Top.Mail.Ru

Адбываецца комплексная рэабілітацыя некалі забруджаных зямель

Рэалізацыя на працягу чатырох дзесяцігоддзяў пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкі дазволіла вырашыць найважнейшыя задачы ў інтарэсах сацыяльнай абароны грамадзян, па ўстойлівым развіцці адпаведных тэрыторый, па забеспячэнні вытворчасці нарматыўна чыстай прадукцыі. Ужо сёння можна весці гаворку аб эфектыўным адраджэнні некалі забруджаных зямель. Пасля аварыі было рэалізавана шэсць дзяржаўных праграм, на фінансаванне якіх было накіравана больш за 20 мільярдаў долараў. Дзякуючы гэтаму, напрыклад, пачынаючы з 1993 года з катэгорыі радыяцыйна небяспечных зямель выведзена больш як 20 тысяч гектараў.


Станоўчы вынік

Як нагадаў першы намеснік начальніка Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС Беларусі Леанід ДЗЕДУЛЬ, асаблівая нагрузка лягла на Беларусь пасля 1991 года, калі на стадыі станаўлення дзяржавы наша краіна сам-насам засталася з наступствамі аварыі, у выніку якой каля 23 % тэрыторыі было забруджана радыенуклідамі цэзія-137 (забягаючы наперад, адзначым, што праз чатыры дзесяцігоддзі дзякуючы натуральнаму распаду і праведзеным мерапрыемствам гэты паказчык знізіўся амаль удвая — да 12 %). Самым эфектыўным быў вызначаны праграмна-мэтавы метад рэалізацыі мерапрыемстваў, і ён сябе апраўдаў.

— Сёння мы можам гаварыць аб устойлівым сацыяльна-эканамічным развіцці тэрыторый, пацярпелых у выніку аварыі на ЧАЭС. У рамках дзяржаўных праграм вяліся распрацоўка і рэалізацыя тэхнічных, сацыяльных, лячэбных і аздараўленчых мерапрыемстваў, і яны прынеслі чаканы вынік, — адзначыў Леанід Дзедуль.

Навуковыя інстытуты стварылі алгарытмы вытворчасці нарматыўна чыстай прадукцыі, і яны адпрацаваны, створана і ўстойліва функцыянуе сістэма сацыяльнай абароны грамадзян, у тым ліку аздараўленне і льготы. Дарэчы, у рамках дзяржаўных праграм каля 57–60 % сродкаў накіроўвалася на пытанні сацыяльнай абароны і аздараўлення. Сёння сістэмна праводзіцца спецыяльнае дыспансернае абследаванне насельніцтва як на забруджаных тэрыторыях, так і ў цэлым па краіне. Асаблівая ўвага ўдзяляецца пераселеным грамадзянам, а іх, нагадаем, больш за 1,4 мільёна чалавек, у тым ліку больш за 250 тысяч дзяцей.

Адметна, што ў краіне была створана сістэма дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў. Сёння іх 12, а агульная іх умяшчальнасць перавышае 4 тысячы месцаў. Штогод у іх аздараўліваецца каля 85 тысяч дзяцей. Прычым у цэнтрах наладжаны не толькі лячэбны і аздараўленчы працэс, але і навучанне. Цэнтры працуюць круглы год, у іх рэалізуюцца культурныя, спартыўныя, патрыятычныя і іншыя мерапрыемствы, каб дзеці адчувалі сябе камфортна. 

У тым ліку і за кошт дзяржпраграм забяспечваецца праезд бацькоў і суправаджаючых дарослых на перыяд знаходжання дзяцей у такіх цэнтрах.

Сітуацыя пад кантролем

Начальнік службы радыяцыйнага маніторынгу Белгідрамета Алег ДЗЮБАЙЛА падкрэсліў, што цяпер на тэрыторыі Беларусі радыяцыйнае становішча стабільнае.

— Радыеактыўны распад працягваецца, радыяцыйная сітуацыя стабільная і будзе паляпшацца. А распрацоўкі вядучых вучоных інстытутаў Акадэміі навук дазваляюць прымаць больш сучасныя меры як у ахоўным кірунку, так і для паўсядзённай жыццядзейнасці нашых грамадзян, — адзначыла начальнік упраўлення па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі і аб’ектамі ядзернай спадчыны Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС Кацярына ШМЯЛЁВА.

За апошнія дзесяцігоддзі сістэма радыяцыйнага кантролю не выявіла выпадкаў перавышэння радыенуклідаў у той прадукцыі, якая выпускаецца, гэтак жа як і ў сыравіне, якая паступае на перапрацоўчыя прадпрыемствы. На прыватных падворках за апошнія 4 гады таксама не выяўлена ніводнага выпадку па перавышэнні ўтрымання радыенуклідаў у малаку.

Для функцыянавання сістэмы радыяцыйнага кантролю ў рамках дзяржаўнай праграмы закупляліся неабходныя прыборы і абсталяванне для аснашчэння адпаведных лабараторый, прычым пераважна айчыннай вытворчасці. Вялікі аб’ём работ праводзіўся ў населеных пунктах, найперш гэта раёны Гомельскай і Магілёўскай абласцей — газіфікацыя, электрыфікацыя жылых дамоў, будаўніцтва і забеспячэнне ўстойлівага функцыянавання станцыі абезжалезвання.

Праводзіцца работа па абследаванні населеных пунктаў, размешчаных на забруджаных тэрыторыях. Калі адразу пасля аварыі такіх населеных пунктаў налічвалася больш за 3,5 тысячы з насельніцтвам 2,2 мільёна чалавек, то на сёння іх 2013, дзе жыве 522 тысячы чалавек.

Як адзначыў Леанід Дзедуль, у мінулым годзе кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на тое, што далейшае развіццё рэгіёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, павінна ажыццяўляцца комплексна ў рамках адпаведных праграм развіцця раёнаў, абласцей, тэматычных дзяржаўных праграм. У канцы мінулага года былі зацверджаны дзяржаўныя праграмы на чарговую пяцігодку, і мерапрыемствы, звязаныя з чарнобыльскай тэматыкай, уключаны ў 8 з іх.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю