Top.Mail.Ru

Ад праграміста да дызайнера

Нагадваем тэрміны ўступнай кампаніі ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.


Установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі пачалі прымаць дакументы яшчэ 15 чэрвеня, у мінулую суботу ў працэс уключыліся ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Усяго ў гэтым годзе 289 каледжаў краіны плануюць прыняць каля 29 тысяч чалавек на праграмы ПТА, яшчэ 40 тысяч месцаў прадугледжана на ўзроўні ССА.

У Міністэрстве адукацыі нагадалі, што выпускнікі 9-х класаў змогуць падаць заявы на бюджэтную форму навучання да 3 жніўня, на платную — да 10 жніўня. Для тых, хто скончыў 11 класаў, тэрміны прыёму адрозніваюцца: да 11 жніўня для паступлення за кошт бюджэту і да 15 уключна — для навучання на платнай аснове.
Абітурыентам, якім трэба будзе здаваць уступныя іспыты, неабходна падаць дакументы раней. Для выпускнікоў базавай школы прыём скончыўся 23 ліпеня, а выпускнікоў сярэдняй школы чакаюць у прыёмных камісіях да 4 жніўня.

Уступныя іспыты для дзевяцікласнікаў пачаліся ўчора і пройдуць да 29 ліпеня, для адзінаццацікласнікаў — з 5 да 8 жніўня ўключна. Залічэнне тых, хто паступае пасля 9 класа на бюджэт, завершыцца да 6 жніўня, на платныя — да 12 жніўня ўключна. Выпускнікоў 11-х класаў будуць залічаць на бюджэт да 13 жніўня, а на платную форму навучання — да 17 жніўня ўключна.

Адметнай рысай апошніх гадоў стала з’яўленне новых спецыяльнасцяў і кваліфікацый. Новыя праграмы з’явіліся і сёлета — як у сістэме сярэдняй спецыяльнай, так і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Сярод іх — «Эксплуатацыя абсталявання радовішчаў нафты і газа», «Забеспячэнне дзейнасці па працы з суб’ектамі права», «Дызайн анімацыі для сродкаў масавай інфармацыі», «Кіраванне продажамі».

З’явіліся і новыя кваліфікацыі рабочых прафесій — іх 93. У адукацыйным ведамстве расказалі, што сярод абітурыентаў па-ранейшаму застаюцца папулярнымі медыцынскія спецыяльнасці, ІT і творчыя кірункі. Апошнімі гадамі прыкметна вырасла цікавасць моладзі да машынабудавання, аўтаматызаванай вытворчасці і мехатронных сістэм.

Алена ВІНАГРАДАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю