Top.Mail.Ru

Ад прыроднага хараства да замкаў і прадпрыемстваў. Што прэзентуюць рэгіёны для турыстаў на выставе «Мая Беларусь»

У Мінскім міжнародным выставачным цэнтры працягвае работу маштабная выстава «Мая Беларусь». Карэспандэнты даведаліся, што прапануюць паглядзець турыстам у краіне, паведамляе БелТА.


Адзін з лейтматываў праекта — тэматыка турызму. Кожны рэгіён прэзентаваў найбольш знакавыя выдатныя мясціны, традыцыйныя рамёствы, прамысловыя экскурсіі, розныя віды адпачынку — ад экалагічнага да аздараўленчага.

На пляцоўцы Брэсцкай вобласці можна ўбачыць зменшаную копію галоўнага ўвахода ў Брэсцкую крэпасць у выглядзе зоркі з мультымедыйным экранам у цэнтры. Сярод аб’ектаў прамысловага турызму — РУВП «Граніт». Кар’ер «Мікашэвічы» — найбуйнейшае ў Беларусі і адно з самых вялікіх у Еўропе радовішчаў будаўнічага каменя. Але галоўная фішка — не памеры, а вадаспады, якія цурчаць па скалістых прыступках. Прадпрыемства кожны год наведваюць амаль 11 тыс. турыстаў.

«У нас распрацавана сем экскурсій. Запрашаем пазнаёміцца з незвычайным ландшафтам, тэхналагічным працэсам, наведаць наглядальную пляцоўку, выставу тэхнікі. Можна больш даведацца пра прафесіі машыніста экскаватара, пракаціцца на БЕЛАЗе. Хутка адкрыецца абноўлены музей. Таксама арганізуем фотасесіі», — расказала экскурсавод прадпрыемства Аляксандра Паўлусевіч. 

Цікавую лакацыю падрыхтаваў Парк жывёл. На выставе папулярны турыстычны комплекс, які ўваходзіць у топ-3 самых наведвальных турыстычных аб’ектаў вобласці, прывёз пушыстых падапечных.

Мемарыяльны комплекс «Хаваншчына» здзіўляў гасцей вялізнай ёлкай, каля якой і дзетак, і дарослых сустракаў партызанскі Дзед Мароз з барадой з пакулля. Як расказалі супрацоўнікі Івацэвіцкага гісторыка-культурнага музея, «Хаваншчына» — гэта партызанская зямля, дзе ўсё захавана так, каб адчуць, як жыла і змагалася падпольная Беларусь. За мінулы год комплекс наведалі больш за 41 тыс. чалавек, у асноўным госці з Расіі. Прыязджалі і турысты з Літвы, Польшчы, Казахстана, іншых краін.

Віцебская вобласць акцэнт зрабіла на атрыбутыцы «Славянскага базару», спадчыне Марка Шагала, праваслаўных святынях. Наведвальнікі могуць убачыць рэплікі мясцовых арт-аб’ектаў у натуральную велічыню: гатовы да поціску рукі «Ветлівы ліхтар», лаўку-мазаіку, міні-макет страдаўняга горада. Таксама прадстаўлена сучаснае мастацтва, брэнд рэгіёна — дываны.

«Расказваем, што ў вобласці можна паглядзець, падказваем варыянты адпачынку. Таксама прадстаўляем нашы фестывалі, прыродныя лакацыі. Напрыклад, на тэрыторыі Мёрскага і Шаркаўшчынскага раёнаў размешчаны рэспубліканскі заказнік „Ельня“, куды з задавальненнем прыязджаюць турысты. Працуюць аграсядзібы», — адзначыла прадстаўнік турсферы рэгіёна Аксана Філіпёнак. 

Гродзеншчына прадставіла на стэндзе Лідскі, Навагрудскі, Гродзенскі і Мірскі замкі, Аўгустоўскі канал, выдатныя мясціны Ваўкавыскага раёна, абноўлены мост у Мастах, Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр і іншыя святыні. Можна ўбачыць прадметы археалагічных раскопак, выставу мастацкіх вырабаў са шкла ад шклозавода «Нёман».

Прастора Мінскай вобласці падзелена на дзве зоны. Адна з іх прысвечана архітэктуры і культурнай спадчыне, другая — інавацыям. На святлодыёдным экране, які працуе ў інтэрактыўным рэжыме, дэманструюцца відэа аб духоўных святынях і турыстычных жамчужынах вобласці. Прадстаўлена галерэя макетаў «Міншчына шматканфесійная», фрагмент слуцкага пояса, беларуская дуда, івянецкая кераміка. Кожны экспанат суправаджаецца QR-кодам.

Дзякуючы VR-станцыям можна зрабіць віртуальнае падарожжа ў сярэдневяковы Валожын і старадаўняе Заслаўе. Таксама можна ўбачыць вітрыну з мадэллю шматтонніка БЕЛАЗа, пратэсціраваць трэнажорны комплекс вагона «Беларуськалія». З новымі паслугамі і экскурсіямі знаёміць гасцей музей-запаведнік «Нясвіж».

Сталіца прадставіла сябе праз адукацыю, гарадскую культуру, творчасць і ініцыятывы моладзі. Госці могуць паўдзельнічаць у майстар-класах, убачыць касцюмы, рэквізіт і элементы дэкарацый з беларускіх фільмаў «Класная» і «Пераломны момант». Аблічча сталіцы раскрылі праз макеты знакавых аб’ектаў і мастацкія праекты. У экспазіцыю ўвайшлі макеты Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, плошчы Перамогі і мемарыяльнага комплексу «Трасцянец».

Гомельская і Магілёўская вобласці прадэманстравалі багацце народных традыцый, паказалі знакавыя выдатныя мясціны, прадставілі абрады і святы, уключаючы «Купалле» ў Александрыі. Цэнтральнае месца ў экспазіцыі занялі макеты Гомельскага дзяржаўнага цырка, Палацава-паркавага ансамбля ў Жылічах. Таксама прэзентаваны музей Славы Магілёўшчыны, які нядаўна адкрыўся.

Экспазіцыя пабудавана як вялікае падарожжа па краіне. Усе стэнды аб’яднаны агульным візуальным стылем — беларускай выцінанкай, традыцыйным мастацтвам выразання з паперы, уключаным у 2024 годзе ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Прадстаўлены інтэрактыўныя стэнды, прысвечаныя прыродным прыгажосцям. Экалагічныя інсталяцыі даюць магчымасць адчуць атмасферу беларускай прыроды, паслухаць спевы птушак.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю