Top.Mail.Ru

Эфектыўна выкарыстоўваць існуючую базу і абсталяванне: міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў аб перспектывах сістэмы аховы здароўя

Сёння прайшла выніковая калегія Міністэрства аховы здароўя з удзелам намесніка прэм'ер-міністра Наталлі Пяткевіч, дзе падвялі вынікі работы сістэмы не толькі летась, але і за ўсю мінулую пяцігодку, а таксама абмеркавалі перспектывы на бягучы год.


Як адзначыў міністр аховы здароўя Аляксандр ХАДЖАЕЎ, у рамках праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека», а таксама ў рамках Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця перад сістэмай аховы здароўя было пастаўлена шэраг задач, у тым ліку выкананне 32 мэтавых паказчыкаў. 

— На сёння практычна ўсе тыя з іх, што залежаць толькі ад сістэмы аховы здароўя, мы выканалі. Аднак мы бачым патэнцыял, дзе павінны яшчэ развівацца, і разумеем тыя праблемныя пытанні, якія патрабуюць штодзённага фармату работы, і мы настроены на гэта, — адзначыў міністр.  

Сярод задач, якія стаяць перад галіной, Аляксандр Хаджаеў вылучыў развіццё кадравага патэнцыялу, у прыватнасці падрыхтоўку студэнтаў, іх практыкаарыентаванасць і выкарыстанне іх ведаў з першага дня працы. Таксама на парадку дня і далейшае ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы сістэмы аховы здароўя.  

— На будучую пяцігодку ў нас запланавана 129 праектаў будаўніцтва. За 30 папярэдніх гадоў было пабудавана і мадэрнізавана больш за 900 аб’ектаў, — прывёў лічбы міністр. — Таму ў цэлым матэрыяльна-тэхнічная база, якая сёння існуе, дастатковая. Мы павінны вельмі ўважліва адносіцца да новых аб’ектаў, якія прапануюцца як да будаўніцтва, так і да мадэрнізацыі, улічваючы тую базу, што ўжо маецца. 
Працэс абнаўлення абсталявання працягваецца, аднак важна яго эфектыўна выкарыстоўваць. Толькі летась у сістэме аховы здароўя было пастаўлена 7 новых камп’ютарных тамографаў, 11 магнітна-ядзерных тамографаў, 4 ангіёграфы.  

— Працэс абнаўлення ў нас сістэмны, і нам трэба выкарыстоўваць гэта абсталяванне настолькі эфектыўна, каб і скарачаць працягласць чакання працэдур пацыентамі, і выконваць тыя паказчыкі, якія перад намі ставяцца. Важна перайсці ад фармату дааснашчэння да фармату эфектыўнага выкарыстання. І перакананы, што калегі, якія працуюць на месцах, дакладна гэта разумеюць, — рэзюмаваў Аляксандр Хаджаеў.  

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю