Беларусь займае чацвёртую пазіцыю ў свеце па экспарце сыру. Якія віды папулярнага прадукту вырабляюць у краіне, журналістам 5 лістапада расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення перапрацоўчай прамысловасці Мінсельгасхарча Марыя Клімава, пра гэта паведаміла «Минск-Новости».
— Усяго ў нас выпускаецца каля 395 найменняў сыроў. Мы ўжо адыходзім ад традыцыйных прадуктаў галандскай, расійскай і пашахонскай груп, хоць яны і займаюць значную долю — наша насельніцтва любіць іх яшчэ з часоў СССР. Развіваецца вытворчасць цвёрдых і звышцвёрдых сыроў з тэрмінам паспявання ад шасці месяцаў да двух гадоў — гэта групы пармезану, рэджаніта і іншых, — патлумачыла Марыя Клімава.
Акрамя таго, у краіне пашыраецца асартымент сыроў з напаўняльнікамі — як з традыцыйнымі для Беларусі журавінамі і пажытнікам, так і з прэміяльнымі (напрыклад, каштанамі і труфелем).
— У гэтым кірунку наша сыраробства і далей будзе расці, каб займаць сваю нішу на рынку краін СНД. У тым ліку і ў Расіі, дзе развіваюць сваё сыраробства, але больш у галіне мяккіх сыроў. Таксама будзем нарошчваць вытворчасць сыроў тыпу чэдэр і грыль, — дадала спецыяліст.
Паводле яе слоў, у апошнія два гады ў Беларусі набірала абароты і вытворчасць прадуктаў для сегмента HoReCa — атэляў, рэстаранаў і кафэ.
— Прадпрыемствы пераналаджаны і па ўпакоўцы, і па фарматах. У нас масла фасуецца і па 10 г для пасажыраў авія- і чыгуначнага транспарту, і па 2 кг для экспарту ў далёкія краіны — напрыклад, ва Узбекістан, дзе сем’і купляюць масла вялікімі блокамі. Што датычыцца масларобства, то беларускія вытворцы выпускаюць не толькі прадукты з рознай тлустасцю, у тым ліку топленае масла гхі, але і масла з напаўняльнікамі: грыбамі, лімонам, праванскімі травамі, — пракаментавала Марыя Клімава.