прэзідэнт, нарадзілася пры прызначэнні новага міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Максіма Лысенкі. 

«У няпростай сферы аховы прыроды і кантролю за прыродакарыстаннем гэтыя структуры працуюць зладжана і быццам бы паспяхова: выяўляюць злачынныя схемы, прадухіляюць рознага роду парушэнні, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Напрыклад, браканьерства ў нас зведзена да мінімуму». 

Аднак у Прэзідэнта складваецца ўражанне, што, акрамя браканьерства, Дзяржінспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету больш нічым і не займаецца. «Гэта ахова нашай прыроды, і тут трэба ўпісвацца на ўсю катушку, бо гэта сапраўды наш набытак, — падкрэсліў беларускі лідар. — У цэнтры вялізнай цывілізацыі — не толькі ў цэнтры Еўропы, а і Еўразійскага кантынента — самы чысты куток планеты. Нават дзіўна, што ўдалося захаваць. Вайна навокал, дзесьці зараза розная, Польшча зноў пачала ацяпляць усе электрастанцыі вугалем, а нам удаецца захоўваць чыстую краіну».

У сувязі з гэтым, па словах кіраўніка дзяржавы, адпаведнай інспекцыі неабходна не толькі з браканьерствам змагацца, але і з тымі, хто неналежным чынам ставіцца да прыроды. У гэтым пытанні, як заўважыў Прэзідэнт, недапрацоўваюць і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, і Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету. 

«Таму не трэба тут гаварыць, што мы тут бога за бараду ўзялі, — сказаў ён. — Праблем куча, якія трэба вырашаць. Ідзіце ў лес, асабліва вакол Мінска, і паглядзіце, што робіцца». 

Па меркаванні Аляксандра Лукашэнкі, у няпростай сферы аховы прыроды і кантролю за прыродакарыстаннем гэтыя структуры павінны дадаць. «Таму, на першы погляд, бачных перашкод, каб яшчэ больш згуртаваць іх намаганні, няма, — канстатаваў ён. — Разам з тым ведаю, што Дзяржаўны сакратарыят Савета Бяспекі гэту ініцыятыву не падтрымаў. Выслухаем меркаванні».


«Ідэальны год»

Перш чым прыступіць да абмеркавання вынесеных на разгляд праектаў нарматыўных прававых актаў, Прэзідэнт звярнуўся да галоўнай тэмы гэтай пары — уборачнай кампаніі. Ён удакладніў у міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыя Горлава, колькі па стане на 11 жніўня ўбрана хлябоў і колькі яшчэ засталося ўбраць. Акрамя таго, зайшла размова і аб уборцы іншых культур. 

Кіраўнік ведамства далажыў, што ўбрана 77,8 % збожжа разам з рапсам. Рапс засталося ўбраць на 2,5 тысячы гектараў.

Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, колькі можа працягвацца ўборка рапсу. Юрый Горлаў праінфармаваў, што на Віцебшчыне культура характарызуецца высокай вільготнасцю, а таму пакуль з яе ўборкай не спяшаюцца. Міністр запэўніў, што да бліжэйшай суботы азімы рапс будзе поўнасцю сабраны з палеткаў. 

«Засталося ўбраць 555 тысяч гектараў збожжавых культур, — дадаў Юрый Горлаў. — Мы іх убралі на плошчы 72 % да плана. Плануем намалаціць 7,6 млн тон збожжавых без рапсу. Сёлета азімага рапсу плануем намалаціць 1,393 млн тон. Плюс яравога рапсу возьмем парадку 70 тысяч тон і ў суме мы намалоцім больш як 1,4 млн тон рапсу. Працягваецца сяўба азімага рапсу». 

Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надвор’я для кукурузы, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання падзяліўся планамі перавысіць паказчыкі мінулага года. Летась было намалочана 1,95 млн тон зерня кукурузы, сёлета плануецца намалаціць як мінімум 2,2 млн тон кукурузнага зерня. У цэлым па выніках уборачнай кампаніі плануецца выйсці на 11,5 млн тон агульнага намалоту. 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што лепшага года для сельгаскультур на яго памяці не было. «Сёння ёсць усё, — падкрэсліў ён. — Ноччу прайшоў дожджык, да абеду прасохнуць пасевы — пасля абеду можна ўбіраць або, можа быць, раней. Гэта ўжо справа кіраўнікоў і спецыялістаў. Таму год ідэальны. Нам патрэбны дажджы. Бо, акрамя збожжавых, у нас жа ёсць і бульба, і буракі. 5 мільёнаў (тон. — „Зв.“) цукровых буракоў мы павінны атрымаць. Ёсць іншыя культуры, якія маюць патрэбу сёння ў вільгаці. Таму ідэальны год. Пакуль». 

Юрый Горлаў адзначыў, што перакідвання камбайнаў з аднаго рэгіёна ў іншыя, як было летась, калі шэраг абласцей дапамагалі ўбіраць хлеб на Віцебшчыне, сёлета не патрабуецца. Перакідванне камбайнаў, па яго словах, ажыццяўляецца толькі ўнутры абласцей. 

«Ды ўнутры абласцей хапае праблем, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Нават у Брэсцкай вобласці трэба будзе перакідваць дзесьці ў Баранавічы або на Прыпяцкі рэгіён, каб канчаткова ўбраць збожжа».

Прэзідэнт пацікавіўся, на якім камбайне працуе лідар сёлетняга і леташняга жніва Павел Шуціла з ААТ «Кухчыцы» Клецкага раёна. Як высветлілася, на айчынным камбайне, створаным на «Гомсельмашы». 

Кіраўніку дзяржавы далажылі, што ў сваім раёне механізатар ужо справіўся з пастаўленымі задачамі, літаральна сёння яго накіроўваюць на палеткі Мінскага раёна. 

«Гэта ваша справа. Правільна робіце. Раз там, на поўдні, скончылася ўборка, яго (камбайнера. — „Зв.“) трэба рухаць», — лічыць Прэзідэнт. 

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, чым у гэты час будзе займацца яшчэ адзін рэкардсмен жніва-2026, вадзіцель той жа гаспадаркі Віталь Кішко. Як высветлілася, ён таксама будзе працаваць на тэрыторыі іншых раёнаў, дзе жніво яшчэ працягваецца.

«Усё правільна, — сказаў беларускі лідар. — Вось так трэба і рухацца на поўнач у абласцях. Бо з Брэсцкай вобласці перакідваць у Віцебскую вобласць камбайн — сабе даражэй».

Пасля абмеркавання самай надзённай тэмы — ходу ўборачнай кампаніі — перайшлі да пытанняў, вынесеных на парадак дня. 

Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА


Даслоўна

Мінпрыроды і Дзяржінспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету: у кожнага — свае задачы 

Як адзначыў у размове з журналістамі міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Максім ЛЫСЕНКА, па выніках нарады вырашана не аб’ядноўваць Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. «Дзяржаўная інспекцыя будзе працаваць па сваіх кірунках, а Міністэрства прыродных рэсурсаў будзе кантраляваць тое, што прадпісана ў нашых нарматыўных прававых дакументах», — удакладніў ён. 

Па словах кіраўніка ведамства, адно з пытанняў, якое разглядалася падчас нарады, датычыцца пашырэння зоны адказнасці Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Маецца на ўвазе не толькі спыненне браканьерства, а і кантроль за парадкам у экасістэме, недапушчэнне ўтварэння звалак у лесе. Па яго словах, для таго каб смецце не выкідвалася ў лесе, трэба стварыць адпаведныя ўмовы там, дзе жывуць людзі. У якасці прыкладу кіраўнік ведамства прывёў сітуацыю, калі ў шэрагу сельскіх населеных пунктаў смецце вывозіцца нерэгулярна, што вымушае насельніцтва пакідаць смецце ў лесе. «Таму ў першую чаргу трэба арганізаваць для насельніцтва вываз адходаў», — падкрэсліў міністр. 

Сярод важных пытанняў, якія стаяць перад Мінпрыроды, Максім Лысенка назваў барацьбу з інвазійнымі раслінамі: напрыклад баршчэўнікам Сасноўскага і сумнікам канадскім. На гэту праблему звяртаў увагу і кіраўнік дзяржавы пры наведванні Вілейскага раёна. 

«Правёўшы інвентарызацыю, мы ўбачылі каля 21 тыс. га сумніку і 6 тыс. га баршчэўніку, — канкрэтызаваў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. — З бюджэту прадугледжаны сродкі для хімічнай барацьбы з гэтымі інвазівамі».


«50 % — сродкі сельскагаспадарчых арганізацый, 50 % — сродкі кансалідаванага бюджэту»

Па словах міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыя ГОРЛАВА, абноўленая схема фінансавання пастаўкі мінеральных угнаенняў для сельгаспрадпрыемстваў будзе запушчана ў 2028 годзе. 

Ён канстатаваў, што схема фінансавання пастаўкі мінеральных угнаенняў, якая функцыянуе цяпер, таксама працуе, але для яе спатрэбіліся пэўныя карэкціроўкі, у сувязі з чым гэта пытанне і было вынесена на разгляд Прэзідэнта. «На працягу года мы звяртаемся да кіраўніка дзяржавы па дадатковыя крыніцы фінансавання на закупку мінеральных угнаенняў, — растлумачыў міністр. — Гэта не вельмі зручна і займае пэўны час для распрацоўкі нарматыўных прававых дакументаў». 

Мінсельгасхарч прапануе абсалютна новую схему, якая будзе самай рабочай. «На 50 % гэта будзе кансалідаваны бюджэт, яшчэ 50 % — сродкі сельскагаспадарчых арганізацый, — канкрэтызаваў Юрый Горлаў. — Але ёсць агаворка: 50 % сродкаў кансалідаванага бюджэту будуць накіраваны менавіта заводам-вытворцам мінеральных угнаенняў. І толькі пры аплаце сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі сваёй часткі за мінеральныя ўгнаенні будуць накіраваны бюджэтныя сродкі для выкупу астатняй часткі гэтых угнаенняў».

Пачынаючы з 2027 года, на 6 % плануецца павялічыць долю кансалідаванага бюджэту на закупку мінеральных угнаенняў. Кантроль за выкарыстаннем бюджэтных сродкаў і прымяненнем мінеральных угнаенняў будзе ўскладзены на абласныя выканаўчыя камітэты.

Акрамя таго, па словах кіраўніка ведамства, Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу кантраляваць цэнаўтварэнне на мінеральныя ўгнаенні. Гэта пытанне прапанавана разглядаць на адпаведнай камісіі пры Савеце Міністраў.


«Дапамогу для доглядзе дзіцяці да 3 гадоў прывяжуць да рэальных даходаў атрымальніка»

Міністр працы і сацыяльнай абароны Андрэй ЛАБОВІЧ звярнуў увагу на апошнія тэндэнцыі ў дэмаграфічнай сферы. Узрост тых, хто ўпершыню бярэ шлюб у Беларусі, стаў на чатыры гады вышэйшы, чым 25 гадоў таму. Жанчыны ў асноўным упершыню нараджаюць ва ўзросце 27 з паловай гадоў. І гэта нягледзячы на комплексную сістэму мер дзяржаўнай падтрымкі сем’яў з дзецьмі. Спецыялісты вызначылі найбольш важкія ў фінансавым плане аспекты для сем’яў у момант нараджэння дзіцяці.

«Урад прапанаваў кіраўніку дзяржавы перагледзець падыходы да вызначэння памераў дапамогі па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў, — канкрэтызаваў міністр. — Гэтыя памеры цяпер аднолькавыя для ўсіх атрымальнікаў дапамог і фактычна не залежаць ад рэальнага ўзроўню даходаў атрымальнікаў. Мы прапануем змяніць гэту сістэму і вызначаць памер дапамогі ад узроўню рэальных даходаў атрымальніка. Пры гэтым захаваецца мінімальная гарантыя, якая сёння ёсць: мінімальная планка не будзе ніжэйшая за дзеючы памер дапамогі. Максімальны памер будзе абмежаваны ўзроўнем сярэдняй заработнай платы ў краіне».

Кіраўнік ведамства ўдакладніў, што ў будучыні памер дапамогі па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў не знізіцца ні для каго. Аднак для тых, у каго быў дастаткова высокі заробак да сыходу ў дэкрэтны водпуск, дапамога можа вырасці да сярэдняй заработнай платы па краіне. Напрыклад, дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў на першае дзіця з 1 жніўня складае 1057,7 рубля, або 35 % ад сярэдняй заработнай платы за II квартал 2026 года. А намінальная налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў Беларусі ў чэрвені 2026 года склала 3104,1 рубля.

Андрэй Лабовіч падкрэсліў, што прапанаваныя змяненні павінны мінімізаваць асцярогу перш за ўсё працуючых жанчын аб зніжэнні ўзроўню даходаў пры выхадзе ў водпуск па доглядзе дзіцяці і страце заработнай платы. Колькі працэнтаў ад заработнай платы будуць браць у разлік для вызначэння памеру дапамогі, будзе вызначана ў працэсе падрыхтоўкі і дапрацоўкі законапраекта, у якім будуць замацаваны навацыі. Каб змяненні пачалі дзейнічаць са студзеня 2027 года, дакумент плануецца ўнесці ў парламент восенню. Пры гэтым міністр працы і сацыяльнай абароны падкрэсліў, што на прапанаваныя навацыі бюджэтных грошай хопіць.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю