Сёлетняя анамальна цёплая зіма, а цяпер яшчэ і добрыя замаразкі амаль без снегу — тэма не толькі дзяжурных размоў аб надвор’і. Ці будзем з ураджаем? — вось важнае і для краіны, і, бадай, для кожнага асобна ўзятага яе жыхара пытанне. І калі для асобнай прыватнай гаспадаркі яно не крытычнае, дык у маштабах дзяржавы — гэта адзін з найважнейшых складнікаў харчовай бяспекі і экспартнага патэнцыялу, якія, у сваю чаргу, адны з галоўных умоў захавання суверэнітэту і незалежнасці. Нездарма нават падчас урачыстай цырымоніі ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара, якая прайшла нядаўна ў Палацы Незалежнасці, Прэзідэнт цікавіўся ў вучоных, якія наступствы могуць быць на азімых пасевах у сувязі з неверагодна цёплай зімой. Тыя запэўнілі кіраўніка дзяржавы, што хвалявацца пакуль асаблівых нагод няма.
Зрэшты, было б дзіўна, каб спецыялісты адказалі інакш. Аб тым, што ў сельскай гаспадарцы трэба ўмець пераадольваць любыя капрызы клімату, Аляксандр Лукашэнка, знаёмы з работай на зямлі не па чутках, паўтарае кожны раз, калі хтосьці спрабуе рабіць спасылку на крытычнае земляробства. «Мы павінны быць гатовыя працаваць у любых умовах. Таму што наша сельская гаспадарка знаходзіцца ў зоне крытычнага земляробства. У нас неспрыяльная зона для вырошчвання ўсіх культур. Надвор’е кожны год падкідвае нам сюрпрызы: то замарозіць, то залье, то засушыць. Таму надзвычайшчыны няма, гэты год нічым не адрозніваецца ад папярэдніх». Гэтыя словы Прэзідэнта, сказаныя на адной з нарад па развіцці аграпрамысловага комплексу, можна аднесці і да сёлетняй сітуацыі.
Дык ці будзем мы сёлета ў маштабах краіны з ураджаем, калі ў лютым «галее рунь на полі»? Што рабіць, каб не залежаць ад капрызаў надвор’я? Карэспандэнты «Звязды» паглядзелі на тэму з розных ракурсаў і спыталі аб гэтым спецыялістаў, якія маюць да яе непасрэднае дачыненне.
«Разам — аграрыі, навукоўцы, дзяржава — мы абавязкова справімся»
Член Савета Рэспублікі, генеральны дырэктар Беларускага цэментнага завода Ігар Сяргееў, па першай спецыяльнасці аграхімік, не бачыць у сёлетніх умовах нейкай надзвычайнай сітуацыі. «Кожны год сельскія працаўнікі сутыкаюцца з суровымі ўмовамі надвор’я: ураганы, ліўневыя дажджы або засуха, холад або спякота, — нагадвае сенатар. — Нездарма нашы тэрыторыі называюць зонай рызыкоўнага земляробства. Але, нягледзячы на складаныя кліматычныя ўмовы, а часам, можна сказаць, экстрэмальныя, аграрны сектар паспяхова выконвае пастаўленыя задачы па гарантаванні харчовай бяспекі ўсёй краіны». Вынік, на думку Ігара Сяргеева, залежыць ад правільнай каардынацыі, захавання ўсіх тэхналагічных працэсаў, выканальніцкай дысцыпліны і зладжанай працы кожнага звяна ў даволі складаным працэсе. «Можна быць дакладна ўпэўненым, што аграрыі зробяць усё, каб самы галоўны прадукт быў на сталах беларусаў, — перакананы ён. — Наш Прэзідэнт сам, як гаворыцца, чалавек ад зямлі. Таму ўсе нюансы работы сельскай гаспадаркі не па чутках ведае да драбнюткіх падрабязнасцяў. І нездарма ўдзяляе такую пільную ўвагу і аказвае ўсялякую падтрымку аграрнаму сектару. Сумнявацца не даводзіцца: будзем з ураджаем».
Член Савета Рэспублікі, генеральны дырэктар Гродзенскага мясакамбіната Алег Іваноў таксама адзначае важную ролю кіраўніка дзяржавы ў гэтым пытанні: «Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зусім правільна гаворыць аб тым, што ў нас няма паняцця крытычнае земляробства — у нас яно заўсёды крытычнае. Прырода непрадказальная: то засуха, то ліўні, то замаразкі выпрабоўваюць нас на трываласць. Але менавіта ў такіх умовах куецца характар, праяўляецца наша здольнасць пераадольваць цяжкасці разам. Таму беларускі лідар удзяляе аграпрамысловай сферы асаблівую ўвагу. Дзяржавай створаны ўсе ўмовы для падтрымкі нашых аграрыяў, эфектыўнай работы на месцах. Выдзяляюцца льготныя крэдыты, субсідыі на набыццё тэхнікі, падтрымліваюцца навуковыя распрацоўкі ў галіне сельскай гаспадаркі».
«І гэта не выпадковасць, а мэтанакіраваная палітыка, якая праводзіцца пад кіраўніцтвам нашага Прэзідэнта, чалавека, які дакладна разумее ўсе тонкасці АПК, — адзначае Алег Іваноў. — Ведае, як вырасціць багаты ўраджай, накарміць краіну і зрабіць унёсак ва ўмацаванне эканомікі. Яго асабістая ўвага да патрэб вяскоўцаў, глыбокае разуменне спецыфікі галіны — залог нашай упэўненасці ў заўтрашнім дні».
Пры гэтым, заўважае сенатар, дзяржава стварае ўмовы, але вынік залежыць ад працы на месцах. Таму дзяржаўная падтрымка — гэта толькі палова справы. Многае залежыць ад захавання тэхналогій, прафесіяналізму і самааддачы саміх аграрыяў. Важна не толькі атрымаць рэсурсы, але і правільна іх выкарыстоўваць. Выканальніцкая дысцыпліна, увага да дэталяў, навуковы падыход да земляробства — кожны павінен адказна ставіцца да сваёй справы, разумець, што ад яго працы залежыць харчовая бяспека ўсёй краіны.
«Разам — аграрыі, навукоўцы, дзяржава — мы абавязкова справімся, — гаворыць Алег Іваноў. — Будзем з ураджаем нягледзячы ні на што, накормім краіну і забяспечым харчовы суверэнітэт Беларусі!»
Кадры вырашаюць многае
Член Савета Рэспублікі, дырэктар ААТ «Ціхінічы» Рагачоўскага раёна Юрый Васільцоў лічыць, што ў атрыманні добрага ўраджаю важную ролю адыгрывае і чалавечы фактар. «Беларускія аграрыі дакладна разумеюць, што задача забеспячэння ўраджаю — адна з галоўных для краіны, — адзначае ён. — Людзі працы сумленна і адказна працуюць на зямлі, адчуваюць падтрымку дзяржавы, бачаць асабістае і дзяржаўнае стаўленне да аграрнай галіны нашага Прэзідэнта, яго дальнабачную палітыку ў вырашэнні задачы накарміць свой народ і атрымаць добрыя грошы ад продажу прадуктаў харчавання. Адказны і дасведчаны падыход нашага кіраўніка дзяржавы ў кіраванні аграрным сектарам не выпадковы — Прэзідэнт асабіста прайшоў школу земляробства, і гэты досвед каштоўны».
Юрый Васільцоў паведаміў, што ў ААТ «Ціхінічы» па стане на пачатак лютага ўжо ўся тэхніка мела 100-працэнтную гатоўнасць і прайшла дзяржтэхагляд. «Так што нашы аграрыі гатовы забяспечыць дастойны ўраджай», — запэўніў ён.
Старшыня Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Іван Маркевіч таксама заўважае, што на працягу ўсяго прэзідэнцкага тэрміну кіраўнік дзяржавы як ніхто ўдзяляе максімальную ўвагу сельскай гаспадарцы і ў цэлым аграпрамысловаму комплексу краіны. У той жа час дэпутат звярнуў увагу на адсутнасць моцных гаспадароў у некаторых гаспадарках.
Па словах парламентарыя, таксама сёння трэба працаваць над тым, каб зніжаць сабекошт прадукцыі, паляпшаць яе якасць. На яго думку, варта нарошчваць і аб’ёмы гандлёвай прадукцыі, якая неабходна перапрацоўшчыкам і павінна з’яўляцца на паліцах нашых сеткавых крам.
«Мы зрабілі сур’ёзныя зрухі, у першую чаргу, забяспечыўшы харчовую бяспеку і нарасціўшы экспарт, у што калісьці мала хто верыў, — канстатаваў старшыня Пастаяннай камісіі. — Упэўнены, будзе экспарту і на 10 мільярдаў. Па многіх пазіцыях мы ўваходзім у пяцёрку краін свету па экспарце перапрацаванай прадукцыі. Гэта таксама вельмі здорава».
Да веснавой сяўбы рыхтавацца пачалі яшчэ ў снежні
Начальнік Галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалай Лешык адзначыў, што работнікі галіны ў гэты час рыхтуюць тэхніку, назапашваюць угнаенні. Ён адзначыў, што ў цэлым па краіне сітуацыя з падрыхтоўкай да будучай сяўбы цалкам прымальная. Насення збожжавых культур у гаспадарках дастаткова.
Па кукурузе нашы заводы (якіх у нас два) забяспечваюць пасяўныя плошчы насеннем у памеры 27 тысяч тон пры патрэбе 34 тысячы тон. Больш за 5 тысяч тон імпартнай кукурузы ўжо набыта, цяпер застаецца закупіць за мяжой 2 тысячы тон гэтага насення.
Амаль поўны аб’ём насення цукровых буракоў закуплялі ў больш паўднёвых краінах, таму што ў нашых шыротах іх амаль немагчыма вырасціць. Але ў гэтым годзе каля 6 тысяч 300 пасяўных адзінак цукровых буракоў плануецца выкарыстоўваць нашых сумесных беларуска-расійскіх і беларуска-польскіх гібрыдаў. Гэта складзе каля 5 % ад усёй структуры па бураках.
Насеннай бульбы ў нас больш чым дастаткова. Але, каб палепшыць якасць другога хлеба нашай краіны, пэўны працэнт такой бульбы закупляецца за мяжой. Гэта робіцца ў тым ліку для вывядзення асобных сартоў, прызначаных для паглыбленай перапрацоўкі, адзначыў Мікалай Лешык.
Паводле інфармацыі Мінсельгасхарча, пад яравую сяўбу 2025 года неабходна назапасіць крыху больш за 1,17 мільёна тон усіх мінеральных угнаенняў. На 12 лютага ўсяго ў краіне назапашана 600,2 тысячы тон — 51,4 % да плана. У Брэсцкай вобласці назапашана 50,1 % да плана, у Віцебскай — 37,2 %, Гомельскай — 41,6 %, Гродзенскай — 68,6 %, Мінскай — 56,9 %, Магілёўскай — 48,6 %. Ва ўсіх рэгіёнах тэмпы работ апярэджваюць леташнія. Час для таго, каб назапасіць мінеральныя ўгнаенні ў поўным аб’ёме, яшчэ ёсць, але цягнуць да апошняга не варта, лічаць ў Мінсельгасхарчы.
Складнікі поспеху — сучасныя тэхналогіі
Гэты год не такі ўжо і анамальны па клімаце. На пачатак трэцяга тысячагоддзя прыйшоўся найбольш працяглы перыяд пацяплення за апошнія 130 гадоў. Вынікам сталі засухі, ліўні, познія вясновыя замаразкі... Мы спыталі ў навукоўцаў, што можа навука супрацьпаставіць умовам надвор’я.
У кліматычных умовах, характэрных для сучаснай Беларусі, асабліва важныя аптымальныя тэрміны сяўбы, каментуе загадчык лабараторыі рэгуляцыі росту і развіцця раслін РУП «Навукова-практычны цэнтр па земляробстве Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт Уладзімір Халадзінскі:
— Спазніцца з тэрмінамі сяўбы вельмі лёгка, і спазненне — адзін з фактараў, што лімітуе ўраджайнасць.
Яшчэ адзін складнік ураджайнасці — дакладнае земляробства, тлумачыць суразмоўца.
— У Беларусі праводзіцца лічбавізацыя землекарыстання, ствараецца банк электронных карт палёў. Гэта дазволіць у далейшым прымаць найбольш рацыянальныя рашэнні для кожнага канкрэтнага выпадку, у перспектыве — у тым ліку з удзелам штучнага інтэлекту. Наступны этап (і ён таксама ўжо актыўна рэалізоўваецца) — сістэма навігацыйнага кантролю тэхнікі, якая дазваляе дамагчыся стабільна высокай якасці ўсіх тэхналагічных аперацый. Акрамя таго, у нашай краіне ўжо прымяняюцца сістэмы дыферэнцыраванага ўнясення ўгнаенняў і пестыцыдаў.
Разам з інтэнсіфікацыяй тэхналогій селекцыя збожжавых і іншых культур у нашы дні — вызначальны фактар ураджайнасці. Работа па стварэнні канкурэнтных сартоў сельскагаспадарчых культур беларускімі селекцыянерамі праводзіцца на пастаяннай аснове.
— У НПЦ НАН Беларусі па земляробстве вынікова вядзецца селекцыя, арыгінальнае і элітнае насенняводства каля 40 відаў сельскагаспадарчых раслін, — адзначае доктар сельскагаспадарчых навук, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, намеснік дырэктара НПЦ НАН Беларусі па земляробстве Эрома Урбан. — У цэлым, за апошнія 60 гадоў селекцыянерамі цэнтра створана каля 600 сартоў збожжавых, зернебабовых, кармавых, тэхнічных і крупяных культур. Усе зарэгістраваныя сарты маюць высокі ўзровень ураджайнасці: у збожжавых больш за 100 ц/га, рапсу і зернебабовых культур — да 50–60 ц/га, у лёну-даўгунцу ўраджайнасць ільнотрасты на ўзроўні 46–51,0 ц/га, гібрыдаў цукровых буракоў — 60–75,0 т/га. Раяніраваныя айчынныя сарты паспяхова канкурыруюць з найлепшымі дасягненнямі замежнай селекцыі, падкрэслівае доктар навук, і гэта ўжо ацанілі не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі: усё большае распаўсюджванне сарты беларускай селекцыі атрымліваюць у краінах СНД. Так, калі казаць пра дасягненні селекцыянераў НПЦ НАН Беларусі па земляробстве, 55 сартоў уключаны ў дзяржаўныя рэестры для выкарыстання ў Расіі — у 37 рэгіёнах, дзе займаюць у агульнай складанасці больш за 2 млн га.
Сарты і гібрыды айчыннай селекцыі больш адаптаваны менавіта да беларускіх кліматычных умоў. Але акрамя гэтага працаваць з айчыннай селекцыяй трэба і па шэрагу іншых прычын.
— Перш за ўсё, селекцыйная работа будуецца на пажаданнях сельгасвытворцаў, якія мы пастаянна адсочваем, — падкрэслівае намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце НПЦ НАН Беларусі па бульбаводстве і агародніцтве, кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт Андрэй Чайкоўскі. — Акрамя таго, няма рызыкі адсутнасці на рынку таго ці іншага пасяўнога матэрыялу ў сувязі з міжнародным становішчам. І самае галоўнае — погляд у перспектыву: калі селекцыйная навука ў краіне запатрабаваная, яна развіваецца.
Ураджайнасць збожжавых, кармавых, іншых сельскагаспадарчых культур — паказчык комплексны. Дакладнае выкананне тэхналагічных аперацый, пачынаючы з падбору сорту, — залог атрымання максімальнай прадукцыйнасці, рэзюмуюць навукоўцы.
З улікам патэнцыялу земляў
Гомельшчына ў нашай зоне крытычнага земляробства, можна сказаць, — у эпіцэнтры гэтай зоны: тут пясчаная глеба, частыя засухі. Таму асаблівая ўвага — структуры пасяўных культур. Як адзначыла начальнік упраўлення інтэнсіфікацыі раслінаводства камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкама Алена Філіповіч, у структуры сёлетняй вясенняй пасяўной застануцца класічныя для Гомельскага рэгіёна сельгаскультуры. У цэлым плануецца пасеяць каля 3,7 тысячы гектараў яравой пшаніцы, 15,6 тысячы га — ячменю, 4,6 тысячы га — грэчкі і 1,4 тысячы га — проса, а таксама 35 тысяч гектараў аўса і больш за 30 тысяч гектараў зернебабовых культур. Дарэчы, зернебабовы клін у структуры яравой сяўбы на палях паўднёва-ўсходняга рэгіёна прыкметна вырас. Калі ў апошнія гады зернебабовых засявалася да 9 тысяч гектараў, то гэтай вясной пад іх адвядуць 33 тысячы гектараў. Акрамя таго, для аграрыяў стаіць задача падрыхтавацца і да сяўбы траў. Сёлета плануецца пасеяць на раллі больш як 30 тысяч гектараў шматгадовых траў. З гэтых плошчаў каля 17 тысяч гектараў зойме люцэрна. Пад сяўбу стратэгічнай для Гомельскай вобласці кукурузы — у цэлым на зялёную масу і зерне — будзе адведзена больш як 280 тысяч гектараў.
А вось у структуры азімых культур, закладзеных у вобласці, вялікую долю займае ячмень. Да гэтай культуры як да найбольш уразлівай да значнага «мінуса» ў лютым — павышаная ўвага. З занепакоенасцю канстатуюць аграрыі: маразы на Гомельшчыну прыйшлі цяпер «на голую зямлю», без снежнага покрыва. У падтрымку земляробаў у клопаце аб гэтай культуры — айчынная навука.
— Гаспадаркі вобласці вельмі шчыльна працуюць са спецыялістамі навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве. Супрацоўніцтва вядзецца як у тэарэтычнай частцы — арганізацыі навучальных курсаў і семінараў, так і ў фармаце практычных кансультацый па асаблівасцях вырошчвання ўсіх культур, доглядных мерапрыемстваў, — зазначыла Алена Філіповіч.
Яна звярнула ўвагу, што на тэрыторыі Гомельскай вобласці па даручэнні Прэзідэнта вучонымі закладзены вопыт па тэрмінах сяўбы азімага рапсу і іх уплыву на ўраджайнасць. Таму што, як правіла, на Гомельшчыне тэрміны сяўбы гэтай культуры прыпадаюць на засушлівыя перыяды.
«У любое надвор’е мы заўсёды імкнёмся якасна працаваць»
Аляксандр Шаманаў, галоўны аграном СВК «Агракамбінат Сноў», аднаго з флагманаў сельгасвытворчасці не толькі Міншчыны, але і ўсёй краіны, на ўласным вопыце ведае, наколькі захаванне агратэхналогій важнае для атрымання высокіх ураджаяў.
«У любое надвор’е мы заўсёды імкнёмся якасна працаваць. Аднак для атрымання добрых ураджаяў неабходна працаваць па сезоне, усё павінна быць тэхналагічна апраўдана. У гэтым і ёсць сакрэт поспеху. Усё павінна рабіцца толькі з розумам, з тэхналагічнай дыктатурай, захаваннем усіх тэхналагічных мерапрыемстваў і, вядома ж, з любоўю да сваёй работы. Асабліва гэта датычыцца тых людзей, якія дні і ночы напралёт працуюць на зямлі».
Па меркаванні галоўнага агранома сельгаспрадпрыемства, дрэннай зямлі не бывае, як не бывае і дрэннага надвор’я, і дрэнных культур. Поспех залежыць выключна ад ведаў і адносін людзей, якія валодаюць імі, да сваёй справы. Пастаянна вывучаючы і аналізуючы перадавы вопыт у аграрнай галіне, у тым ліку замежны, ён упэўнены, што культура земляробства ў нас на самым высокім узроўні.
«Дзякуючы мудрай палітыцы Прэзідэнта, накіраванай на падтрымку вёскі, за кошт укаранення тэхнічных інавацый, новых сартоў мы на тых жа землях атрымліваем зусім іншыя ўраджаі. Сёння ў спецыялістаў дастаткова магчымасцяў, каб разлічваць на высокія вынікі, хоць пагодны фактар з рахункаў не скінеш. Кожная пасяўная і ўборачная — новы экзамен. І ў той жа час доследы з тэхналогіямі, сартамі, улічваючы глебава-кліматычныя асаблівасці, даюць магчымасць выбіраць аптымальныя варыянты, распрацоўваць найбольш эфектыўную палявую стратэгію. У нас на прадпрыемстве яна максімальна заточаная пад патрэбы жывёлагадоўлі. Зыходзячы з гэтага, карэкціруем пры неабходнасці структуру пасеваў на карысць таго ці іншага кампанента для кармавога статка. І тут немагчыма пераацаніць унёсак спецыялістаў усіх службаў і работнікаў на кожным участку тэхналагічнага ланцужка: і паляводаў, і жывёлаводаў», — падагульніў Аляксандр Шаманаў.
Дарэчы
Казаць пра пашкоджанне азімых рана
У аддзеле аграметэаралогіі службы гідралогіі і аграметэаралогіі Белгідрамета сітуацыю з азімымі каментуюць так:
«За мінулы перыяд каляндарнай зімы небяспечных гідраметэаралагічных з’яў, якія маглі б выклікаць пашкоджанні сельскагаспадарчых культур, на тэрыторыі Беларусі не назіралася. Аднак у апошнія дні сітуацыя стала мяняцца. У сувязі з узмацненнем маразоў аграметэаралагічнае становішча на тэрыторыі краіны ўскладнілася. Халоднае надвор’е спрыяе прамярзанню глебы. У большасці раёнаў краіны глеба прамерзла да 10–20 сантыметраў, месцамі — больш за 25 сантыметраў. Тэмпература глебы паніжаецца. Па стане на раніцу 13 лютага вышыня снежнага покрыва на палях на большай частцы краіны не большая за 1–5 сантыметраў, у паўднёва-заходняй частцы Беларусі снежнае покрыва адсутнічае».
Аграсіноптыкі не выключаюць, што пры такой сітуацыі найменш марозаўстойлівыя культуры, такія як азімы рапс і азімы ячмень, нізкія лютаўскія тэмпературы могуць месцамі пашкодзіць. Большасць жа зімавальных культур павінны вытрымаць гэтыя маразы без істотных пашкоджанняў. Для больш дэталёвай ацэнкі стану пасеваў у канцы лютага асобнымі падраздзяленнямі Белгідрамета будзе праведзена вывучэнне пасеваў азімых культур для вызначэння іх жыццяздольнасці.
Фота БелТА