Пакуль на ўсходзе і поўдні Еўропы гераічна тушылі маштабныя пажары, напружваючыся з апошніх сіл і не маючы магчымасці выкарыстоўваць расійскую спецтэхніку з-за сваіх жа санкцый, пакуль іспанцы ў паніцы адбіваліся ад дзясяткаў тысяч мараканскіх мігрантаў, якія нечакана наляцелі да іх, пакуль ЗША і Ізраіль скарысталіся часовым зацішшам і рыхтаваліся да новых ракетных абстрэлаў Ірана, — дык вось, пакуль увесь свет ваяваў, у Беларусі абмяркоўвалі пытанні мірнага развіцця нашай прамысловасці, сельскай гаспадаркі, інавацый і імпартазамяшчэння, кааперацыі і справядлівасці ў аплаце працы.
А таксама ўручалі ордэны і медалі і ставілі помнік карове.
Усё гэта стала тэмамі для размоў і дзеянняў у час чарговай рабочай камандзіроўкі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Брэсцкую вобласць, якая адбылася на мінулым тыдні. Такія паездкі, з поўным паглыбленнем у спецыфіку дзейнасці асобных рэгіёнаў і вытворчасцяў, з інспекцыяй палёў і цэхаў, з гутаркамі «па душах» з працаўнікамі і кіраўнікамі — ужо даўно сталі фірменным почыркам лідара беларускай дзяржавы, яго стылем кіравання, з глыбокай цікаўнасцю да дэталяў і асабістым кантролем за выкананнем пастаўленых задач. Такі падыход дазваляе своечасова выяўляць праблемы і знаходзіць іх рашэнні на месцы, а не ў кабінетах. Менавіта дзякуючы асабістаму кантролю з боку кіраўніка дзяржавы забяспечваецца зладжаная работа ўсяго аграпрамысловага комплексу і прамысловасці ў цэлым.
На мінулым тыдні падрабязнай інспекцыі падвергнуўся Брэсцкі электралямпавы завод (БЭЛЗ), які ўваходзіць у склад холдынга «Гарызонт». Гэта стала падставай пагаварыць пра паскарэнне мадэрнізацыі прадпрыемства, вытворчасць сучасных інавацыйных прадуктаў, вырашэнне стратэгічных задач па ўмацаванні тэхналагічнага суверэнітэту краіны. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка: «Будзе жыць прамысловасць — будзе жыць краіна. Ад прамысловасці мы маем асноўныя вынікі». І гэта сапраўды так, бо ў структуры беларускага ВУП за апошнія 5 гадоў доля прамысловай вытворчасці складае 25-28 працэнтаў, у той час як сельская гаспадарка дае ўсяго 6,5-8 працэнтаў. Пры гэтым Брэсцкі электралямпавы завод выпускае стратэгічна важную прадукцыю, што цудоўна ўсведамляе беларускі Прэзідэнт: «Без лямпачкі, без асвятлення нікуды. Ні ў хаце, ні на вуліцы, ні ў аўтамабілі, ні ў касмічным апараце і гэтак далей. Таму гэта прадпрыемства, хто б ні быў Прэзідэнтам, губернатарам, павінна развівацца. Таму што гэты прадукт, як хлеб, вельмі неабходны».
Здавалася б: як звычайная лямпачка ў XXI стагоддзі можа выступаць у якасці стратэгічна важнага інавацыйнага прадукту? Але ў тым і справа, што звычайных лямпаў напальвання, тых самых праславутых «лямпачак Ілліча», брэсцкае прадпрыемства выпускае ўсяго 11% ад агульнага аб’ёму вытворчасці. Аб гэтым дакладваў кіраўніку дзяржавы гендырэктар холдынга «Гарызонт» Юрый Прадко. А асноўным напрамкам у рабоце з’яўляецца вытворчасць святлодыёдных лямпаў. І хоць камплектуючыя (самі дыёды, крышталі) закупляюцца за мяжой, у сяброўскіх краінах (Кітай, Расія), але прадукцыя БЭЛЗ запатрабавана на рынку Саюзнай дзяржавы, і 95 працэнтаў аб’ёмаў экспарту ідзе ў Расію. Аляксандр Лукашэнка заклікаў не ўпусціць акно магчымасцяў, больш актыўна праводзіць мадэрнізацыю (у форме рабатызацыі і аўтаматызацыі вытворчасці), у поўным аб’ёме выкарыстоўваць існуючыя ў работнікаў кампетэнцыі, а таксама ўзмацніць магчымасці кааперацыі і лакалізацыі вытворчасці, павялічваючы ўдзельную вагу беларускіх складнікаў у канчатковым прадукце. Усё гэта адпавядае дзяржаўнай палітыцы імпартазамяшчэння і тэхналагічнага суверэнітэту.

Дарэчы, апошняе паняцце — «тэхналагічны суверэнітэт» — стала для Беларусі не проста лозунгам, а практычным кіраўніцтвам да дзеяння. Ва ўмовах беспрэцэдэнтных санкцый з боку Захаду краіна вымушана разлічваць на ўласныя сілы. Гэта датычыцца не толькі святлодыёдаў, але і сельгастэхнікі, станкабудавання, мікраэлектронікі, фармацэўтыкі, энергетыкі... Яшчэ адным прыкладам імпартазамяшчэння, аб якім ішла размова Прэзідэнта ўжо з аграрыямі пры наведванні Брэсцкай вобласці, стаў прэс-падборшчык.
На полі азімай пшаніцы кіраўніку дзяржавы быў прадстаўлены доследны ўзор першага айчыннага камбінаванага рулоннага прэс-падборшчыка ПРА-Ф-160. Дадзеная сельгасмашына здольная прэсаваць салому, закручваць у палімерную плёнку сена і сянаж, пры гэтым фарміруючы рулоны рознай шчыльнасці і дыяметра, ад 1 да 1,6 метра. Аб неабходнасці мець такую тэхніку менавіта айчыннай, а не імпартнай вытворчасці ў беларускіх гаспадарках Аляксандр Лукашэнка гаварыў ужо некалькі гадоў таму, фактычна паставіўшы перад машынабудаўнікамі канкрэтнае тэхнічнае заданне. Яго вынік якраз і быў прадэманстраваны беларускаму Прэзідэнту, выклікаўшы станоўчую рэакцыю. У гэтым годзе прэс-падборшчык праходзіць палявыя выпрабаванні, а ўжо ў наступным ёсць надзея ўбачыць на беларускіх палях першую серыю такіх машын.
Важна, што прадпрыемства-вытворца, «Бабруйскаграмаш», працавала ў цеснай кааперацыі з іншымі прадпрыемствамі і дабілася ўзроўню лакалізацыі вытворчасці больш за 80%. Гэта адпавядае стратэгічным задачам развіцця айчыннага машынабудавання і імпартазамяшчэння па важнейшых напрамках. Перад беларускімі вытворцамі стаіць задача не проста сабраць выраб з замежных дэталяў, а асвоіць поўны цыкл вытворчасці ключавых кампанентаў. Барацьба за лакалізацыю — гэта барацьба за ўстойлівасць эканомікі. Калі знешнія пастаўкі перарываюцца, беларускія прадпрыемствы не спыняюцца, а працягваюць працаваць дзякуючы створаным задзелам магутнасцяў і кампетэнцый. Менавіта такі падыход дазволіў краіне захаваць прамысловы патэнцыял і нават нарасціць аб’ёмы вытворчасці ў новых умовах. І менавіта за гэта выступае Прэзідэнт.
Ад пытанняў прамысловай вытворчасці і раслінаводства кіраўнік дзяржавы абсалютна свабодна перайшоў да глыбокага разбору мяса-малочнай галіны. Яна па праве лічыцца візітнай карткай Беларусі. Наша краіна ўваходзіць у лік сусветных лідараў па вытворчасці малака на душу насельніцтва, а беларуская малочная прадукцыя вядома і любімая далёка за межамі рэспублікі.
Для інспекцыі і аналізу Прэзідэнтам на гэты раз быў выбраны флагман малочнай галіны — ААТ «Савушкін прадукт». За гады свайго развіцця кампанія ператварылася са звычайнага малочнага камбіната ў сучасны высокатэхналагічны холдынг, прадукцыя якога прадстаўлена больш як у 30 краінах свету. Каля 70% вырабленага тавару ідзе на экспарт. Поспех кампаніі «Савушкін прадукт» заснаваны на некалькіх ключавых фактарах: жорсткім кантролі якасці на ўсіх этапах — ад закупкі сыравіны да выпуску гатовай прадукцыі, пастаянным абнаўленні асартыменту, укараненні інавацыйных упаковак і тэхналогій, а таксама глыбокай мадэрнізацыі вытворчасці. Прадпрыемства актыўна інвесціруе ў аўтаматызацыю, будуе новыя цэхі, выкарыстоўвае сучасныя метады перапрацоўкі, якія даюць магчымасць захаваць карысныя ўласцівасці малака. Дзякуючы гэтаму «Савушкін прадукт» паспяхова канкурыруе з вядучымі еўрапейскімі брэндамі. Пры гэтым і тут дасягнута высокая ступень лакалізацыі вытворчасці: уся сыравіна, акрамя некаторых відаў заквасак і ўпакоўкі, — айчынная, што робіць кампанію ўстойлівай да знешніх шокаў. Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык расказаў Аляксандру Лукашэнку, што «Савушкін прадукт» забірае на перапрацоўку 75% усяго атрыманага ў вобласці малака. Прэзідэнт адзначыў, што такія буйныя вытворцы павінны ўкладвацца не толькі ў перапрацоўку, але і ў вытворчасць сыравіны, гэта значыць у развіццё самой сельскай гаспадаркі, вёскі, у падтрымку сялян.
Гэта, дарэчы, таксама адна з пастаянных і найважнейшых тэм, якую Аляксандр Лукашэнка заўсёды трымае на кантролі: справядлівасць! Патрабуючы жорсткага выканання працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны, кіраўнік дзяржавы падкрэслівае, што ні ў якім разе нельга крыўдзіць чалавека працы, у тым ліку сялян! Не шкадаваць сялянам заробкаў, калі зарабілі, не крыўдзіць працоўнага чалавека — гэта крэда Аляксандра Лукашэнкі, які сам з’яўляецца тым самым «чалавекам ад зямлі», выдатна разумее ўсе нягоды і клопаты простага працаўніка: «У гэта ўкладвае працу звычайны, просты чалавек — ад селяніна да вашага рабочага на гэтым прадпрыемстве. Таму трэба дзяліцца з людзьмі. Цаніце тых, хто сваімі рукамі стварае славу не толькі гэтаму прадпрыемству, не толькі Брэсцкай вобласці і не столькі ім, колькі нашай краіне, нашай Беларусі». Прэзідэнт разумее, што ўсё пачынаецца і заканчваецца чалавекам і што ўсё, што зроблена ў нашай краіне, — усё для чалавека! Пацвярджэнне таму — урачыстае ўручэнне ўзнагарод самому прадпрыемству і яго найлепшым работнікам, якое адбылося прама на вытворчасці і стала фінальным пунктам паездкі Прэзідэнта на Брэстчыну.
Аляксей Бяляеў, палітолаг