Як навукоўцы інстытута прыродакарыстання дапамагаюць аграрыям, выратавальнікам і будаўнікам.
Прадукты па глыбокай перапрацоўцы торфу і «разумныя» ўгнаенні, геаінфармацыйныя сістэмы для прагназавання надвор’я на кожны дзень і кліматычныя прагнозы, якія выкарыстоўваюць аграрыі, МНС і надвор’езалежныя галіны эканомікі — усё гэта распрацоўкі вучоных інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі. Удзельнічалі яны ў выбары ўчасткаў для размяшчэння Беларускай атамнай электрастанцыі і станцыі беларускіх палярнікаў у Антарктыдзе, пунктаў сховішчаў высокатаксічных адходаў, радовішчаў і падземных сховішчаў газу. Цяпер навукоўцы інстытута вядуць распрацоўку тэхналогіі сярэднетэрміновага прагнозу надвор’я з дапамогай штучнага інтэлекту.
Навошта нам «лядовы кантынент»?
Інстытут займаецца шырокім комплексам пытанняў у галіне навук аб зямлі.
— Даследаванні мы выконваем «ад зямлі да неба». Гэта вывучэнне карысных выкапняў, у першую чаргу торфу, сапрапелю, а таксама гідрамінеральных рэсурсаў, падземных прэсных, мінеральных вод. Акрамя таго, вывучаем клімат, дынамічную метэаралогію і распрацоўваем метады прагнозу надвор’я. Без удзелу нашага інстытута не абыходзіцца праектаванне, стварэнне ніводнага інжынерна адказнага збудавання, напрыклад Беларускай атамнай электрастанцыі — мы ўдзельнічалі ў гідраэкалагічным абгрунтаванні. Работнікі інстытута працуюць пры выбары падземных сховішчаў газу, месцаў для пахавання высокатаксічных адходаў. Напрыклад, у 2023–2025 гадах нашымі супрацоўнікамі выкананы комплекс даследаванняў — гідраэкалагічных, геалагічных, геафізічных, кліматычных, — расказвае дырэктар інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Сяргей ЛЫСЕНКА.
Адметна, што даследаванні навукоўцаў не абмяжоўваюцца толькі тэрыторыяй Беларусі. Яны актыўна працуюць і на паўднёвым полюсе Зямлі — у Антарктыдзе. Там, на беларускай антарктычнай станцыі, спецыялісты выконваюць геафізічныя вымярэнні, абследаванні для ацэнкі мінерагенічнага патэнцыялу Антарктыды, комплексныя геаэкалагічныя вывучэнні, ацэньваюць уплыў дзейнасці чалавека на прыроднае асяроддзе гэтага кантынента, разлічваюць перанос аэразольна-газавых прымесяў. Праводзяць таксама складаныя сістэмныя даследаванні ў галіне цеплафізікі, мёрзлых грунтоў і робяць прагнозы, якія геаэкалагічныя рызыкі могуць узнікнуць у бліжэйшыя дзесяцігоддзі ў сувязі са зменай клімату.

Ёсць у інстытуце і ўнікальныя спецыялісты, якія займаюцца вывучэннем цеплафізікі мерзлых грунтоў. Яны адзіныя — не толькі ў Беларусі, але, магчыма, і на постсавецкай прасторы, — хто здольны выконваць складанае цеплафізічнае мадэляванне горных парод пры розным фазавым складзе. Гэта актуальна пры будаўніцтве ва ўмовах мёрзлых грунтоў і менавіта ў гэтым кірунку навукоўцы актыўна супрацоўнічаюць з расійскімі партнёрамі.

Прагноз надвор’я — на ўзроўні найлепшых сусветных аналагаў
У інстытуце ствараюць геаінфармацыйныя сістэмы, якія можна выкарыстоўваць для прагназавання надвор’я і вывучэння змены клімату. Гэтыя распрацоўкі даводзяцца да вопытных, эксперыментальных, прамысловых узораў і ўкараняюцца ў Белгідрамеце і арганізацыях Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Напрыклад, летась Белгідрамет укараніў сістэму для павышэння апраўданасці кароткатэрміновых прагнозаў надвор’я.
Цяпер выконваецца новы праект — па стварэнні першай у Беларусі сістэмы сярэднетэрміновага прагназавання надвор’я на 10–15 дзён з прыцягненнем штучнага інтэлекту.
Гэта сістэма, якая дазволіць ствараць дэталізаваныя прагнозы надвор’я на ўзроўні найлепшых сусветных аналагаў.
Акрамя таго, распрацоўваецца сістэма па комплексным кліматычным прагназаванні. Яна адкажа на пытанні, як будзе мяняцца клімат пры розных сцэнарыях эмісіі парніковых газаў, як зменяцца агракліматычныя ўмовы, тэрміны вегетацыі, даты апошняга вясновага і першага восеньскага замаразку. Гэта дазволіць аграрыям аптымізаваць структуру засеву палёў, выбраць найбольш эфектыўныя метады ў новых кліматычных умовах. Ужо сёння такія комплексныя прагнозы робяцца і перадаюцца усім зацікаўленым міністэрствам і арганізацыям.

Працуюць вучоныя і над стварэннем такой геафармацыйнай сістэмы, якая дазволіць любому спажыўцу атрымліваць патрэбныя для іх кліматычныя прадукты з прагнозным перыядам да 2050 года. Кожны спажывец зможа атрымаць актуальную для сябе інфармацыю — МНС, напрыклад, пра шквалісты вецер і экстрэмальную колькасць ападкаў, аграрыі — пра замаразкі і інш.

Торф — каштоўная сыравіна
У коле навуковых інтарэсаў супрацоўнікаў інстытута таксама вывучэнне тарфянікаў, а наша краіна, нагадаем, валодае самымі вялікімі ў Еўропе балотнымі экасістэмамі. Яны адыгрываюць вялікую ролю і ў змене клімату, і пры рашэнні пытанняў адаптацыі да гэтай змены. У інстытуце працуе група гідрагеолагаў, якая комплексна вывучае падземныя водныя рэсурсы — іх запасы і якасць, уплыў на іх розных тэхнагенных аб’ектаў. З дапамогай тэхналогіі штучнага інтэлекту і лічбавых мадэляў распрацоўваюцца прагнозы, як змена клімату паўплывае на ўзровень грунтавых вод. Асабліва гэта актуальна для тэрыторыі Палесся.

— Сёння там выпаральнасць стала перавышаць колькасць ападкаў. Гэта значыць, з рэгіёна бесперапынна сыходзіць вільгаць, што адбіваецца, вядома, на ўзроўні грунтавых вод. Мы нават назіралі, што за перыяд моцных засух апошніх трох гадоў узровень грунтавых вод упаў на такую ??ж велічыню, чым за ўвесь перыяд асушальнай меліярацыі на Палессі. Цперашнія засухі нясуць такія ж страты ў экалагічным плане, як і папярэдні шматгадовы перыяд меліярацыі, — гаворыць Сяргей Лысенка.
Унікальныя напрацоўкі мае інстытут у вобласці выкарыстання торфу. Дзякуючы ім наша краіна з’яўляецца сусветным лідарам па тэхналогіях перапрацоўкі. Сёння ён амаль не выкарыстоўваецца ў якасці паліва ў энергетыцы. Торф дзякуючы распрацоўкам інстытута разглядаюць як каштоўную сыравіну для вытворчасці прадукту з высокім дабаўленым коштам. Гэта розныя комплексныя змешаныя грануляваныя ўгнаенні, нафтасарбенты, тарфяныя падсцілкі, розныя гуматазмяшчальныя дабаўкі, гумінавыя рэчывы, рэгулятары росту, якія як выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, так і прадаюцца ў гандлёвых пунктах для выкарыстання на ўласным агародзе.

Сярод такіх распрацовак — «разумныя» ўгнаенні, якія па меры паступлення вільгаці вызваляюць пажыўныя рэчывы і на працягу ўсяго вегетацыйнага перыяду забяспечваюць раўнамерную падкормку раслін. Іх дастаткова ўнесці ўсяго аднойчы за сезон.

Алена КРАВЕЦ
Фота Лізаветы Голад