Год беларускай жанчыны
Літаральна з першых дзён Года беларускай жанчыны ў Доме БСЖ вітаюць сябровак і аднадумцаў. Старшыня ГА «Беларускі саюз жанчын» Вольга Шпілеўская сустракаецца з прадстаўніцамі Саюза жанчын усіх абласцей нашай краіны.
Распачаў гэты цёплы і душэўны «марафон сустрэч» жаночы актыў Брэсцкай вобласці, наступнымі ў сталіцу прыязджалі гродзенскія і гомельскія неабыякавыя і актыўныя грамадзянкі нашай дзяржавы. А сёння адбылася сустрэча з кіраўніцтвам БСЖ актыву Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын.
Як не раз падкрэслівала падчас такіх сустрэч Вольга Шпілеўская, Дом БСЖ — гэта не «цэнтральны офіс», а менавіта агульны дом усіх жанчын нашай краіны, куды яны заўсёды могуць прыехаць са сваімі жаночымі гісторыямі і праектамі.
Сёння ў БСЖ — больш за 192 тысячы ўдзельніц. Таму (асабліва ў Год беларускай жанчыны) важны ініцыятывы на месцах, адзначае лідар жаночага руху. Госці і кіраўніцтва БСЖ абмеркавалі мерапрыемствы і планы на Год беларускай жанчыны, а таксама шляхі іх рэалізацыі. Быў зададзены вектар карыснай грамадскай працы на ўвесь 2026 год. Мэта такіх сустрэч — каб тое, што праводзіцца на рэспубліканскім узроўні, знаходзіла водгук на месцах, і нават пачыналася менавіта з мясцовага ўзроўню. Каб кожная жанчына магла адчуць сваё дачыненне да буйных праектаў БСЖ, да агульнай працы на карысць грамадства.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Фота Ксеніі ЛІННІК