Той вельмі даўні суботні вечар 13 студзеня выдаўся дужа ветраным, снежным... Але ж час варажбы ніхто не адмяняў?
Сяброўкі-старшакласніцы Таня, Люда і Наташа найперш тройчы збегалі на вуліцу, каб паслухаць сабак і такім чынам даведацца, з якога боку чакаць сваіх суджаных. Загадалі на Люду — забрахаў «настрадамус» з усходняй вуліцы, на Наташу — з паўночнай, на Таню — і смех, і грэх — амаль побач, у дварышчы суседа Воўкі, аднакласніка і лютага ворага, бо чаго ён толькі не рабіў: змалку цягаў дзяўчынку за косы, падкладваў жаб у школьны партфель, «тапіў» у снежных сумётах, за каўнер закідваў хрушчоў, а калі падрос, стаў перахопліваць запіскі ад закаханага ў Таню Дзімы, складваць з іх самалёцікі і пускаць па класе…
Замуж за такога? Ды божа барані!
Наступная варажба была працягам першай. Кожнай з дзяўчат трэ было выйсці на вуліцу з блінам, аддаць яго першаму з сустрэчных мужчын і спытаць у яго імя (такое ж будзе, маўляў, і ў мужа).
Людка, абсыпаная снегам, вярнулася ў хату ні з чым (дакладней — з задубелым блінам), бо не дачакалася, не ўбачыла нікога, толькі намерзлася. Наташы пашчасціла больш: яна сустрэла (доўга пасля рагаталі) дзеда Юзеньку, які ішоў да свайго сябра гуляць у карты. Таня ж, згледзеўшы ў снежнай віхуры высокую мужчынскую постаць, спачатку падбегла ды выдала: «Варожым на суджанага. Вазьміце блінец. Скажыце, як вас...» І толькі потым пачула: «О, блін? — здзівіўся Воўка (а гэта быў ён). — Давай!.. Солі малавата...»
Ён, падобна, не мог яе не пакрыўдзіць!
Трэці, фінальны, этап варажбы праходзіў у лазні — са свечкамі, люстэркамі ды словамі: «Суджаны, з’явіся!»
Таня ў прадчуванні цуда клікала яго апошняй: шчыра шаптала запаветныя словы, старанна ўзіралася ў цьмянае люстэрка, а потым, неяк міжволі, зірнула ў блізкае акно і... закрычала ад страху, бо ўбачыла там страшэнную патлатую морду з расплюшчаным носам.
Як выскаквала з прылазніка, як ляцела ў хату, дзяўчына не помніла! Хіба пазней, крыху паспакайнеўшы, падумала, што гэта, напэўна ж, ён, Воўка, вырашыў паглядзець, што адбываецца ў лазні, і ўсё сапсаваў, паганец!
— Эх, не ўдалася ў нас варажба! — з сумам прызнала тады Таццяна і, магчыма, пра ўсё ў той вечар забылася б, калі б…
Калі б той самы Воўка праз чатыры гады не прызнаўся, што з самага маленства апроч яе дзяўчынак не бачыў і бачыць не хоча.
— Ты выйдзеш за мяне? — спытаў у дзяўчыны.
Адмовіць былому дэсантніку — такому дужаму, статнаму, смеламу і нясмеламу — Таццяна не змагла.
Чым гэта скончылася?
Ды вяселлем.
А. НАВАСЕЛЬСКАЯ
Мінскі раён