Top.Mail.Ru

Ад чаго залежыць якасць паслуг у сферы ЖКГ

Стварэнне камфортнага асяроддзя ў вялікіх гарадах і малых населеных пунктах сёння ў ліку ключавых задач, якія стаяць перад краінай. І тут важны ўнёсак кожнага: органаў дзяржаўнай улады, прадпрыемстваў усіх формаў уласнасці, грамадзян. Але «галоўныя героі» пяцігодкі добраўпарадкавання — службы жыллёва-камунальнай гаспадаркі.


А дакладней людзі, якія працуюць у сферы ЖКГ. І калі гэта прафесіяналы сваёй справы, то чысціня і эстэтыка на вуліцах гарадоў і вёсак сапраўды становяцца свайго роду нацыянальным брэндам. Сёння ў галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі працуе каля 130 тысяч чалавек, расказвае дырэктар Дзяржаўнага навучальнага цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў «Жылкам» Кацярына Гарбачова.

— Людзі — галоўны рэсурс кожнай галіны эканомікі, — перакананая яна. — Грамадзяне нашай краіны сутыкаюцца з паслугамі ЖКГ штодня, і гэтыя паслугі павінны аказваць кваліфікаваныя спецыялісты.

Стаць членам каманды

У верасні 2024-га, на ІІ Міжнароднай спецыялізаванай выставе жыллёва-камунальнай гаспадаркі «Наш дом», адукацыйны цэнтр «Жылкам» запусціў два праекты, накіраваныя на прыцягненне ў сферу ЖКГ высокапрафесіянальных, матываваных кадраў. І сёння, праз амаль паўгода, можна падвесці першыя вынікі.

— Адзін з нашых праектаў меў сацыяльную накіраванасць, — тлумачыць суразмоўніца. — Унікальная праграма па падрыхтоўцы кадраў, арганізаваная пры падтрымцы Мінскага гарадскога ЖКГ. Усіх ахвотных мы запрашалі прайсці навучанне ў УА «Жылкам» за кошт сродкаў будучага работадаўца, каб стаць членам каманды ЖКГ. Пасля навучання спецыялістам гарантавалася першае працоўнае месца (у сталічных арганізацыях на пасадзе майстэрскага складу эксплуатацыі жыллёвага фонду), а на час навучання і работы прапаноўвалася пражыванне. Акрамя таго, сама вучэбная праграма была вельмі цікавая.

Другі праект быў накіраваны на перападрыхтоўку кадраў і фарміраванне кадравага рэзерву. Ён быў задуманы спецыяльна для людзей, якія ўжо працуюць у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Праект, дарэчы, працягваецца і сёння. Ён мяркуе анкетаванне з наступным тэсціраваннем патэнцыяльных работнікаў сферы ЖКГ, прайсці якое могуць навучэнцы УА «Жылкам». Такім чынам, «Жылкам» становіцца свайго роду рэсурсным цэнтрам па падрыхтоўцы кадравага патэнцыялу галіны. Тыя, што прайшлі тэсціраванне, могуць стаць спецыялістамі ў Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі і ўстановах сістэмы ЖКГ.

— Мы арганізавалі таксама зносіны патэнцыяльных спецыялістаў ЖКГ з будучымі работадаўцамі, — кажа суразмоўніца.

Шмат каму вакансіі прапануюцца адразу. Магчыма і ўключэнне ў кадравы рэзерв на дзяржаўныя пасады ў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, удакладніла Кацярына Гарбачова. Яна адзначыла, што абодва праекты выклікалі вялікую цікавасць: арганізатары не чакалі такога наплыву зацікаўленых.

Хто гатовы мяняць жыццё?

— Для сябе, як арганізатар гэтых праектаў, я здзейсніла цэлы шэраг адкрыццяў, — прызнаецца Кацярына Гарбачова. — Напрыклад, даведалася, што няправільным будзе сцвярджэнне: рэзка мяняць жыццё хоча толькі моладзь да 30–35 гадоў. Нямала сярод тых, хто ўзяў удзел у праекце, накіраваным на перападрыхтоўку, было людзей ва ўзросце 50+, якія вырашылі памяняць і працоўнае месца, і месца жыхарства. Матывы — розныя. Не толькі «Лічу, што здольны на большае, таму хачу паспрабавацца на кіруючую пасаду». Ёсць і зусім іншая матывацыя. Напрыклад: «Я бачыла сябе ў іншай ролі, але мой сын або дачка паступілі ў мінскую ВНУ, і цяпер я хачу быць бліжэй да яго (яе). Таму вырашыла скарыстацца магчымасцю знайсці работу ў сферы ЖКГ у Мінску».

Ёсць і яшчэ адна тэндэнцыя, адзначае Кацярына Гарбачова: некаторыя сталыя людзі, што працавалі на кіруючых пасадах, хочуць перайсці на пасады спецыяліста. Такіх людзей у праект прыходзіць у сярэднім 10 %. Прычыны — замест кабінетнай працы жаданне працаваць рукамі, а часам — выгаранне. На рабочыя спецыяльнасці ў сферу ЖКГ у рамках перападрыхтоўкі сёння прыходзіць дастаткова шмат людзей сталага ўзросту, адзначыла дырэктар «Жылкам».

— Унутраная міграцыя — натуральны працэс у любой сферы, — заўважае яна.

Кадравы рэзерв для галіны

Найбольш запатрабаваныя сёння ў галіне ЖКГ прадстаўнікі рабочых прафесій. Гэта пытанне актуальнае для многіх сфер, яно абмяркоўваецца на самым высокім дзяржаўным узроўні. 

І асаблівую ролю тут адыгрываюць сістэмная падрыхтоўка, прыцягненне і замацаванне маладых спецыялістаў. Для гэтага ўжо многае зроблена, канстатуе кіраўнік ГЦ «Жылкам»: матэрыяльныя выплаты, развіццё і ўдасканаленне сістэмы настаўніцтва, будаўніцтва і прадастаўленне жылля.

— Маладыя кадры неабходныя ва ўсіх сферах эканомікі, але для галіны жыллёва-камунальнай гаспадаркі гэта асабліва важна, бо ЖКГ — шматгранная. Гэта і водазабеспячэнне, і цеплазабеспячэнне, і абыходжанне з адходамі, і камунікацыя з людзьмі на сходах жыхароў. Гэта і капітальны, і бягучы рамонты. Словам, усе тыя паслугі, якія закранаюць кожнага. У сацыяльна арыентаванай дзяржаве спажывец, аплачваючы паслугу, павінен быць упэўнены ў яе якасці. 

А якасць любой паслугі ЖКГ — шмат у чым пытанне прафесіяналізму людзей, якія працуюць у гэтай сферы, іх жадання вучыцца, расці і ўдасканальвацца ў прафесіі. Галіна развіваецца, укараняюцца новыя тэхналогіі, і важна ўмець аператыўна ўключацца ў гэтыя інавацыі.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ


Быць гаспадаром

Камунальная адукаванасць — тое, чаго сёння не хапае многім

Для беларусаў даўно стала звыклым, што замежныя госці захапляюцца чысцінёй і парадкам на нашых вуліцах — у сталіцы, абласных цэнтрах або аграгарадках. Але ў справе добраўпарадкавання неабходна аб’яднаць намаганні камунальнікаў і спажыўцоў паслуг ЖКГ.

— У пытанні добраўпарадкавання варта адзначыць ролю і сферу адказнасці спажыўцоў паслуг ЖКГ. Пакуль што большасць людзей адчуваюць сябе гаспадарамі толькі за дзвярыма ўласнай кватэры ці дома, — канстатуе дырэктар Дзяржаўнага навучальнага цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў «Жылкам» Кацярына Гарбачова. — На сваёй жылплошчы практычна ніхто не дапусціць беспарадку ў працы сантэхнічнага, электра- або газавага абсталявання. Але ж, напрыклад, шматкватэрны дом — гэта складаная інжынерная канструкцыя. І ўсё тое, што «перад дзвярыма», — таксама ўласнасць жыхароў. У свядомасці людзей павінна фарміравацца камунальная адукаванасць: я — гаспадар свайго пад’езда, двара, нават прылеглай тэрыторыі. Не толькі ад дзяржаўных структур залежыць прыгажосць дзіцячай пляцоўкі або добраўпарадкаванасць двара. Я, як грамадзянін, уласнік кватэры ў гэтым доме, павінен разумець, што магу зрабіць, каб мне было прыемна глядзець з акна ў двор або выйсці на сваю вуліцу.

Размова не толькі пра суботнікі, падкрэслівае Кацярына Васільеўна, хоць яны, безумоўна, вельмі важныя. Але не менш важныя веды: пра тое, куды звярнуцца за вырашэннем таго ці іншага пытання, што ўваходзіць у абавязкі жыхароў па падтрыманні парадку ў пад’ездзе, ліфце, месцах збору адходаў, як налічваецца тая ці іншая камунальная паслуга.

— У ЖКГ нямала інфармацыйных рэсурсаў, — адзначае дырэктар ГЦ «Жылкам». — Адзін з іх — Партал камунальнай адукаванасці: ёсць укладка «адукаваны спажывец», на многія пытанні карыстальнікаў адказваюць юрысты. Выдатны праект «Школа камунальнай адукаванасці» запусціла ЖКГ Мінска. На базе ЖЭСаў ва ўсіх раёнах сталіцы праводзяцца лекцыі па тых ці іншых «камунальных» тэмах. Кожны ахвотны атрымлівае магчымасць задаць пытанні якраз тым людзям, якія непасрэдна гэтыя задачы і вырашаюць. Тэмы лекцый — самыя розныя: ад паасобнага збору адходаў да тарыфнай палітыкі на паслугі ЖКГ. Дзяржаўныя органы і арганізацыі сёння адкрыты да зносін. Для дыялогу неабходна толькі жаданне грамадзян.

Загаловак у газеце: ЖКГ: стаўка на моладзь


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю