У ходзе галасавання сенатары выбралі Наталлю Паўлючэнка старшынёй Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці. Пасада была вакантнай пасля таго, як аднагалосным рашэннем VІІ Усебеларускага народнага сходу Сяргей Сівец быў выбраны старшынёй Канстытуцыйнага Суда. Наталля Паўлючэнка была прызначана членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу восьмага склікання Указам кіраўніка дзяржавы 15 студзеня 2026 года. Да гэтага яна ўзначальвала Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Члены Савета Рэспублікі адобрылі законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі». Як звярнуў увагу намеснік міністра ўнутраных спраў — начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь КАЗАКЕВІЧ, арганізацыя працэсу дзяржаўнай дактарэгістрацыі патрабуе ўдасканалення з пункту гледжання як яе мадэрнізацыі, так і актуалізацыі катэгорый асоб, якія падлягаюць абавязковай дактарэгістрацыі. Прадугледжваецца надзяленне органаў пагранслужбы паўнамоцтвамі на правядзенне дактыласкапіі, атрыманне і выкарыстанне дактаінфармацыі. Акрамя таго, прадугледжана ўдасканаленне інфармацыйных адносін паміж дзяржорганамі ў частцы абмену дактаінфармацыяй у аўтаматычным рэжыме».
Сенатары ратыфікавалі пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Султаната Аман аб узаемнай адмене віз. Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў нагадаў, што ў лютым 2025 года паміж Беларуссю і Аманам былі ўстаноўлены прамыя авіяцыйныя зносіны, што садзейнічае павелічэнню турыстычных патокаў і развіццю дзелавых сувязяў. «Згодна з існуючымі статыстычнымі данымі, у 2025 годзе Беларусь наведалі амаль 500 грамадзян Амана, а турыстычны паток грамадзян Беларусі ў Аман за аналагічны перыяд склаў каля 5,5 тысячы грамадзян», — заўважыў Яўген Шастакоў.
Падчас пасяджэння быў заслуханы даклад старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргея Алейніка аб міжпарламенцкай дзейнасці сенатараў у мінулым годзе.
Паводле БелТА.